Праект партала
Дома
19.05.2018 / 14:13
З рэвеню можа атрымацца шыкоўны вясновы пірог РЭЦЭПТ і ФОТЫ14

Святлана Міцюль, што падзялілася сваім рэцэптам пірага, расказвае:

«Пакуль замуж не выйшла, ні разу не каштавала рэвень. А ў бацькоў мужа традыцыя: пячы вясной пірог з маладымі сцёбламі рэвеню. Нічога яшчэ не вырасла, нават лісця на дрэвах няма, а рэвень ўжо ёсць».

Тарт з рэвенем і заварным крэмам

Цеста — пясочнае.

  • 125 г. мяккага масла;
  • 3-4 сталовыя лыжкі смятаны;
  • 1,5 шклянкі мукі.

Усё змяшаць у гладкі шар, пакласці ў халадзільнік на гадзіну, пасля гэтага раскачаць на форму 20х30 см, не забываючы пра барты. Зноў адправіць у халадзільнік на паўгадзіны.

Разагрэць духоўку да 180°С. Цеста насекчы відэльцам, выкласці зверху пякарскія бабы або звычайную фасолю. Пячы 30 хвілін, прыбраць бабы, дапячы яшчэ хвілін 5-7 да залацістасці, дастаць, пакінуць астываць.

Крэм: заварны з ванілінам.

  • Малако — 500 мл;
  • Яйкі — 2 шт;
  • Цукар — 100 гр.;
  • Кукурузны крухмал — 30 гр.;
  • Ваніль — 1 стручок;
  • Масла —50 гр.;
  • Вяршкі, 33% — 200 мл.

Для пачатку ачысціць струк ванілі ды скласці сцяблінкі і семачкі ў каструлю з малаком.

Хоць ванільныя экстракты і эсэнцыі зручнейшыя ва ўжыванні, але сапраўдны ванільны смак варты таго, каб не паленавацца і знайсці сапраўдную ваніль для гэтага крэму.

Паставіць малако на пліту і давесці да кіпення. Прыняць з агню.

Яйкі спалучыць з цукрам і крухмалам і добра перамяшаць.

Акуратна заліць малако ў яечную сумесь праз сярэдняе сіта, увесь час памешваючы.

Пераліць крэм назад у каструлю і паставіць на агонь.

Варыць крэм, памешваючы, пакуль ён не пачне гуснуць. Пры гэтым з'явяцца вялікія бурбалкі. Паварыць яшчэ пару хвілін пасля закіпання.

У самым канцы дадаць масла і добра размяшаць, пакуль яно не разыдзецца. Прыняць з агню і пераліць ў кубак.

Накрыць харчовай плёнкай, так, каб яна дакраналася паверхні крэму. Прыбраць у халадзільнік на 2—3 гадзіны.

Рэвень:

700 гр. памыць, ачысціць ад верхняга цвёрдага пласта, парэзаць на брусочкі прыкладна ў 10 сантыметраў; выкласці ў форму ў адзін пласт. Зверху раўнамерна засыпаць 170 гр. цукру, змешанага з пакецікам ванільнага цукру (~ 7 гр.), паліць сокам двух сярэдніх апельсінаў. Паставіць у духоўку на 190°С, гатаваць каля 20 хвілін. Рэвень стане мяккім, але будзе яшчэ трымаць форму. Сіроп жа будзе ледзь прыкметна кіпець. Дастаць, астудзіць.

Усё сабраць ў тарт: выкласці на цеста крэм, разраўнаваць, зверху акуратна выкласці рэвень, паліць сіропам. Дадаткова можна пасыпаць фісташкамі.

Смачна есці!

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура