Праект партала
Навокал
15.11.2017 / 09:43
У Беларусі паставілі спектакль пра роды і маці Лукашэнкі. Будзе яшчэ адзін ФОТЫ23

Калі мастацтва адгукаецца на тое, што адбываецца тут і зараз, яно адразу знаходзіць сваіх гледачоў.

Сцэна са спектакля «Сёння ніхто не нарадзіўся».

Увесь 2017-ы, да сканчэння якога засталося ўсяго нічога, для многіх беларускіх маці запомніцца як год, калі судзілі за хатнія роды і прапанавалі забараніць іх цалкам. Год, калі зноў і зноў вярталіся да тэмы забароны абортаў, год, калі розныя бакі спрачаліся, каму належыць цела парадзіхі, а каму — адказнасць за яе плод.

На гэтым фоне ў Беларусі з'явіліся адразу дзве актуальныя пастаноўкі. Адну з іх — «Сёння ніхто не нарадзіўся» па п’есе «Разам з сынам даіла кароў рукамі» драматурга Волі Прусак — ужо некалькі разоў паказаў Беларускі Свабодны тэатр. Другая прэм’ера з працоўнай назвай «Раскрыццё» рэжысёрка Наталля Ляванава рыхтуе ў межах праекта «HomoCosmos». Плануецца, што гледачы ўбачаць яе ў лютым 2018 года.

Тэндэнцыя, калі мастацтва чуе і рэагуе на балявыя кропкі, падымае важныя тэмы, прыемна ўражвае. І гэта калі не працуе як таблетка пад язык, што супакойвае, то дакладна дапамагае рэфлексаваць.

Новы спектакль з выкарыстаннем ужо другога тэксту Волі Прусак (да гэтага была гісторыя «Дэжавю» пра вясковую жанчыну з анкалогіяй) паставіў рэжысёр Уладзімір Шчэрбань. Рабілася ўсё па скайпе — да такой схемы працы тэатру не прывыкаць.

На фота актрыса Марыя Бяльковіч.

У бальнічную атмасферу вы пагружаецеся адразу: на ўваходзе ў хатку, дзе рэпетуюць свабодаўцы, усіх сустракае медыцынскі супрацоўнік і просіць надзець бахілы. Па цесным пакойчыку хаатычна раскіданыя тры ложкі. Лавы для гледачоў хаатычна рассунутыя па кутах.

У ролі санітаркі Анастасія Дубатоўка.

На вокнах — плакаты-віншаванкі з надпісамі «Дзякуй за сына», «Дзякуй за дачку». Усё гэта разам з рознакаляровымі паветранымі шарамі і кабетамі, якія мірна адпачываюць у ложках, настройвае на тое, што гаворка можа пайсці пра новае жыццё, свята нараджэння, шчаслівыя эмоцыі маладых бацькоў… Але свята не адбываецца, нягледзячы на тое, што па сюжэце — хутка Новы год.

Ідэя п’есы «Разам з сынам даіла кароў рукамі» нарадзілася з уласнага досведу: жанчына сама маці і адназначна сцвярджае, што знаходжанне ў шпіталі падчас і пасля родаў было далёка не найлепшым часам у яе жыцці.

Акрамя негатыўных успамінаў пра ўласны досвед нараджэння дзіцяці, Вольга Прусак уключыла ў тэкст другую лінію: разважанні пра ўплыў бацькоў на тое, якімі становяцца дзеці. Ці вінаватыя маці і бацька, калі з сына атрымліваецца амапавец, які б’е людзей на акцыях? Ці ёсць іх віна ў тым, што нашчадак вырастае дыктатарам?

У інтэрв’ю, прысвечаных новаму матэрыялу, Вольга згадвае, што падчас напісання п’есы спрабавала знайсці ў інтэрнэце нейкія характэрныя звесткі пра маці Аляксандра Лукашэнкі, але іх катастрафічна мала. Толькі артыкул, дзе расказваецца, што ў дзяцінстве яны разам даілі кароў рукамі ды яшчэ нейкія крупінкі. Адсюль і назва п’есы.

Аляксей Сапрыкін і Кіріл Каўбаснікаў.

Кроў і мацюкі, абыякавасць і варожасць, дактары, якія хутчэй падобныя да санітараў псіхушкі ці супрацоўнікаў калоніі, але ніяк не да тых, хто адказвае за з’яўленне новых людзей на свет. Ды і самі парадзіхі — пакрыўджаныя жыццём, са стрэсамі і комплексамі, недалюбленыя, яны выліваюць усе свае крыўды адна на адну.

Дар'я Андрыянава і Марыя Бяльковіч.

Усё гэта ніяк не паходзіць на свята, хутчэй — на канвеер на прадпрыемстве, куды ты прыйшоў, каб дажыць да канца змены і хутка збегчы, забыцца. Таму і сны немаўлят, якія чаргуюцца з асноўнай сюжэтнай лініяй, атрымліваюцца неспакойнымі, дзікімі.

Актрысы Юлія Шаўчук і Яна Русакевіч.

…Апошняя сцэна спектакля — навагодняя. Хто як можа ўпрыгожвае бальніцу, але сапраўднае свята сёння ў тых кабет, якія выпісаліся. Усе прыслухоўваюцца да традыцыйнага для апошніх хвілін снежня звароту прэзідэнта:

Акцёр Аляксей Сапрыкін.

«…Мы нямала зрабілі для развіцця нашай краіны. Сабралі небывалы ўраджай збажыны! Адраджалі помнікі культурнай спадчыны. Але галоўным было тое, што мы сталі на 115 тысяч маленькіх грамадзян багацей. Гэта прыкладна на 6,5 тысячы больш, чым у мінулым годзе. Я схіляюся перад вамі, тымі, хто падарыў краіне будучыню — дзяцей. Яны — аснова нашай незалежнасці, дабрабыту і працвітання…».

Громкія словы важнасці новых грамадзян Беларусі разбіваюцца аб брудныя прасціны і зацёртыя начнушкі парадзіх.

Падчас і пасля спектаклю многія жанчыны плакалі, асабліва тыя, хто зведаў, што такое мацярынства. 

Яна Русакевіч.

П’есу на падобную тэму цяпер дапрацоўвае яшчэ адзін беларускі драматург Алена Іванюшанка. Пакуль спектакль рыхтуюць да прэм’еры, Алена раскрыла нам некалькі таямніц яго сюжэту:

«У п'есе героі ўдзельнічаюць у гульні, кожны з іх непадрыхтаваны герой: мужчына або інфантыльная дзяўчына, калі праходзяць праз роды і сутыкаюцца з усімі цяжкасцямі, маральнымі, псіхалагічнымі і, вядома, фізічнымі, трансфармуюцца. Асноўная тэма нашага праекта — стаўленне людзей да родаў і ў родах. Сваякі, медперсанал, сябры, сама жанчына — гэта вялікі і складаны клубок. І роды, як самы ўразлівы для жанчыны момант, становяцца каталізатарам праблем, якія замоўчваюцца».

Чакаем прэм’еру!

А за чарговымі абвесткамі пра паказы Беларускага свабоднага тэатра можна сачыць тут.

Кацярына Карпіцкая, фота Мікалая Купрыча

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура