Праект партала
Гісторыі
28.01.2018 / 00:53
Пра беларускі спорт, амерыканскую дысцыпліну і працу русалкай — расказвае мінчанка, якая выступае ў шоу ў Лас-Вегасе16

У 14 гадоў беларуска Ілона Катлярэнка пачула пра воднае шоу ў Лас-Вегасе і падумала, што падобная праца — недасягальная казка. А сёння сама Ілона — артыстка ў гэтым праекце. Тое, што для гледачоў выглядае казкай, стала для яе любімай, але вельмі цяжкай працай.

Ілона Катлярэнка.

Маці выбірала спорт, а выбрала лёс

Ілона нарадзілася ў 1993 годзе ў Мінску. Жыла з маці ў Серабранцы. Маці Ілоны займалася бізнэсам, расціла дачку адна.

Яна і выбрала спартовую кар’еру для зусім яшчэ малой дзяўчынкі.

«У яе была найлепшая сяброўка, якая займалася сінхронным плаваннем, і маці заўсёды захаплялася яе грацыяй і гнуткасцю. Таму мой лёс быў вызначаны яшчэ да майго нараджэння. Маці адразу вырашыла, што калі ў яе народзіцца дачка, то яна пойдзе на сінхроннае плаванне», — узгадвае Ілона.

Так і адбылося. Пяцігадовую Ілону маці адвяла на прагляд у СДЮШАР.

«Для мяне спачатку гэта была вясёлая гульня. Трэнеры раскідвалі па басейне цацкі, а дзіця мусіла плаваць і іх збіраць. Першы год мы так гулялі. А пазней ужо стала зразумела, што гульнямі ў сінхронным плаванні і не пахне, што гэта руціна і трохі катарга, як і любы іншы спорт. Гэта цяжкая праца. Напрыклад, калі два трэнеры разрываюць цябе пры расцяжцы шпагату: ставяць два крэслы, паміж імі сядае дзяўчынка на шпагат. Адзін трэнер трымае ногі, а другі сядае зверху. У дзіцячым узросце цела найбольш гнуткае, лепш за ўсё максімальна развіваць расцяжку. Праўда, некаторым дзяўчынкам так рвалі звязкі. Але ў нейкай ступені цяжкая падрыхтоўка — гэта натуральны адбор. Хтосьці не вытрымліваў і сыходзіў, іншыя знаходзілі сілы ісці далей. З усіх, з кім займалася ў дзяцінстве, да вялікага спорту дайшла адна я», — расказвае Катлярэнка.

Дзяўчына толькі пазней зразумела, што дзяцінства ў яе не было.

«Я ў двары ніколі не гуляла — у мяне не хапала ані часу, ані сілаў. Але я не пакутавала — усе мае сябры таксама займаліся сінхронным плаваннем, і я лічыла, што ўсё нармальна, што так і павінна быць».

Спачатку ў Ілоны было 3-4 заняткі на тыдзень. А калі яна пайшла ў 8 клас вучэльні алімпійскага рэзерва, то ў яе ўжо было па дзве трэніроўкі штодня, 6 дзён на тыдзень.

«Спорт школе не перашкаджаў, хутчэй, наадварот, дысцыплінаваў. Можа, я і бавіла час у гульнях, але не займалася нейкай лухтой, не ляжала бяздумна на канапе перад тэлевізарам ці камп’ютарам. Трэніроўка, школьныя заняткі, яшчэ адна трэніроўка, хатнія заданні, сон… Дзякуй маці, яна заўсёды тлумачыла, што спорт спортам, але адукацыю варта мець. Таму на вучобу ніколі не забівала, — кажа Ілона. — Канечне, шмат разоў хацелася ўсё кінуць. Прыходзіла дахаты і плакала, казала маці, што больш так не магу, гэта занадта цяжка.

А тая казала: «Так, кідай. Заўтра пойдзеш з сябрамі ў двары гуляць. Будзеце як усе сядзець на лаве і семкі грызці».

Маці заўсёды падкрэслівала: «Ілона, не будзь як усе. Вылучайся з натоўпу, тады дасягнеш поспеху»».

Праўда, у такім выхаванні былі і пэўныя мінусы.

«Гэта сёння я разумею, што пакуль я была на трэніроўках, іншыя дзеці сядзелі ў пясочніцах, скакалі праз вяровачку… У мяне амаль не было сяброў. А прыватнае жыццё з’явілася толькі пасля 19 гадоў, калі я кінула спорт, — узгадвае Ілона. —

Але маёй мэтай было трапіць на Алімпіяду-2012 у Лондане, я ішла да яе, і на ўсё астатняе мне было пляваць. Спорт забірае ўсё. Ці ты гуляеш па гэтых правілах, ці не гуляеш зусім».

Расія — найлепшая ў свеце ў сінхронным плаванні, кажа Ілона, але там тысячы школ. У нас, можа, чатыры ці пяць. Многія, пабачыўшы, што ніколі не трапяць на прызавыя месцы, сканчваюць кар’еру ў 20 год.

Фактычна так у выніку і адбылося з самой Ілонай.

Куды ісці пасля?

Кар’ера спартоўца кароткая. Пасля плавання варыянтаў няшмат. Калі спартовец быў заўважным, замежнікі прапануюць яму стаць трэнерам. Калі не — давядзецца заставацца на радзіме.

У Беларусі трэнер зарабляе каля 300 даляраў, кажа Ілона Катлярэнка, за мяжой — мінімум у 5 разоў больш:

«Пад канец сваёй спартовай кар’еры я пачала задумвацца: а сэнс гэтай катаргі, калі пасля я нічога не буду мець? Падчас выступаў я зарабляла па беларускіх мерках добра — атрымлівала грошы ад Мінспорта як член нацыянальнай зборнай і плюс прэзідэнцкую стыпендыю як таленавітая спартоўка. Выходзіла больш за 500 даляраў, але менш за 1000. Паглядзела свет: спаборніцтвы ў Італіі, Іспаніі, Грэцыі».

Але гэта было часова. Пасля сканчэння кар’еры Ілону, як і іншых, хутчэй за ўсё, чакалі б вакансіі трэнера ў мінскіх басейнах, трэнажорных залах ці фітнэс-цэнтрах.

Катлярэнка бачыла гэта і, кажа, не хацела такога лёсу. Пасля вучэльні алімпійскага рэзерву яна паступіла ў БДЭУ на завочку. Рэч у тым, што ўдзельнік алімпійскай зборнай можа пайсці абсалютна ў любы ўніверсітэт без конкурсу, але на платнае.

Ілона выбрала міжнародныя эканамічныя адносіны. Атрымала дыплом. Праўда патрэбы ў эканамічных ведах у яе пакуль не ўзнікала.

«У мяне была трошкі драма»

Ілона Катлярэнка скончыла спартовую кар’еру ў 2012 годзе якраз перад Алімпіядай. Яе мара паехаць у Лондан так і не збылася.

«У мяне была драма. На той момант сітуацыя з сінхронным плаваннем у Беларусі была не вельмі добрая. Усё развальвалася. І мая трэнерка ў 2011 годзе атрымала добрую прапанову з Азіі, кінула ўсё тут і пераехала з сям’ёй у Сінгапур. Для мяне быў шок, — узгадвае Ілона. — Алімпійскую зборную ўзначаліла новая трэнерка. А я мусіла ехаць у Лондан-2012 у складзе дуэта. Новая трэнерка ўзяла іншую дзяўчыну ў той дуэт, а мяне зрабіла запасной — то бок на Алімпіяду мяне б не ўзялі. І я проста згубіла сэнс трэніравацца далей».

Але Катлярэнка якраз атрымала прапанову ад скаўта, які шукаў артыстаў для водных шоу. І яна вырашыла сысці са спорту. Дзяўчыне было 19 гадоў.

«Я была на піку, і сёння шкадую, бо адчуваю, што магла раскрыць патэнцыял на лонданскай Алімпіядзе, з’ездзіць у Рыа, — прызнаецца Ілона. — Але час назад не вернеш. Гэта быў лёс».

Катлярэнка прыняла прапанову скаўта і стала артысткай на круізным лайнеры.

Дзяўчатам-сінхраністкам нярэдка прапануюць паехаць у Турцыю ці Кітай працаваць русалкай — проста плаваць у касцюме ў вялікім акварыуме, які знаходзіцца ў гатэлі. «Кітайцы вельмі любяць наймаць менавіта славянскіх дзяўчат, якія пасля плаваюць з расплеценымі доўгімі белымі валасамі. Для іх гэта як фетыш», — кажа Катлярэнка.

Яна і сама працавала русалкай у Кітаі — тры месяцы падмяняла знаёмую.

Ілона трэніруецца ў акварыуме кітайскага гатэля.

«Трохі паплаваеш раніцай, трохі — вечарам. Грошы добрыя, увесь дзень вольны. Пасля 8 гадзін трэніровак штодня — гэта вельмі лёгкая праца», — пасміхаецца Ілона.

Пакуль працавала, ездзіла ў Мінск здаваць сесіі ва ўніверсітэце. Але, кажа, тады галоўнай марай у яе была Амерыка — краіна вялікіх магчымасцяў.

Дысцыпліна і харасмент

Ілона паехала ў Маямі, адкуль мусіў адплываць лайнер. Там прайшло паўтара месяца трэніровак — артысты рыхтаваліся да шоу. У трупе былі 4 сінхраністкі, 10 скакуноў у ваду і 8 акрабатаў — людзі з усіх канцоў свету.

Пасля дзевяць месяцаў Ілона пражыла на гіганцкім лайнеры. Там была сцэна для мюзіклаў, лядовы каток і водны тэатр, дзе і выступала беларуска.

«Мы плавалі па Карыбах, Багамах, уздоўж Мексікі, Ямайкі… Грошы вельмі добрыя. Дакладную суму агучыць не магу, на жаль», — кажа Катлярэнка.

З калектывам адносіны былі добрыя. Але працоўная дысцыпліна была суворай.

«У нас — рускіх, беларусаў — такі менталітэт, што мы нібыта імкнёмся абысці правілы. А амерыканец робіць усё дакладна. Яму сказалі, што а 8-й гадзіне трэба быць на рэпетыцыі — ён будзе. Усе правілы выконваюцца бездакорна», — тлумачыць Ілона.

З яе слоў, самае цяжкае на лайнеры — гэта тое, што людзі заўсёды побач. Каюта маленькая, ніжэй за ватэрлінію нават ілюмінатара няма. Жывеш удваіх з напарніцай па шоу.

«Акрамя таго, ты не толькі артыст, а яшчэ і ратавальнік. Раз на тыдзень мы тры гадзіны трэніраваліся, што рабіць у выпадку нейкай надзвычайнай сітуацыі. За кожным замацоўваўся спіс пасажыраў, якіх трэба будзе вывесці да ратавальных лодак, калі штосьці здарыцца, — расказвае Ілона. — Праз гэта нельга было піць алкаголь. Дазвалялася 0,2 ці 0,3 праміле. А па лайнеры ходзіць ахова, якая мае алкатэстэры. Калі сек’юрыці бачаць, што артыст выпівае, то могуць папрасіць падыхаць. Калі паказчык большы за дазволены — звальненне. Высадзяць у бліжэйшым порце, набудуць квіток на самалёт і ўсё.

Таксама строга з тым самым харасментам. Калі да кагосьці не так дакрануўся, ці калі на цябе больш за два разы паскардзіліся за дамаганні — звальненне.

Яшчэ нельга заходзіць да госця ў каюту — за гэта аўтаматычнае звальненне.

Сёння я гляджу на галівудскую істэрыю з харасментам і скажу так: сама ніколі не сутыкалася. Не магу казаць за іншых. Але галівудскія гісторыі выглядаюць так, нібыта на гэтай тэме ўжо проста піярацца». 

«Мара», якая споўнілася

Пасля лайнера Ілону запрасілі ў водны парк у Сан-Антоніа, у Тэхас, таксама ў воднае шоу. Яна паехала.

«Там разам з намі выступалі бялугі і дэльфіны. У вадзе мы выступалі адначасова, але трэнеры ў іх былі свае, — расказвае Ілона. — Увогуле, амерыканцы любяць ставіць шоу, у якіх шмат што адбываецца адначасова. У вадзе — сінхраністкі і дэльфіны, у паветры — вялікія папугаі і акрабаты».

Ілона адпрацавала ў Тэхасе год, ёй падабалася. Праўда, кажа, на лайнеры было больш выгадна: калі працуеш у акіяне, то не плаціш падаткі.

Пасля Ілона трапіла ў каманду шоу «Ле Рэв» у Лас-Вегасе. Назва перакладаецца як «Мара».

«Упершыню я пачула пра яго, калі мне было 14 гадоў. Наша трэнерка прынесла рэкламныя паштоўкі шоу, дзе былі ногі ў чырвоных туфлях. Для мяне было неверагодна, што недзе ў свеце ёсць шоу, у якім сінхраністкі выступаюць як актрысы. Гэта было казкай, сапраўднай марай», — узгадвае дзяўчына.

Цяпер беларуска Ілона — сама частка гэтай казкі.

«Кастынг цягнуўся некалькі гадзін. Глядзелі на мяне ў вадзе, ацэньвалі сілу, харэаграфію. Я вельмі хвалявалася, што не прайду, але цуд здарыўся — мне пазванілі».

40 мільёнаў даляраў і 300 чалавек

«Ле Рэв» — вялікае і дарагое шоу. Такая пастаноўка каштуе каля 40 мільёнаў даляраў, улічваючы новы будынак тэатра, які ўзвялі непасрэдна перад запускам пастаноўкі. Шоу ідзе паўтары гадзіны два разы на дзень, 5 дзён на тыдзень.

У шоу 25 нумароў, у 10 з іх удзельнічаюць сінхраністкі. Тут 95 акцёраў, яшчэ 150 чалавек — каманда сцэны, вадалазы, касцюмеры… Агулам больш за 300 чалавек. Падчас выступу ў басейне працуюць 20 вадалазаў, яны сочаць за бяспекай артыстак. Ёсць нумар, які цягнецца 4 хвіліны. Чалавек не можа столькі не дыхаць, таму вадалазы падносяць артысткам трубкі з кіслародам.

«Трэніроўкі цяжкія. Першы час я прыходзіла і клалася ў ванну з ільдом, бо балела ўсё. Цяпер трохі лягчэй», — кажа Ілона.

Зноў жа, у трупе строгая дысцыпліна.

«Зразумела, памыліцца можа кожны. Звычайна ў Амерыцы работнік атрымлівае да трох папярэджанняў. Калі не робіць высновы, то пасля трэцяга звальняюць. А ў нас галоўнае — бяспека. Пасля нумара мы выплываем са сцэны праз падводныя тунэлі — вадалаз падае кісларод, ты ўдыхаеш і плывеш. Трэба рабіць усё дакладна і па правілах, каб не стварыць небяспеку для іншых артыстаў, — распавядае Ілона. — Таксама, канечне, артысткам трэба сачыць за сабой і падтрымліваць форму. Ёсць сінхраністкі, якім па 40 гадоў. Канечне, прасцей працаваць з дасведчанымі артысткамі, чым шукаць новых.

Бываюць і нечаканыя гісторыі. На наша шоу прыходзіла Брытні Спірс са сваёй камандай. Ім вельмі спадабалася, і пасля Брытні падарыла нам квіткі на яе канцэрт».

Свой заробак у шоу Катлярэнка не можа агучваць. Але, кажа, ён вышэйшы за сярэдні па ЗША.

Няма з кім пагаварыць

«Лас-Вегас жыве 24 гадзіны. Усё працуе кругласуткава. Жыць тут нармальна. Мы жывем у прыгарадзе, гэта звычайная Амерыка.

У цэнтры я стараюся не праводзіць шмат часу — стамілася ад бясконцага шуму і святла. Забавы тут на любы густ і гаманец.

Цікава, што казіно ў горадзе абсалютна паўсюль, нават у прадуктовых крамах бываюць пакоі з аўтаматамі. Падсаджваюць на гульню не толькі турыстаў, але і мясцовых. Я стараюся не захапляцца, але гуляла пару разоў. Самы вялікі мой выйгрыш — 200 даляраў. Самы вялікі пройгрыш — 400. Але я бачыла, як людзі выйграюць па некалькі дзясяткаў тысяч, гэта неверагодна», — расказвае Ілона.

Па яе словах, найбольш цяжка было адаптавацца да амерыканскага менталітэту.

«Нават сябрам нельга казаць пра праблемы: так не прынята, іх трэба вырашаць з псіхолагам. Цяжкі дзень? Няма настрою? Усё роўна пасміхайся і працуй. На глыбокія тэмы таксама рэдка хто размаўляе — лепш гаварыць пра надвор’е. Тут у мяне няма сяброў з Беларусі ці Расіі, таму, каб пагаварыць па душах, званю маме», — прызнаецца дзяўчына.

Мэта — Галівуд

«Я — патрыётка Беларусі. Такой чыстай і адкрытай краіны няма нідзе. Амерыка больш скрытная, тут трэба гуляць па мясцовых правілах.

Але ў Беларусі ўзровень жыцця, на жаль, вельмі адстае, — прызнае Ілона. — ЗША — гэта абсалютна іншы ўзровень. Тут вельмі развітая крэдытная сістэма, можна з сярэднім даходам нармальна жыць, мець добры дом, добрую новую машыну. У Беларусі не так. Калі не маеш грошай, то жывеш з бацькамі да 40 гадоў і ездзіш на метро. А ў Амерыцы нават калі бачыш «Ламбаргіні» на вуліцы, то яшчэ не факт, што едзе мільянер — можа, хтосьці ўзяў на 20 гадоў яго ў крэдыт».

Цяпер Катлярэнка мае візу для людзей з выдатнымі здольнасцямі, чакае грын карту. Але, кажа, не факт, што застанецца ў ЗША.

«Жыць у Амерыцы мне вельмі падабаецца. Бойфрэнда пакуль няма: было некалькі, але цяпер я хачу больш сур’ёзных адносінаў. Шукаю будучага мужа, але, на жаль, у мяне вельмі высокія стандарты. Мне патрэбны разумны чалавек, адукаваны, з добрым даходам: добрая праца, свой дом, добрая машына… Але галоўнае — вельмі добрая праца, бо, зноў жа, дом і машыну можа набыць у крэдыт, — тлумачыць яна. — Канечне, хачу мужа беларуса — менталітэт, усё такое… Але амерыканцы больш паважаюць жанчын. Беларусы, рускія — яны разбэшчаныя, бо нашы дзяўчаты вельмі прыгожыя. У Амерыцы прыгожых дзяўчат мала, тут ходзяць абы-як, у красоўках, не глядзяць за сабой».

Вяртання ў Беларусь Катлярэнка не выключае. У будучыні, кажа Ілона, яна б вельмі хацела паспрабаваць паставіць падобнае воднае шоу на радзіме. А самая галоўная яе мара — стаць галівудскай актрысай. «Паглядзім, ці атрымаецца», — кажа яна.

Улад Швядовіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура