Праект партала
Стасункі
26.04.2018 / 12:20
«Я і не здагадваўся, што жанчыны так шмат думаюць пра сэкс»46

У межах кінафестывалю «Паўночнае ззянне» у Мінску быў прадэманстраваны дацкі фільм «Венера» (Venus. Let`s talk about sex) пра сэксуальнасць жанчын. І тым цікавейшая гэтая падзея, што на абмеркаванні стужкі арганізатары выказалі думку, што падобнае рэжысёрскае даследаванне можа з’явіцца і ў Беларусі. Проста ў кінатэатры «Мір» усе ахвотныя гледачы пакідалі свае кантакты, каб з імі звязаліся, калі ідэя зняць такое ж шчырае кіно пра сэкс, сапраўды стане рэальнасцю.

Фільм «Венера» нарадзіўся, калі дзве рэжысёрскі з Даніі Метэ Карла Альбрэктсан, Леа Глоб зразумелі, што ўжо дарослыя, але нічога толкам не ведаюць ні пра сваё цела, ні пра фарміраванне сваіх жаданняў. Яны вырашылі зняць пра гэта фільм, а каб ён атрымаўся больш аб’ектыўным, аб’явілі кастынг, на які запрасілі дзяўчат да 35 год паразважаць на гэтую пікантную тэму.

Цягам чатырох год, з 2011 па 2015, яны падрабязна, на камеру, апыталі каля 100 жанчын. У выніку 22 гісторыі з праекта трапілі ў фінальны мантаж фільма «Венера», які ўвайшоў у тройку самых касавых у Даніі. І дэманстравалі яго не толькі ў Капенгагене, а па ўсёй краіне.

Па форме для гледачоў фільм досыць просты. Жанчыны з рознай колькасцю сэксуальных партнёраў у мінулым і зусім без іх, проста на камеру расказваюць пра сэкс, сорам, звязаны з гэтай тэмай, юрлівасць і задавальненне.

Адны адкрыта дзеляцца думкамі пра самыя шалёныя фантазіі, іншыя прызнаюцца ў тым, што нават у дарослым жыцці не адчуваюць сябе ўпэўнена аголенай: паварочваюцца спінай да партнёра, калі пераапранаюцца, у люстэрка ж без ніжняй бялізны глядзець на сябе не могуць зусім. Расказваюць, якім словам называюць вагіну. А самыя смелыя раздзявацца перад камерай для аўтапартрэта (хаця гэта толькі адна нагода. Глабальна такім чынам і рэжысёркі, і гераіні ў кадры выпрабоўваюць сябе на здольнасць не хавацца пад пластамі адзення, прыняць сваё цела такім, якое яно ёсць, і свабодна бачыць яго пасля на маніторы і экранах кінатэатраў буйным планам).

Фота information.dk.

Жанчыны на кастынг прыходзілі самыя розныя. Звычайныя. І пасля, калі «Венера» была ўжо ў пракаце, адзін мужчына спытаўся ў прадзюсаркі Кірстын Барфод: «Чаму вы адмыслова панабіралі для карціны брыдкіх жанчын?». Кірстын паспрабавала апраўдаць гледача, выказаўшы здагадку, што ён проста прызвычаіўся бачыць у кінематографе ідэальных актрыс. І вось змаганне з такой сітуацыяй — адна з задач фільма: супрацьстаяць вылізанаму вобразу жанчыны ў масавай культуры, прадстаўляць іх рэальнымі, з надзённымі праблемамі і страхамі.

Пасля паказу адбылося абмеркаванне «Венеры» з гледачамі і міні-дыскусія на тэму «Фарміраванне жаданняў у разрэзе масавай культуры» з удзелам дырэктаркі кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Вольгай Чайкоўскай, заснавальніцай праекта «Гендарны маршрут» Ірынай Саламацінай, паэткай Воляй Гапеевай і прадзюсаркай дацкай кінастужкі Кірстын Барфод.

Удзельніцы дыскусіі.

На фоне рабочых пытанняў пра тое, як адбывалася праца над фільмам, выдзеліўся каментар маладога чалавека пра тое, што ён нават і не здагадваўся, што жанчыны так шмат думаюць пра сэкс (на экране адны дзяўчаты расказвалі, што могуць думаць пра гэта раз 5 на дзень, а іншыя — і кожную гадзіну). Хлопец падзяліўся меркаваннем, што цяпер будзе лепш разумець жанчын.

І гэта цікавы момант. Бо нягледзячы на тое, што тэмамі сэксу сёння перапоўненыя і кнігі, і СМІ, і рэклама, мы ўсё яшчэ дрэнна разбіраемся ў сваіх жаданнях і жаданнях партнёра.

«Пра сэкс сёння пішуць шмат, але масавая культура працуе з гэтай тэмай толькі так, як выгадна ёй. У часопісах можна знайсці артыкулы «Як задаволіць партнёра?». Але мала пра тое, як атрымаць асалоду самому», — лічыць паэтка Вольга Гапеева.

«Многія маладыя жанчыны сёння ўжо і не ведаюць, што такое сэксуальная рэвалюцыя і пра што яна была. І нядзіўна, бо калі тэма сэксу не абмяркоўваецца, то жанчыны займаюцца іншымі справамі. І такім чынам лёгка можа адбыцца гістарычны адкат: вяртанне да кансерватызму, да таго, што жанчыны ўвогуле не будуць спрабаваць зразумець, што ім падабаецца ў сэксе, бо будуць працаваць на задавальненне мужчын», — упэўненая Ірына Саламаціна.

Цікава, што пасля фільма ў зале правялі апытанку, хто б у Беларусі хацеў узяць удзел у такім самым праекце. Рукі паднялі вельмі шмат людзей, не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. Усе іх кантакты сабралі і паабяцалі звязацца, калі здымкі ў нашай краіне сапраўды распачнуцца.

Прадзюсарка ж «Венеры» падзялілася, што ў Даніі працуюць над тым, каб, магчыма, зняць падобную стужку і пра мужчын.

Nina.nn.by, фота northernlightsff.com

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура