Праект партала
Стасункі
27.03.2018 / 19:03
«Не бойцеся быць неідэальнымі». Маладыя маці — пра вылізанае інстаграмнае жыццё і рэальнасць8

Інстаграм і іншыя сацыяльныя сеткі, дзе ўпор зроблены на візуальны складнік, працягваюць набіраць папулярнасць. Вельмі проста разгубіцца і выпасці з гэтай рэальнасці, калі табе крыху не хапае хуткасці. Той, хто выпадае, пераходзіць у шэраг гледачоў і часта, гартаючы інстаграмную стужку, не разумее, як у вось гэтай дзяўчыны з суседняга офіса атрымліваецца выхоўваць дзяцей і пры гэтым увесь час выглядаць так «карцінна», наведваць шмат крутых месцаў і яшчэ паспяваць пра ўсё гэта адпісвацца ў інсце.

У асабліва ўражлівых назіральнікаў хутка развіваюцца комплексы. Нярэдка яны з'яўляюцца ў маладых маці, якія спрабуюць звыкнуцца з новым для сябе раскладам жыцця. Збольшага ў іх «нічога не атрымліваецца», «на сябе не хапае часу» і «дэпрэсія атакуе». А з інстаграма на іх глядзяць шчаслівыя маці і іх мужчыны. З самымі паслухмянымі дзецьмі і ідэальным парадкам у доме. А, ну так. Гэтыя жанчыны «з карцінак» яшчэ і на працу выйшлі амаль адразу пасля выпіскі з радзільні.

Мы папрасілі трох дзяўчат, карцінкі з жыцця якіх выглядаюць ідэальнымі, расказаць пра тое, што стаіць за гэтымі фотаздымкамі. А таксама даць парады сем’ям, якія думаюць, што з імі «нешта не так», раз яны не трапляюць пад фармат гэтай «ідэальнасці».

Ліза Каламіец, блогерка, адна з уладальніц творчай прасторы «ArtLoft 59», ладзіць майстар-класы па Instagram:

Ліза і Рома. Фота @oui_pingui.

— Мая цяжарнасць праходзіла досыць лёгка, я шмат рухалася і нават не згадаю такі момант, каб ляжала днямі на канапе з болем ці млоснасцю. Дзесьці мне пашанцавала, а дзесьці ролю адыграла мая актыўнасць, жаданне адкрыць творчую прастору да родаў (на справе ўсё атрымалася пазней, але мы рыхтаваліся). Я працавала да апошняга дня. Неяк раніцай сышла з дома стомленая і пасмяялася, што буду нараджаць на працы. Амаль так і здарылася: на наступны дзень мы з мужам адправіліся ў радзільню.

Я нараджала ў бальніцы, іншага варыянту і не разглядалася. У нас былі платныя партнёрскія роды (гэта можна афіцыйна аформіць у любой радзільні). Побач быў муж, кваліфікаваны персанал — і ўсё прайшло добра.

Падчас цяжарнасці мне трапляліся артыкулы з апавяданнямі пра жудасныя ўмовы і дрэннае стаўленне да парадзіх у бальніцах. Са мной нічога такога не адбылося. Усё, што я назірала, нават у радзільным аддзяленні, дзе было чутно, як праходзяць роды не ў платных палатах, гэта толькі падтрымка: «Зайчык, коцік, давай, усё атрымаецца!». Пашанцавала мне, ці гэта норма — я не ведаю.

Нашаму Раману цяпер год і пяць месяцаў. Самым няпростым перыядам сталі першыя месяцы пасля яго нараджэння: у мяне былі невялікія ўскладненні, было цяжка фізічна. Акрамя таго, сын начамі не спаў, а нам вельмі хацелася. Ну і паралельна дабудоўвалася наша лофт-прастора.

Мужу прыйшлося дапамагаць і мне, і на будоўлі, і пры гэтым яшчэ на працу хадзіць пасля бяссонных начэй. Але ж наш сын — гэта агульная справа, а не «абавязак» маці.

У мяне не было пасляродавай дэпрэсіі, наколькі я магу меркаваць: да спецыялістаў з гэтай нагоды я не звярталася дакладна. Дзіця, як і любыя іншыя перамены ў сям’і, проста задае новы рытм, да якога трэба прызвычаіцца. Пабудаваць усё так, як зручна вам. Вядома, стомленасць і гармоны нікога не настройваюць на пазітыўны лад. Але калі вы адчуваеце падтрымку, то ўсё хутка стабілізуецца.

Сумяшчаць мацярынства і нейкія праекты вельмі складана, асабліва, калі дзіця сталее і патрабуе ўсё больш увагі. Да таго ж яго цікаўнасць не дасць вам спакойна пісаць, напрыклад, артыкулы.

Адной рукой я набіраю тэкст, а другой адрываю рукі сына ад манітора і клавіятуры. Ногі ў гэты час рухаюцца нібы арэлі. Паралельна «чытаю» Роме кнігу: вось банан, вось апельсін. Сын упэўнены, што ён паравоз, таму сапіць і пырскае слінай.

Мой інстаграм толькі перыядамі становіцца «мамскім», калі мне хочацца дадаць фота сына (дарэчы, раней рабіць гэта было прасцей: апрануў яго ва ўсё самае прыгожае, паклаў на коўдру — і кадр гатовы. Цяпер яго актыўнасць такога не дазваляе, ды і мая прыціхла). Быць, а не здавацца — цяперашні трэнд гэтай сацыяльнай сеткі. Таму выкласці прыгожы кадр, калі за гэтым кадрам бардак, я не магу.

Думкі пра тое, што «я дрэнная маці», наведваюць мяне рэдка. Яны, вядома, бываюць. Накатваюць пасля аднаго дурнога каментара ў сацсетках. Ці пасля пытання бацькоў або сястры з катэгорыі: «А ён яшчэ не ходзіць на гаршчок/не піша доктарскую дысертацыю?». Але я прытрымліваюся думкі, што дзіця тады шчаслівае і гарманічна развіваецца, калі і яго бацькі могуць пахваліцца тым жа.

Мы з мужам гадуем сына самастойна. Хоць нашы бацькі жывуць у іншым горадзе і мы не карыстаемся паслугамі нянькі, паспяваем даволі шмат. Так, канечне, часам я думаю пра тое, што было б выдатна схадзіць у кіно. Але калі мы, нарэшце, аказваемся побач з нашымі бацькамі, высвятляецца, што хочацца проста зваліцца на канапу. У гэтым мы дрэнныя выхавальнікі: трэба часцей паказваць сыну, што адпачынак і пошук сябе — дзесьці за межамі канапы.

Я не ведаю, навошта патрэбныя малюначкі, на якіх можна «толькі здавацца». Я прапаную нешта рабіць, каб сапраўды «быць». Калі хочацца прыгожую кватэру з белымі сценамі, цікавую працу, у якой «ні дня не працаваў і зарабіў» ці вось такую машыну/ калыску/ падарожжа з дзіцём, як у Лены/ Светы/ Машы, то трэба да гэтага імкнуцца.

Няма магчымасці ці жадання выйсці на працу, можна стварыць камфортныя ўмовы дома, размеркаваць абавязкі з мужам. У любым выпадку, я не бачу сэнсу скардзіцца і пастаянна глядзець на тое, «а як у іх». Але гэта маё асабістае меркаванне.

Кацярына Сямашка, дызайнерка, працавала ў сферы паліграфіі

Кацярына з дзецьмі.

— Абедзве мае цяжарнасці былі лёгкімі і прыемнымі. Асабліва першая. Такі светлы, бесклапотны час. Ва ўсякім разе ўсе «бонусы» кшталту таксікозу, пякоткі і адчування, што ты непаваротлівы ламанцін, цяпер згадваюцца з усмешкай.

Я нараджала ў бальніцы абодвух дзяцей. Праўда, выбірала не лякарню, а канкрэтнага доктара, якому вельмі давярала. Перад нараджэннем першага сына мы з мужам абмяркоўвалі варыянт сумесных родаў. Тады муж сказаў, што калі мне трэба яго прысутнасць, то ён будзе побач ад пачатку і да канца. А я так і не адчула гэтай неабходнасці. Затое востра адчувала, што гэта мой асабісты, самы галоўны экзамен у жыцці. Які я тады для сябе не здала, бо справа скончылася экстранным кесаравым. І я вельмі доўга перажывала з гэтай нагоды. Цяпер разумею, што гэта было велізарным глупствам, комплексам выдатніцы. Самае галоўнае, што сын і я жывыя і здаровыя.

Майму старэйшаму сыну 3,5 года, малодшаму — 8 месяцаў. Думаю, што самы складаны перыяд у мяне цяпер, бо часам вельмі няпроста даць аднолькавую ўвагу кожнаму. Дакладней, практычна немагчыма. Мяне пастаянна праследуе пачуццё віны ў адносінах да старэйшага дзіцяці. Хочацца разарвацца і быць найлепшай мамай для кожнага з іх.

Без дапамогі мужа і родных, думаю, ад мяне б ужо застаўся цень. Часам дастаткова таго, што ты адчуваеш падтрымку, што ёсць каму патэлефанаваць і сказаць, як моцна ты стаміўся.

Каб праветрыць галаву, я магу ноччу пайсці шпацыраваць. Лаюся матам, калі ніхто, акрамя мужа і самых блізкіх сябровак, не чуе. І смяюся да слёз і болю ў жываце праз якое-небудзь глупства. Гэта мая тэрапія.

На маё шчасце, я не ведаю, што такое пасляродавая дэпрэсія. Было толькі адчуванне гэтага неверагоднага гарманальнага кактэйлю, калі хочацца абняць увесь свет, калі плачаш ад замілавання, гледзячы на кацяня.

З першага дэкрэтнага адпачынку я адразу пераскочыла ў другі, таму пакуль не ведаю, як гэта — сумяшчаць кар'еру і мацярынства. Але, шчыра прызнацца, баюся будучыні. Разумею, што наганяць страчанае за гэтыя гады ў прафесійным плане будзе няпроста.

Калі ўважліва не толькі глядзець, але і чытаць мой інстаграм, то становіцца ясна, што ні пра якую ідэальнасць і гаворкі не ідзе. Я сумленна пішу пра тое, што стамляюся, пра тое, як часам хачу збегчы ў які-небудзь Тайланд. Пра тое, што жудасна не высыпаюся і пра тое, што часам мы з мужам трошкі з’язджаем з глузду ад бацькоўства. 

Наколькі часта я думаю пра тое, што я дрэнная маці? Штодня! Я разрываюся паміж хлопчыкамі, але ўсё адно не задаволеная сабой. Разумею галавой, што самаедства да дабра не давядзе, таму імкнуся гнаць ад сябе гэтыя думкі. Часам атрымліваецца, часам — не.

Я б прапанавала ўсім імкнуцца быць больш шчырымі і сумленнымі. Калі не да іншых, то хаця б у адносінах да саміх сябе. Знаходзіць сілы прызнавацца ў тым, што стаміўся, што цяжка, і не лаяць сябе за гэта. Не баяцца быць неідэальным.

Аліса Рубік, відэографка

Аліса і Кіра.

— Цяжарнасць прайшла практычна незаўважна для мяне, таму што на той перыяд мы перажывалі пераезд і рамонт. Практычна кожны дзень я тапталася па будаўнічых рынках і крамах. Усе мае думкі былі пра рамонт, і я не паспела пабыць у ролі цяжарнай належным чынам. Ну, ведаеце, з гэтымі прыгожымі фотасесіямі. Самым складаным было прайсці бясконцую колькасць аглядаў і працэдур у паліклініцы. А пазітыўным было ўсё астатняе. Адчуванне кахання, якое напаўняе цябе кожны дзень. Чаканне сустрэчы з самым галоўным чалавекам у тваім жыцці…

Я нараджала ў бальніцы разам з мужам. Папярэдне мы праходзілі абавязковыя курсы партнёрскіх родаў. Умовы ў бальніцах былі, мякка кажучы, так сабе. І я не з тых, хто круціць носам з любой нагоды. Проста настойліва рэкамендую вывучаць водгукі пра лякарню, у якой вы збіраецеся нараджаць.

Цяпер маёй дачцэ 3,5 года. Кіра з маленства любіла паспаць, таму першы год жыцця, калі ўсе матулі ў двары блукалі з каляскамі, як зомбі, бо не высыпаліся, я была бадзёрая і ружавашчокая.

Складаны перыяд здарыўся ў 2 гады, педыятр тлумачыў гэта скачком у росце. Дзіця проста падымалася ў 4 раніцы і казала: «Я выспалася, давай гуляць». Па шматлікіх рэкамендацыях мы шмат шпацыравалі на свежым паветры перад сном, купаліся, пелі ёй песенькі перад сном. Але дапамог толькі час. Праз паўгода ўсё наладзілася само сабой.

Я сутыкнулася з пасляродавай дэпрэсіяй. Збольшага прыгнятала недасведчанасць. Здавалася, што я ўсё раблю не так і, наогул, жудасная маці. Важна не перажываць гэта ў адзіночку. Я распавяла блізкім пра тое, што адчуваю і што мяне хвалюе. Сям'я вельмі падтрымлівала і дапамагала ў гэты перыяд.

Працаваць у поўнай меры я пачала толькі тады, калі дачка пайшла ў сад. Сумяшчаць працу і мацярынства можна. Але тут усё залежыць ад вiду дзейнасцi. Напрыклад, у офіс з дзіцём не прыйдзеш. Раней я здымала на выхадных, калі муж ці бабуля маглі пабыць з дачкой. А мантавала ў будні, падчас дзённага сну.

Я не лічу свой інстаграм профілем ідэальнай маці. Бывае, пад фотаздымкамі я распавядаю, што не выспалася, як бывае складана. Так я знаходжу падтрымку і парады ад іншых мам. Лагічна, што ніхто не будзе выстаўляць фота з бруднымі памперсамі, непрыбранай кватэрай або сэлфі з заплаканым тварам. Я б не стала падпісвацца на такі дэпрэсіўны профіль. Прыгожыя фотаздымкі не для таго, каб сяброўкі зайздросцілі, а для натхнення. 

Думкі пра тое, што «я дрэнная маці» прыходзяць часта. Асабліва калі праца стала займаць вялікую частку майго часу. Таму я стараюся размяркоўваць яго так, каб да моманту вяртання дачкі з садка быць вольнай. Каб мы маглі правесці вечар разам.

Я жадаю ўсім маладым і будучым маці не ўспрымаць рэчаіснасць праз чужыя профілі, не спрабаваць ацэньваць сваё жыццё адносна іх. Памятайце, што ў кожнай гаспадыні за кадрам стаіць гара нямытага посуду.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура