Праект партала
Дома
05.10.2017 / 11:02
«Такога чорта як з’ясі, дык адразу капыты адкінеш» — рэдкія беларускія грыбы19

Сённяшні агляд таямнічых грыбоў ад паэта і абазнанага грыбніка Сяргея Сыса насамрэч касмічны. У беларускіх лясах захоўваюцца сапраўдныя скарбы, дасяжныя кожнаму, хто ўмее іх убачыць. 

Страфарыя сіне-зялёная

Фота wikimedia.org.

Мутнай кастрычніцкай раніцай, блукаючы ляснымі гушчарамі каля Вялікай Валоўшчыны, натрапіў на купку грыбочкаў, пра сустрэчу з якімі марылася даўно, паколькі шмат чытаў пра іх не зусім звычайныя ўласцівасці. «Ну і страхоцце!» — падумалася адразу. Такога чорта як з’ясі, дык адразу капыты ўгару і адкінеш. Але ж, думаю сабе, адрэжу некалькі ды пакаштую, бо які з мяне даследчык?

Вось такім чынам да майго рацыёну дадалася страфарыя сіне-зялёная (Stropharia aeruginosa).

Страфарыі, а іх некалькі падобных відаў, прабіваюцца на свет божы з рознага гнілля і ламачча даволі позна, растуць ад верасня да пачатку лістапада, пераважна ў змяшаных лясах.

Смак у страфарыі пасля адварвання невыразны, але хаця беларусы іх шугаюцца — есці можна ў любым выглядзе: і смажыць, і саліць. Толькі не забывайцеся са шляпкі злупліваць слізкую плеўку, падобную на маслёнкавую.

Пра іншыя таямніцы гэтага грыба пісаць не маю права — забаронена.

Ваўнянкі ружовыя

Фота wikimedia.org.

Прынёс днямі з лесу вялізны кошык зялёнак і ружовых махнатых прыгажуноў, якія называюць у нас ваўнянкамі. Суседка па лецішчы адразу аўтарытэтна заявіла: «Выкінь хутчэй, бо атруцішся!» Вось таму і вырашыў хутчэй напісаць пра ваўнянку, каб больш суседзі так не казалі.

Ваўнянкі ружовыя (Lactárius torminósus, ваўнуха, краснуха) адносяць да ўмоўна-ядомых грыбоў, якія патрабуюць спецыяльнай апрацоўкі. На самай справе грыб папросту трэба вымачыць, адварыць і першы адвар абавязкова зліць. А тады ўжо гатаваць далей.

Смак у сырой ваўнянкі пякуча-горкі, усё ад млечнага белаватага соку. Таму і адносяць яго да класу млечнікаў. У сапраўднай ваўнянкі — канцэнтрычныя колцы на шляпцы і апушаныя краі.

А што кажуць пра яго атрутнасць? Многія еўрапейскія навукоўцы адносяць яго да ліку атрутных. Так прынята лічыць у Польшчы, Чэхіі, Італіі, Францыі. Паўночныя краіны ўмінаюць іх ажно за дзве шчакі: фіны смажаць пасля дзесяціхвіліннай апрацоўкі кіпнем, а шведы збіраюць і ўжываюць пасля адварвання.

Беларусы ў ранейшыя часы таксама не саромеліся і грэблі іх кашамі і кашолкамі.

А што з гэтым рабіць нам? Умець правільна гатаваць. Існуе шмат варыянтаў, як зрабіць ваўнянкі каштоўным дадаткам да рацыёну, але я выбіраю саленне. Ёсць два спосабы: хуткі і марудны. Пры хуткім — добра прамытыя і вымачаныя цягам сутак-двух грыбы адварваю хвілін 15, тады зноў прамываю і пакідаю ў друшляках, каб збегла ўся вада. Затым закладаю ў рондаль на тры-пяць літраў слаямі, перасыпаючы іх соллю, парэзаным часнаком, духмяным перцам і лаўрушкай. Пад гнётам трымаю два тыдні.

Пры іншым раскладзе пасля вымочвання грыбы не адварваю, а проста салю, дадаючы да спецый лісткі хрэну і дубовы ліст. Захоўваю ў прахалодным месцы, каб не ўкіслі. А вось ужываць пры такім раскладзе раю не раней як за 40-50 дзён. Тады вы атрымаеце гурманскае задавальненне.

Можна правільна адвараныя грыбы, папярэдне падсушыўшы, класці ў маразільную камеру, а пасля ўзімку дадаваць у розныя тушаныя стравы або смажыць.

У складзе ваўнянак, дарэчы, безліч карысных рэчываў. З дапамогай грыба змагаюцца з хваробатворнымі мікробамі, ён мае супрацьзапаленчыя ўласцівасці і ўмацоўвае імунітэт. Але пры ўмове, што вы яго не адварвалі ў трох водах цягам гадзіны.

Напішыце, калі вам вядомыя іншыя назвы ваўнянак, мне гэта прыдасца.

Спатулярыя булавападобная

У кожнага спраўнага грыбніка мусіць быць мара: для некага — адшукаць у лесе сотні тры маладых баравічкоў, для іншага — нарэзаць некалькі тазоў лісічак, а нехта мроіць палянамі чырвоналаговікаў. Падзялюся сваім запаветным і я.

Водзяцца на Беларусі грыбочкі, якіх я не сустракаў ніколі, ну, напрыклад, розныя труфелі. Дык я і не намагаўся надта іх адшукаць, бо трэба мець шмат часу, каб па пушчах белавежскіх палазіць, параспытваць тамтэйшых доўгажыхароў, якія могуць параіць, дзе менавіта раней сустракаліся труфелі, ды й свінні ў мяне няма натрэніраванай на пошук падземных далікатэсаў. Таму тут я спадзяюся на Яго Вялікасць выпадак.

Але ці толькі адныя труфелі спакушаюць мяне? Ёсць адно лясное месцейка ў Асіповіцкім раёне, дзе сустракаецца маленькі жоўценькі грыбочак. Праўда, па некаторых звестках сустракаўся ён раней і ў Белавежы. Гэта — спатулярыя булавападобная (Spathularia clavata, грабянёк залацісты).

Сапраўды, можна ж патраціць некалькі дзён, прысвяціць час пошуку гэтага ляснога цуда, каб проста палюбавацца, сэлфі зрабіць з таямнічым грыбам. Дарэчы, таксама ядомым, хаця загубіць жыццё грыбянёчка рука не падымецца, ды і ахоўваецца ён дзяржаваю (не ведаю толькі якім чынам), і ў Чырвоную кнігу ўнесены.

А яшчэ маю надзею, што нехта з вас бачыў гэтае дзіва і згодны падзяліцца сваім адкрыццём.

Дадам толькі, што часам у лясах сустракаецца стрыечная сястрычка спатулярыі булавападобнай — Spathularia flavida, альбо Лапатачка жоўтая. Таксама рэдкая, але не настолькі. Пра яе напішу крыху пазней.

Чытайце таксама:

Адкрываем таямнічыя грыбы Беларусі — зірніце, якая цікавая грыбная кветка

Аслінае вуха, вожык ды каўпак — грыбы, якія здзіўляюць ФОТЫ

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура