Праект партала
Тое-сёе
27.06.2017 / 15:23
Смелыя жанчыны адкрыта распавялі пра свае грудзі ФОТАПРАЕКТ50

Аўтарка праекта Humans of Minsk апублікавала новую фотагісторыю #такаякакесть375, што здзіўляе і захапляе сваёй шчырасцю і адкрытасцю. Жанчыны на здымках распавялі, як яны прынялі свае формы і навучыліся быць шчаслівымі ва ўласным целе.

Мы прыводзім толькі вытрымкі аповедаў. Цалкам гісторыі вы можаце прачытаць на старонцы праекта.

Даша, 29 гадоў, фотажурналістка, аўтарка праекта Humans of Minsk, сыну 1 год і 4 месяцы

«…Потым я паступіла ва ўніверсітэт, і тады мне сталі рабіць кампліменты з нагоды грудзей. Мне здавалася, што ў іх няма нічога асаблівага — усё гэтак жа, як і ў іншых. Але калі ты жывеш у інтэрнаце з праграмістамі, то заўважаеш увагу, разумееш, што калі раніцай ты пайшла ў майцы без станіка на кухню паставіць чайнік — усе пачынаюць усміхацца, становяцца больш прыязнымі.

Раней я магла купіць топ з дэкальтэ, мне падабалася гэтая ўвага, таму што я адчувала, што гэта быў мой козыр. Цяпер разумею, што я гэтым маніпулявала. Гэта ўзрост 18-20 гадоў, калі ты шукаеш сябе. Потым усё паступова змянілася. Цяпер мне не хочацца, каб хтосьці зазіраў у маё дэкальтэ, я хачу, каб мне глядзелі ў вочы, хачу, каб ува мне бачылі асобу, а не сэксуальны аб’ект і носьбіта нейкага там памеру грудзей. У асноўным мае сябры — мужчыны. І я хачу, каб мяне ўспрымалі як сябра, таму я свядома не надзяю ніякіх выразаў, нічога не падкрэсліваю. Навошта ўсё ўскладняць? У мяне ёсць адзін мужчына, якога я хачу спакушаць, — гэта мой муж.

Грамадства загулялася, ці што. Таму што грудзі — гэта малочная залоза. Яна прыродай прыдуманая для канкрэтных мэт. І яе сэксуальная аб’ектывізацыя — гэта дзіўная гульня».

Воля, 30 гадоў, фатограф, дачцэ 6 гадоў

«Мой аднакласнік Дзіма, з якім я, здаецца, тады сустракалася, глядзеў з 4-й парты на маю 5-ю, а класуха яму кажа: «Дзіма, павярніся да дошкі!» А ён кажа: «Я да дошкі і павярнуўся». Я вельмі смяялася разам з усім класам, і гэта было апошняй кропляй, каб прыняць сябе: я — такая.

Так я сябе прыняла і палюбіла. Памер АА — гэта зручна. Бегаць зручна, нават карміць дачку было зручна, бо грудзі не раздзьмула. Было вельмі камфортна, а потым усё вярнулася ў дацяжарны стан — нічога не абвісла, памер ААА — гэта найлепшы памер».

Ганна, 34 гады, псіхатэрапеўт, сыну 1 год і 4 месяцы

«…Вось просты прыклад: мужчынскія яечкі таксама адрозніваюцца па памеры і размешчаны асіметрычна, але гэта проста біялагічны факт, і ніхто не акцэнтуе на гэтым увагу, гэта ўспрымаецца як дадзенасць, у той час як грудзі «павінны» быць прыгожымі, аднолькавымі і каб ганарліва тырчалі смочкі…

Я і сама перажывала якраз праз гэтую асіметрыю, а калі пачала карміць грудзьмі, яна стала яшчэ больш заўважнай. Я злавіла сябе на тым, што імкнуся несвядома неяк жангляваць прыкладанне да грудзей, каб нешта нібыта скарэктаваць, хоць маіх мужчын — і мужа, і сына — мае грудзі цалкам задавальняюць. Гэта і смешна, і сумна».

Лена, 31 год, кантэнт-менеджарка, сыну 7 гадоў

«У шматгадовых пошуках сваёй ідэальнай бялізны я зрабіла нямала адкрыццяў. З апошніх: прыходзіш у брэндавую краму, а ўсё, што могуць прапанаваць на памер 75А, — гэта 70B з пуш-апам. Кансультанты часта пераконваюць, што на памер А проста няма попыту. Але ўжо ў Берліне ў тых жа брэндаў я спакойна знаходжу станік свайго памеру. Чаму? Нашы жанчыны настолькі не любяць сябе, што не купляюць памер А без паралону?»

Вольга, 34 гады, эканаміст, двое дзяцей

«Быў момант у жыцці, калі я хадзіла лысая — галіла галаву. Гэта была больш фізіялагічная патрэба: у мяне алапецыя. Я разумела, што на мяне ўсе глядзяць, часта нават не пытаюцца — проста нешта думаюць. Алапецыя абвастрылася пасля нараджэння і кармлення грудзьмі першага дзіцяці. Хоць, магчыма, гэта падзея ў жыцці і ні пры чым.

Калі пра праблему ўвесь час думаць — можа паехаць дах. Калі ўсё пачалося, хацелася разабрацца ў тым, што адбываецца. Пачаліся дактары, абследаванні. Кожны доктар у табе нешта знаходзіць — шчытавідка, наднырачнікі, імунаграма. Гэта нагнятаецца аналізамі, даведкамі, размовамі. Гэта сумна. Але калі ты адпускаеш і расслабляешся, тады і валасы пачынаюць расці і не так моцна выпадаць.

Мой вобраз залежыць ад майго настрою. Часам хочацца надзець абцас і сукенку і «пагуляць у інтэлігенцыю» — калі іду ў тэатр. Люблю павязаць хустку або быць хатняй гаспадыняй. Бялізну я купляю выключна для сябе — яна павінна быць зручнай».

Каця, 31 год, журналістка, дачцэ 9 гадоў

«Ва ўсіх сітуацыях, якія складваліся не так, як я хацела, вінаватыя былі невялікія залозы ў верхняй частцы майго тулава. Гэта вельмі зручна. Сукенка не сядзіць? Грудзі вінаватыя. Сэкс дрэнны? Проста цыцкі яго не ўзбуджаюць. Займаюся нецікавай працай? Таму што няўпэўненая ў сабе. І ўсё — праз маленькія грудзі!

Але праўда і ў тым, што людзі, якія навязваюць меркаванне, што любоў і захапленне належаць толькі ўладальніцы нейкага аднаго тыпу знешнасці, абмяжоўваюць і нас, і сябе саміх. Можа, у душы яны ўсе коцікі, але мне з імі не па дарозе. Мне не падабацца ствараць свет, дзе людзей дзеляць на больш ці менш годных добрага жыцця. Я лічу, што адзіная якасць, якой павінны валодаць прэтэндэнты на шчасце — гэта быць жывымі. Са сваёй адчувальнасцю, непрактычнымі праектамі, дурацкімі артыкуламі і маленькімі цыцкамі, я хачу жыць.

Спадзяюся, мае грудзі калі-небудзь даруюць мне тое, што я спрабавала ва ўсіх сваіх няшчасцях абвінаваціць іх. Увесь гэты час яны былі зусім ні пры чым».

Марына, 32 гады, супервайзер у аддзеле HR, дачцэ 7 гадоў

Некалькі гадоў таму я схуднела прыкладна на 5 кілаграмаў і атрымала, як гаворыцца ў народзе, «мінус першы»))) Маленькія грудзі — гэта адно, адсутнасць магчымасці купіць бялізну — ужо зусім іншае. Таму што з гэтага моманту пакупка прыгожага станіка ператварылася ў пекла. Ад адной думкі пачынае дрыгаць павека. У абсалютна пераважнай колькасці бялізны з памерам 75А мне вялікі памер чашкі. А памер 70А мне адкрыта малы ў ахопе грудной клеткі. Парада купіць адмысловую ўстаўку для зашпількі, якая павялічвае аб'ём станіка па ахопе грудзей, не падыходзіць — чашкі ў 70-х памерах пастаўленыя занадта блізка для маёй фігуры, і, як бы іранічна у маім выпадку гэта ні гучала, грудзі не змяшчаюцца. На пытанне пра памер 75АА прадаўцы разводзяць рукамі — чашка АА лічыцца «падлеткавай» і ідзе толькі з аб'ёмам грудзей 70. Таму падабраць такі бюстгальтар памеру 75А, які (о дзіва!) добра сядзе і пры гэтым там не будзе 80% паралону з вар'яцкім пуш-апам або ружовых зайчыкаў на жоўтым фоне, — гэта проста свята нейкае!

Так мы з маімі цыцкамі і жывём: злёгку пакрыўдзіўшыся адно на аднаго, адзначаем набыццё кожнага камплекта прыгожай бялізны».

Маша, 30 гадоў, журналістка

«Я надзяю станік толькі на трэніроўкі. У астатні час мне больш утульна без яго. Калі кагосьці і хвалююць мае смочкі, што адгадваюцца скрозь футболку, гэта не мая праблема. Мяне якраз людзі ўзбуджаюць не фрагментамі цел, а цалкам».

Юля, 31 год

«…Вось паплечніцы пішуць цікавае: якое сподняе варта надзяваць 25 сакавіка. Асабістае — гэта палітычнае, нават калі гэта проста майткі і станікі.

Дык вось, пішуць дзяўчыны, ні ў якім разе нельга станікі з костачкамі. Забяруць.

У мяне ў руках карункавы станік і манікюрные нажніцы. Я раблю дзве маленькія дзірачкі, дастаю металічныя костачкі і кручу іх у руках. Сапраўды, іх жа можна завастрыць і ўскрыць імі вены або параніць сакамерніц ці нават каго-небудзь з аховы. Вырабіць адмычку, перапілаваць краты, арганізаваць уцёкі, узяць закладнікаў і зваліць ў Панаму.

Карункавыя станікі — гэта легкадумныя недаўгавечныя матылі сярод жаночай бялізны. Іх не надзенеш пад трыкатажную майку, пад тонкую сукенку, пад швэдар, пад — што там яшчэ я нашу? Усе сучасныя жанчыны ведаюць: толькі гладкія станікі цялеснага колеру. Мастхэв, як пішуць модныя блогеры, якіх мы ўсе, вядома, не чытаем, мы чытаем «Медыязону» і «Медузу». Дык вось, такіх — цялесных, цесных, пад розныя выразы і проймы, розных фасонаў — у мяне некалькі, і ўсе яны з костачкамі, і яны сапраўды патрэбныя. Іншая справа — карункавае свавольства, яго і парэзаць не шкада на патрэбы рэвалюцыі».

Наталля, 35 гадоў, паэтка

«У школе хлопчыкі прыціскалі нас да сценкі і мацалі, ці выраслі ўжо грудзі, і гучна паведамлялі пра вынікі адно аднаму. Або праводзілі рукой па спіне, каб праверыць, ёсць станік ці не. Гэта было вельмі зневажальна, дагэтуль памятаю гэта пачуццё.

Цыцкі доўга не раслі, а калі нарэшце выраслі, былі такія маленькія і нейкія ўсе няправільныя, не атрымлівалася з іх (з імі?) дэкальтэ, не атрымлівалася «правільная» форма без станіку. Але паступова яна мне стала падабацца: такая чароўная рэч, дасканаласць формы, прыгожа, калі напружваюцца смочкі. Мяне ўзбуджаюць мае ўласныя цыцкі».

Марына, 48 гадоў, музыка, сынам 19 і 10 гадоў

«Моладзь парыцца пра памеры, я — не. Я чалавек, які вырас на прыродзе і ў гармоніі з прыродай. І падабалася мужчынам — на памер ніхто не звяртаў увагі, мне было пра што з імі пагаварыць».

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура