Праект партала
Навокал «Запляталі каласкі, каб выйсці з укладкай». Дзяўчаты пра тое, як даглядалі сябе на сутках 
19.02.2021 / 13:12

Дзяўчаты, якія пабывалі ў ізалятарах, расказалі, як у такіх умовах даглядалі сябе і прыдумлялі б’юці-лайфхакі. Адным гэта дапамагала бавіць час на сутках, іншым — спраўляцца са стрэсам і абсурдам навокал.

«Сябры пасля турмы сказалі: ды ты добра выглядаеш!»

Кацярына, сядзела 12 сутак

«На сутках я была з касметыкай. Мае сваякі перадалі мне вялізны пакет сродкаў па доглядзе скуры, бо ведалі, што яна ў мяне дастаткова праблемная.

І ўсе вельмі смяяліся тады, бо дзяўчатам паклалі рулоны туалетнай паперы, а мне — скрабы, увільгатняльныя крэмы, міцылярную ваду.

Самае галоўнае, што я пасля таксама дзяўчатам сваім перадавала, — гэта антыбактэрыяльнае мыла. Я ўмывалася выключна ім, бо ў камеры вельмі шмат мікробаў, бактэрый. І абавязкова пасля — увільгатняльны крэм, бо праз недахоп паветра вельмі сушыць скуру.

У нас не было гарачай вады. Быў лайфхак: мы бралі бутэлькі з вадой і закручвалі іх у коўдру, калі клаліся спаць, для таго каб яна хаця б пакаёвай тэмпературы стала. Гэта была галоўная наша забава — цэлы дзень даглядаць сябе. Дзяўчаты мылі галаву праз дзень. Замест фена выкарыстоўвалі ручнік: закручваеш яго ў кілбаску, нахіляеш галаву ўніз і пачынаеш узбіваць валасы.

Нас у «палаце» было 10 чалавек, і хоць яна разлічана на 10 ложкаў, была вельмі маленькая. Таму калі казаць пра заняткі спортам, то гэта максімум расцяжка, інакш ты проста забіраеш кісларод, якога і так не хапае. А калі ў нас быў шпацыр (тры разы за ўвесь час), мы абавязкова з дзяўчатамі трэніраваліся: прысяданні, скачкі, адцісканні.

Калі хтосьці актыўна пратэстуе, парада — абавязкова зняць пазногці. Шэллак (доўгатэрміновае пакрыццё. — «НН») быў вялікай праблемай. Мне пашанцавала, бо я зняла пакрыццё, калі яшчэ быў каранавірус актыўны. У каго быў шэллак, пазногці за 10 дзён так адраслі — чапляліся, ламаліся да крыві.

Першыя чатыры дні мы не елі ад стрэсу, а пасля з’явіўся апетыт. Таму я сачыла за вагой. Я, напрыклад, дома ем толькі бялковую ежу і гародніну, а тут цябе кормяць кашамі з малаком, у перадачках — хлябцы, арэхі і кілбаса сыравэнджаная. Я пасля турмы не магу наогул глядзець на кілбасу (смяецца)! Калі раней гэта быў жаданы прысмак, які дазваляеш сабе на нейкае свята на застоллі, пару кавалачкаў, то цяпер для мяне гэта асацыяцыя з турмой — усё! Так вось, у ізалятары ў мяне была ўмова — не есці пасля шасці. Нас кармілі апошні раз у 17—17.30 — і ўсё на гэтым.

Зразумела, што гэта ўсё жудасна і няправільна — не буду ўдавацца ў падрабязнасці таго, што там адбывалася. Але мы сябе настроілі калектыўна на добры лад. Бо тое, чаго дабіваюцца ў турме, — каб ты пазбавіўся прыгажосці, характару, трываласці, сілы волі. А калі ты перамагаеш свой страх, стрэс, ты можаш і там існаваць (у нас тады яшчэ не забіралі матрацы). 

Мы ў камеры ладзілі вяселлі, прыдумлялі мюзіклы, пісалі песні і вершы. Калі я выйшла, мне мае сябры сказалі: ды ты добра выглядаеш! Пазітыўнае мысленне — адзін з галоўных залогаў. Плюс антыбактэрыяльнае мыла (смяецца)».

«Маску для сну зрабіла з жаночых пракладак»

Рэната, сядзела 14 сутак

«Самае галоўнае — гэта добры настрой, сон, свежае паветра і халаднаватая вада. Я сабе не дазваляла замаркоціцца, бо ўсё ўжо здарылася — трэба пражыць і гэты этап жыцця. 

Смех дапамагае разрадзіць абстаноўку і прымушае панервавацца наглядчыкаў. Спеў любімых песень, перастукванне з суседзямі. Займанне зарадкай, ёгай — хто што любіць.

Гімнастыка для твару — проста вынаходка! Пашанцавала, што адна дзяўчына ведала практыкаванні, рабілі амаль штодзень. Я выйшла са свежым тварам і без сінякоў пад вачыма.

Умыванне халаднаватай вадой бадзёрыла ранкам. Шампунь мне дастаўся ад валанцёраў, але ў Жодзіне давалі бутэльку на камеру і лазневае мыла. Пасля шампуню апалосквала валасы халоднай вадой, каб лускавінкі закрыліся. Паціскаеш іх, пакуль вільготныя — і кучаравінкі на месцы.

Калі не выводзілі на шпацыр, то дапамагала фортачка. Калі не было холадна, тры дні правялі з прыадчыненым акном, на ноч завешвалі курткамі. Лепш свежае паветра, чым духата.

Святло на ноч не выключалі, а маскі для сну з перадач выкідалі, таму прыходзілася вынаходзіць. Спаць у капюшоне выдатна, але не ва ўсіх ёсць.

Я прыдумала маску для сну са звычайнай блакітнай аднаразовай маскі і жаночай пракладкі. Усё цудоўна прыклейваецца і крыльцамі фіксуецца, можна нават дзве прымацаваць. Цемра забяспечана, а значыць, і глыбокі паўнавартасны сон. Гумкі не ціснуць, за ноч маска не спадае. Я сабе на памяць нават дадому прывезла.

Пракладкі ўсім перадавалі, у нас іх шмат было, таму не шкада. Мы спецыяльна адвярнуліся спінамі ад камеры і тварылі не стале. Наглядчык зайшоў паглядзець, што мы такое робім. Пасля, калі новенькіх да нас падсялялі, ім па дарозе расказвалі, што мы і маскі самі робім, і дзверы ў туалеце змайстравалі. З прасціны: адзін канец з дапамогай жгута з пакетаў злучылі з ложкам, а другі, калі трэба было, да сцяны прывязвалі».

«Перад выхадам быў «душ» з бутэлек»

Аляксандра, сядзела 20 сутак

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

«У нашай камеры было шмат чаго. Са стандартнага — шампунь, гель для душа, крэм для рук. Але не хапала «ўмывалкі», крэму для твару і бальзаму для валасоў. Хаця стаялі розныя незразумелыя шкляначкі з карэйскай касметыкай, якія многія асцерагаліся спрабаваць — магчыма, там штосьці патрэбнае і было.

Пакуль сядзелі на ЦІПе, думалі маску з аўсянкі рабіць, але да гэтага не дайшло (усміхаецца).

Ваду грэлі ў бутэльках на батарэях. Нават былі сваркі, што хтосьці ўзяў замнога, калі ішлі мыцца — паколькі нас сядзела шмат ў камеры (15—19 чалавек), а на батарэю мала бутэлек змяшчалася.

Зборы на выхад пачыналіся за дзень да гэтай даты. Звычайна гэты быў «душ» з бутэлек. Пасля — глабальнае мыццё рэчаў, каб пакінуць іх новенькім. Перад выхадам усе запляталі каласкі. Укладку ж зрабіць не можаш, а так хоць з кучаравінкамі выйдзеш. Хтосьці заплятаў 2—3 коскі, а хтосьці і 20. А гумкі для гэтага ад масак адрывалі.

Быў у нас ці то крэм для цела, ці то мус. Мы намазваліся ім замест духоў, каб хоць неяк прыемна пахнуць.

Дзяўчаты збіраліся загадзя, паколькі маглі адпусціць нашмат раней. Таму пасля ўсіх збораў пачыналася пакутлівае чаканне. Асабліва гэта адбівалася на кучарах, якія паспявалі распусціцца (усміхаецца)».

Наталля Лубнеўская