Праект партала
Рост
25.11.2017 / 12:45
Стрэйзанд, Варда, Шапіцька… Самыя крутыя фільмы, знятыя жанчынамі24

Амаль усе фільмы, што лічацца класічнымі, стварылі мужчыны. Здавалася б, сёння сітуацыя мусіць быць крыху іншай, але, па сутнасці, нічога не змянілася. Гэта памылкова прыводзіць да ўяўлення, нібыта жаночы досвед, думкі, пачуцці — неістотныя.

Праўда, у першыя гады кіно жанчыны былі куды больш прыкметныя.

Першай прызнанай рэжысёркай стала Аліс Гі-Бляшэ, а найбольш высокааплатнай сцэнарысткай 20-х была Фрэнсіс Марыён. Толькі з развіццём студыйнай сістэмы, з павышэннем прэстыжнасці кіно, жанчын выштурхнулі на перыферыю.

Але прыйшоў час пераасэнсаваць, якія фільмы вартыя захаплення ды вывучэння. Таму журналісты The Guardian вырашылі папрасіць прадстаўніц кінаіндустрыі абраць па адным фільме, створаным жанчынамі. Тым, які яны лічаць вартым славы нароўні з найлепшымі стужкамі Скарсэзэ ці Спілберга. 

Публікуем пераклад гэтага цікавага артыкула — не дзякуйце.

Ентл / Yentl

Барбара Стрэйзанд, 1983 год

Стрэйзанд у гэтым фільме адказвае за рэжысуру, часткова за сцэнар, спявае, а таксама грае ролю габрэйскай дзяўчыны, змушанай выдаваць сябе за мужчыну, каб атрымаць адукацыю.

Абрала Амай Асантэ, рэжысёрка («Бэль»):

«Ентл» вельмі ўразіў мяне ў 13-гадовым узросце. Я ведала пра Стрэйзанд, бо бацьку вельмі падабалася яе музыка. Таму, калі даведалася, што яна здымае фільм, я проста ашалела. Напэўна, «Ентл» быў першым знятым жанчынай фільмам, які мяне сапраўды ўразіў. Я якраз пачынала ўсведамляць, як рэдка шанцуе патрапіць на такую стужку. Яна адметная эпічнымі тэмамі, жывымі персанажамі, але найважней тое, што яна паказвае, чаго можа дасягнуць жанчына, нават у такіх нялёгкіх умовах».

Бабадук / The Babadook

Джэніфер Кент, 2014 год

Дэбютны фільм, дзе пераасэнсоўваюцца тэмы мацярынскай знямогі і адчужанасці. Наўрад ці ў вас атрымаецца спакойна заснуць пасля прагляду.

Абрала Эмілі В. Гордан, сцэнарыстка («Каханне — гэта хвароба»):

«Бабадук» — захапляльна расказаная гісторыя смутку, прагі і таго, чым можа абярнуцца жалоба. Акрамя таго, там вы ўбачыце адну з самых запамінальных пачвар з усіх жахаў апошніх 20 гадоў».

Добрая праца / Beau Travail

Клэр Дэні, 1999 год

«Жаночы погляд на мужчынскі асяродак надае асаблівую чароўнасць. Здаецца, нібыта акцёры не рухаюцца, а танчаць. Падзеі адбываюцца ў французскім Замежным легіёне ва Усходняй Афрыцы, а Дэні Ляван тут — сівы сяржант, які згадвае падзеі, што прывялі да яго трыбуналу».

Абрала Лін Рэмсі, рэжысёрка («Нешта не так з Кевінам»):

«Дасканалае ўвасабленне цёмнага боку маскуліннасці. Калі я чую дыска-песню Rhythm of the Night, не магу не згадваць неверагодную сцэну пры канцы фільма: мужчына танчыць на мяжы жыцця, смерці і пакоры столькі эмоцый за такі кароткі час. Дэні — сапраўдная майстрыца, адна з найлепшых цяперашніх рэжысёрак, а яе фільм — сучасная класіка».

Вяселле ў сезон дажджоў / Monsoon Wedding

Міра Наір, 2001 год

Індыйская рэжысёрка Наір казала, што ёй хацелася зняць балівудскі фільм на свой манер — у выніку яна сарвала джэкпот гэтай цёплай стужкай, якая скарыла гледачоў па ўсім свеце.

Абрала Гурындэр Чадха, рэжысёрка («Гуляй, як Бэкхэм»):

«Займальна і адначасова глыбока ўкарэненая ў культурныя адметнасці, пякуча-палітычна ў жаданні заклікаць да зменаў, што зрабілі б жыццё персанажаў лепшым».

Узыходжанне / Восхождение

Ларыса Шапіцька, 1976 год

Чацвёрты і апошні фільм савецкай рэжысёркі, горкая ваенная драма пра двух партызанаў сярод заснежаных краявідаў Беларусі 1942 года.

Абрала Салі Потэр, рэжысёрка («Арланда»):

«Шапіцька — яна, на жаль, загінула ў аўтамабільнай аварыі — узялася за адну з самых складаных тэм для расійскага гледача: вайна і яе разбуральнае ўздзеянне на асобу. Яе фільм вылучаецца складанасцю трактоўкі гэтай тэмы (у палітычным і духоўным сэнсе), смеласцю і дакладнасцю эстэтыкі. Дарэчы, хацелася б яшчэ згадаць вялікую, няхай сабе і паўзабытую, Бэці Комдэн, якая была суаўтаркай сцэнароў многіх нетрывіяльных амерыканскіх стужак, напрыклад, «Спяваючы пад дажджом». Добры ўзор таго, што жанчына здольная працаваць з любой тэмай. Неабходныя толькі магчымасці і практыка».

Дачкі праху / Daughters of the Dust

Джулі Дэш, 1991 год

Фільм быў зноўку адкрыты зусім нядаўна, бо натхніў Beyoncé на стварэнне відэаальбома «Lemonade». Стужка — гэта візуальна багатая і незвычайная па пабудове аповеду сямейная сага.

Абрала Надзя Лаціф, сцэнарыстка і рэжысёрка:

«Фільм Дэш мала хто бачыў, затое тыя, каму пашанцавала, нязменна любяць. Гэты схаваны дыямент 1990-х, як ні дзіўна, быў першым знятым афраамерыканкай фільмам у амерыканскім пракаце. Стужка часткова аўтабіяграфічная, а персанажы размаўляюць на гала (крэольская мова на аснове англійскай і афрыканскіх моў — заўв. перакладчыка). Прагляд гэтага фільма прымушае пераасэнсаваць тое, як мы звычайна ўспрымаем кіно, аддацца на волю прыроднай навалы. Магчыма, нармальна нічога не зразумееце, трэба проста дазволіць сабе рухацца з плынню».

Анёл ля майго стала / An Angel at My Table

Джэйн Кэмпіян, 1990 год

Кэмпіян зняла гэты моцны біяграфічны фільм пра новазеландскую паэтку з цяжкім лёсам (Джэнет Фрэйм памылкова паставілі дыягназ «шызафрэнія» і лячылі электрашокам) за тры гады да таго, як яна стала першай уладальніцай Залатой пальмавай галіны ў Канах за фільм «Піяніна».

Абрала Хоўп Дыксан Ліч, рэжысёрка («Паводка»):

«Другі поўнаметражны фільм Кэмпіян — гэта сапраўдны майстар-клас сцэнарнага майстэрства, ён багаты на падзеі і многім абавязаны выдатнай працы актрысы Кэры Фокс. Фільм не толькі ўражвае як кінематаграфічнае дасягненне, але і нагадвае, колькі жаночых гісторый яшчэ не распавялі».

Без даху, па-за законам / Sans toit ni loi

Аньес Варда, 1985 год

Маладая бадзяжка (Садрын Банэр) вандруе па паўднёвай Францыі ўзімку і сустракае самых розных людзей. Ці варта зайздросціць яе свабодзе? Альбо такога лёсу варта баяцца?

Абрала Працібхай Пармар, рэжысёрка і сцэнарыстка («Нябесныя далікатэсы ад Ніны»):

«Гэта неверагодная, строгая кінапаэзія, якой належыць годнае месца ў агульным каноне. Варда выбудоўвае гісторыю вакол дзяўчыны-падарожніцы, але так непараўнальна пераплятае фантазію, дакументальнасць і мюзікл, што гэты вытанчаны фільм выходзіць за межы мастацтва і гаворыць з гледачом наўпрост пра ягонае жыццё».

Напружанне / Suspense

Луіс Уэбер, 1913 год

Дзесяціхвілінны трылер, які Уэбер зняла разам з мужам, Філіпсам Смолі. Яна таксама выконвае ролю жанчыны, што знаходзіцца дома са сваім дзіцём, калі туды спрабуе ўлезці невядомы.

Абрала Памела Хачынсан, кінакрытык і гісторык нямога кіно:

«Гэты вынаходлівы трылер пра абарону ўласнага дома ад чужынца быў створаны адной з найлепшых рэжысёрак нямога кіно. Уэбер пасля зняла яшчэ шмат выдатных фільмаў, але ўжо тут за сціслы хронаметраж яна паспявае прадэмантраваць сваё валоданне мастацтвам кіно. 10 хвілін, якія і праз стагоддзе ўсё яшчэ прымушаюць сэрца біцца часцей у нервовым напружанні».

Моўкнасць палаца / Samt el qusur

Муфіда Тлатлі, 1994 год

Падзеі гэтага фільма адбываюцца ў Тунісе 1950-х гадоў, дзе жанчына спрабуе знайсці сваё месца ў свеце, дзе ёй дазволена толькі прыслугоўваць.

Абрала Кім Лангінота, рэжысёрка дакументальнага кіно:

«Я ўпершыню ўбачыла гэты фільм вельмі даўно, але ўсё яшчэ выразна памятаю той момант. Я пайшла ў кіно разам са сваёй сяброўкай Ханан, і хоць фільм быў сумны, мы выйшлі з залі поўныя жыцця і натхнення. Пасля мы вельмі чакалі, што рэжысёрка здыме нешта яшчэ, але, здаецца, нічога больш не атрымалася».

Чырвоная дарога / Red Road

Андрэа Арнальд, 2006 год

Арнальд ужо сваім дэбютам засведчыла, што з'яўляецца адным з найвялікшых талентаў брытанскага кіно. Яна ўзяла сацыяльны рэалізм і паглыбіла яго чымсьці цямнейшым, таямнічым.

Абрала Сара Салемані, актрыса і актывістка:

«Гэты фільм Андрэа Арнальд — без сумневу, самы майстэрскі трылер, што я бачыла. Кожны кадр гэтай стужкі нязменна павышае напружанне аж да самага апошняга сюжэтнага павароту, і Хічкок пачынае здавацца састарэлым. Поўны моцы, непакою, і наскрозь жаноцкі фільм».

Дзяўчына ідзе дахаты ўначы сама / A Girl Walks Home Alone at Night

Ана Лілі Амірпур, 2014 год

«Першы іранскі вампірскі вестэрн» аказваецца яшчэ лепш за яго інтрыгоўнае апісанне.

Абрала Кейт Герова, кіраўнік маркетынгавага аддзелу буйной сеткі кінатэатраў:

«Амірпур стварае тагасветны ландшафт Дрэннага Горада, роднага дома для прастытутак, наркотаў, суценёраў ды… вампіраў. Шыла Ванд рассякае на скейтбордзе ў чадры і дае рады дрэнным хлопцам. Ідэальна, праўда?»

Пачвара / Monster

Пэці Джэнкінс, 2003 год

Цяпер яе лепш ведаюць па «Вандэр Вумэн», але ў сваім ранейшым фільме-партрэце серыйнай забойцы Эйлін Уорнас яна паказала жаночую моц зусім іншага кшталту.

Абрала Пенелопа Сфірыс, рэжысёрка («Свет Уэйна»):

«Няпростая тэма, але Джэнкінс справілася з ёй найлепшым чынам. Пасля яна сказала мне, што імкнулася зняць экшн-фільм, хоць нам, дзяўчатам, такога і не дазваляюць. Гэтую цудоўную жанчыну не стрымаць».

Хлопчыкі не плачуць / Boys Don’t Cry

Кімберлі Пірс, 1999 год

Хілары Суонк далі Оскар за гэты вобраз маладога транссэксуала, няпростае жыццё якога нарэшце прыводзіць да жорсткага злачынства.

Абрала Валеры Фэрыс, рэжысёрка («Маленькая міс Шчасце»):

««Хлопчыкі не плачуць» заслугоўвае таго, каб лічыцца амерыканскай класікай. Кімберлі Пірс падняла пытанне гендарнай ідэнтычнасці задоўга да таго, як пра гэта пачалі размаўляць паўсюль. Нарэшце, гэта яшчэ і прыгожы, рамантычны фільм, на якім цяжка не заплакаць».

Згублена ў перакладзе / Lost in Translation

Сафія Копала, 2003 год

Копала стала ўсяго трэцяй рэжысёркай, намінаванай на Оскар, і намінаваная яна была за гэтую летуценную валянцінку са Скарлет Ёхансан і Білам Мюрэем.

Абрала Мелані Лінскі, актрыса («Нябесныя істоты»):

«Я паглядзела яго ў кіно, калі мне было 26, і гэта быў першы раз, калі я ўбачыла, як знаёмая гісторыя дарослага мужчыны і маладой жанчыны распавядаецца з жаночага пункту гледжання. Мне гэта падалося натхняльным, рамантычным і сэксуальным. У тым, як камера рухаецца за Ёхансан, адчуваецца нешта няўлоўна жаноцкае. Фільм распавядае пра мноства складаных рэчаў далікатна і сумленна. І да таго ж, ён вельмі забаўны. Я вельмі люблю яго».

Сядзіба Говардс-Энд / Howards End

Джэймс Айвары, сцэнарый Рут Правер Джхабвала, 1991 год

Аматары касцюмных драмаў, канечне, ведаюць Айвары, але ягоны поспех не стаўся б магчымым без неверагоднай сцэнарысткі Рут Правер Джхабвала — раманісткі, якая напісала шмат сцэнарыяў, сярод якіх і гэты, за які яна атрымала свой другі Оскар.

Абрала Джынган Юнг, драматург і журналістка:

«Я расла ў Ганконгу і бачыла там па тэлебачанні шмат славутых брытанскіх фільмаў, але менавіта «Говардс-Энд» натхніў мяне стаць пісьменніцай. Нямецка-габрэйскае паходжанне і жыццё ў Індыі без сумневу паўплывалі на творчасць сцэнарысткі і тое, як тонка яна пераплятае палітычнае з эмацыйным».

Чытайце таксама:

Падрыхтаваў Максім Карпіцкі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура