Праект партала
Рост
12.04.2018 / 06:15
Проста космас! Топ-5 фантастычных кніг па-беларуску пра жыццё па-за планетай Зямля11

У 1961 годзе Юрый Гагарын стаў першым у гісторыі чалавекам, які здзейсніў палёт у касмічнай прасторы. Цікава, ці стане ў 2061 годзе Ілан Маск прэзідэнтам Марсіянскай дзяржавы? Калі, вядома ж, вынайдзе сродак для бессмяротнасці, ці, прынамсі, для падаўжэння жыцця. А пакуль можаце пазнаёміцца з разнастайнымі літаратурнымі фантазіямі (і не зусім фантазіямі) на касмічныя і калякасмічныя тэмы.

Язэп Драздовіч. «Нябесныя бегі»

Язэп Драздовіч cёння заняў бы добрую пасаду ў камандзе кампаніі SpaceX, пасябраваўшы з такім жа інжынерам-летуценнікам Іланам Маскам. У «Нябесных бегах» Драздовіч запісаў шэраг сваіх тэорый, напрыклад, пра пазаатмасферную бронь зямной паверхні, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы, пра магчымасці існавання жыцця на кольцах Сатурна і іншыя. Кнігу ён аздобіў уласнымі малюнкамі.

«Дзякуючы сваей атмасфернай брані, нашая планета, на якой мы жывём, зусім не баіцца сутычак з грознымі, не раз ужо палохаўшымі людзей касатымі або метлавастымі камэтамі, якія ўжо не раз пагражалі змясьці сабой з зямлі ўсё, што ёсць на ейнай паверхні».

Драздовіч спадзяваўся, што калі-небудзь знойдуцца людзі, якія ўсе запісаныя ім тэорыі змогуць праверыць і пацвердзіць. З надзеяй на гэта і працягваў займацца такой няпростай дзейнасцю.

Дуглас Адамс. «Аўтаспынам па галактыцы» (пераклад з ангельскай Паўла Касцюкевіча)

« — Той Самы Адказ на Вялікае Пытанне…

— Так!

— …пра Сэнс Жыцця, пра Сусвет і Ўсё Такое… — працягваў Глыбакадумны.

— Так!!

— … Вось такі… — вымавіў Глыбакадумны і зрабіў паўзу.

— Давай!!!!!!!

— Такім чынам…

— Ну?!!!!!

— Сорак два, — з бязмежнай веліччу вымавіў Глыбакадумны і замаўчаў».

Яшчэ адзін летуценнік Дуглас Адамс паспрабаваў простыя зямныя праблемы давесці да галактычных маштабаў. Так, дом галоўнага героя Артура Дэнта плануюць знесці, каб пабудаваць аўтамабільны праезд, а ў той жа час такі ж лёс чакае ўсю Зямлю, якая стала перашкодай на шляху пабудовы міжзоркавай трасы. А яшчэ высвятляецца, што мы ўсе — мышыны праект. Не разумееце, што гэта значыць? Тады чытайце цудоўную іранічную фантастыку ад Дугласа Адамса. Здаровы рогат і добры настрой гарантаваныя.

Варта адзначыць цікавую лакалізацыю назваў, імён і тапонімаў, зробленую перакладчыкам. Напрыклад, у кнізе з'яўляюцца «мандранітавыя капальні планеты Салізорск», «паляшуская звышмята» з «планеты Паляшус», выданне «Наша піва» і «бутэлька віскара «Ку-Палёнка»».

У канцы кнігі чытачоў чакае дасціпная Інструкцыя па ўцёках з планеты Зямля, але не раім вам уцякаць адсюль, наперадзе яшчэ шмат цікавага.

Павел Місько. «Эрпіды на планеце зямля»

« — Дык ты што — Эрпід-адзін? — зусім пасмялеў Ваня.

— Так. Гэтая назва скарочаная… Як гэта… Абрэвіятура! А поўнасцю — электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння».

Звычайны трэцякласнік Ваня Гардзей трапляе ў фантастычную гісторыю, вартую стаць працягам кінапраектаў Майкла Бэя. Бо Эрпіды Паўла Місько — чым не беларуская замена аўтаботам (калі вы знаёмыя з сусветам «Трансформераў»).

Два эрпіды прылятаюць у касмічным караблі на Зямлю, каб заняцца яе вывучэннем. Адзін цікавіцца раслінным і жывёльным светам, а другі запраграмаваны на кантакт з чалавекам. Ваня дапамагае Эрпідам, а тыя, у сваю чаргу, дапамагаюць яму, дзеляцца пэўнай колькасцю карыснай інфармацыі. Кніга стане не проста цікавым баўленнем часу, але яшчэ і крыніцай ведаў, бо Гардзееў пры размове з іншапланетнікамі чуе тлумачэнні розных слоў, напрыклад, «курэць — слаба гарэць, тлець, вылучаючы многа дыму». А сам вучыць іх цікавым прыказкам і прымаўкам.

Сучасным школьнікам варта адарвацца ад гісторый пра «Мсціўцаў» і іншых супергерояў і пачытаць гэтую светлую гісторыю на актуальныя тэмы існавання пазазямных цывілізацый і суіснавання людзей і робатаў.

Станіслаў Лем. «Салярыс» (пераклад з польскай Максіма Валошкі)

«Апошняе, што я паспеў убачыць, гэта ўкратаваныя ўзлётныя катапульты і два, велічынёй у некалькі паверхаў, люстры ажурных радыётэлескопаў. Нешта прымусіла капсулу спыніцца, пачулася пранізлівае скрыгатанне сталi, якая пругка стукнулася аб сталь, унізе нешта адчынілася, і металічная шкарлупіна, у якой я сядзеў, з працяглым уздыхам знерухомела, закончыўшы сваё стовасьмiдзесяцiкiламетровае падарожжа.

— Я — Станцыя Салярыс. Нуль-нуль. Пасадка закончана. Канец, — пачуў я нежывы голас робата».

Доктар Крыс Кельвін прыбывае на борт даследчай станцыі Салярыс, размешчанай на аднайменнай планеце. Ужо многія гады ў цэнтры ўвагі даследчыкаў знаходзіцца Акіян — жывы арганізм, які пакрывае амаль 90% паверхні планеты. Шукаюцца спосабы кантакту з гэтай незвычайнай субстанцыяй. Аднак, па прыбыцці Кельвін бачыць на станцыі зусім не тое, што чакаў. Лем не стварае дынамічнага аповеду, тыповага для многіх фантастычных твораў. Ён імкнецца зацікавіць чытача думкамі, а не дынамікай. Ён даследуе самыя цёмныя куточкі чалавека, прымушаючы нас зазірнуць углыб сябе.

Столькі кніг, фільмаў прысвечана пошуку пазазямных цывілізацый, кантакту чалавека з імі, але не заўжды ў мастацтве гэты кантакт мае пазітыўнае завяршэнне. Гэтая тэма была актуальнай не толькі ў тыя часы, калі Станіслаў Лем пісаў свой «Салярыс» (1960-я гг.), але і ў наш час узнікаюць такія творы, як фільм «Life» (2017 г.) Даніэля Эспіносы, «Arrival» (2016 г.) Дэні Вільнёва і многія іншыя. Усе яны маюць супольную думку: а ці гатовыя мы да такога кантакту? Ці былі гатовыя ў часы Лема, і ці гатовыя цяпер?

Раіса Баравікова. «Казачныя аповесці пра міжпланетнага пажарніка і іншых мамурыкаў»

«У мамурыка ёсць сачок, амаль такі ж самы, якім усе дзеці на Зямлі ловяць матылёў. Ды мамурык матылёў не ловіць. Ён ловіць зоркі. Тыя самыя зоркі, якія нехта ў пару зоркападу назваў на Зямлі знічкамі. Таму што зоркі ў пару зоркападу ляцяць… Ляцяць… І знікаюць. І гэта няпраўда. Іх ловіць сваім сачком мамурык. І робіць ён гэта толькі дзеля таго, каб нідзе, ні на адной планеце, куды можа ўпасці непаслухмяная зорка не ўзнікла пажару».

Ці ведаеце вы пра існаванне планеты Мамурыі, дзе жывуць незвычайныя істоты — мамурыкі? Раіса Баравікова стварыла цэлы касмічны сусвет, населены рознымі цікавымі персанажамі. Адзін з іх — мамурык, або міжпланетны пажарнік, які хоць і маленькі, але выконвае вельмі важную місію — ловіць зоркі і такім чынам ратуе планеты ад пажараў. Акрамя гэтага, ён адрозніваецца вялікай цікаўнасцю і жаданнем спасцігаць свет, выходзіць па-за межы вядомай яму планеты. Аднойчы на сваім пікі-паку (гэта такі лятальны апарат, падобны да страказы) ён трапляе на Зямлю, дзе знаёміцца з кратом Бутузам і яго ракетай, а таксама кажаном Брысяй, пра што распавядаецца ў трох аповесцях кнігі.

Мастачка Марыя Міцкевіч ажывіла гэтых персанажаў у яркіх малюнках, так што дзеткі змогуць бліжэй пазнаёміцца з усімі дзеючымі асобамі, а таксама паспрабаваць уявіць, як бы мог выглядаць лятаючы апарат міжпланетнага пажарніка.

Наста Карнацкая, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура