Праект партала
Дома
14.10.2017 / 09:21
Печыва з журавінамі: рэцэпт на выходныя2

Працягваючы гаворку пра выпечку з сезоннымі прадуктамі, немагчыма абмінуць увагай журавіны. Сёння я прапаную прыгатаваць печыва, якое можна залічыць у разрад «карысных» — не толькі за кошт ягад, але таксама наяўнасці тварагу, арэхаў і аўсянкі.

Печыва атрымліваецца мяккім, не вельмі салодкім, таму выдатна падыдзе для сняданку альбо ў якасці «ссабойкі» для перакусу. Калі ж слодыч у выпечцы для вас важная, можна дадаць яшчэ 50 (ці больш) грамаў цукру. Апельсінавую цэдру можна не выкарыстоўваць зусім, альбо наадварот — замяніць малако ў рэцэпце на сок таго самага апельсіна, і тады печыва набудзе выразны цытрусавы смак. Замест імбіру можна дадаць іншую ўлюбёную прыправу. Адным словам, рэцэпт лёгка адаптуецца пад розныя густы — эксперыментуйце!

Вам спатрэбіцца:

  • 270 г мукі
  • 1 ч.л. разрыхляльніку
  • 150 г цукру
  • дробка солі
  • 100 г масла
  • 150 г тварагу
  • 100 г аўсяных шматкоў
  • 1 яйка
  • 100 мл малака
  • паўшклянкі грэцкіх арэхаў
  • 100-200 г журавін
  • 0,5 ч.л. молатага імбіру
  • цэдра аднаго апельсіна (па жаданні)

Як гатаваць:

1. Змяшаць муку з разрыхляльнікам і соллю, дадаць парэзанае кубікамі масла і расцерці разам у крошку.

2. Дадаць тварог, яйка і цукар, добра перамяшаць.

3. Дадаць аўсяныя шматкі, імбір і малако, зноў добра перамяшаць.

4. Дадаць цэдру апельсіна, дробна пасечаныя арэхі і напрыканцы асцярожна ўмяшаць журавіны.

5. Мокрымі рукамі скачаць з цеста шарыкі велічынёй з грэцкі арэх, выкласці на бляху, пакідаючы паміж імі каля 2-3 см.

6. Пячы 15-20 хвілін на 200°С (залежыць ад духоўкі, у маёй пякліся недзе 35-40 хвілін, сачыце). 

Чытайце таксама:

Куды падзець яблыкі, альбо Яблычны кекс з сырам

Юлія Міцкевіч

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура