Праект партала
Рост
01.04.2018 / 14:30
Жанацікі vs нежанацікі: як у Беларусі дыскрымінуюцца адзіночкі71

Чамусьці жаданне быць свабодным ад адносін у некаторых прадстаўнікоў нашага грамадства лічыцца дурным тонам. З'яўленню сарамлівасці з нагоды самоты часта вельмі спрыяюць кроўныя сваякі, якія любяць ліпнуць з пытаннямі: «Калі ж ты ўжо знойдзеш сабе дзяўчыну/хлопца?», «А ты ўсё не нагуляешся, не пасталееш?» і гэтак далей. Не абыходзіцца і без падколаў знаёмых і сяброў.

Абвастраюць сітуацыю і маркетолагі, асабліва перад святамі кшталту 8 сакавіка ці 14 лютага. Чаго толькі вартая паслуга арэнды букетаў, якая загадзя трапляе ў катэгорыю падману. Але ж галоўнае, што іншыя будуць верыць у існаванне таго, хто ў стане прэзентаваць кветкі, мяккія цацкі ці брэндавыя рэчы.

Вобраз поўнай сям’і, дзе ёсць маці, бацька, дзіця (пажадана некалькі) паўсюдна паўстае ў відэа і фотарэкламе. Ты можаш быць паспяховым і сам па сабе, гарманічным і шчаслівым, але заўсёды знойдзецца той, хто западозрыць, што з табой нешта не так.

Няма партнёра — значыць, злы, сквапны, непаўнавартасны… У сацыёлагаў ёсць нават спецыяльны тэрмін — сінглізм. Ён азначае стэрэатыпізацыю і дыскрымінацыю «адзіночак» на ўсіх узроўнях чалавечых адносін.

Асобна вылучаецца інстытуцыянальны ўзровень. Калі дыскрымінуе само заканадаўства з яго бюракратычнымі забабонамі, кампаніі розных узроўняў і асобныя людзі, якія маюць пэўную ўладу. Калі ёсць прывілеі для пар і адсутнічаюць для тых, хто жыве адзін ці, можа, нават разам з партнёрам, але афіцыйна свае адносіны рэгістраваць не лічыць патрэбным і важным.

Беларусь не для самотных?

Для беларускай сістэмы заканадаўства ўласцівая розніца ў правах самотных людзей, і тых, хто звязаны шлюбам ці крэўнымі сувязямі.

Гэта замацавана нават у Канстытуцыі. Згодна з асноўным законам краіны, кожны грамадзянін мае розныя правы і абавязкі ў дачыненні да членаў яго сям'і ці блізкіх сваякоў і людзей, якія пад гэтыя катэгорыі не трапляюць. Гэта тычыцца як вобласці інстытута сям'і, так і сфер крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.

Асобна варта закрануць фінансавую сферу, дзе блізкімі сваякамі чалавека лічацца не толькі людзі крэўнага сваяцтва, але і муж ці жонка. Што гэта дае?

А) Льготы ў галіне падатковага (парадак вызначэння, разліку і выплаты падаткаў, іншых абавязковых плацяжоў, пошлін і збораў), мытнага (парадак і ўмовы імпарту) і жыллёвага (парадак і ўмовы атрымання дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве і набыцці жылля, карыстання інтэрнатамі і сацыяльным жыллём) заканадаўства для блізкіх сваякоў і мужа ці жонкі. Адзінокія людзі такіх ільгот не маюць.

Б) Амаль поўнае бяспраўе адзіночак у пытаннях спадчыннага права. Гэта звязана з тым, што раптоўная смерць часта не дае ім магчымасці падрыхтаваць завяшчанне.

Канечне, усе вышэйпералічаныя эканамічныя прэферэнцыі могуць крыху нівеліравацца.

1. Адказнасцю мужа, жонкі ці блізкіх сваякоў у пытаннях маёмасці ў межах крымінальнага, адміністрацыйнага і грамадзянскага працэсаў, якія вядуцца адпаведна ў дачыненні да мужа, жонкі ці блізкіх сваякоў.

2. Абмежаваннямі для блізкіх сваякоў і мужа ці жонкі ў сумеснай працоўнай дзейнасці і дзяржаўнай службе.

Калі казаць пра сацыяльную палітыку, то тут у самоты таксама могуць быць пэўныя наступствы.

Напрыклад:

1. Адзінокія людзі не могуць быць утрыманцамі з уласцівымі ім правамі, што сур'ёзна ўплывае на ступень іх сацыяльнай абароненасці. Так, існуе магчымасць судовага прызнання адзінокага чалавека членам сям'і людзей, не звязаных з ім блізкім сваяцтвам. Але ўжо сама неабходнасць судовай абароны сур'ёзна ўшчамляе адзінокіх людзей у іх правах, калі параўноўваць з людзьмі не адзінокімі. У апошніх такой неабходнасці няма ў прынцыпе.

2. Непаўналетнія не маюць магчымасці стасавацца з асобамі, якія не з'яўляюцца іх бацькамі ці блізкімі сваякамі, калі няма згоды апекуноў цi папячыцеляў непаўналетніх.

3. Калі непаўналетнія бяруць шлюб, яны аўтаматычна прызнаюцца дзеяздольнымі. Пры гэтым ім нават можна не працаваць. У той жа час для непаўналетніх, якія ў шлюбе не знаходзяцца, працоўная або прадпрымальніцкая дзейнасць — абавязковая ўмова прызнання дзеяздольнасці.

4. Калі ў вас няма штампу ў пашпарце, вы не можаце ў любы час наведваць хворага партнёра ў бальніцы, турме. Нават калі вы жывяце разам і ўжо набылі маёмасць, стала прапісаць на жылплошчы таго, каму гэтая кватэра не належыць па дакументах, не атрымаецца. Гэта магчыма толькі пасля таго, як вы распішыцеся ў ЗАГСе. Сямейным парам куды ахвотней здаюць кватэры з добрым рамонтам. І гэта толькі частка ўсіх падводных камянёў.

Некалькі аб'яў з суполак пра арэнду жылля ва Укантакце і на спецсайце.

А як у іншых краінах?

Вядома, так званыя законы «для дваіх» ёсць не толькі ў Беларусі. Па спасылцы можна пазнаёміцца з прывілеямі, якія існуюць для жыхароў ЗША. Пары маюць льготы на догляд за хворым партнёрам, субсідыі на набыццё пэўных рэчаў. Шмат бонусаў, напрыклад, пераходзіць удаўцам у спадчыну, калі муж ці жонка паміраюць.

У Вялікабрытаніі пары, што афіцыйна аформілі шлюб, плацяць меншыя падаткі. У Расіі маладыя сем’і могуць прэтэндаваць на атрыманне субсідый на будаванне першага жытла. У асобных рэгіёнах існуюць разавыя матэрыяльныя выплаты для маладых сем’яў і тых, хто пражыў у шлюбе 50-70 гадоў.

Разам з гэтым у некаторых еўрапейскіх краінах існуе ці ўжо мяркуецца стварыць новы тып сям’і — грамадзянскае партнёрства. Калі людзям неабавязкова ўступаць у шлюб, каб карыстацца ўсімі прывілеямі. Дзяржава бачыць, што ранейшыя схемы састарэлі, таму імкнецца абараніць правы партнёраў у выпадку, калі ў іх здараецца разрыў.

«Шлюб губляе ў пазіцыях»

Традыцыйны шлюб паступова, але губляе сваю моц і ў нас. Па афіцыйных звестках Белстата, колькасць шлюбаў на 1 000 чалавек у 2016 годзе складала 6,8. Хоць у 2014—2015 гадах іх было больш за 8, а ў 2011-м увогуле 9,2.

«Інстытут шлюбу хоць і з'яўляецца пакуль агульнапрынятым, але паступова пачынае губляць свае пазіцыі. Многім людзям, якія не хочуць быць «прыгнечанымі», становіцца зразумелым механізм «прыгнёту» і спосабы яго нівеліравання. Насамрэч, інстытут шлюбу і блізкароднасных адносін патрэбны дзяржаве, а не людзям, бо для рэалізацыі мер уладнага прымусу ў дачыненні да сваіх грамадзян, на якіх заснавана цэласнасць краіны і магчымасць яе існавання, патрабуецца максімальная колькасць сфер, у якіх можна гэтыя меры рэалізаваць», — лічыць старшыня Выязнога трацейскага суда, юрыст Вячаслаў Дрызгаловіч.

А вы сутыкаліся з дыскрымінацыяй самотных? Як лічыце, што стане з інстытутам шлюбу ў будучыні?

Аўтарка дзякуе Выязному трацейскаму суду за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.

Мая Лінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура