Праект партала
Гісторыі «Атрахімёнак, зноў ты?! Мы ж цябе нядаўна выпускалі». Пагутарылі з беларускай, якую затрымлівалі пяць разоў, агулам — на 55 сутак
16.03.2021 / 13:43

Кацярыне Атрахімёнак — 22. За апошнія месяцы яна паспела пяць разоў быць асуджанай па адміністрацыйных артыкулах — агулам правяла за кратамі 55 сутак. Апошні раз яе забралі наўпрост з інтэрната, у якім дзяўчына дзеліць пакой з суседкай. «Не ведаю, чаму так не шанцуе», — кажа Каця. У любым выпадку спыняцца адстойваць сваю пазіцыю дзяўчына не плануе: «Самае страшнае для мяне — калі людзі ўвогуле замаўчаць і перастануць змагацца».

Каця паходзіць з мястэчка Фарынава Полацкага раёна. Вучылася ў віцебскім філіяле Акадэміі сувязі і цяпер праходзіць адпрацоўку на «Інтэграле»: паяе на ім платы для секундамераў, градуснікаў, электронных гадзіннікаў.

«Мне ўжо на прадпрыемстве казалі: можа, нарэшце папрацуеш? Хопіць на курортах адпачываць! Тым больш пасля чарговых сутак я захварэла на каранавірус і сышла на бальнічны — карацей, на працы я рэдкі госць была. Але звольніць мяне як маладога спецыяліста не могуць», — кажа Каця.

Актывісцкая гісторыя дзяўчыны пачалася ў жніўні 2020 года пасля таго, як яна на свае вочы ўбачыла тое, што адбывалася на вуліцах і на Акрэсціна.

«9 жніўня спецыяльна паехала на радзіму, каб прагаласаваць. Разрэзала белы шалік маці і завязала сабе на руку вялікі бант з яго — усё ж першыя выбары ў жыцці, святочная падзея. Пасля вярнулася ў Мінск. Аўтазакі, вадамёты, зброя — такое я таксама бачыла ўпершыню ў жыцці. І пярцовы газ у вочы атрымала ўпершыню», — расказвае Каця.

Дзяўчына кажа, што больш за ўсё яе напужаў нават не гэты антураж, а асэнсаванне факта: тыя, хто павінен абараняць, вышукваюць людзей па дварах і збіваюць.

«Ніколі не забуду твар двухметровага амапаўца, які стаяў і рагатаў, адмоўна ківаючы галавой, калі людзі падымалі рукі ўверх і крычалі «Міліцыя з народам!». Пасля я была каля Акрэсціна, калі адтуль пачалі выпускаць першых затрыманых пасля выбараў. Яны выходзілі такімі напужанымі! Я для сябе вырашыла дакладна: я за той плот не трапіла, так што павінна выходзіць на акцыі за гэтых беларусаў». 

Затрыманне №1: «Пасля першага суда хвалявала толькі тое, што прапускаю новыя маршы» 

Да 10 верасня Каця выходзіла на вуліцы ледзь не кожны дзень: стаяла ў ланцугах салідарнасці, раздавала ваду і кветкі, танчыла і спявала «Купалінку». А пасля яе затрымалі.

«Гэта быў адзін са святочных вечароў на Незалежнасці, калі там яшчэ можна было вадзіць карагоды, пець песні, граць у гульні. Знаёмыя дзяўчынкі намалявалі плакат «Каратели, Саша вас бросит» і хадзілі за ціхарамі. Усе ўжо разышліся, я пайшла ў бок Дружнай, спусцілася ў пераход, як убачыла наперадзе дзве цёмныя балаклавы. Вырашыла развярнуцца, але з-за кута выйшлі два ціхары і паведамілі, што я затрыманая. Памятаю, сяджу ў бусе з кветкай у руках, з намаляваным на шчацэ бел-чырвона-белым сцяжком і смяюся: «Мужыкі ўчатырох затрымлівалі маленькую дзяўчыну», — згадвае Каця. 

За танцы і спевы Каце прысудзілі 10 сутак. Палову яна адбыла на Акрэсціна, палову — у Жодзіне. 

«Быў яшчэ той час, калі перадачы даходзілі і месцаў на нарах хапала. Канечне, нас абражалі, але агулам у няволі мяне хвалявала толькі тое, што я прапускаю чарговы нядзельны марш і жаночы. Гэта было самым крыўдным».

Пасля вызвалення Кацю спрабавала спыніць маці, і на гэтай глебе яны моцна пасварыліся. 

«Яна патэлефанавала і спытала: «Спадзяюся, ты дахадзілася? Разумееш, што больш не трэба?», — нейкі час родныя не размаўлялі, але пасля, кажа суразмоўца, маці прызнала сваю памылку і больш нічога падобнага дачцэ не казала.

Затрыманне №2: «Сілавікі з бусаў паказвалі нам «віктары»

Другі раз Каці не пашанцавала перад традыцыйным суботнім жаночым дэмаршам. Ëн яшчэ нават не стартаваў па часе, але двух бел-чырвона-белых парасонаў — Каці і яе сяброўкі — было дастаткова, каб асудзіць іх пасля па тагачасным артыкуле 23.34. 

«Мы з сяброўкай сустрэліся за гадзіну да падзеі. Вырашылі пагуляць. Цікава, што пакуль ішлі па праспекце, сілавікі з бусаў некалькі разоў паказвалі нам знак «віктары». Пасля пайшоў дождж, мы раскрылі нашы яркія парасоны, спыніліся на плошчы Перамогі, каб адкрыць мапу і пашукаць бліжэйшую кавярню. І тут да нас пад’ехаў бус, адкуль выйшлі чацвёра мужчын у балаклавах».

Рэшту дня дзяўчыны правялі ў Заводскім РУУС, адпусцілі іх увечары без пратаколаў. Але пазней усё ж выклікалі зноў, каб паказаць, што абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і выкрыкванні лозунгаў «Жыве Беларусь», «Забастоўка».

На судзе Каця ў гэты раз атрымала штраф 30 базавых велічыняў. Праўда, з'явіцца на яго не змагла: адбывала арышт ужо па новым эпізодзе.

Затрыманне №3: «На дзень народзінаў супрацоўнік ізалятара прасунуў у кармушку тры рафаэлкі»

Трэці раз Кацю схапілі 8 лістапада — у той дзень пасля марша затрымалі адразу больш за тысячу беларусаў.

«Расказваю, як было. Людзям не давалі сабрацца ў цэнтры. Хлопцаў увогуле нікуды не пускалі, адразу хапалі. І мы вырашылі: калі такая справа, набяром у рукі лісце і зладзім жаночы дэмарш. Калоны то збіраліся, то іх зноў разганялі. Але мы дайшлі неяк да Акадэміі навук. У інтэрнат БНТУ забеглі хавацца хлопцы. Іх пачала здаваць вахцёрка: выйшла на вуліцу і крычала «Яны тут!».

Амапаўцы ў выніку выцягнулі з інтэрната нейкага хлопца ў шлёпанцах. Павалілі, пачалі біць дубінкамі. Нейкая жанчына падляцела яго абараняць. У выніку і ёй заламалі рукі, зацягнулі сцяжкамі. Ратаваць гэтую жанчыну падляцела сяброўка. А мы ўжо падбеглі абараняць іх усіх разам. Калі б сышлі адтуль ціхенька, нас бы не заўважылі. Але немагчыма было проста глядзець, як абыходзяцца з людзьмі».

Дзяўчыне прысудзілі 15 сутак. Частку яна адбыла ў Жодзіне, пасля яе перавялі ў Магілёў.

«12 лістапада ў Жодзіне я адсвяткавала свой дзень народзінаў. Сукамерніцы зляпілі мне з печыва і зефірак торт. Паставілі туды запалку як свечку.

А мясцовы супрацоўнік, які чуў, як мяне асудзілі, прасунуў мне ў кармушку тры рафаэлкі. Было вельмі кранальна».

Пры ўсім пры гэтым стаўленне да людзей у Жодзіне агулам у тыя дні было нечалавечым: хлопцаў, як кажа Каця, прымушалі перасоўвацца на карачках. На ўсіх крычалі, абзывалі «шкурамі».

«Пасля гэтага Магілёў падаўся нечым неверагодным. Там да нас звярталіся «лэдзі». Дазволілі развесіць пакеты і рушнікі ў камеры па схеме «бчб». А я нават умудрылася алоўкамі распісаць аблезлую сцяну каля прыбіральні: намалявала там кветкі. Праўда, пасля нібыта прыехала начальства з Мінска — знікла і гарачая вада, і матрацы прыйшлося звярнуць, і рушнікі нашы».

Затрыманне №4: «Сёння ў нас сасіскі са змагароў»

Наступныя суткі здарыліся з Кацяй ужо зімой — пасля ланцуга салідарнасці на Малінаўцы 23 студзеня.

«Людзі ўжо пачалі разыходзіцца — здаецца, нікога не чапалі. Але тут міма нас праходзіў аўтапрабег «За бацьку», гучна зайграла «Саня останется с нами», і ўсіх побач — у дварах, каля метро, пачалі хапаць. Нібыта дэманстратыўна. Узялі ўсю маю кампанію з чатырох дзяўчын. Адна з іх затрымлівалася ўжо трэці раз, я — чацвёрты».

У студзені ўмовы на Акрэсціна былі горшымі: па-першае, не хапала месцаў, па-другое, не прымалі перадачы, па-трэцяе — не выдавалі матрацы (адміністрацыя адказвала: «Іх з’елі клапы»). Сам прыём туды пачаўся з таго, што ўсіх у калідоры прымушалі прайсціся па бел-чырвона-белым сцягу пад нагамі.

«Пасля першага зняволення я не выходжу з дома без заплечніка з наборам зменнай бялізны і гігіенічных сродкаў. Нават у краму яго бяру. Так што была хоць неяк падрыхтаваная. У плане ежы, хоць на Акрэсціна яна ніякая, мяне таксама не напужаць. Хаця, канечне, супрацоўнікі ізалятара падлівалі смалы ў агонь сваімі жартамі: «Сёння ў нас сасіскі са змагароў».

Падчас зняволення Кацю выклікалі на размову:

«Па кантэксце я зразумела, што гэта былі супрацоўнікі КДБ. Мяне вывелі з камеры ў пакой з клеткай: адзін мужчына сядзеў насупраць мяне, другі — збоку. Яны пачалі пытацца, навошта я выходжу. Расказваць, што мяне чакае ў будучыні: спачатку крыміналка, пасля ад мяне адвярнуцца ўсе сябры. Калі я выйду з турмы, буду нікому не патрэбная, прыйдзецца красці, каб выжыць, і тады я сяду ўжо па новым артыкуле. Наб’ю сабе не ружу, а ката на плячах — як карэнны жыхар турмы. Яны хацелі, каб я кагосьці здала: шукалі агрэсіўна настроеных людзей, але зразумелі, што ад мяне карысці нуль».

Затрыманне №5: «Ваш бел-чырвона-белы манікюр заклікае да агрэсіўных дзеянняў»

На волі Каця пабыла літаральна пару дзён: 9 лютага да яе прыйшлі ў інтэрнат — і больш яна там не з’яўлялася яшчэ 15 сутак. Дзяўчыну як залішне актыўную ізалявалі напярэдадні УНС.

«Я ў той вечар лягла спаць раней, як пачуўся грукат у дзверы. Двое міліцыянераў патлумачылі свой візіт: «Разумееце, нас паслалі за вамі, каб правесці прафілактычную размову ў сувязі з тым, што ідзе актыўны заклік выходзіць на вуліцу. Трэба даставіць вас у Кастрычніцкае РУУС». Абяцалі, што літаральна праз гадзіну я буду дома. Я, наіўная, паверыла і не ўзяла з сабой ніякіх рэчаў», — згадвае Каця.

У РУУС супрацоўнікам не спадабаўся мой заплечнік з налепкамі з арнаментам і Пагоняй, а таксама бел-чырвона-белы манікюр. 

«Мне сказалі, што бел-чырвона-белы манікюр заклікае людзей да агрэсіўных дзеянняў, навязвае мой пункт гледжання. І тыпу, калі б не ён і налепкі, мяне б адпусцілі дадому. Пратакол у выніку «ляпілі» некалькі гадзін. 23.34 скласці не змаглі, відаць, і аформілі 23.4 за супраціў міліцыянерам. І гэта ўсё пры тым, што мяне проста забралі з інтэрната, калі я спала! Транспарціроўку на Акрэсціна прачакала ў малпоўні разам з п’янай бамжыхай, якую ванітавала наўпрост на падлогу».

І на Акрэсціна, і ў Жодзіне Кацю сустракалі як сваю: «Атрахімёнак, зноў ты?! Мы ж цябе нядаўна выпускалі». Маці Каці вельмі перажывае, што гісторыя арыштаў старэйшай з яе трох дзяцей на гэтым не скончыцца, просіць, каб дзяўчына з’ехала з Беларусі.

«Я маці кажу, што гэтага не будзе, пакуль усё тут не скончыцца, — кажа Каця. — Калі пачала змаганне, трэба скончваць. Са мной сядзелі такія цудоўныя людзі: айцішнікі, дактары, юрысты, бухгалтары, настаўнікі, апошні раз і музыкі з «Разбітага сэрца пацана» былі праз камеру. А колькі цудоўных людзей зараз у няволі, пры тым што сапраўдныя злачынцы гуляюць па вуліцах: чалавека забілі, а ніхто не спяшаецца разбірацца. Нельга, каб усё гэта засталося беспакараным. Таму за сябе я не баюся. Для мяне самае страшнае — калі людзі замаўчаць і забудуць, што з імі зрабілі».

Кацярына Карпіцкая, фоты Надзеі Бужан