Праект партала
Рост
09.05.2018 / 08:04
Топ-5 кніжак па-беларуску з некласічным пунктам гледжання на вайну5

У Дзень Перамогі хочацца паказаць адрозныя ад класічнага пункты гледжання на вайну. Не гераічныя бітвы, мужных савецкіх салдат, а іншых удзельнікаў і відавочцаў гэтай вайны: дзяцей, старых, жанчын ці нават звычайных салдацкіх ботаў. Калі яшчэ штосьці з гэтага не чыталі, горача раім!

Ісмаіл Кадарэ «Хроніка ў камені» (пераклад з албанскай мовы Максіма Мудрова)

«Калі ў іх дрэнныя самалёты, чаму ж тады добры народ? Ці могуць быць людзі лепшымі за самалёты?».

Ісмаіл Кадарэ — жывы класік албанскай літаратуры, лаўрэат Міжнароднай Букераўскай прэміі 2005 года. 

Раман «Хроніка ў камені» (1971 г.) — самы аўтабіяграфічны ў творчасці Кадарэ. У ім вачыма хлопчыка паказваецца жыццё роднага горада пісьменніка ў часы Другой сусветнай вайны. Разам з галоўным героем мы назіраем, як абсурдна змяняецца ўлада ў Дзіракастры, бо за кароткі час горад пераходзіць з рук у рукі: італьянцы, потым грэкі, потым зноў італьянцы, а потым ужо немцы. Зрабіўшы асноўным героем дзіця, Кадарэ атрымаў свабоду самавыражэння, магчымасць апісваць падзеі без пэўнай палітычнай ацэнкі. Кадарэ стварыў цэлую галерэю яркіх вобразаў, напоўненых балканскім каларытам.

Раман ніколі не друкаваўся на рускай мове, таму ў вас ёсць унікальная магчымасць пазнаёміцца з гэтым цікавым і значным творам албанскай літаратуры па-беларуску.

Святлана Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча»

«Усё, што мы ведаем пра жанчыну, лепш за ўсё ўмяшчаецца ў слова «міласэрнасць». Ёсць і іншыя словы — сястра, жонка, сяброўка і самае высокае — маці. Ды хіба не прысутнічае ў іх змесце і міласэрнасць як сутнасць, як прызначэнне, як канчатковы сэнс? Жанчына дае жыццё, жанчына аберагае жыццё, жанчына і жыццё — сінонімы».

Часцей за ўсё героямі кніг пра вайну становяцца мужчыны, бо калі мы думаем пра гэта, то ўяўляем тое, што мужчыны змагаюцца супраць мужчын. Гэтыя ролі закладзеныя ў іх з дзяцінства, калі яны гуляюцца з цацачнай зброяй або расстаўляюць па падлозе салдацікаў. Жанчыны ў гэтых творах выглядаюць выключна прыдаткам: медсёстры, кухаркі, прыбіральшчыцы. Але на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва жанчыны прымалі ўдзел у войнах, проста мы ведаем менш іх гісторый.

Святлана Алексіевіч у гэтай кнізе дае жаночым галасам прабіцца скрозь мужчынскія і данесці сваё бачанне вайны. У Вялікай Айчыннай вайне жанчыны змагаліся сярод мужчын, і гэты твор пакажа, як гэта было. У кнізе сабраныя амаль 200 споведзяў жанчын-падпольшчыц, франтавічак і партызанак, якія прайшлі праз усе выпрабаванні ваеннага часу і пры гэтым засталіся жанчынамі. Здзіўляе шчырасць, з якой гераіні кнігі выказваюць свае думкі, апісваюць жорсткасць і бесчалавечнасць умоў, праз якія прайшлі на вайне.

Васіль Быкаў «Сваякі» (графічны раман)

«І ўсё ж яна іх не аддасць, яны — яе дзеці, яна — для іх маці і не пагодзіцца на іх пагібель, хутчэй сама ляжа трупам на гэтым іх вар'яцкім шляху, але засцеражэ іх ад смерці».

Каб паказаць жахі жыцця ў часы вайны, зусім не абавязкова ствараць шматтомную эпапею або аб'ёмны раман. Васіль Быкаў мог зрабіць гэта на пары старонак аднаго апавядання, паводле якога мастаком Янам Жвірблем быў створаны гэты графічны раман.

Маці даведваецца, што сыны збіраюцца ісці ў партызаны, і каб перашкодзіць ім зрабіць гэта, яна звяртаецца да сваяка, вясковага паліцая, каб той трохі напужаў хлопцаў. Даверлівая жанчына, аслепленая любоўю да сыноў і жаданнем іх выратаваць, яшчэ не разумее, які неабдуманы крок зрабіла, бо просьба абарочваецца нечаканай трагедыяй.

Неверагодны па моцы твор, ілюстрацыі да якога яшчэ больш узмацняюць атмасферу безнадзейнасці і бесчалавечнасці. Мастак здолеў патрапіць у самую драматычную сутнасць апавядання.

У беларускай літаратуры не вельмі папулярны і распаўсюджаны жанр графічнага раману, таму з'яўленне кожнага падобнага твора — выдатная падзея. Хацелася б бачыць такое часцей.

Пентці Xaанпяя «Боты дзевяці салдат» (пераклад з фінскай мовы Якуба Лапаткі)

«Але вось аднойчы прыйшоў мяснік, і жывёліну забілі, а скуру выдубілі, парэзалі шавецкімі нажамі, і ў грукаце машын абутковай фабрыкі яна ператварылася ў салдацкія боты. А салдацкія боты заўсёды будуць таварам вельмі шырокага спажывання там, дзе ваюе ўся краіна і ўся планета».

Мы прывыклі чытаць ваенную прозу, напісаную ад імя савецкіх салдат, але ў кожнага медаля два бакі, так і на вайне ёсць некалькі варагуючых між сабой дзяржаў. Фінляндыя ў Другой сусветнай вайне падтрымлівала краіны Восі, такім чынам, у творы фінскага пісьменніка Пентці Хаанпяя мы бачым салдат варожай краіны. Аднак гэтыя персанажы не выклікаюць у нас агіды, бо мы бачым звычайных людзей з рознымі настроямі і блізкімі нам праблемамі.

Дзевяць гісторый злучаюцца між сабой з дапамогай салдат, да якіх паслядоўна трапляюць звычайныя гумовыя боты. Творы Хаанпяя і раней не стасаваліся з афіцыйнай фінскай прапагандай, бо не стваралі гераічных, патрыятычных і зухаватых вайскоўцаў, так і ў гэтым творы, напісаным пасля вайны, мы бачым звычайных людзей, ніводзін з якіх не герой, амаль усе яны спрабуюць пазбегнуць вайны рознымі спосабамі. Аўтар не паказвае амаль ніякія баявыя дзеянні, але сакавіта апісвае асобу кожнага ўладальніка пары ботаў. Хто яны, чым займаюцца, якім чынам атрымліваюць і губляюць боты. Праз гэты прадмет абутку паказваюцца іх характары. Боты — галоўны герой кнігі, які дапамагае звязаць дзевяць гісторый у адну. Яны вярнуліся з вайны стомленыя, разношаныя, дэзарыентаваныя, але не цалкам разбітыя.

Барыс Манцэвіч «Скрыжалі майго маленства. Ваенныя ўспаміны хлопчыка з Мёршчыны»

«У вайну дзеці хутка становяцца дарослымі».

Барыс Манцэвіч нарадзіўся ў 1933 годзе ў сям’і беларускіх настаўнікаў на Мёршчыне. Разам з сям'ёй у гады Другой сусветнай вайны яго кідала ў розныя мясціны Беларусі, а потым разам з іншымі дзецьмі Барыс трапіў ва Узбекістан, у дзіцячы дом у горадзе Фергана. Пра падзеі ва ўсіх гэтых гарадах і мястэчках ён расказвае ў кнізе. Дзённікавыя запісы Барыс пачаў рабіць адразу пасля вайны, у 1947 годзе, з іх і нарадзілася кніга.

Кніга вельмі шчырая, аўтар расказвае нават пра нейкія асабістыя рэчы. Напрыклад, як у Маскве ў грамадскай прыбіральні яны, малыя, упершыню ўбачылі белыя мармуровыя ўнітазы і не ведалі, як імі карыстацца. Калі стаміліся ад пафасна-гераічнай ваеннай літаратуры, то чытайце гэтыя ўспаміны Барыса Манцэвіча.

Наста Карнацкая, фота аўтаркі. Ілюстрацыя на застаўцы: Ян Жвірбля.

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура