Праект партала
Рост
20.10.2017 / 19:50
Пяць фільмаў пра рэвалюцыянерак, якія сапраўды паўплывалі на ход гісторыі7

Прапануем разнастаіць ваш спіс фільмаў, абавязковых да прагляду.

Хутка падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі мінуць 100-гадовую мяжу. Мы ўжо даволі даўно не жывём у сацыялістычным грамадстве, але многае з добрага і дрэннага навокал — адбітак тых кастрычніцкіх дзён. Тым не менш, шмат забыта ці не асэнсавана. У прыватнасці, жанчына на барыкадах стала сімвалам рэвалюцыі, але калі зазірнуць у падручнік ці паглядзець класічныя фільмы, іх звычайная роля там — падтрымліваць мужных змагароў. Эмансіпацыя аказвалася змушанай і толькі частковай.

Але ў гэтых пяці фільмах рэвалюцыя мае жаночае імя.

«Не хвалюйся ды радуйся жыццю. Усё скончыцца добра, павер мне»

Роза Люксембург / Die Geduld der Rosa Luxemburg

Маргарэт фон Трота, 1986 год

Нават ворагі прызнавалі, што ад «чырвонай Ружы» нельга адмахнуцца як ад «нейкай там жанчынкі»: яна была занадта вялікай. І як любы біёграф, Маргарэт фон Трота мусіць рабіць выбар: нешта паказаць, а нешта пакінуць за кадрам.

Роза ў выкананні Барбары Зукавай не лічыць, што абавязаная выбіраць паміж асабістым шчасцем і рэвалюцыяй. Яна гуляецца з любімай коткай Мімі не радзей, чым робіць палымяныя прамовы і дыскутуе пра найлепшы шлях развіцця рабочага руху. З паказанага цяжка зразумець, чаму Роза Люксембург лічыцца важным тэарэтыкам марксізму, затое нельга застацца абыякавым да яе лёсу.

«Адкуль вы ўзялі гэтыя казачкі пра добры Інтэрнацыянал?»

Камісар / Комиссар

Аляксандр Аскольдаў, 1967-1988 гг.

«Камісар» стаў першым і апошнім фільмам для рэжысёра, і толькі цудам, насуперак загадам, аказаўся захаваны. Фільм, канешне, не контррэвалюцыйны, зусім наадварот. Але «адліга» заканчвалася, і функцыянерам ад культуры хацелася чагосьці не настолькі смелага, трагічнага і… камуністычнага. «Людзям патрэбныя не казкі, а праўда, за якую і памерці не шкада».

Чырвонаармейцы Аскольдава пазбаўленыя ілюзій («у нас ва ўсіх пыскі ў крыві»), стомленыя («вошы, баі, паходы»), і вось камісарша Клаўдзія Вавілава (Нона Мардзюкова ў сваёй лепшай ролі) аказваецца цяжарнай і не паспявае зрабіць аборт. Ёй даводзіцца пакінуць войска і падсяліцца да вялікай сям'і мясцовага габрэя (фантасмагарычная габрэйская лінія нагадвае такі ж мадэрнісцкі «Усходні калідор» Вінаградава). Чырвоныя адступаюць, белыя ўжо блізка, але Вавілава баіцца не за сваё жыццё…

«Нас называюць нацыстамі, але яны не ведаюць, што некаторыя з нас прайшлі Дахау і Бухенвальд»

Бітва за Алжыр / La battaglia di Algeri

Джыла Пантэкорва, 1966 год

Зняты ў дакументальнай манеры, па замове Фронту нацыянальнага вызвалення, фільм цяжка назваць прапагандысцкім (хаця да 1971 года акурат такой была афіцыйная пазіцыя Францыі). Галоўным патрабаваннем італьянскіх прадзюсараў была менавіта нейтральнасць, таму Пантэкорва імкнецца быць бесстароннім: французы забіваюць і катуюць, алжырцы адказваюць тэрактамі.

Ніводзін са ста персанажаў фільма не прысутнічае на экране столькі, каб яго можна было назваць «галоўным героем», і гэта лагічна: рэвалюцыі не ствараюцца адзінкамі. Але жанчыны (Джаміля Бухірэд, Зохля Дрыф, Хасіба Бен Буалі ды іншыя) адыгрываюць у гэтай барацьбе істотную ролю: менавіта яны могуць пранесці бомбу, пераапрануўшыся на еўрапейскі манер, схаваць зброю і многае іншае. Мужчынскія і жаночыя галасы зліваюцца ў хор, які можна было б назваць «Нараджэнне нацыі».

«Рэвалюцыя — не вечарынка»

Кітаянка / La Chinoise

Жан-Люк Гадар, 1967 год

Буржуазная моладзь робіць з парыжскай кватэры сваіх знаёмых рэвалюцыйны штаб: яны замалёўваюць усе сцены лозунгамі, чырвоных кніжак прыносяць столькі, што з іх можна складаць барыкады, знаходзіцца і зброя. Размовы тут вядуцца калі не пра класавую барацьбу, дык пра «Яўгенія Анегіна».

Гадар ловіць «дух часу», які выбухне ў маі 1968 года, і выразна паказвае слабасць пазіцыі студэнтаў: яны ізаляваныя і цалкам ігнаруюць, што ў той самы час у краіне праходзяць рэальныя забастоўкі. Але гэтых страшнавата-забаўных студэнтаў рэжысёр усё ж любіць больш, чым іх задаволеных уласнай сытасцю суседзяў. Веранік (Ана Вяземскі) дагэтуль застаецца ці не самым прывабным вобразам рэвалюцыянеркі ў гісторыі сусветнага кіно. Яе хлопец Гіём (Жан-П'ер Лео) марыць пра «пакорлівы лоб» сваёй партнёркі, але менавіта Веранік больш рашучая і цвёрдая ў сваіх перакананнях. Як і многія левыя, яна расчараваная СССР (прынцып рускіх: «рабіце, як мы кажам, а не як мы робім») і ўпэўненая, што толькі гвалтоўныя дзеянні дапамогуць зрушыць пасіўных рабочых.

«Вы кажаце пра людзей, мы гаворым пра класы»

Добры дзень, ноч / Buongiorno, notte

Марка Белокіа, 2003 год

Канец 70-х у Рыме. К'яра, маладая дзяўчына з мілай усмешкай, рыхтуецца сустракаць Новы год на новай кватэры. Яна нібыта вядзе нармальнае жыццё, але насамрэч належыць леварадыкальнай тэрарыстычнай арганізацыі «Чырвоныя брыгады» і неўзабаве мусіць прыняць удзел у выкраданні палітыка Альда Мора.

Пасляваенныя гады ў Італіі былі неспакойнымі, 70-я сустрэлі жахлівай хваляй левага і правага тэрору, нахабнай карупцыяй і мафіёзнымі забойствамі. К'яра ўсё больш і больш сумняецца ў абраных метадах і бачыць, што яна і іншыя актывісты трапілі ў пастку, з якой не бачна выйсця. Фільм, які наўпрост гаворыць пра крызіс еўрапейскага левага руху, паняверку сярод яго ўдзельнікаў. Будзе толькі горш.

Чытайце таксама:

Топ-5 глыбокіх і небанальных фільмаў пра настаўніц

Максім Карпіцкі

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура