Праект партала
Густ «Францужанкі вытанчаныя, а беларускі сапраўдныя!» — Пяць гарачых вобразаў у сучасных вышыванках ФОТЫ10
05.02.2020 / 12:55

Дызайнерка Ганна-Марыя Эгліт робіць вышыванкі на сучасны манер. «Наша Ніва» адкрыла дзяўчыну свету чатыры гады таму. Першыя сукенкі Ганна шыла адна ў сябе дома. А цяпер згадзіла ў дапамогу некалькі швачак, адкрыла анлайн-краму і абнаўляе калекцыі кожныя два месяцы.

Мы завіталі да дызайнеркі, каб паглядзець апошнія мадэлі і пагутарыць пра моду на беларускае.

Дызайнерка Ганна-Марыя Эгліт.

«Я не магу шыць па старых традыцыях: я б сама такое не надзела ніколі ў жыцці, — кажа Ганна. — Вось ансамбль «Харошкі» — так, ім падыходзіць для сцэны. Адзенне для беларускай сучаснай дзяўчыны для мяне — гэта іншае. Нашу прыродную прыгажосць я хачу падкрэсліць ільном і арнаментам. Ніхто, напэўна, не робіць вышыванкі, як я. Усе мае сукенкі паветраныя, лёгкія.

І калі дзяўчаты выязджаюць у іх на адпачынак, заўсёды пішуць мне: «Аня, гэта проста космас. На мяне ўсе глядзяць, пытаюцца, адкуль такая прыгажосць». Я па сабе ведаю: калі кудысьці выходжу ў вышыванцы, гэта заўсёды шмат увагі».

Арнаменты на сукенках дызайнерка змяшчае не так, як правільна, а як лепш глядзіцца.

«Мяне ўсе лаюць за гэта, і ў вас на сайце я бачыла каментары: «Як так можна!» — але ж я творчасцю займаюся, такое маё бачанне».

Цікава, што арнамент пры гэтым ўсё адно спрацоўвае. Па словах дызайнеркі, хто ні купіць вышыванку з сімвалам «баба», усе цяжараюць! Некаторыя кліенткі самі просяць зашаптаць іх адзенне на ўдачу.

Большасць сукенак Ганна робіць з ільну.

«Абажаю яго. Лён лёгка шыецца, я яго адчуваю на нейкім неверагодным узроўні. Хоць ніколі не думала, што буду працаваць з гэтым матэрыялам. Калі ў каледжы вучылася і нам казалі: «Купляйце лён» — я думала: «Не, у мяне будзе скура, кашамір».

А ў тым, што лён мнецца, нават нейкая разынка ёсць. Знаёмыя любяць пажартаваць: грудзі адкрыеш, і не бачна, што сукенка памятая. Але ў мяне паўсюль ёсць гузікі, усё можна зашпіліць», — смяецца дзяўчына.

Па яе назіраннях, 90% пакупніц проста не ўмеюць даглядаць за льном. Тут ёсць некалькі правілаў. Напрыклад, калі садзішся, спадніцу мусіш падняць. Заўсёды пад рукой павінна быць вада: калі недзе залом, можна папшыкаць сукенку, папрасаваць — і яна зноў свежанькая. А мыць лён трэба без выкручвання. З фарбаванай тканінай — асабліва акуратна.

Зайздрасці з боку іншых дызайнераў Ганна не заўважае. Але калі пачынала, то прызнаецца, гэта быў жах.

«Я толькі з’явілася на модных кірмашах, і мяне ставілі ў самыя куты, бо я новенькая. Памятаю свой першы маркет: на мяне напісалі чатыры скаргі! Дызайнеры проста не хацелі, каб я побач стаяла. А я надзявала свае сукенкі, абцасы, фарбавалася ў візажыстаў і так выходзіла на працу. Я прыязджала з 20 сукенкамі, а з’язджала — дзве-тры вешалкі заставаліся. Канечне, астатнім не падабалася».

Касмічныя расцэнкі беларускіх мадэльераў (не Chanel жа, каб столькі каштаваць) дзяўчына тлумачыць недахопам абаротаў і эксклюзіўнасцю.

«Мы шыем адну-дзве сукенкі аднолькавыя, і ўсё, больш такога не робім. Калі ідзе масоўка, ты садзіш швачак, можаш эканоміць і за кошт гэтага рабіць танней адзенне. Я цяпер вырашыла арыентавацца на масавую вытворчасць і змяніць цэнавую палітыку. Але гэта не значыць, што кожнай мадэлі будзе па 500 адзінак. Усё роўна эксклюзіўнасць пакіну, бо я дызайнер. Адзенне практычна на 50% танней будзе. Раней сукенка, на якой было шмат вышыўкі, 200 даляраў каштавала, цяпер каля 100. А так ёсць рэчы і па 80 рублёў».

Францужанкі вытанчаныя, іспанкі імпульсіўныя. Якія беларускі?

«Сапраўдныя, — лічыць Ганна. — Мы часам крыху не ўмеем адзявацца, але на нашы твары паглядзець — прыгажосць. У нас прыгожы народ. Хлопчыкі не, а дзяўчаты — вельмі (смяецца).

Хоць дзяўчаты ў горадзе нашмат лепш адзяваюцца, чым 5-10 гадоў таму. Асабліва ўлетку: выйдзі на Зыбіцкую ці яшчэ куды».

Дызайнерка задумваецца над тым, каб пачаць модна адзяваць і мужчын.

«Чатыры гады мяне знаёмыя ўпрошваюць: «Калі ласка, пашый». Гэта дастаткова складана. Жаночае адзенне я бачу: дзе якая вытачка павінна быць, як абыграць фігуру. А з мужчынамі што рабіць? Але я спрабавала шыць, цікава атрымліваецца».

Акрамя ўласнага брэнда, Ганна стваральніца яшчэ і фэшн-інкубатара для дызайнераў WOWHOUSE. Мінулым летам яна сабрала ўвесь сталічны бамонд на модным паказе пасярод кукурузнага поля пад Мінскам. Хутка Ганна запусціць сайт, на якім будуць прадстаўленыя розныя беларускія мадэльеры, а таксама цэны на дызайнерскае адзенне і аксесуары.

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні