Праект партала
Рост «Сорамна, што маім прэзідэнтам быў Лукашэнка». Гутарка з бізнэсоўкай, якая ў 33 гады цалкам перайшла на беларускую мову і папулярызуе яе сярод блогераў
03.02.2021 / 11:28

Інстаграм-пост Кацярыны Пацэевай, якая ў 33 гады пачала размаўляць па-беларуску, бо для яе было фальшам казаць «Жыве Беларусь!», а пасля зноў вяртацца ў рэальнасць, дзе Беларусь «живет». Праз амаль два месяцы пасля гэтай «перапрашыўкі» мы сустрэліся з Кацярынай, каб распытаць, як тое рашэнне змяніла яе жыццё.

Кацярына Пацэева.

«Дзеўкі з перыферыі заўсёды амбіцыёзныя»

Сёння Кацярына — суўласніца сямейнага бізнэсу па вырабе каменных стальніц, жонка і маці дваіх дзяцей. Але жыццё магло скласціся інакш: пасля школы дзяўчына хацела стаць актрысай.

«Я звычайная дзяўчына з перыферыі, якая марыла пра жыццё з вокладкі часопіса. Першую адукацыю атрымала ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Але ўжо падчас першай практыкі ў маладзечанскім тэатры зразумела, што гэта не маё. І пайшла па другую адукацыю ў Інстытут бізнэсу», — згадвае Кацярына.

На запуск сваёй справы Кацярына вырашылася, калі нарадзіла першае дзіця. Займаючыся рамонтам у кватэры і замаўляючы каменную стальніцу дадому, зразумела, што гэта вельмі цікавая ніша. 

«Калі я сказала, што хачу сваю справу, муж спачатку пачаў адгаворваць. Казаў, што не ведаю, куды лезу. Але дзеўкі з перыферыі заўсёды амбіцыёзныя. Я з простай сям’і, жылі мы сціпла. Калі мне набывалі ёгурт ці сырок глазаваны — гэта было прам крута. Мне дакладна хацелася большага. Таму я і смела акунулася ў незнаёмую сферу.

Адсутнасць вопыту і грошы не спынілі. Шмат чытала, аналізавала будучых канкурэнтаў, рабіла сайт на каленцы. Мы пачыналі шэсць год таму з арандаванага па гадзінах склада і аб’яваў на пад’ездах, якія друкавалі і расклейвалі з мужам узімку, пакуль сын спаў у калясцы. І крок за крокам справы ішлі ў гару», — расказвае Кацярына.

«Лічыла беларускую мовай сектантаў і калгаснікаў»

Частку вольнага часу Кацярына аддае блогу ў інстаграме, дзе з’явілася зусім нядаўна, літаральна ў траўні мінулага года.

«Я думала, што буду расказваць там пра маркетынг, продажы, матывацыю. Але акаўнт атрымаўся вельмі асабістым, з налётам душэўнага стрыптызу. Я не блогер, мне не трэба падабацца і сачыць за ахопамі, таму пішу шчыра, як адчуваю. Я дарослая дзяўчынка, якая зарабляе грошы ў іншым месцы. Інстаграм для мяне — гэта магчымасць назваць словамі, тое, што ты адчуваеш», — тлумачыць суразмоўца.

Якраз у інстаграме Кацярына паведаміла пра сваё цвёрдае рашэнне пачаць размаўляць па-беларуску. Яна згадвае, што ўсё адбылося імгненна:

«Некалькі дзён напярэдадні я думала. А потым проста пачала з дыялогу па-беларуску ў краме. Я не вучылася ў беларускамоўнай школе, ніколі не размаўляла па-беларуску. І, на свой сорам, нават лічыла беларускую мовай нейкіх сектантаў, настаўнікаў і калгаснікаў — у мяне проста не было перад вачыма добрых прыкладаў носьбітаў. І вось я пачала размаўляць, і зразумела, што ў мяне ўсё атрымліваецца, бо мова прапісаная ў нашым ДНК».

Кацярына прызнаецца, што робіць памылкі, але не баіцца іх. Яе пазіцыя: калі толькі чакаць дасканалага ўзроўню і не практыкавацца, нічога не атрымаецца. Гэта як з кіраваннем аўто: ты можаш навучыцца толькі ў працэсе, атрымліваючы веды і досвед.

«Я кажу ўсім, хто мяне выпраўляе: «дзякуй, вы робіце мяне лепш», — дадае Кацярына.

Калі ёй самой было досыць лёгка пераключыцца, то далёка не ўсе ў яе акружэнні гэтаксама хутка прынялі перамены. Напрыклад, некаторыя сябры перажывалі, што не змогуць, як і раней, утульна адчуваць сябе ў яе ў гасцях. Знаходзіліся і людзі, якія перапытвалі: «Можешь говорить со мной нормально?» Дзеці ж увогуле злаваліся. Калі маці прасіла іх прыбраць цацкі, ужываючы новае для іх слова «калі ласка», яны крычалі ў адказ: «Плохая кали ласка, не надо кали ласка».

«Прайшоў час, і двухгадовая дачка сама выкарыстоўвае беларускія словы: ад «не чапай мяне» на адрас брата да «добрай раніцы» і «дзякуй». Знаёмая, якая прасіла «говорить нормально», сама ў камунікацыі можа перайсці на беларускую, нават не асэнсоўваючы тое. Як я магу рабіць для кагосьці выключэнні, калі нават з мужам я цалуюся «па-беларуску»?

На рускую за гэты час я перайшла толькі два разы. У першы мне трэба было палаяцца з адным кіроўцам наконт правіл дарожнага руху — на беларускай я проста не магла сварыцца. А другі раз мне трэба было камунікаваць з расіянамі па працы. Хаця нават яны ўжо кажуць, што і так мяне выдатна разумеюць. Увогуле, я атрымліваю шмат станоўчай сувязі штодня.

Перад Новым годам сталы мужчына, пачуўшы ў краме, што размаўляю па-беларуску, дагнаў мяне ўжо на вуліцы і падарыў пакет цукерак са словамі: «Дзякуй вялікі! Як прыемна было пачуць родную мову». Ці вось неяк каву замаўляла, дык барыста грошы не ўзяў. А на днях заязджала на СТА, і там хлопцы развіталіся са мной словамі: «Жыве Беларусь!».

Негатыўны досвед Кацярына амаль не можа згадаць. Максімум — скосыя позіркі некаторых людзей у публічных месцах. Але пазітыву ад свайго рашэння гераіня адчувае куды больш:

«У мяне быццам крылы за спінай выраслі. Гэта адчуванне можна параўнаць хіба што з нараджэннем першага сына: вось калі ты выходзіш з каляскай упершыню — здаецца, што ўвесь свет ля тваіх ног, ты такі моцны, ты такі дарослы і нешта новае асэнсаваў унутры. Часам на мяне могуць глянуць так, нібыта я нейкі фрык. Але я дарослы, самадастатковы чалавек, досыць паспяховы. І я размаўляю па-беларуску. Беларуская мова мяне «выхоўвае», штодня я стараюся быць лепшым варыянтам сябе і знешне, і ўнутрана. Мне здаецца, беларускамоўныя людзі сваім прыкладам павінны натхняць».

«За рэкламу беларускай мовы гатовая плаціць»

Цяпер Кацярына ўсімі даступнымі ёй спосабамі спрабуе папулярызаваць беларускую мову, прычым не толькі сваім прыкладам. Так, не так даўно яна пачала ладзіць чэлендж «Дзень роднай мовы» з вядомымі беларусамі ў галоўных ралях. Гэты фармат яна пазней марыць дапрацаваць і перавесці ў афлайн-прастору:

«Я доўга думала, як мне натхніць на беларускую мову яшчэ больш людзей, не толькі маю аўдыторыю. Падумала, што буду прасіць розных вядомых людзей паразмаўляць дзень па-беларуску. Я наўпрост грукаюся да вядучых, блогераў, расказваю, хто я. Прашу да спробы размаўляць цэлыя суткі паставіцца як да дэгустацыі, якая можа вельмі спадабацца. І ведаеце, збольшага так і атрымлівалася. Усе, хто паспрабаваў (Дзяніс Кур’ян, Кацярына Раецкая і іншыя), былі вельмі задаволеныя. Казалі, што атрымалі шмат станоўчых водгукаў. А ў некаторых блогераў нават ахопы сторыс павялічыліся».

Знаходзяцца і тыя, хто катэгарычна адмаўляецца падтрымаць ідэю Кацярыны, іх імёны яна называць не хоча. Пры тым што жанчына прызнаецца: за рэкламу беларускай мовы яна гатовая нават плаціць блогерам па іх жа расцэнках.

«Сорамна перад тымі людзьмі, якія ўжо ў 2010-м годзе падстаўлялі свае спіны»

Цяпер нават цяжка паверыць у тое, што зусім нядаўна дзяўчына, іранічныя пасты якой пра «ябацек» разлятаюцца па байнэце, шчыра падтрымлівала Лукашэнку.

«У сакавіку 2020-га, калі пачалася пандэмія і калі ў нас не ўвялі карантын, не закрылі межы, я даказвала мужу і сваім знаёмым, які Лукашэнка — малайчына, што даваў нам жыць і працаваць без абмежаванняў. Я не наведала ніводны пікет і не аддавала подпісы ні за Бабарыку, ні за Цапкала, ні за Ціханоўскага. Маім прэзідэнтам быў Лукашэнка. Цяпер мне сорамна, як і сорамна перад тымі людзьмі, якія ўжо ў 2010-м годзе падстаўлялі свае спіны амапаўцам, а я, умоўна кажучы, думала пра тое, што надзець і з’есці… А потым пабачыла, як нас падманваюць, вакол былі гэтыя затрыманні, аўтазакі… І ўжо 9 жніўня я стаяла ў чарзе на выбарчы ўчастак з белай стужкай.

Вокны нашага дома, дарэчы, выходзяць проста на школу. І мой сусед зверху, вайсковец у адстаўцы, з балкона сачыў за тымі, хто ішоў галасаваць. Памятаю, як ён радасны ледзь не крычаў: «Каця, мы перамаглі, людзей з белымі стужкамі значна больш!» А пасля нам сказалі пра тыя 80%, а па тэлебачанні назвалі «масоўкай, купленай апазіцыяй». Сядзець дома больш было немагчыма. Муж спрабаваў мяне нікуды не адпускаць. І я прам крычала, што разыдуся з ім. Як не ісці, калі разрывае? Мяне нібыта нешта душыла знутры…».

«Тое, што адбываецца з намі, — гэта насмарк»

Кацярына разумее, што ў сённяшняй сітуацыі любыя смелыя публічныя выказванні могуць быць небяспечнымі.

«Ці страшна мне? Страшна. Але, на жаль, надта шмат бачылі мае вочы. Мне некалькі разоў на тыдзень сняцца сны з сучасным беларускім сюжэтам. Каму сказаць, але на нашай лядоўні на ўсялякі выпадак вісіць візітка з тэлефонам нянькі і кантакты людзей, якім трэба патэлефанаваць — самыя важныя падказкі родным на выпадак, калі раптам не вярнешся да дому. З’язджаць з краіны не збіраюся дакладна: такой любові да Беларусі, да нашых людзей я ніколі не адчувала. Маё месца побач са свядомымі Беларусамі, якія змагаюцца за праўду пад бел-чырвона-белым сцягам», — Кацярына адзначае, што ёй ніколі не было справы да сцяга, але ў гэтым годзе чырвона-зялёны стаў асацыявацца выключна з аўтазакамі.

Кацярына верыць, што беларусы хутка перамогуць. Дакладней, яна ўпэўненая ў гэтым. Праўда ёсць адно «але»: 

«Тое, што адбываецца з намі цяпер — гэта насмарк. Ëн зацяжны, працяглы, але калі яго лячыць, то ён так ці інакш пройдзе. Праўда, беларусы павінны быць гатовыя стаць жыхарамі той краіны, пра якую яны мараць. Не класці ў кішэню хабары, параджаючы карупцыю, не выконваць хатняе заданне за сваіх дзяцей, не смяціць, не саромецца зрабіць заўвагу, каб на вуліцы прыбралі за сабакам… Усё будзе добра, калі ты сам пачнеш рабіць добрае. Станеш прыкладам для сваёй сям’і, сяброў, калег, выпадковых знаёмых. Проста бяры і рабі. Не чакай лепшага часу.

І яшчэ, як мне падаецца, нам усё ж трэба размаўляць па-беларуску. Бо гэта мова нашай нацыі, гэта наша самаідэнтыфікацыя, нашы карані, якія нам наўмысна рубілі шмат год, без якіх нас зноў будзе лёгка выдраць як пустазелле. Лёс Беларусі як дзяржавы нам, простым людзям, вырашаць складана. Але ж лёс беларусаў як народу вырашаць толькі нам самім».

Парады ад Кацярыны, што паслухаць і пачытаць, каб падцягваць беларускую мову:

  • Пачытаць: Васіля Быкава, Віктара Марціновіча, Андруся Горвата.
  • Слухаць: пратэстныя песні і беларускія казкі, аўдыякнігі.
  • Пачынаць практыкавацца і не баяцца памылак.

Кацярына Карпіцкая, фота Надзеі Бужан