Хіба самай заўважнай падзеяй учарашняга дня стаў учынак хлопца з Вілейкі Аляксандра Вянгерскага. Падчас матчу групавога этапу Лігі Еўропы паміж БАТЭ і «Арсеналам» ён выбег на поле ў світшоце з «Пагоняй» на грудзях ды бел-чырвона-белым сцягам.
Фота Максіма Пушкіна.
Аляксандра хутка затрымала ахова, але ён паспеў трапіць у аб’ектывы журналістаў ды заўзятараў.
Тэлевядоўца Ганна Бонд хоць і прапусціла гэты матч любімага БАТЭ, аднак не ўпусціла магчымасці пракаментаваць учынак хлопца.
«Доўбень — адным словам! Навошта збіваць гульню на поле, і ў чым гераізм? Шкада, яму нельга выпісаць гэты штраф, які цяпер атрымае клуб ад UEFA. Спорт па-за палітыкай! А выходзіць, што FC BATE падставіў(( Шкада, канешне. Хаця па факце можа і заплаціць. І сума ў тысячах еўра», — напісала Ганна ў фэйсбуку.
Трэба сказаць, што ў красавіку Ганна сама ўздымала бел-чырвона-белы сцяг, калі прабегла 21 кіламетр на марафоне ў Мадрыдзе. Тады яна казала: «БЧБ — годны сцяг з гісторыяй. Зрэшты, як і я. У мяне таксама вялікая гісторыя бясконцага пераадолення сябе».
Фота з асабістага архіву Ганны.
Выглядае, што ў пазіцыі Ганны «спорт па-за палітыкай» усё ж ёсць выключэнні.
А вы падзяляеце погляд Ганны?
Nina.nn.by