Праект партала
Густ
16.03.2018 / 19:34
«Не хочацца тупасці і парнаграфіі». Беларускія мастачкі пра тэндэнцыі і галоўныя праблемы жывапісу7

На гэтым тыдні ў Мінску адкрылася выстава жывапісу і графікі «Паралельныя гісторыі». Сцены галерэі «Універсітэт культуры» да 26 сакавіка ўпрыгожылі працы пяці мастачак: Наталлі Шапавалавай, Аллы Кушнер, Марыны Канавалавай, Наталлі Каржыцкай і Юліі Нявейкі.

На адкрыцці гучала шмат словаў пра тое, што нельга падзяляць мужчынскае і жаночае мастацтва, і што жанчыны — не мастачкі, а мастакі. Мы ж папрасілі пяць рознажанравых творцаў выказацца наконт актуальных для іх праблем і паспрабаваць вывесці адметную формулу беларускага жывапісу.

Ала Кушнер

Ала Кушнер. Нарадзілася ў Мінску. Працуе як мастак-канструктар і ў станкавым жывапісу.

— Беларускі клімат, тое, што ўсё навокал — досыць бляклае, уплывае на творчасць. У той жа Італіі жывапіс больш сакавіты, сонечны, вясёлы і радасны. Нам жа час ад часу недзе прыходзіцца фантазіраваць, дадумваць сюжэт, каб, як і італьянцы, ствараць свята для людзей. Хаця б на палотнах. 

Галоўная праблема для сучасных мастакоў: няма дзе працаваць. Я не маю майстэрні, дзе б у мяне магло адбыцца поўнае сутыкненне з сабой. Уся кватэра — густанаселеная, усе пакоі занятыя.

Мастацтва, на жаль, не корміць. Я амаль цэлы дзень праводжу на працы на прадпрыемстве «Мінскрэклама», і на нейкія свае творчыя рэчы зусім не застаецца часу.

Бывае, хочуць карціну купіць, але кожны раз у людзей іх намеры зрываюцца чамусьці. Апошні мой даход быў імправізацыйным: Сочы, пляж, пара папрасіла іх хутка намаляваць.

Але я ўсё роўна вельмі рада, што жыву ў такі час, калі магу свабодна пісаць. Згадайце гісторыю: вы памятаеце знакамітыя імёны жанчын-мастачак? Раней ім дазвалялі толькі змешваць фарбы, быць асістэнткамі геніяў.

Сёння ж я магу свабодна дзяліцца сваім светаадчуваннем і думкамі з людзьмі, і гэта цудоўна.

Наталля Шапавалава

Паходзіць з Крычава. Працуе ва ўсіх жанрах станкавага жывапісу, манументальна-дэкаратыўнага роспісу. Стварае габелены.

— Беларускае мастацтва, як мне падаецца, не такое яркае, як у больш сонечных краін. Але яно для мяне лепш за любое астатняе, бо сваё, роднае.

«Балкончык. Мінск». Н. Шапавалава.

Галоўная праблема для мяне як мастачкі — у недаступнасці памяшканняў, у якіх можна было б працаваць, майстэрняў па разумных коштах. Гэта ўсё вельмі дорага. Таму плённа маляваць атрымліваецца толькі на пленэрах.

Марына Канавалава

Нарадзілася ў Нарыльску (Краснаярскі край). Працуе ў тэхніках жывапісу, станкавай і кніжнай графікі, роспісу па шоўку.

— Калі б зладзілі спаборніцтвы розных краін па жывапісе, то беларусы абышлі б многіх. У нас усё яшчэ вельмі моцныя мастацкія школы, каледжы, вышэйшыя навучальныя ўстановы з цудоўнымі педагогамі. Гэта школа дае нам новыя пакаленні мастакоў.

Чаго б мне не хацелася бачыць у мастацтве, дык гэта тупасці і парнаграфіі. Многія пачынаюць свой творчы шлях менавіта з правакацый. Але гэта не новыя павевы. Гэта — павевы нізкай культуры.

Неяк у таксі кіроўца спытаў мяне: «У каго ўнутры больш кахання — у мужчын ці жанчын?». І сам амаль адразу адказаў: бог падзяліў пароўну. Гэта перакладаецца і на мастацтва, няважна кім яно ствараецца. Без любві ж яно будзе бескарыснае, як чэрствы сухар.

Наталля Каржыцкая

Родны горад: Полацк. Любіць ствараць нацюрморты і пейзажы.

— Я не згодная з меркаваннем, што жывапіс і мастацтва паміраюць.

Жывапіс — гэта энергія колеру. Я мяркую, што праз год 50-100, калі чалавецтву не будзе хапаць энергіі, яно будзе чэрпаць яе менавіта з жывапісных палотнаў.

Што б ні казалі, але мне здаецца, што мужчынскае мастацтва ўсё ж адрозніваецца ад жаночага. Па маштабнасці падыходаў. Ёсць і жанчыны, якія «уздымаюцца» да мужчынскіх высот. Але не ведаю, ці застаюцца яны пры гэтым жанчынамі.

Юлія Нявейка

Са Смалявіч. Алейныя фарбы і пастэль — яе ўсё.

— Для мяне беларускае мастацтва — гэта перш за ўсё эмацыйнасць.

На мой погляд, сёння існуе моцны разрыў паміж маладымі мастакамі і старэйшым пакаленнем. Мы — самі па сабе, яны — асобна.

«Метамарфоза», Ю. Нявейка.

Я шукаю натхненне ў беларускай міфалогіі: перапрацоўваю старое на новы лад. І для мяне гэта сучасна. Таму нельга казаць, што актуальнае — гэта толькі пра тое, што побач з намі.

Кацярына Карпіцкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура