Праект партала
Гісторыі
03.10.2017 / 06:18
Як слуцкі слесар упершыню ў жыцці трапіў у тэатр. І нават не заснуў!25

Калі ў жыхароў буйных гарадоў ёсць выбар, аддаваць свой час на прагляд спектакляў ці не, то ў месцах, дзе тэатраў няма, лёс усё вырашае сам.

«Ніна» захацела выправіць гэтую несправядлівасць і ўпершыню запрасіла ў тэатр героя аднаго з нашых нядаўніх артыкулаў — слесара Міхаіла Гардзейчыка са Слуцка. Спадзяёмся, гэта стане традыцыяй.

Міхаіл Гардзейчык, слесар і мікраблогер.

Летам Міхаіл нечакана праславіўся сваім душэўным інстаграмам, дзе ён дзеліцца замалёўкамі са свайго жыцця без фільтраў і купюр. Вось ён капае бульбу, вось гатуе варэнне, вось коле дровы, а вось збірае ссабойку: макарону, сала, хлеб ды памідоры са сваёй градкі. Такіх простых, шчырых профіляў беларусам, якія ўжо наглядзеліся на ідэальных і прычасаных мікраблогераў, відаць, не хапала, таму Міхаіл досыць хутка ператварыўся ў тысячніка, а яго хэштэг #укусна скарыў сэрцы многіх.

Калі мы прапанавалі Міхаілу наведаць разам тэатр, ён не паверыў і палічыў гэта за жарт. Але вось мы ўжо дамаўляемся, што хлопец прыедзе ў сталіцу, як толькі пачнецца восеньскі адпачынак. Маршрутка Слуцк-Мінск едзе паўтары гадзіны, таму адпрошвацца з працы, каб паспець на пачатак спектакля, неяк няёмка, дый на наступны дзень рана прачынацца. Звычайна Міхаіл на нагах з усходам сонца.

Каб прадэманстраваць яму больш поўную тэатральную карціну, вырашаем запрасіць і на класічную, і на эксперыментальную пастаноўкі.

«А есці тут можна?»

І вось пятніца. Купалаўскі тэатр. «Местачковае кабарэ».

Міхаіл прыязджае на цэнтральны вакзал крыху загадзя. Надвор’е яшчэ добрае, але ён абачліва прыхапіў з дома куртку на вечар. Праўда, кожны раз просіць патрымаць яе, калі спыняецца, каб сфатаграфаваць гандлёвы цэнтр, вуліцу ці самому папазіраваць каля клумбы — увесь гэты кантэнт робіцца з клопатам пра падпісантаў у інстаграме.

Гістарычны момант: Міхаіл падпісваецца на інстаграм «Нашай Нівы».

Фатограф сваім уважлівым вокам фіксуе, што ў кавярнях на Карла Маркса сядзіць мала людзей і кажа, што ў Слуцку сітуацыя падобная: «Грошай у людзей на забавы нейкія не хапае. У нас вось набудуць гэты кубак з кавай — і ходзяць потым з ім цэлы дзень, вусны пакрыху мочаць».

Міхаіл расказвае, што і сам не зарабляе больш за 400 рублёў, але калі жывеш адзін і дадаткова трымаеш гаспадарку, на самае неабходнае хапае. Узімку хлопец падпрацоўвае у кацельнай — тады сума можа дабягаць да 500 рублёў.

Ён стараецца размаўляць на чыстай рускай мове, але некаторыя слоўцы кшталту «ўкусна», «інцярэсна» у гаворцы ўсё ж праскокваюць. «У вас тут шмат людзей размаўляе на беларускай мове, у Слуцку я такога не заўважаў», — адзначае мужчына пасля таго, як да яго звяртаецца пасажырка ў аўтобусе.

Мы набліжаемся да Купалаўскага, першапачатковы будынак якога быў узведзены яшчэ ў XIX стагоддзі. Міхаіл, праўда, вырашае, што гэта царква. Вось у гэтай самай «царкве» нам і трэба будзе назіраць за акцёрамі, што паспрабуюць перанесці гледачоў у 30-я гады мінулага стагоддзя.

Прэм’ера «Кабарэ» ад Мікалая Пінігіна адбылася яшчэ ў 2012 годзе, некаторыя бачылі пастаноўку некалькі разоў, але і цяпер у зале хапае людзей. Міхаіл адразу звяртае ўвагу на тых, хто сядзіць на балконах і пытаецца: «А гэта хто там, музыкі?» Калі даведваецца, што адтуль за пастаноўкай таксама будуць сачыць гледачы, выказвае здагадку, што зверху, відаць, глядзець цікавей.

Бацькі Міхаіла, як ён сам расказвае, у маладосці былі ў тэатры, нават некалькі разоў: спецыяльна прыязджалі дзеля гэтага ў сталіцу. Ім вельмі спадабалася, але далей зацягнулі абставіны (праца, хатнія абавязкі, дзеці), і на тое, каб выбірацца ў іншы горад на такі праменад, не было часу.

Гучыць апошні, трэці званок. «Ого, прама як у школе!», — рэагуе Міхаіл.

Ён расказвае, што з сябрамі заўсёды пасмейваўся з тых, хто ходзіць на выставы ці ў тэатр, бо, акрамя як паспаць, там няма чаго рабіць.

І калі на сцэне з першай прамовай з’яўляецца канферансье ў выкананні эксцэнтрычнага Аляксандра Казелы, Міхаіл пачынае пазяхаць. Але хутка сітуацыю выпраўляюць жвавая полька і цыганскія спевы — наш герой ажывае і пачынае пасміхацца. Асабліва моцна яго смех гучыць падчас гісторый-анекдотаў, якія злучаюць музычныя часткі спектакля: жарты пра хітрую сутнасць габрэяў набіраюць у яго самыя высокія балы.

У антракце Міхаіл спрабуе прыкінуць, колькі маглі каштаваць усе гэтыя багатыя касцюмы, дэкарацыі ды жывы аркестр і наколькі яго могуць акупіць паказы за 8-20 рублёў па суботах і нядзелях.

Случчанін вельмі здзіўляецца, што спектаклі ідуць не толькі ў выхадныя, але і па буднях: «І што, людзі пасля працы наведваюць тэатр? Няма ў вас іншых спраў, відаць. У нас бы так ніхто не хадзіў».

Падчас перапынку нехта спускаецца ў прыбіральню, нехта ідзе да люстэрка, а іншыя — у буфет. Паспрабаваць сябе ў класічнай кіношнай сцэне «тэатр-антракт-каньяк» Міхаіл адмаўляецца, бо алкаголь ужывае толькі на вялікія святы. А вось падсілкавацца ён, можа, і хацеў бы, але чарга ў буфет і без нас збіраецца вялікая. «Дык а ў зале можна будзе даесці, калі што?», — цікавіцца Міхаіл. Калі я тлумачу, што яно, можа, і не забаронена, але лічыцца дрэнным тонам, бачна, што ён незадаволены.

 

Другая дзея глядзіцца яшчэ больш дынамічна. Пад фінальны хор усіх артыстаў нашы гледачы, як заўсёды, падымаюцца і апладзіруюць. Традыцыю пераймае і слуцкі госць.

«Ну, як вам?», — пытаюся я пасля на выхадзе. «Ну, бачыце, спаць мне не хацелася. Усё зроблена з розумам, прыгожа. Дзяўчыны вельмі прыгожыя, адзенне іх — таксама. Нам хацелі паказаць жыццё XX стагоддзя, і ў іх гэта атрымалася», — бачна, што Міхаілу цяжка пакуль выказаць нейкае падрабязнае меркаванне, але відавочна, што яркая абгортка зачапіла яго больш, чым сам матэрыял. Гэта ён пацвярджае і крыху пазней, калі, купіўшы на Карла Маркса піражок з бульбай і «колу», параўноўвае пастаноўку з «прыгожымі замежнымі серыяламі пра каханне».

Мы развітваемся з хлопцам да нядзелі, калі яму давядзецца паглядзець на альтэрнатыўны тэатр — прэм’ерную пастаноўку «Дом №5» Свабоднага тэатра.

«Прастытутку, што пакрыўдзіла інваліда, хацелася разарваць!»

Свабодны тэатр як брэнд з’явіўся ў Беларусі ў 2005 годзе, і яго стваральнікі Мікалай Халезін і Наталля Каляда адразу ўзялі жорсткі курс на сваю апазіцыйнасць існуючаму мастацтву, а можна сказаць, і дзяржаве. У сваіх пастаноўках яны аднымі з першых пачалі распрацоўваць дакументальны кірунак і адкрыта размаўляць пра палітыку, сэкс, беззаконне міліцыі, правы чалавека, інваліднасць. «Паглядзець» на іх пастаноўкі час ад часу прыходзіў нават АМАП. Асабліва цяжкай сітуацыя была напярэдадні выбараў 2010 года.

У раёне Пушкінскай.

Ведаючы, што не ўсім непадрыхтаваным гледачам адразу заходзяць рэзкаватыя спектаклі Свабоднага з мацюкамі, я перажывала, што, мабыць, зарана адпраўляю на такі эксперымент Міхаіла, але назад шляху не было.

Яшчэ па дарозе да хаткі, дзе грае Свабодны тэатр, у Міхаіла пачаліся прыгоды. Замест свята раварыстаў на Маркса і святочна апранутых дам на выхадзе з маршруткі яго сустракалі ўдзельнікі п’янай бойкі. Тая самая гісторыя, але ўжо з іншымі персанажамі, напаткала нас і на Пушкінскай, дзе ў адным з дворыкаў мы чакалі пачатак «Дома №5», а міліцыя ў гэты час збірала па дварах п’яных буянаў.

Перад Міхаілам паўстаў іншы, спальны і не турыстычны Мінск: «Я думаў, толькі ў Слуцку засталіся такія непафарбаваныя дамы і савецкія дзіцячыя пляцоўкі, а яно і ў сталіцы масава!».

Зусім у шоку Міхаіл быў, калі ўбачыў месца, дзе акцёры Свабоднага сёння дэманструюць сваё мастацтва: гаспадарчая прыбудова ні ішла ні ў якае параўнанне з тым, што ён бачыў у пятніцу, не клеілася з уяўленнем пра тэатр як пра нешта высокае і прыгожае.

Тут сёння паказвае свае спектаклі Свабодны тэатр.

Унутры — адзін пакойчык, некалькі шэрагаў лавак, крэслы і дадатковыя падушкі на падлозе. На імправізаванай сцэне — інвалідны вазок. Усё гэта выклікала ў Міхаіла шмат пытанняў, і як сапраўдны блогер ён пачаў фіксаваць атмасферу на камеру: «Інакш сябры не павераць, якія тэатры ёсць». Хутка яго было не спыніць.

Пра пастаноўку «Дом №5» мы пісалі раней — яна прысвечаная тэме інваліднасці. Удзел у ёй бяруць як звычайныя акцёры Свабоднага, так і людзі з інваліднасцю.

Пасля таго, як заканчваецца асноўная сюжэтная лінія, акцёры выклікаюць усіх патанчыць разам з імі: Міхаіл у чарговы раз здзіўляецца і з задавальненнем падтрымлівае гэтую гульню са сціраннем яшчэ адных межаў.

«Слухайце! Ну, гэты спектакль мне куды больш спадабаўся, — дзеліцца пасля случчанін. — Тут і пра смерць ёсць (а сваякоў усе гублялі, і я бабулю з дзедам пахаваў). І пра каханне. Пра тое, што трэба любіць чалавека, а не яго багацце, чаго ў нас цяпер мала. І няважна, інвалід ён ці не. У нас у Слуцку я таксама час ад часу бачу людзей з інваліднасцю на вуліцах. Але выходзяць яны з дому вельмі рэдка. Карацей, тут неяк больш пра жыццё, пра рэальнасць, а калі песні, скокі, казкі, як у пятніцу, — такое я і па тэлевізары магу паглядзець кожны дзень».

«Дом №5», сцэна з родамі.

Міхала ніколькі не засмуціла вялікая колькасць мацюкоў у пастаноўцы, і ён нават не пасаромеўся б запрасіць на такое бацькоў: «Навокал ўсе мацюкаюцца, што тут такога — гэта натуральна!» Адзіная, хто выклікаў у яго негатыў, — гэта гераіня-прастытутка. У спектаклі яе паслугамі вырашыў скарыстацца хлопец з інваліднасцю: прасіў зніжку як для ветэранаў — яна адмовіла. Міхаіл лічыць, што крыўдзіць такіх людзей ніяк нельга.

Маршрутка да Слуцка адпраўлялася з вакзала, яму карцела расказаць пра свае прыгоды бацькам. Раніцай Міхаіл пойдзе ў грыбы, але на развітанне абяцае, што цяпер будзе завітваць у Мінск часцей. Не толькі каб наведаць брата і пашпацыраваць па Нямізе, але і каб ізноў сустрэцца з тэатрам.

Кацярына Карпіцкая, фота аўтара

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура