Праект партала
Гісторыі «Дактарам загадзя не казала: навошта іх так шакаваць?» Гісторыя мінчанкі, якая тройчы нараджала дома15
26.01.2020 / 15:26

Паліна Шчалко жыве ў Мінску і працуе трэнеркай па фэйсфітнэсе. Яна маці траіх дзяцей: Даміру 6 гадоў, Рэнату — 3, а маленькай Мішэль усяго тры месяцы. Усіх жанчына нараджала дома. «Гэта было так чароўна! Пад канец трэцяй цяжарнасці я баялася: хоць бы ўсё зноў атрымалася і не прыйшлося ехаць у бальніцу», — успамінае яна той вопыт.

Сваёй гісторыяй Паліна падзялілася з «Нашай Нінай».

«Муж адразу падтрымаў ідэю»

У мяне шмат знаёмых, якія нараджалі дома — хто аднаго, хто двух. Таму, калі я зацяжарыла першым дзіцем, думала, што хутчэй за ўсё буду нараджаць дома. Бальніцу нават не разглядала — толькі на экстранны выпадак.

Муж адразу падтрымаў хатнія роды, нават не было абмеркаванняў у духу «вой, страшна».

Для мяне гэта не даніна модзе ці жаданне вылучыцца. У мяне была задача нарадзіць максімальна спакойна. Хацелася, каб гэта было ў такіх умовах, дзе я магу расслабіцца.

Я рэальна баюся бальніц. У мяне быў маленькі вопыт кантакту з імі (адзін раз у дзяцінстве ляжала і другі раз — з сярэднім сынам), але засталіся самыя непазітыўныя ўспаміны.

Для мяне роды — натуральны працэс. Канечне, бываюць розныя паталогіі. Але калі ўсё ідзе добра, мне здаецца, умяшальніцтва дактароў не абавязковае. Я разумела, што для таго, каб нарадзіць максімальна лёгка, мне важна адчуваць сябе ў бяспецы. Канечне, гэта магчыма толькі дома, нават самая навамодная бальніца з усімі ўмовамі — гэта ўсё адно бальніца, чужыя сцены.

Слухаючы гісторыі многіх жанчын, я шкадавала, што не заўсёды ўсё складаецца так, як ты чакаў. Мне пашанцавала. Хоць крыху хвалявалася, пра сябе ціхонька малілася, каб усё атрымалася. Амаль ні з кім не дзялілася, што збіраюся нараджаць дома. Казала: паглядзім, як будзе.

Страшылак пра хатнія роды я не чула. Падчас цяжарнасці стараюся засцерагаць сябе ад інтэрнэту, не чытаю розныя гісторыі. Бо ведаю гэты зменены стан — ты лёгка зараджаешся панікай.

«Наведвала жаночую кансультацыю, але абследаванні рабіла выбарачна»

Я рыхтавалася да родаў. Хадзіла на курсы, чытала кнігі — Мішэль Адэн, Цараградская, Дзіпак Чопра.

Я наведвала жаночую кансультацыю, але абследаванні рабіла выбарачна, лічыла, што ўвесь спіс — яўны перабор. Здавала неабходны мінімум — УГД, базавыя аналізы крыві і мачы.

Адзін раз была на аглядзе ў крэсле, бо без гэтага не ставяць на ўлік. А потым, калі прасілі яшчэ два разы, я пісала адмову, што папярэджана аб усіх наступствах. Я сябе адчувала добра, не хацела, каб туды лішні раз лазілі.

КТГ не рабіла наогул. Апошні раз у мяне быў доктар-мужчына, вельмі трывожны, ён крычаў у трубку: «Вы абавязаны прыйсці!» Але ж медыцына — гэта сфера паслуг, якімі ты можаш карыстацца, а можаш — не.

Я бачыла, як на КТГ дзяўчаты сядзяць. 20 хвілін у чарзе, 20 хвілін на самім абследаванні, потым дактарам нешта не спадабалася, адпраўляюць пагуляць і зноў прыйсці… І я думала: на дварэ сонца свеціць, птушкі спяваюць, а мы павінны сядзець у паліклініцы. Мне гэта здавалася дзіўным. Чаму б лепш не пайсці пагуляць тры гадзіны на свежым паветры?

Затое я дадаткова здавала ферыцін і вітамін Д, які сапраўды важны, а ў паліклініках на яго не даюць накіраванне.

Дактарам я не казала, што буду дома нараджаць: навошта іх так шакаваць?

«Уяўляю, як жанчыны могуць нараджаць дома — усе зялёныя, гатовыя памерці, толькі б не звяртацца ў бальніцу»

У 80% маіх знаёмых, якія нараджалі ў бальніцах, усё адбывалася па адным сцэнары — выклікаюць роды аксітацынам, сэрцабіццё ў дзіцяці падае, робяць кесара сячэнне. Хоць дзяўчаты рыхтаваліся да нармальных родаў.

У нас звычайна ўжо на 39 тыдні настойваюць на шпіталізацыі, кажуць, што ўжо тэрміны. Пужаюць пераношваннем. Я першае дзіця нарадзіла ў 43 тыдні, другое — у 42, трэцяе — у 41. Я вывучыла фізіялогію: калі ў жанчын доўгі цыкл, яна можа больш за 40 тыдняў выношваць дзіця. У мяне ніводзін не нарадзіўся пераношаным! Так, яны ў мяне ўсе па чатыры кілаграмы важылі, але і мы з мужам не мініяцюрныя.

Я чула, як некаторыя нараджаюць дома. І бачыла гэтых жанчын — зялёнага колеру, ужо празрыстыя, сыраеды, якія адмаўляюцца ад медыцыны і гатовыя памерці, толькі б не звяртацца ў бальніцу. Як па мне, гэта пазбяганне рэальнасці.

Ці занадта рэлігійныя сем’і, якія не пускаюць дактароў да сябе дадому, лічаць, што гэта зло. Я не прыхільніца такога радыкалізму.

«Я нараджала ў ванне»

Нараджаць мне было нескладана, бо ніхто не перашкаджаў. Не скажу нават, што было дзіка балюча. Так, гэта праца, моцныя адчуванні, але я не крычала. Толькі падчас другіх родаў мне хацелася нейкі гук выдаваць — я ціхенька напявала: «а-а-а-а».

Цудоўна, што муж быў побач у суседнім пакоі, але калі ён штосьці ў мяне пытаў, то мне хацелася проста прыбраць яго. Ты настройваеш сваё цела, дыхаеш, спяваеш, і тут нейкае недарэчнае пытанне.

На трэція роды муж сказаў: «О, дакладна нараджаеш, я памятаю гэты позірк і голас».

Акушэрку я выклікала, калі ў мяне былі ўжо значныя схваткі (у Беларусі афіцыйна такой паслугі няма, таму гэта дзейнасць акушэрак нелегальная. — «НН»). Я б не стала сама ў сябе прымаць роды, як некаторыя робяць. Усё адбывалася вельмі хутка — літаральна 20-30 хвілін. Калі я другога сына нараджала, муж ад’ехаў і нават не паспеў вярнуцца.

Я рыхтавалася да таго, што спатрэбіцца фітбол, музыка, свечы, масажы. Але ўсё гэта было лішнім. Першыя роды праходзілі летам, таму мне хацелася хадзіць, адчыніць акно. Другія былі вясной, трэція ўвосень, і мне увесь час было холадна. Каб пагрэцца, я сабе рабіла ванну з соллю. І нараджала ў ванне, але не ў вадзе. Калі ўжо потугі пачыналіся, вада злівалася і акушэрка падхоплівала дзіця. А ты пасля сам у душыку памыўся.

Думала: госпадзі, дзе ў якой бальніцы ты прымеш душ? Потым табе муж булёнчык прыносіць ці гарбату з крапівай і шыпоўнікам. Трэці раз наогул глінтвейн зрабіў — я крыху пакаштавала, акушэрка дазволіла. І тут жа табе букет кветак, старэйшыя дзеткі павіншавалі.

Я ўяўляю, як у бальніцы пахла б якім-небудзь спіртам, ёдам, зялёнкай. А ў нас пахла свечкамі.

«Знаёмыя доктаркі сказалі: «Ну ты вар’ятка!»

Калі дзеці нараджаюцца, для мяне гэта святое. Тэлефон выключаны, уваход у дом староннім забаронены. Не таму, што я баюся чагосьці — мне хочацца атрымаць асалоду ад гэтага стану. Першыя дні я заўсёды ляжу, наладжваю грудное выкормліванне, муж падносіць ежу, ваду. Я не кідаюся мыць падлогі ці бегчы на вуліцу. Да тых мам, якія ўжо на трэці дзень ідуць на трэніроўку, я не адношуся.

Знаёмага неанатолага мы запрашалі на наступны дзень пасля родаў, каб агледзеў дзіця. А доктара з паліклінікі — ужо праз пару тыдняў. Я не хацела нікога з чужых бачыць дома ў сябе ў гэты перыяд.

Даведкамі звычайна займаўся муж. Суды ў нас праходзілі спакойна і хутка (пры хатніх родах даведку атрымліваюць не ў радзільні, а праз суд. — «НН»). Суддзя проста пытаўся, чаму мы не звярнуліся ў бальніцу па дапамогу.

Ніхто з пагардай на нас не глядзеў, не фыркаў. Хоць я ведаю гісторыі, што часам нават тэст ДНК трэба рабіць, каб даказаць сваё бацькоўства.

Я разумею, чаму дактары супраць хатніх родаў: яны бачаць шмат сумных гісторый. Але для мяне большая рызыка была б у бальніцы нараджаць, я ведаю, што не змагла б там расслабіцца. Я захапляюся жанчынамі, якія ва ўмовах бальніцы могуць нармальна нарадзіць.

Я не хацела, каб у мяне ўскрывалі пузыр, штучна выклікалі роды. Не хацела абязбольвання — для мяне боль быў дапушчальны. Мне было важна пражыць гэты працэс разам з дзіцём, усё адчуць. Я супраць таго, каб немаўля ад мяне адразу забіралі на нейкія маніпуляцыі. І не дай Бог яшчэ які-небудзь прыкорм з бутэлечкі — пасля дзіця грудзі не возьме.

Сяброўкі не перанялі мой прыклад. Дзве знаёмыя доктаркі наогул сказалі: «Ну ты вар’ятка!» (пасміхаецца)

Я нікога не агітую ісці на хатнія роды. Разумею, што для жанчыны гэта вялізная адказнасць, і гатова была яе на сябе ўзяць. Калі б я разумела, што хоць нешта ідзе не так, неадкладна паехала б у бальніцу. 

Паліна расказвае, што ў іх доме на восем кватэр хатнія роды былі ў трох жанчын.

Мы плануем яшчэ дзіця. Муж сказаў, што патрэбна дачка, для раўнавагі (смяецца). І мне хацелася б, каб і чацвёртыя роды прайшлі дома.

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

Каментары
makswit / Адказаць 26.01.2020 / 15:54

Я з разуменнем ды станоўчасцю стаўлюся да хатніх родаў. Гэтая галіна мэдыцынскіх паслуг павінна разьвівацца. Павінны быць акушэркі з паліклінікаў, якія заўсёды гатовыя прыйсці ды дапамагчы прыняць хатнія роды, а таксама акушэркі-прыватныя прадпрымальнікі з адукацыяй ня меньш як сярэдняй спэцыяльнай мэдыцынскай. Жанчынам напэўна дома нараджаць утульней, а калі яны хочуць нараджаць дома, то яны павінны мець магчымасць нараджаць дома, і мець магчымасць зьвярнуцца па дапамогу да акушэрак ды дактароў. Ну і муж павінен дапамагаць, натуральна.

19
хамса / Адказаць 26.01.2020 / 16:19

вось.. жанчына хацела спакою.. бо гэта працэс інтымны.. а вядучая акушэр-гінеколаг Мінздароўя вунь што кажа: «Не падтрымліваю негатыўнае стаўленне пацыентаў да прыходу студэнтаў на роды» і потым шчэ не разумее “чаму нашы жанчыны ездзяць нараджаць у Літву”

13
хамса / Адказаць 26.01.2020 / 16:33

у нашых дактароў стаўленне да хатніх родаў рэзка адмоўнае.. мне ў жаночай кансультацыі потым увогуле сказалі: “ды вы што!? гэта ж крымінал”.. уяўляеце? а між тым практыка хатніх родаў у цывілізавым свеце досыць распаўсюджаная

17
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні