Праект партала
Навокал
23.03.2018 / 12:41
Расійская дэпутатка: «Я была ў 300 разоў прыгажэйшай, але мяне ніхто не дамагаўся!»20

Калі хто яшчэ не ў курсе, то ў Расіі працягваецца скандальны працэс, звязаны з абвінавачваннямі дэпутата Леаніда Слуцкага ў сэксуальных дамаганнях.

Пачалося ўсё з расповеду тэлеканала «Дождж»: тры журналісткі ананімна заявілі пра тое, што старшыня камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Слуцкі ў розныя часы «ліпнуў» да кожнай з іх.

Пасля ананімнай хвалі і поўнага адмаўлення Слуцкага сваёй віны журналісткі, адна за адной, пачалі адкрываць свае імёны і выступаць з абвінавачваннямі на адрас дэпутата ЛДПР адкрыта. Пра непрыемны досвед камунікацыі з ім у прыватнасці заявілі карэспандэнтка Рускай службы Бі-бі-сі Фарыда Рустамава, прадзюсарка «Дажджу» Дар'я Жук і намесніца галоўнага рэдактара тэлеканала RTVi Кацярына Катрыкадзэ.

Фарыда Рустамава нават абнародавала аўдыязапіс, дзе чутно, як Слуцкі кажа: «Я не распускаю рукі, я толькі крышачку» — і прапануе журналістцы кінуць свайго маладога чалавека і быць яго каханкай.

У сувязі з гэтымі падзеямі 21 сакавіка ў Дзярждуме адбылося закрытае пасяджэнне камісіі па пытаннях дэпутацкай этыкі. Калі коратка, то камісія прыйшла да высновы, што ў дзеяннях Слуцкага адсутнічаюць «парушэнні нормаў паводзін». Пасля гэтага некаторыя расійскія СМІ («Дождж», РБК, «Рэха Москвы» і RTVі) вырашылі байкатаваць Дзярждуму і адклікалі адтуль сваіх журналістаў.

Сам Слуцкі ў сваю чаргу абяцае падаць на ўсіх журналістак у суд, бо ўсе іх абвінавачванні — «трызненне».

Пасля пасяджэння камітэта па дэпутацкай этыцы выданне The Insider вырашыла спытаць у адной з яго членаў Раісы Кармазінай, чаму яны апраўдалі Слуцкага, і чаму лічаць дзеянні журналістак правакацыяй? Яе адказ здзівіў многіх.

Раіса Кармазіна, член камісіі па этыцы Дзярждумы Расіі.

«Мяне ніхто не дамагаўся. Была ў трыста разоў прыгажэйшай, чым яны [журналісткі — «Ніна»]! І не дурней за іх! 50 гадоў працую з 18 гадоў, ніхто не дамагаўся! Не давала падставы і не давала нічога! А калі б хто дамагаўся б — уляпіла б!».

Раіса Карамзіна сказала, што не бачыць ніякіх парушэнняў этыкі ў дзейнасці Слуцкага, пры гэтым прызналася, што нават не слухала аўдыязапіс, які служыць доказам у гэтай справе.

Пра тое, што журналісткі вінаватыя самі, выказваліся ўжо і іншыя прадстаўнікі Дзярждумы. Так, Фаціх Сібагатулін, дэпутат Дзярждумы ад Татарстана, увогуле заявіў, што «журналісты — гэта прыслуга». І дадаў:

«Хай яны прыстойна апранаюцца, розныя часткі цела не паказваюць. Пакуль жанчына не захоча, мужык не будзе прыставаць».

Фаціх Сібагатулін, дэпутат Дзярждумы ад Татарстана.

Дадамо, артыкула па дамаганнях ў Расіі пакуль няма ні ў Крымінальным кодэксе, ні ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях. Адсутнічаюць артыкулы, па якіх можна было б пакараць за сэксуальныя дамаганні, пакуль і ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Журналіст абвінаваціў Жырыноўскага ў дамаганнях да хлопцаў

КК

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура