Праект партала
Тонус
20.12.2017 / 08:43
Што трэба ведаць пра «малочніцу», якой не існуе — восем пунктаў5

Забыць пра стрынгі, забыць пра штодзённыя пракладкі, забыць пра эпіляцыю — і будзе вам шчасце? І гэта таксама, але ёсць нюансы.

Фота fitohome.ru.

Вось, што мы даведаліся ад загадчыцы аддзялення гінекалогіі медыцынскага цэнтра «Ладэ» Марыі Вараб’ёвай.

1. «Малочніцы» няма

Нельга паставіць дыягназ «малочніца», яго папросту не існуе. Але ёсць кандыдоз.

Існуюць грыбы роду Candida, якія могуць знаходзіцца на скуры. Даказана, што ў мінімальнай колькасці ў похве могуць быць гэтыя грыбы, бо яны адносяцца да ўмоўна-патагенных мікраарганізмаў. Калі яны не выклікаюць запалення, павышэння лейкацытаў, калі няма моцных тварожыстых выдзяленняў, пачырванення, свербу, калі мазок у межах нормы — гэта і ёсць сведчаннем невялікай колькасці бактэрый, якія могуць прысутнічаць.

А бывае, што бактэрый мала, але пры гэтым яны непакояць пацыентку і перыядычна здараюцца абвастрэнні. Напрыклад, перад ці пасля месячных, пасля палавога кантакту.

2. Чаму штодзённыя пракладкі — гэта не ёсць добра

Яны могуць быць якраз адной з прычын абвастрэнняў. Вельмі часта пры хранічнай форме кандыдозу якраз штодзённыя пракладкі з’яўляюцца «правакатарам». Яны ствараюць эфект парніка: павышаная вільгаць, цяпло, цемра — усё, што неабходна для размнажэння грыбоў на слізістай палавых органаў.

Раней, калі ні штодзённых пракладак, ні тампонаў не існавала ўвогуле, не было і такога распаўсюджання кандыдозаў. Многія фармацэўтычныя фірмы, якія прапаноўваюць прэпараты супраць дыcбактэрыёзу, у якасці прафілактыкі рэцыдываў раяць адмаўляцца і ад штодзённых пракладак, і ад тампонаў. Таксама варта выкарыстоўваць пасля палавога кантакту спецыяльныя сперміцыдныя сродкі, якія знішчаюць мікраарганізмы.

А для тых, хто ўсё ж застаецца прыхільнікам пракладак, можна параiць мяняць іх кожныя дзве гадзіны.

3. Чаму для інтымных месцаў мусіць быць сваё мыла

Яно не павінна быць вельмі шчолачным, інакш папросту здыме слізістую абалонку. Слізь — гэта абарона, на ёй асядаюць бактэрыі, якія ў выглядзе камкоў застаюцца на бялізне ці пракладцы. Не трэба выкарыстоўваць гаспадарчае мыла, якое як бы для ўсяго, але дакладна не для гэтага.

Карыстацца малачком, гелямі для інтымнай гігіены можна, але трэба ўважліва чытаць іх прызначэнне. Калі напісана, што яны для скурных покрываў — гэта значыць, што толькі для скурных покрываў, а не для слізістай. Тое, што сродак можна прымяняць і для слізістай, мусіць быць пазначана асобна, бо існуюць пэўныя дадаткі, якія могуць утвараць плёнку і не даваць палавым органам дыхаць. Ад гэтага можа з’явіцца раздражненне, і стане толькі горш.

Сродкі для інтымнай гігіены лепш набываць такія, якія вытрымліваюць усе стандарты. Ёсць спецыяльныя серыі для дзяцей, падлеткаў, дарослых і пажылых. Для кожнага перыяду сваё, таму што ў розным узросце розны pH, таўшчыня слізістай абалонкі. Адпаведна і розны догляд.

4. Чаму стрынгі — не меншае зло, чым штодзённыя пракладкі

Грыбы могуць знаходзіцца і ў кішэчніку. Паколькі палоска стрынг падчас хадзьбы «рухаецца» ў бок прамежнасці, бактэрыі, якія ёсць у вобласці ануса, змяшчаюцца. У выніку адбываецца ўкід бактэрый з прамежнасці ў похву.

Цяпер сустракаецца маса розных мікраарганізмаў, рэдка бывае чысты кандыдоз. Як правіла, гэта змяшаныя інфекцыі.

Для таго, каб знішчыць бактэрыі, часам даводзіцца выкарыстоўваць антыбіётык. Ён, у сваю чаргу, выклікае яшчэ больш хуткае размнажэнне грыбоў і, адпаведна, большае пачырваненне, сверб і дыскамфорт. Пацыентка думае: пайшла да доктара, а стала толькі горш. Насамрэч, бактэрыі зніклі, але кандыдоз застаўся.

Таму часта дактары прыбягаюць адначасова і да антыбіётыку, калі выражаная грыбковая інфекцыя, і да супрацьгрыбковых прэпаратаў у больш доўгім рэжыме, і мясцовых свечак, і крэмаў.

Падчас цяжарнасці кандыдоз трэба лячыць абавязкова. Не варта чакаць, пакуль ён пройдзе сам. Бывае, што ў нецяжарных жанчын пасля месячных усе сімптомы знікаюць. Але калі сітуацыя паўтараецца, лепш прайсці абследаванне і быць упэўненай у сваім здароўі.

5. Чаму жанчына можа і не падазраваць пра кандыдоз

Калі грыбок паражае верхнюю траціну ці нават усю похву, але не паражае вонкавую частку палавых вуснаў, жанчына не будзе адчуваць ані свербу, ані дыскамфорту. Яна можа заўважыць толькі выдзяленні.

А бывае, што выдзяленняў няма, але з’яўляецца моцны сверб, робяцца немагчымымі сэксуальныя адносіны, паколькі яны правакуюць болі. То бок у гэтым выпадку паражэнне адбываецца толькі з вонкавай часткі.

Бываюць розныя клінічныя праўленні, таму калі штосьці турбуе, лепш паказацца доктару. Але калі доўгі перыяд не атрымліваецца трапіць на прыём, а дыскамфорт вялікі, то можна скарыстацца даступнымі безрэцэптурнымі сродкамі: капсулы для прыёму ўнутр — яны ўплываюць на ўсе ачагі інфекцыі, а таксама крэмы або свечкі, якія дапамогуць паскорыць эфект за кошт мясцовага дзеяння. Аднак усё адно пры першай магчымасці варта наведаць спецыяліста.

6. Ці ёсць сувязь паміж кандыдозамі і лазернай эпіляцыяй

Валасы ў вобласці бікіні ствараюць паветраную праслойку, на іх затрымліваюцца бактэрыі. Тут можна правесці паралель з валасамі ў носе. У каго іх няма, ачышчэнне носа натуральным шляхам не адбываецца і бактэрыі пранікаюць хутчэй. Так і тут.

Выдаленне валасоў у зоне бікіні, гэтая даніна модзе, таксама спрыяе развіццю кандыдозаў. Нядаўна пацыентка, якая цягам трох-чатырох месяцаў не галіла станком валасы ў зоне бікіні, сказала, што яе перастала турбаваць малочніца, зніклі сверб і раздражненне. Яшчэ адна пацыентка, якая зрабіла лазерную эпіляцыю, цяпер лечыць сур’ёзны дэрматыт. Можа быць, ён здарыўся б і без эпіляцыі, гэта магчыма, але яна сама кажа, што праблемы пачаліся пасля выдалення валасоў.

А вось эпіляцыя воскам, на думку доктара, — самае натуральнае шкодніцтва. У цэнтр звяртаюцца маладыя дзяўчаты, у якіх пасля яе жудасна ўрастаюць валасы, запаляюцца, гнаяцца, утвараюцца сінявата-барвовыя высыпанні, што можна выдаліць толькі выкрыццём, падняццем гэтых валаскоў. Ёсць дзяўчаты, у якіх высыпанні ідуць па ўнутранай паверхні сцягна да самых кален. У выніку дзяўчына вымушаная аддаваць грошы на лячэнне.

Канечне, цяжка адмовіцца ад эпіляцыі зусім. Але варта вельмi ўважліва выбіраць, як менавіта яе рабіць i эпіляваць невялікую зону.

7. Як зразумець, што з выдзяленнямі нешта не тое

У адной жанчыны іх заўсёды бывае мала, а ў іншай — заўсёды шмат. Звычайна адразу пасля месячных выдзяленні нязначныя, у сярэдзіне цыклу яны становяцца больш слізістымі і празрыстымі. Гэта нармальна і цалкам натуральна для маладой жанчыны, у якой ідуць месячныя. У жанчыны больш сталага ўзросту не будзе такіх выдзяленняў. У другой фазе яны становяцца больш густыя, малочныя. Але выдзяленні не павінны быць тварожыстымі, не павінны быць жоўтага ці зялёнага адцення.

Але, зноў такі, калі ёсць сумневы, лепш прыйсці да доктара і зрабіць мазок. Пры ўмове, што жанчына ўжо абследавалася на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ва ўсім свеце працуюць аднолькава: калі ў жанчыны памяняўся палавы партнёр, значыць, незалежна ад таго, турбуе яе штосьці ці не, яна павінна здаць аналіз на гэтыя інфекцыі. У тым ліку і на вірус папіломы чалавека, які цяпер стварае вялікія праблемы.

8. Як хутка лечыцца кандыдоз

Калі востры эпізод здарыўся ўпершыню, то часам дастаткова ўсяго адной капсулы і адной свечкі, каб сімптомы сышлі. Але калі гэта рэцыдывы, частыя, то тут падыход такі самы, як у любых хранічных захворванняў.

У похве павінны быць лактабацылы. Калі іх няма, то туды абавязкова хтосьці прыйдзе і паселіцца. І калі інфекцыю, якая перадаецца палавым шляхам, можна толькі ад кагосьці атрымаць, то размнажэнне грыбоў правакуюць многія фактары: змена pH-асяроддзя, псіхалагічная траўма, зніжэнне імунітэту, змяненні ў гарманальным фоне — усё гэта мае значэнне.

Імунітэт вельмі лагічны, у арганізме ўсё ўзаемазвязана. Калі змяняецца штосьці адно, арганізм перастройваецца і спрабуе вырашыць праблему сам, але часам не атрымліваецца.

І не трэба забываць, што часам «малочніца» можа быць маркёрам іншых захворванняў, напрыклад, хламідыёзу.

УНП 101431475

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура