Праект партала
Густ
21.02.2018 / 13:01
Найстарэйшы салон прыгажосці ў Сухараве прапануе манікюр з арнаментам, а яго гаспадар піша кніжкі па гісторыі3

У 1996 годзе Людміла Лютых разам з бізнэс-партнёрам адкрыла ў Сухараве першы на той момант салон прыгажосці. Спальны раён толькі забудоўваўся, а яна, хоць і працавала да гэтага эканамістам, заўсёды марыла ствараць прычоскі, нават скончыла адмысловыя курсы. З цягам часу побач паадкрывалася шмат іншых салонаў, але такі, дзе робяць манікюр з беларускім арнаментам, а грошы з выручкі ідуць на выданне кніжак пра айчынную гісторыю, усё роўна адзіны.

Людміла Лютых (у дзявоцтве — Сандрас) родам з Баранавічаў. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, дзе пазнаёмілася з мужам Андрэем, ды так і засталася ў Мінску. Цікава, што сваякі Андрэя пераехалі ў Беларусь з Дрэздэна: бацька быў вайскоўцам, таму нейкі час сям’і прыйшлося павандраваць.

Людміла і Андрэй Лютых.

Што засталося ў яго з дзяцінства, дык гэта бязмежная любоў да ваеннай тэматыкі і салдацікаў. Апошніх ён назбіраў больш за 500: у калекцыі пераважна экспанаты з эпохі напалеонаўскіх бітваў, але ёсць і вайскоўцы старажытнай Грэцыі, і мушкецёры, і рыцары, і іншыя. Сваёй любоўю да гісторыі Андрэй Лютых заразіў і сына Сцяпана: той стаў гісторыкам і ладзіць экскурсіі для турыстаў па знакавых беларускіх мясцінах.

У 2012 годзе спадар Андрэй выдаў сваю першую кніжку: гістарычны раман «Крепь» {Рэд.: па беларуску — непраходнае балота} пра вайну 1812 года на тэрыторыі Беларусі, цалкам заснаваны на архіўных дадзеных. Аўтар працаваў над ім цягам 25 гадоў: сядзеў у архівах, звяртаўся да дакументальных крыніц, вымалёўваў на іх фоне сюжэтную лінію.

У сакавіку выйдзе чарговае кніга Андрэя Лютых «Бітва пад Вострай брамай»: цяпер ужо пра паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Амаль з тымі ж героямі, што ў першым рамане, але маладзейшымі.

Усе гэтыя выданні змаглі ўбачыць свет у выдавецтве «Галіяфы» дзякуючы працы іх цырульні «Крэатыў». Такім чынам сям’я робіць свой унёсак у развіццё нашай культуры. «Мы хочам абудзіць цікавасць да вывучэння сапраўднай гісторыі Беларусі, таму што цяпер існуе такая неабходнасць», — кажуць гаспадары.

Раманны жанр кніжак абраны адмыслова, каб было цікавей чытаць самай рознай аўдыторыі.

Нядаўна ў дзейнасці салона з’явіўся дадатковы нацыянальны каларыт: амаль год таму тут стала магчымым зрабіць манікюр з традыцыйным беларускім арнаментам.

«Гэтая ідэя прыйшла ў галаву мне. Усё ж у душы мы з мужам патрыёты. Спрабавалі маляваць арнаменты ўручную, але яны маюць так шмат мікрадэталяў, што зрабіць гэта прыгожа вельмі складана, нават калі пад лупай старацца. Таму мая дачка Кацярына на аснове арнаментаў распрацавала дызайн для налепак і мы замовілі іх друк», — расказвае Людміла Мікалаеўна.

Цяпер уласніца сама часта ходзіць з такім манікюрам. Час ад часу малюе на пазногцях нават бел-чырвона-белы сцяг.

Па пазногці-«вышыванкі» знаўцы едуць у сухараўскі «Крэатыў» з іншых куткоў горада. Усё ж робіцца ён сапраўды няпроста. Гэта сцвярджае і майстар па манікюры Ірына Нікіценка, якая ў гэтай прафесіі з 90-х гадоў і памятае часы, калі каляровыя лакі ў Беларусі было ўвогуле не дастаць: звычайны белы перламутр прыходзілася разводзіць з фарбавальнікамі для адзення — так і жылі.

Ірына Нікіценка робіць манікюр беларускам больш за 20 год.

Дарэчы, Ірына адзначае, што калі зусім нядаўна беларускі не ведалі меры і прасілі пабольш колераў і стразаў на рукі, то цяпер супакоіліся і просяць аднатонныя манікюры. Нейкі дадатковы дызайн робіцца максімум на некалькіх пазногцях.

Карыстаючыся магчымасцю, мы таксама зрабілі сабе манікюр-«вышыванку», акурат да Дня роднай мовы.

Усім наведвальнікам цырульні «Крэатыў», якія пры наведванні скажуць кодавыя словы «Наша Ніна», гаспадары абяцалі 10-працэнтную зніжкі на такі самы дызайн пазногцяў. Усе на Сухараўскую, 5!

Партнёрскі матэрыял з цырульняй «Крэатыў»

УНН 19044329

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура