Праект партала
Рост
03.03.2018 / 15:49
Пра сэкс у Беларусі, шлях N.R.M. і жыццё мінскіх вуліц. Топ-5 захапляльных немастацкіх твораў па-беларуску1

Калі хочацца з карысцю правесці час, а мастацкая літаратура ўжо надакучыла, то варта ўзяцца за вельмі модны ў апошнія гады non-fiction. Не будзем вам раіць кнігі па самаразвіцці, матывацыі і псіхалогіі, а раскажам пра захапляльныя беларускія немастацкія кнігі.

Аляксандр Гужалоўскі «Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917-1929 гг.»

«Базавыя інстынкты чалавека, у тым ліку сэксуальны, ніводная чалавечая цывілізацыя не была здольная забараніць ці адмяніць. Тым не менш усе цывілізацыі выпрацоўвалі сістэмы рэгулявання сэксуальнага інстынкту ў выглядзе маральных і юрыдычных забарон».

Гужалоўскі ўпершыню разглядае змены ў сэксуальным жыцці грамадства менавіта ў беларускім кантэксце. Аўтар прыводзіць прыклады з рэальных дакументаў, судовых спраў. Распавядае, напрыклад, як умоўны жыхар вёскі Малыя Драндуны Янка Бурачок забіў сваё нованароджанае дзіця, каб не плаціць аліменты.

Шмат у кнізе пра жыццё ў камунах, таварыскія адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі.

Прыводзяцца прыклады з жыцця вядомых асоб: пісьменнікаў, акцёраў, палітычных дзеячаў. Напрыклад, згадваецца прыватнае жыццё актрысы Стэфаніі Станюты, паэта Уладзіміра Маякоўскага. Уздымаецца праблема абортаў, розных відаў сэксуальных дэвіянтных паводзін: гвалту, прастытуцыі, у канцы кнігі крыху ўвагі надаецца і нетрадыцыйнай арыентацыі.

Але як імкліва развярнулася гэтая рэвалюцыя, так імкліва і скончылася, а кнігу пачытаць будзе цікава.

Міхаіл Валодзін «Наш стары добры Вавілон»

«Правінцыялы — яны на тое і правінцыялы, каб роблена пазяхаць, сузіраючы родныя пейзажы, і нястомна захапляцца чужымі».

«Мінскія гісторыйкі» — менавіта такое азначэнне дае аўтар сваім аповедам. 25 кароткіх і дасціпных замалёвак з жыцця Мінска розных часоў, звязаных з пэўнымі месцамі, будынкамі ці асобамі. Чытаючы кнігу, мы нібыта вандруем па горадзе, шпацыруем ад чыгуначнага вакзала да плошчы Перамогі. Дарэчы, выданне можна чытаць і паралельна вандраваць па Мінску, тады вы на свае вочы ўбачыце ўсё, пра што распавядае Валодзін. Эфект максімальнага пагружэння ў такім выпадку гарантаваны. 

Аляксандар Лукашук «Сьлед матылька. Освальд у Менску»

«Яшчэ страшней уявіць, што было б, калі б Освальд застаўся ў Беларусі і прыйшоў атрымліваць мясцовы пашпарт: Леў Георгіевіч Асвальдчук».

Імя Лі Харві Освальда на слыху ў сувязі з забойствам Джона Кенэдзі. Але мала хто ведае, што чалавек, абвінавачаны ў забойстве амерыканскага прэзідэнта, некаторы час жыў у Мінску і меў беларускую жонку.

Кнігу варта прачытаць тым, хто цікавіцца тэмай, ды і любому жыхару сталіцы, каб было што распавесці знаёмым, якія прыехалі ў госці. А калі іх яшчэ і адвесці да дома па вуліцы Калініна, 4 (цяпер гэта Камуністычная, 4), дзе ў 24 кватэры жыў Освальд, то ўражанняў у іх хопіць надоўга. Дарэчы, на фота якраз гэты дом і бачныя балконы кватэры, якую займаў Освальд.

Віктар Дзятліковіч «Іх Мроя. Іх N.R.M.»

«Гэтая кніга, бадай, першая спроба біяграфіі беларускага гурту. Болей увагі тут надаецца «Мроі», яно й зразумела: «Мроя» тая была так даўно, што некаторыя з музыкаў ня памятаюць гарадоў і датаў, а хтосьці, нават, забыўся на падзеі. Таму гэта тое, што ў нас прынята называць легендай» (Лявон Вольскі, прадмова да кнігі).

Чалавеку, які разбіраецца ў музыцы, не трэба тлумачыць, хто такія N.R.M. і якое значэнне яны маюць для ўсёй беларускай культуры. З кніжкай вы здзейсніце незабыўнае падарожжа ў непаўторную Незалежную рэспубліку Мроя. Вам не спатрэбіцца віза, толькі навушнікі, калонкі ці дынамік вашага тэлефона. Маршрут ад «Краіны крывавых дажджоў» да «Трох чарапах».

64 чорна-белыя фотаздымкі дададуць атмасфернасці і прымусяць усміхнуцца, калі вы ўбачыце 16-гадовага патлатага Вольскага і шлях на Дзегцяроўку па калгасным полі, што, дарэчы, вельмі нагадвае вокладку альбома «Abbey Road» The Beatles.

Завяршаецца кніга тэкстамі песень Мроі і N.R.M.

Юрась Бушлякоў «Жывая мова»

«Юрась любоўна ўдасканальваў свой тэкст да апошніх дзён жыцьця: удакладняў фармулёўкі, шукаў лепшыя прыклады, імкнуўся да празрыстасьці, лягічнасьці, нарматыўнасьці, якая дасягальная бадай толькі ў матэматыцы» (Аляксандр Лукашук, прадмова да кнігі).

Цудоўны дапаможнік для людзей, якія імкнуцца палепшыць сваё валоданне беларускай мовай, ачысціць яе ад непатрэбных, няправільных слоў, узбагаціць пры дапамозе падбору сінонімаў. Артыкулы размеркаваныя па раздзелах: «Гучаньне слова» (парады пра правільнае вымаўленне і спалучэнняў слоў), «Націскі» (пра ўжыванне націску), «Будова слова» (асаблівасці словаўтварэння), «Формы слова: Назоўнік, Лічэбнік, Дзеяслоў» (якія формы названых часцінаў мовы лепш ужываць у разнастайных сітуацыях), «Будова фразы»(асаблівасці ўжывання некаторых фраз у беларускай мове), «Выбар слова» (якое слова правільна ўжываць у пэўнай сітуацыі).

У канцы прысутнічае алфавітны ўказальнік. Можа дапамагчы як у прафесійнай дзейнасці (дыктарам на радыё, тэлебачанні, журналістам, рэдактарам), так і ў паўсядзённым маўленні. Бушлякоў піша з вялікай любоўю да роднай мовы, таму тэксты чытаць — адно задавальненне. Зусім не як сухі падручнік беларускай мовы.

Чытайце таксама:

Наста Карнацкая, фота аўтаркі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура