Праект партала
Гісторыі
16.04.2017 / 14:12
Гадаваць дзіця-вегана ў Беларусі: гісторыя маладой маці з Баранавічаў158

Яна Дамашэвіч амаль 10 гадоў не есць мяса. Крыху пазней яна цалкам адмовілася ад малочных прадуктаў, ласункаў і ўвогуле ўсяго, што мае жывёльнае паходжанне. Цяпер дзяўчына практыкуе сыраедства. Такі тып харчавання для яе — шлях да здароўя душы і цела, філасофія, якая не прымае «паглынання трупаў і забруджвання шлакамі і антыбіётыкамі, якімі нашпігаваная мяса-малочная і кандытарская індустрыі». Па такім жа прынцыпе Яна гадуе дачку Машу: дзяўчынцы не так даўно споўніўся годзік, на працягу якога яна каштавала толькі матчына малако, а ў астатнім прытрымлівалася выключна расліннай «дыеты». Пры гэтым ніякіх дадаткаў і вітамінаў у іх сям'і не ўжываюць.

Яна і Маша. На фота дзяўчынцы 6 месяцаў

«Да выхавання дзяцей трэба ставіцца прасцей»

Маша носіцца па пакойчыку, дзе хутка пачнуцца курсы ландшафтнага дызайну, з задавальненнем разглядае новы для яе інтэр'ер і пакуль што адмаўляецца есці спецыяльна прыгатаваную для яе сумесь з рысу, шампіньёнаў і цыбулі: навокал занадта шмат цікавага. Яна ездзіць у Мінск з Баранавічаў тры разы на тыдзень: да дынамічнага ладу жыцця маці прывучала дачку яшчэ ва ўлонні.

«Перад тым, як зацяжараць, я практыкавала розныя фізічныя нагрузкі, бегала. Як толькі даведалася, што чакаю дзіця, перайшла на штодзённы мінімум: абавязковыя 5 кіламетраў пешшу. На познім тэрміне пастаянна наведвала басейн. Думаю, менавіта дзякуючы маёй актыўнасці роды прайшлі спакойна, без ускладненняў», — распавядае Яна.

Падчас цяжарнасці дзяўчына працягнула займацца сваім любімым хобі: яздой на матацыкле. Як толькі Маша трошкі падрасла, адразу ж адправілася з ёй у падарожжа ў Латвію. Яна вельмі проста глядзіць на жыццё і не імкнецца здзьмухаць з дзіцяці пылінкі. Дзяўчына згадвае бабуль і дзядуляў, якія маглі нарадзіць проста ў полі і неўзабаве зноў працягнуць працаваць: «Маша з першых месяцаў падоўгу спала на свежым паветры. Як толькі навучылася поўзаць, я дала ёй поўную свабоду: яна лазіла, дзе хацела. Для мяне не катастрофа, калі Маша падымае з падлогі ежу і працягвае гэта есці. Трэба гартаваць дзяцей усімі магчымымі спосабамі».

Прагулка пешшу. Машы 4 месяцы

«Калі мне кажуць, што раблю нешта няправільна, я гляджу на дачку і пераконваюся ў адваротным»

Адзінае, у чым маці дзяўчынкі праяўляе строгасць — гэта харчаванне. Яна не пагаджаецца з нормамі, якія, на яе погляд, прыдумалі толькі для таго, каб пэўныя вытворцы працягвалі паспяхова прадаваць свае тавары.

«Сутачную норму бялку, неабходнага чалавеку, можна атрымаць са шпінату, з салаты, гародніны, бабовых, фруктаў ці арэшкаў. Машы, напрыклад, я штодня гатую ўсякія пюрэ: з фасолі, нуту або сачавіцы. З салодкага яна ўжывае толькі фрукты і сухафрукты. Адчувае сябе пры гэтым выдатна: развіваецца хутчэй за аднагодак, актыўная, у яе здаровыя зубы і за ўсё сваё жыццё яна ні разу сур'ёзна не хварэла».

Машы ўжо 7 месяцаў

Пра тое, што Машу гадуюць веганам, баранавіцкія лекары нават не здагадваюцца: аналізы ў норме, і Яна не лічыць патрэбным распавядаць пра тое, што наўрад ці ім спадабаецца. Так здарылася з яе бацькамі: тата Яны, напрыклад, у любы зручны момант спрабаваў падсунуць ўнучцы мяса.

«Маё рашэнне даецца мне нялёгка: тут я самотны воін у полі. Сярод блізкіх няма нікога, хто быў хоць бы вегетарыянцам. Даводзіцца кожны раз адстойваць свой пункт гледжання: калі мне кажуць, што я раблю нешта няправільна, я гляджу на сваю ўсмешлівую і камунікабельную Машу і пераконваюся ў адваротным», — дзеліцца набалелым маладая мама.

Прадукты, якімі харчуюцца дзяўчынкі, не так проста знайсці ў звычайных крамах. Жыхарам Баранавічаў у гэтым плане пашанцавала: у іх пабудавалі гіпермаркет «Карона», дзе можна знайсці і кунжутны алей, і зялёную грэчку для прарошчвання. Калі б пад бокам такога не было, як кажа Яна, выхад усё роўна знайшлі: заказвалі б ежу праз інтэрнэт або адмыслова прыязджалі б у Мінск.

А гэта свежы фотаздымак: тут дачцэ Яны 14 месяцаў

Што тычыцца будучыні, дзяўчына глядзіць у яе з аптымізмам: выхавальніцы ў дзіцячым садку пойдуць ёй насустрач і дапамогуць арганізаваць асобнае харчаванне, а сама Маша свядома працягне веганскі шлях: «Нават сёння ў Беларусі хваля інфармацыі, звязаная з вегетарыянствам і здаровым харчаваннем, захоплівае ўсё большую колькасць людзей. Думаю, праз гадоў 10 іх будзе яшчэ больш. У такіх умовах дзіця наўрад ці прыйдзе і скажа: «Да ну нафіг! Хачу мяса!». Калі так здарыцца, гэта, на жаль, будзе сведчыць пра вельмі нізкі узровень усвядомленасці ўласных дзеянняў у маёй дачкі».

Меркаванні спецыялістаў

Ірына Кабасакал, доктар-дыетолаг: «Усіх такіх маці трэба адправіць да псіхіятра»

«На мой погляд, усіх маці, якія гадуюць дзяцей вегетарыянцамі або веганамі, трэба адправіць на кансультацыю да псіхіятра. Са сваім здароўем дарослы чалавек вольны паступаць, як ён пажадае, але навошта губіць не сфармаваны арганізм? Усе асноўныя пажыўныя рэчывы паступаюць да нас разам з мясам і малочнымі прадуктамі: бялок, кальцый, жалеза, амінакіслоты. Менавіта ежа жывёльнага паходжання лепш за ўсё засвойваецца, у адрозненне ад расліннай. Падчас вучобы ў Расійскай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі мы разбіралі практычныя выпадкі спробаў вырасціць веганаў: у такіх дзяцей нярэдка развіваецца рахіт, відавочны недахоп кальцыю, у іх аслаблены імунітэт. Я не сустракала ніводнага доктара, які б падтрымліваў падобны тып харчавання. Што тычыцца сыраедства, то яно магчыма пасля 25 гадоў у якасці элемента ачышчэння і толькі на працягу невялікага прамежку часу. А дзецям любыя дыеты без прадпісанняў дактароў супрацьпаказаныя: яны павінны харчавацца паўнавартасна».

Таццяна Піскун, педыятр медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ», кандыдат медыцынскіх навук: «На Захадзе вегетарыянства і веганства практыкуюцца ўжо даўно»

«Кожную гісторыю гадавання трэба разглядаць індывідуальна, бо ўсе дзеці розныя. На Захадзе і вегетарыянства, і веганства практыкуюцца даўно, людзі прытрымліваюцца такога ладу жыцця не адно дзесяцігоддзе.

Якія могуць быць падводныя камяні для веганаў у нашым грамадстве? Па-першае, гэта досыць дарагая забава. Для таго, каб выканаць норму каларыйнасці, неабходную для энергіі і росту ў першыя гады жыцця, дзіцяці прыйдзецца пастаянна жаваць раслінную ежу. У рацыёне трэба прытрымлівацца разнастайнасці, але, на жаль, айчынны рынак гэтым пахваліцца не можа. Другую небяспеку для такіх сем'яў прадстаўляюць дзіцячы сад і школа: дарослыя людзі ў стане адстаяць свой пункт гледжання, а дзецям можа быць псіхалагічна цяжка знаходзіцца побач з тымі, хто будзе ўжываць прысмакі ды мяса.

У цэлым, калі зусім нядаўна лічылася, што веганства абсалютна проціпаказана, зараз меркаванне лекараў трохі змянілася: калі ў бацькоў ёсць фінансавыя магчымасці, каб купляць дадатковыя вітаміны (у прыватнасці, А, B12, D, жалеза, цынк) і пастаянна назірацца ў доктара, такі лад жыцця дапушчальны. Калі ж не выконваць гэтыя ўмовы, непазбежны дэфіцыт калорый, энергіі, вітамінаў і ўсяго астатняга. Трэба быць вельмі дысцыплінаваным у гэтым плане».

А вы што пра ўсё гэта думаеце?

Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ2 матэрыяла Шура-бура