Праект партала
Рост
15.09.2017 / 13:33
Толькі тры жанчыны ў Беларусі ўзначальваюць райвыканкамы — хто яны? ФОТЫ7

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Вераніку Байкову кіраўніцай Лоеўскага райвыканкама. Раней яна працавала кіраўніком справамі Мазырскага райвыканкама.

Скажам проста, што гэта не зусім шараговая падзея, бо ў раённай і абласной вертыкалі жанчын фактычна ніколі не ставяць на кіруючыя пасады. Да гэтай пары ў гісторыі Беларусі не было ніводнай жанчыны, якая б кіравала вобласцю ці Мінску. Так, ёсць намесніцы, але не на самай вяршыні.

З 153 гарвыканкамаў і райвыканкамаў (улічвацца таксама асобныя раёны Мінска, Віцебска, Брэста і іншых буйных гарадоў) толькі тры ўзначальваюць жанчыны. Адметна, што ўсе яны працуюць на Гомельшчыне.

Вольга Мохарава.

Вольга Мохарава ўзначальвае Добрушскі райвыканкам ужо больш за 12 гадоў. Гэта другі паказчык па працягласці знаходжання на аналагічнай пасадзе. Больш трымаецца толькі легендарны старшыня Нараўлянскага райвыканкама Валерый Шляга — аж 21 год!

Алена Паўлечка.

Менш за год таму Мазырскі райвыканкам узначаліла Алена Паўлечка, пасля таго, як яе папярэднік Яўген Адаменка быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Да гэтага яна была намесніцай Адаменкі па сельскай гаспадарцы і харчаванні.

Цяпер вось Лоеўскі раён далучыўся да гэтага спісу, дзе кіруюць жанчыны.

Калі згадаць гісторыю ХХІ стагоддзя, то было яшчэ толькі чатыры падобных выпадкі, калі жанчына кіравала раёнам. Адзін з іх, дарэчы, таксама звязаны з Гомельшчынай. Ад 2004 да 2008 Савецкі раён Гомеля ўзначальвала Таццяна Філімончык.

Наталля Качанава.

Нельга не згадаць Наталлю Качанаву, якая ад 2007 да 2014 была «мэрам» у Наваполацку. Потым Качанаву забралі ў Мінск. Дарэчы, на адной з прэс-канферэнцый Лукашэнка прызнаваўся, што яе кандыдатуру лабіявалі сілавікі.

Спачатку Качанава стала віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаннях, а праз нейкі час узначаліла Адміністрацыю прэзідэнта. Качанава запомнілася сваімі рэзкімі заявамі, якія тычыліся многіх пластоў насельніцтва.

Роўна год ад сакавіка 2015 да сакавіка 2016 пакіравала Цэнтральным раёнам Мінска Ганна Мацельская. Цяпер былая прадавачка з Талачынскага раёна працуе кіраўніцай справамі Мінгарвыканкама.

Таксама Пастаўскі райвынкам узначальвала Ванда Януковіч (2002-2005). Дарэчы, род былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча таксама паходзіць з Пастаўскага раёна.

Зміцер Панкавец

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура