Узначальваць Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША будзе Джына Хаспел, якая да гэтага займала пасаду намесніка кіраўніка ЦРУ, паведаміў прэзідэнт Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Twitter. Ён адзначыў, што разведупраўленне ўпершыню ўзначаліць жанчына.
Цяперашні кіраўнік ведамства Майк Пампеа стане новым дзяржсакратаром ЗША, а Рэкс Тылерсан сыдзе ў адстаўку.
«Мае віншаванні ўсім!» — дадаў Трамп.
Джына Хаспел працуе ў ЦРУ з 1985 года, у лютым 2017 года Трамп прызначыў яе намеснікам кіраўніка ведамства. Першай жанчынай, якая заняла такую пасаду, была Аўрыл Хэйнс, яна займала яе ў 2013—2015 гадах, а затым два гады адпрацавала намеснікам дарадцы Белага дома па нацыянальнай бяспецы.
Ухваліць прызначэнне новага кіраўніка ЦРУ павінен сенат.