Праект партала
Рост
24.04.2017 / 13:44
«Нам афігенныя труны завезлі!» — гутарка з жодзінскай бізнэс-ледзі рытуальных паслуг20

Калі прыпынкі і месцы масавых збораў насельніцтва пачынаюць тануць у штучных кветках — ведай, хутка Радаўніца. Напярэдадні вясновага свята памінання памерлых продкаў мы завіталі ў госці да Марыі Дзяшковіч, для якой карагод з кветак і вянкоў — гэта не проста адзін дзень у годзе, а штодзённасць.

За гісторыю свайго існавання невялікая пабудова 1979 года «нараджэння» чаго толькі не перабачыла: яе выкарыстоўвалі і ў якасці будаўнічага ўпраўлення, і як кулінарыю. У пачатку 2000-х павільён выкупіў мясцовы прадпрымальнік. Былы доктар пачаў уласную справу з продажу помнікаў. У 2015 уладальніка павільёна не стала. Трое спадчыннікаў сабраліся на сямейнай радзе, каб вырашыць, што рабіць з бізнесам далей. Два старэйшыя браты саступілі яго юнай Марыі.

«Нейкі час, вяртаючыся з працы, я плакала»

«Бацька з самага дзяцінства браў нас з сабой на працу: распавядаў пра тэхналогію стварэння помнікаў, дэманстраваў працэс абіўкі трун. У тонкасці рамяства былі ўведзены ўсе члены сям'і. Але больш, чым астатніх, гэта справа чамусьці зачапіла мяне», — згадвае маладая бізнес-вумэн.

Марыя удакладняе, што больш за ўсё ёй падабалася займацца кветкамі. Што нядзіўна, бо амаль кожная паненка неабыякавая да флоры. У дадзеным выпадку гэта ўсё з агаворкай на штучнасць, але ці вялікая розніца?

«Я люблю прыдумляць незвычайныя вянкі, дадаваць новыя дэталі ў рытуальныя кошыкі. Часцей за ўсё натхняюся менавіта формай кветкі, яе каларыстыкай, у інтэрнэце амаль няма карысных прыкладаў, якія б сапраўды ўражвалі. Купляю рамоначкі, гіяцынцікі або бэзік — і адразу ўяўляю, як яны будуць глядзецца ў кампазіцыі», — дзяўчына прамаўляе назвы кветак з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, такім чынам у чарговы раз выказваючы свае цёплыя да іх пачуцці. Дарэчы, калі муж дорыць ёй жывыя кветкі, яна рэагуе даволі абыякава: «Калі ўжо прыносіць нейкія расліны дамоў, то лепш у вазонах, каб клапаціцца пра іх, даглядаць. Штучныя кветкі я б у хаце не павесіла. Але больш за ўсё мяне бянтэжыць, калі іх чапляюць на заколкі».

На жаль, не ўсе геніяльныя, на думку гаспадыні, ідэі знаходзяць такую ж захопленую рэакцыю ў пакупнікоў: цяпер кліенты на дызайн глядзяць у апошнюю чаргу, кіруючыся, хутчэй, даступнай цаной, а не эстэтычнымі позывам. Пры гэтым свайго кліента знаходзяць, напрыклад, труны з пяцізначным цэннікам. Так, дзяўчына расказвае, што ў Барысаве можна замовіць труну з неонавай падсветкай і вай-фаем.

Усё часцей беларусы не ашчаджаюць на помніках і на вопратцы для нябожчыкаў, абіраючы якаснае: першае даўжэй праслужыць, а хаваць у сінтэтычным, быццам капронавым, касцюме, танна, але непаважліва. Куды педантычней людзі пачалі падыходзіць і да падбору персаналу, які капае магілу: калі раней згаджаліся нават на суседа-алкаголіка, то цяпер просяць, каб капальнік выглядаў акуратна.

Маша прызнаецца, што, калі засядзе за любімую справу, яе не спыніць, пакуль побач не будуць стаяць мінімум 20 вянкоў. Робіць усё сама, уручную, працу на дом прынцыпова не бярэ. Часам паскорыць творчы працэс дапамагае муж Жэня і чатырохгадовая дачка Ганна. Апошняя любіць наводзіць у павільёне парадак, выбіраць самыя прыгожыя кветкі і ўрачыста ўручаць іх маме: «Мама, гэта для цябе!». У адказ ёй застаецца толькі пасмяяцца. Зараз гаспадыня чакае другое дзіця і яшчэ разважае: ці шукаць сабе на замену прадаўца, або неўзабаве пасля родаў па традыцыі пачынаць браць малога на працу.

«Калі я толькі пачала займацца рытуальнымі паслугамі, вярталася дадому і пастаянна плакала. Несла ў сабе гора кліентаў. Хлопец тады перажываў за мой маральны стан, прапаноўваў нават зачыніць краму. Але праз нейкі час я ўцягнулася. Каб цяпер вывесці мяне з раўнавагі, трэба прыкласці вельмі шмат высілкаў».

«Лена, нам афігенныя труны завезлі!»

Ёсць паненкі, якія тэлефануюць адна адной, каб падзяліцца навіной аб новай сукенцы, а Маша набірае сяброўку, каб паведаміць пра асаблівае шчасце: «Лена, нам такія новыя афігенныя труны завезлі! Прыходзь глядзець!».

Калі кожны дзень сутыкаешся са смерцю, пачынаеш ставіцца да яе прасцей. У асяроддзі «пахавальшчыкаў» нават ёсць свой лексікон: шасцікутныя труны клічуцца скрыпкамі, кветкавыя кошыкі — палянкамі, штучны газон — футбольным полем, а елка, падобная на шырокі навагодні дожджык, — гэта ёршык. Аднак, нягледзячы на прафесійную загартоўку, Маша да гэтага часу з цяжкасцю пераносіць пахаванне маладых людзей:

«У мінулым годзе пахавалі чацвярых 20-гадовых і аднаго трохмесячнага малога. Такія выпадкі — самая непрыемная частка маёй працы. Я ніколі не думала пра сваю смерць, але цвёрда ведаю, чаго хачу: каб мне і мужу не давялося хаваць уласных дзяцей».

Ёсць і яшчэ адзін выпадак з яе практыкі, які таксама запаў глыбока ў душу,: «Мужчыну было гадоў 60. Як цяпер памятаю, тэлефануе ён мне познім восеньскім вечарам і дзеліцца сваім горам: «памерла бедная матуля». Такі дарослы мужчына, але як ён моцна плакаў! Гэта яшчэ раз даказвае: колькі б нам ні было гадоў, бацькі заўсёды будуць заставацца важнай, галоўнай часткай жыцця».

Нашу гутарку перапыняе чарговы кліент, які абірае дэкаратыўную крошку. Утрох у памяшканні разам з трунамі і крыжамі, не толькі стандартнымі, але і для праваслаўных, старавераў, каталікоў, становіцца цесна. Пры ўсім гэтым людзі ўмудраюцца прыходзіць сюды не толькі дзеля хуткіх пакупак, але і як на сеанс псіхатэрапіі. Жодзінскія бабулі любяць спачатку зазірнуць у суседнюю краму з насеннем, а потым да Машы: на жыццё паскардзіцца, ды пра ўнукаў расказаць.

«Калісьці сюды жабрачка мясцовая прыйшла, доўга цікавілася, за колькі я кветкі прадаю. Жанчына вынесла мне вердыкт: дорага. А потым яна пайшла на могілкі, назбірала там букетаў і перапрадавала іх за капейкі. Як бачыце, канкурэнцыя ў нас вялікая, нават сярод такіх вось «прадпрымальнікаў»».

«Нельга адкладаць жыццё на пасля»

У будучыні Марыя хацела б асвоіць стварэнне кампазіцый, рытуальных кошыкаў і з жывых кветак: «У гэтым плане амерыканская культура пахавання з іх жывымі кветкамі мне бліжэй, як з эстэтычнага, так і з экалагічнага пункту гледжання. Але гэта ж выходзіць у разы даражэй, а нашы людзі пакуль не гатовыя пераплачваць за натуральнасць. У той жа час, калі прыходзіць лета, і можна нешта зрэзаць ў поле або на агародзе, да нас звяртаюцца радзей, нясуць на могілкі букеты, зробленыя сваімі рукамі. Пытанне агульнай культуры шмат у чым завязана на ўзроўні даходу».

Маша наносіць на чорную стужку залатыя літары, якія складваюцца ў стандартныя развітальныя словы і шчыра вымаўляе: «Ведаеце, за час працы ў пахавальным бізнесе я ўсвядоміла галоўнае: гэта дурата — доўга адкладаць грошы на нешта, чаго ты хочаш. Быў у мяне кліент, збіралі яны з жонкай сродкі на адпачынак, вельмі хацелі з'ездзіць, але ўсё жаба душыла. А потым жонкі не стала… Жыць трэба момантам. Хочаш чагосьці, дык рабі, а не адкладай на потым».

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура