Праект партала
Тонус
27.01.2018 / 15:22
«Гэта бачна партнёру?» — сем наіўных пытанняў пра ўнутрыматачную спіраль17

Нягледзячы на тое, што пра кантрацэпцыю, здаецца, сёння кажуць на кожным куце, у некаторых беларусаў стаўленне да «непрэзерватыўных» спосабаў засцярогі застаецца недаверлівым. Лічыцца, што прыём таблетак, напрыклад, прыводзіць да лішняй вагі, можа стаць прычынай анкалагічных захворванняў, а пра спіралі і ўвогуле ходзяць сапраўдныя байкі-хорары.

Разам з акушэрам-гінеколагам, кандыдатам медыцынскіх навук Ларысай Небышынец адказваем на галоўныя пытанні наконт гэтага віду кантрацэпцыі і разбіваем стэрэатыпы.

Ларыса Небышынец.

Гэта балюча?

Гэта дастаўляе невялікі дыскамфорт пры ўвядзенні гінеколагам: працэдура не праводзіцца пад наркозам. Нязначныя балючыя адчуванні могуць з’яўляцца адразу пасля ўвядзення, але звычайна яны сцiхаюць праз некалькi гадзiн.

Для прафiлактыкi болевага сiндрому раяць прымаць нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты на працягу пяці дзён. Але калi боль усё ж не сцiхае — трэба ісці да доктара: такія сімптомы могуць сведчыць пра тое, што спіраль пастаўленая няправільна ці развілося запаленне.

Акрамя гэтага, у дзяўчат, у якіх па жыцці была моцная менструацыя, са з’яўленнем спіралі крывацёк можа павялічыцца, таму такі метад кантрацэпцыі падыходзіць не ўсім.

Ілюстрацыйнае фота, kroha.net.

Гэта бачна партнёру?

Пры палавым акце ваш партнёр не толькі не ўбачыць спіраль, але і не адчуе яе. У рэдкіх выпадках ён можа адчуць толькі вусікі — тады вам трэба звярнуцца да гінеколага і падкараціць іх.

Гэта не падыходзіць тым, хто не нараджаў?

Усё вельмі індывідуальна. Спіраль можна ставіць як жанчынам з дзецьмі, так і без. Але практыка паказвае, што лепш спіралі «прыжываюцца» ў тых, хто ўжо нараджаў. Іншай катэгорыі жанчын іх рэкамендуюць у тых выпадках, калі астатнія вiды кантрацэпцыi супрацьпаказаныя або проста не падыходзяць.

Калі я пратэрмінавала спіраль, будуць праблемы?

Калі спіраль добра прымаецца арганізмам (крывацёк не павялічваецца, не падае гемаглабін, няма дыскамфорту), то яе ставяць прыкладна раз на 4-5 гадоў. Кожныя паўгода пажадана паказвацца гінеколагу. Бывае, што жанчыны ходзяць са спіралямі і больш, але такая практыка непажаданая.

Я магу паставіць спіраль самастойна?

Асабліва смелыя жанчыны, здараецца, дастаюць кантрацэптыў самі, але ставіць яго выключна спецыяліст.

Калі ў спіралі адрываюцца вусікі, то жанчыну шпіталізуюць і кантрацэптыў дастаюць гінеколагі.

Спіралі — ненадзейны сродак кантрацэпцыі?

Медзь або срэбра, якія звычайна ўваходзяць у склад спіраляў, пагібельна ўплываюць на сперматазоіды. А сама спіраль, калі апладненне ўсё ж адбылося, перашкаджае яйцаклетцы прымацавацца да сценкі маткі (зародак, такім чынам, не можа развівацца).

Кантрацэптыўная эфектыўнасць унутрыматачнай спіралі складае, па дадзеных розных вытворцаў, ад 92 да 98 працэнтаў. Ад чаго яна дакладна не абараняе — дык гэта ад палавых інфекцый, таму рэкамендуецца жанчынам, якія маюць пастаяннага партнёра.

Беларускія спіралі лепш не выкарыстоўваць?

Не. Што-што, а тут айчынная фармацэўтыка пастаралася. Спіралямі нашых вытворцаў карыстаецца шмат акушэраў-гінеколагаў. Часцей за ўсё, іх вырабляюць з біялагічнага, гіпаалергеннага пластыку з дабаўленнем золата, медзі і срэбра. Перавага беларускiх спiраляў — гэта даступныя кошты.

Чытайце таксама:

Акушэр-гінеколаг пра тое, што змянілася ў кантрацэпцыі і жаночым здароўі

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура