Глеб Вайкуль, вядомы многім як актывіст «Марша студэнтаў» і ініцыятар праекта «Гукі метро», апублікаваў абяцанне прывесці сябе ў форму ў новым годзе і запрасіў далучыцца да гэтай эстафеты беларускіх змагароў, журналістаў, медыйных персон і іншых.
Глеб Вайкуль.
Сярод тых, каго Глеб заклікае падкачацца, адзначаныя Франак Вячорка, Эдуард Пальчыс, Павел Белавус, Іван Шыла, Усевалад Сцебурака ды іншыя. Навошта гэта яму і ім?
«У нашы дні занадта шмат прапаганды алкаголю і курэння і вельмі мала якаснай прапаганды здаровага ладу жыцця. На якога беларускага мужыка ні глянь — усе з жыватом. Мне шкада іх. Мэта майго флэшмобу — падняць пытанне здаровага ладу жыцця сярод беларусаў. Гэта тычыцца не толькі фэйсбучнага «бамонду», але і астатніх беларусаў. Мы павінныя сачыць за сваім фізічным станам. Выклік распаўсюджваецца і на дзяўчат», — кажа Глеб.
Далучыцца да эстафеты можа любы ахвотны ці ахвотная. Умовы элементарныя:
1. Апублікаваць у сацсетках свежае фота, на якім будзе бачна ваша сённяшняя форма.
2. Адзначыць у допісе сябра ці сяброўку і такім чынам нагадаць ім, што было б нядрэнна падкачацца да лета. Не забывайце пра агульны хэштэг эстафеты #трэбападкачацца.
3. Займацца. Займацца і яшчэ раз займацца! Цягаць жалеза ці бегаць — каму што больш падабаецца.
4. 1 чэрвеня 2018 года апублікаваць фотаздымак, на якім будуць бачныя вынікі пераўтварэння.
Глеб хоча, каб яго эстафета стала матыватарам, які сапраўды дапаможа заняцца сабой, а не прыдумляць чарговыя адгаворкі, каб прапускаць трэніроўкі.
***
КК