З чаго пачаць, калі ты марыш пра ўласны бізнэс, калі не ведаеш, як дапамагчы сяброўцы, якую б’е муж ці якую несправядліва звольнілі з працы, як далучыцца да жаночай каманды па амерыканскім футболе…
Каб дарэмна не гугліць па сто разоў, публікуем спіс асноўных беларускіх арганізацый, якія займаюцца гендарнымі пытаннямі і адстойваюць правы як жанчын, так і мужчын. Пазнаёміцца з імі асабіста ўсе ахвотныя маглі на «Шчырых размовах», якія «Жывая бібліятэка» зладзіла разам з Еўрапейскім каледжам Liberal Arts у Беларусі ў межах гендарнага модуля.
Мінская арганізацыя з уласным прытулкам, дзе можна перачакаць складаныя дні жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі сямейнага гвалту. Ужо 15 гадоў спецыялісткі «Радзіславы» не толькі дапамагаюць з кансультацыямі псіхолагаў і юрыстаў, але і адукоўваюць супрацоўнікаў міліцыі, сацыяльных органаў — вучаць іх правільна рэагаваць на выпадкі гвалту ў сем’ях. Акрамя таго, сіламі цэнтра ладзяцца вельмі карысныя трэнінгі па самаабароне для жанчын і здольнасці не паддавацца ўплыву і сузалежнасці Wen-Do.
Дарэчы, у снежні плануецца чарговы такі адкрыты трэнінг — сачы за аб’явамі.
Таксама працуе з ахвярамі гвалту. Ад 2013 года яе спецыялісткі штодзень дзяжураць на тэлефоне агульнанацыянальнай гарачай лініі 8-801-100-8-801 і гатовыя даць парады кожнаму, хто папросіць дапамогі.
Штатныя супрацоўнікі бясплатна кансультуюць па пытаннях бяспечнага выезду і знаходжання за мяжой (інфалінія 113) і прасоўваюць прынцыпы гендарнай роўнасці. Калі дамагаюцца на працы, калі звольнілі, даведаўшыся, што чакаеш дзіця, — табе сюды.
Некаторыя даведаліся пра існаванне цэнтра пасля таго, як спецыялісты пачалі актыўную барацьбу супраць сэксісцкай рэкламы кампаніі «Марк Фармэль». Змагацца з такімі з’явамі ў рэкламе ці СМІ — адна з задач арганізацыі. Акрамя таго, арганізацыя дапамагае вырашаць маёмасныя канфлікты, праблемы з доступам да працы, адукацыі, аховы здароўя.
Асаблівую ўвагу «Яе правы» надае самым уразлівым групам — дзяўчынкам з няпоўных сем’яў, з рэгіёнаў і іншым.
Арганізацыя, якая першыя крокі рабіла яшчэ ў 1996 годзе, сёння мае лакальныя філіялы ў шасці беларускіх гарадах: Бабруйску, Гомелі, Мазыры, Наваполацку, Смаргоні.
ІВКА працуе па ўласнай лідарскай праграме для маладых дзяўчат, а сваёй галоўнай каштоўнасцю называе гендарную роўнасць.
Акрамя дапамогі ахвярам гвалту, арганізацыя займаецца мясцовай інтэграцыяй бежанцаў, напрыклад, з Украіны, і распрацоўвае субпраекты ў такіх тэмах, як рак малочнай залозы і ВІЧ.
«Марыш пра ўласны бізнэс? Дзейнічай!» Гэты лозунг можна назваць асноўным у гэтай арганізацыі, якая зробіць усё магчымае, каб табе ў гэтым дапамагчы. Як? Прыцягне патрэбных экспертаў, пакажа гісторыі рэальных поспехаў і дапаможа з карыснымі сувязямі.
ProWomen.by ужо зладзілі некалькі серый бясплатных лекцый для жанчын-прадпрымальніц і тых, хто хоча імі стаць. Прасоўванне брэнда ў інстаграме, краўдфандынг для бізнэсу — толькі некаторыя з тых тэм, што разглядаліся на лекцыях. Сачы за навінамі, каб не прапусціць наступную сустрэчу.
Удзельніцы «Здольнай» любую зарадзяць спартыўным азартам. На іх трэніроўках можна навучыцца гуляць у класічны ці амерыканскі футбол, паспрабаваць нейкую экстрэмальную актыўнасць, нават калі ты ніколі раней не сябравала са спортам.
«Здольная» выступае за тое, каб кожная беларуска мела час і магчымасць займацца любым відам спорту, без абмежаванняў і без боязі, што нехта будзе ацэньваць яе знешнасць.
Яшчэ адзін праект, які разбівае розныя стэрэатыпы праз фізічную актыўнасць. Актывісткі «Файна» ладзяць экалагічныя паходы для беларусак, праз якія даносяць думку: жанчыны таксама здольныя выжыць у дзікім лесе, самастойна развесці вогнішча, разбіць палатку і скааперавацца з суседкамі ў экстрэмальнай сітуацыі.
Новыя паходы па некранутых мясцінах Беларусі плануюцца прыблізна ў маі, як толькі крыху пацяплее.
А вось клёвая актыўнасць для дзяцей: далучыцца да руху асацыяцыі можна ўжо з сямі гадоў. Ад 2002 года АБГ з'яўляецца сябрам Сусветнай асацыяцыі дзяўчынак-гайдаў і дзяўчынак-скаўтаў (ВАГГГС), якая аб'ядноўвае больш за 10 мільёнаў дзяўчынак і жанчын з 145 краін свету.
Асноўны рух асацыяцыі адбываецца летам: у лагерах, з палаткамі і палявой кухняй. Кожны лагер прысвечаны нейкай тэме. Мінулы якраз займаўся гендарнымі пытаннямі. Праз гульні-трэнінгі хлопчыкам і дзяўчынкам расказвалі, што няма чыста жаночых і мужчынскіх абавязкаў. У цэлым жа асацыяцыя — гэта класная магчымасць знайсці сяброў і аднадумцаў-лідараў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
З 2014 года Makeout збірае і архівуе гісторыю ЛГБТ і квір-жыцця ў Беларусі. Робіць тое, што рабілі і іншыя неабыякавая папярэднікі, але потым нечакана знікалі. Каб не знікнуць, як былыя калегі, каманда Makeout не толькі вядзе тэматычны сайт, ладзіць выставы, але зусім нядаўна сабрала праз краўдфандынг-платформу грошы на друкаваны альманах пра жыццё супольнасці ў апошнія 20 гадоў.
На жаль, юрыдычную дапамогу тут у выпадку парушэння правоў атрымаць нельга, аднак падтрымку, салідарнасць аднадумцаў — на ўсе 100 адсоткаў.
Дзейнасць «DOTYK» пачалася з кінафестывалю, сёння ж яна займаецца і арганізацыяй фэстаў, і асобнымі выставамі, і гульнятэкамі, і хуткімі сустрэчамі. З канца 2016 года пачаў працаваць кам’юніці-цэнтр — структура, прызначаная аказваць псіхалагічную і юрыдычную дапамогу ахвярам дыскрымінацыі на падставе гендарнай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі, а таксама іх блізкім.
Прыемны бонус: калі ты добра распішаш канцэпцыю сваёй творчай ідэі, то касцяк і валанцёры «DOTYK» дапамогуць рэалізаваць яе на пляцоўцы прасторы «Сталоўка XYZ».
Кацярына Карпіцкая