Праект партала
Рост
14.10.2017 / 12:33
Топ-5 цёплых кніг па-беларуску, якія сагрэюць восенню7

Ужо які дзень хочацца зірнуць на мапу і пераправерыць: ці сапраўды мы жывём у Мінску/Магілёве/Баранавічах [падставіць любы патрэбны горад], ці гэта маркесаўскі Маконда, дзе «дождж ліў чатыры гады адзінаццаць месяцаў і два дні».

Каб перажыць гэтае халоднае надвор’е было прасцей, прапануем топ-5 цёплых кніг.

Рыгор Барадулін, «У неба пехатою»

«Паэт будуе сам сябе, як храм
Ці як пахіленую халабуду».

Паэзія Барадуліна заўжды адрознівалася асаблівай цеплынёй і пачуццёвасцю. У гэтым зборніку сабраныя вершы апошніх трох гадоў яго жыцця. Сапраўдны творца не пакідае свой занятак да смерці, так і Рыгор Барадулін: фінальныя рыфмы запісаў за пару дзён да сыходу.

Акрамя надрукаваных вершаў, у кнізе можна ўбачыць унікальныя здымкі і рукапісы паэта, а таксама інтэрв’ю, якое спадар Рыгор даў Сяргею Шапрану напярэдадні свайго 79-га дня нараджэння.

Кацярына Мядзведзева, «Разламашкі майстра Люфта»

Дзівосная кніга аповесцяў і апавяданняў для ўсіх, хто не развучыўся верыць у цуды, нават калі даўно выйшаў з дзіцячага ўзросту. Зборнік можна ахарактарызаваць як «казкі для дарослых». А хто ўвогуле сказаў, што іх чытаюць толькі дзеці? І каб здзяйсняць цуды, зусім не абавязкова быць чараўніком.

Андрэй Федарэнка, «Шчарбаты талер»

З гэтай прыгодніцкай аповесцю можна ладзіць сямейныя вечаровыя чытанні пад акампанемент дажджу. Героі — пяцёра школьнікаў: Чэсь, Міхась, Зміцер, Аксана і Каця. Некаторыя з іх гарадскія, а іншыя жывуць на вёсцы. Што іх аб'ядноўвае, акрамя вёскі Паплавы, дзе ўсе яны сустракаюцца? Дзіцячае жаданне прыгод і незвычайных здарэнняў. Пошукі скарбаў дапамагаюць ім спазнаць саміх сябе, свае здольнасці, убачыць моцныя бакі іншых, упэўніцца ў моцы свайго сяброўства. Усё гэта на фоне амаль што дэтэктыўнай гісторыі з бандытамі, настаўнікам гісторыі, вясковымі жыхарамі, скарбам і вайной 1812 года.

Янка Брыль, «Жменя сонечных промняў»

«На гары за вёскай, любуючыся родным, даўно знаёмым i ўсё яшчэ новым светам — белым, чысценькім у вячэрнім святле, — міжволі, жыва і радасна ўявіў сябе мурашачкай на неабдымна агромністым гарбузе Зямлі…».

Лірычныя замалёўкі пісьменніка заўжды трапныя і мудрыя. Ён няспынна занатоўваў усё, што бачыў і чуў, умеў знаходзіць у гэтым прыгожае і незвычайнае.

Дарэчы, сёлета споўнілася 100 год з дня нараджэння Янкі Брыля. Чым не нагода яшчэ бліжэй пазнаёміцца з яго творчасцю?

Адам Мальдзіс, «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Партрэт пісьменніка і чалавека»

«Уладзімір Караткевіч узнёсся на небасхіл айчыннага пісьменства і гарыць там зоркай першай велічыні».

Гэта не падрабязны аналіз творчасці Караткевіча. Гэта кніга, напісаная сябрам пра сябра, напоўненая шчырымі пачуццямі і цікавымі ўспамінамі. Адам Мальдзіс і Уладзімір Караткевіч пазнаёміліся ў 1963 годзе пасля таго, як Мальдзіс напісаў рэцэнзію на раман Караткевіча «Нельга забыць». Іх сяброўства было поўным прыгодаў і камічных сітуацый. У кнізе Мальдзіс паказвае нам Караткевіча-чалавека, гучнага і рамантычнага, вясёлага і шчырага.

Наста Карнацкая

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура