Праект партала
Стасункі
16.10.2017 / 19:31
«Год сустракаўся, а яна аказалася лесбіянкай». Агнявыя «падслуханыя» гісторыі беларусаў6

Калі раней усе перапісваліся на форумах, то з часам плаўна перамясціліся ў тэматычныя суполкі ў сацсетках.

Фота Сяргея Гудзіліна.

«Шукаю цябе», «Прызнавашкі», «Разумніцы», «Курыцы», «Самыя прыгожыя людзі», «Пахабны», «Знаёмствы»… У дзясятках паблікаў людзі абменьваюцца навінамі, знаёмяцца, крытыкуюць і даюць адно аднаму парады. Плюс у тым, што для кожнага беларускага горада ёсць свая суполка, таму лёгка быць у курсе таго, што адбываецца ў тваім раёне ці вобласці, нават калі ты ў гэты момант жывеш за мяжой.

Сярод іншых асабліва вылучаюцца старонкі са шматтысячнай аўдыторыяй «Падслухана», дзе людзі ананімна дзеляцца сваімі жыццёвымі гісторыямі.

Права не называць сваё імя, а, значыць, і не несці адказнасць за свае словы, дазваляе свабодна выказвацца на тэмы, якія не заўсёды агучыш нават псіхолагу. Тым больш, у інтэрнэце дадуць бясплатную параду, праўда, не факт, што гэта дапаможа.

Мы прааналізавалі самыя папулярныя паблікі «Падслухана» шасці абласных беларускіх цэнтраў і зрабілі высновы, што найбольш хвалюе нашых суграмадзян. Усходняя частка краіны ў гэтым плане выглядае найбольш актыўнай.

Падпісанты магілёўскага пабліка заўсёды ў курсе апошніх навін, яны абмяркоўваюць іх пастаянна. Яны жадаюць адно аднаму добрай раніцы, раздаюць котак і сабак, шукаюць згубленыя пярсцёнкі і кашалькі, падбіраюць кампаніі, каб разам наведаць трэнажорную залу, танцы ці проста прагуляцца ўвечары.

Магілёўцаў раздражняюць голыя торсы мужчын у транспарце і смецце, якое гараджане любяць выкідаць то з вокнаў, то сабе пад ногі.

А яшчэ шмат мясцовых не хочуць служыць у войску. Каб адкасіць, прапануюць паляжаць у «вар'ятні», набіць на твар татуіроўку ці часова стаць геям. Карацей, народ у нас просты.

Для жыхароў Віцебска ў 21 стагоддзі ўсё яшчэ актуальныя пошукі добрай варажбіткі.

Мясцовыя кабеты вучаць зямлячак сядаць хлопцам на калені, калі тыя не саступаюць месца ў транспарце. Усе разам, як і ў Мінску, лаяцца на аўтамабілістаў, што паркуюцца не па правілах (нядаўна праз такіх вось малайцоў у двор аднаго з віцебскіх дамоў не змагла праехаць пажарная машына).

Гамельчукі з зайздроснай перыядычнасцю абмяркоўваюць медыцыну: заклікаюць наведнікаў бальніц не заходзіць у кабінеты, калі там некаму робяць рэнтген ці хтосьці сядзіць у гінекалагічным крэсле. Плюс у мясцовых да гэтага часу не знік азарт, звязаны з калекцыянаваннем бонсцікаў.

У Гродне часцей за ўсё абмяркоўваюць закупы прадуктамі і адзеннем у краінах-суседках, але цяпер іх паблік «Падслухана» амаль заглух. Тое самае можна сказаць і пра Брэст. Чамусьці ў заходняй частцы краіны паблікі з маналогамі не прыжыліся.

Што тычыцца мінчукоў, то яны незадаволеныя маруднымі тэрміналамі, маленькімі заробкамі, цыганамі, якія ліпнуць на вуліцах, тым, што людзям з інваліднасцю складана працаўладкавацца, а ў метро трэба саступаць месца нахабным бабулям.

Але больш за іншае жыхароў усіх абласных гарадоў хвалююць адносіны і сэкс — менавіта гэтаму прысвячаецца кожны другі пост.

— Як знайсці новага мужа, калі ты развялася, але маеш дзіця?

— Што рабіць, калі табе 27, усе аднакласнікі маюць сям’і, а ты ўсё яшчэ без адносін?

— Чаму хлопцаў прывабліваюць «ТП»?

— Што рабіць, калі муж хавае тэлефон і не дае пачытаць свае паведамленні?

— Што рабіць, калі жонка адмаўляе ў сэксе ў якасці маніпуляцыі?

— Чаму жанчын цікавяць толькі грошы?

— Як развесціся з мужам і пакінуць на яго дзіця?

Кожны дзень у пабліках з’яўляецца новая нешчаслівая (радзей — наадварот) гісторыя. У каменты адразу ж набягаюць усёзнайкі-псіхолагі. Прапануем азнаёміцца з самымі вогненнымі, што з'явіліся ў апошні час (як лічыце, ці ёсць сярод іх фэйкі?).

Мая Лінь

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура