Праект партала
Тонус Ці сапраўды дарагая касметыка лепшая за танную? Эксперымент6
10.01.2020 / 16:10

Ці заўсёды люксавая касметыка лепшая за бюджэтную? І ці ёсць сэнс пераплачваць? Мы прапанавалі касметолагам параўнаць падобныя сродкі — паказалі толькі склады, не называючы маркі. І вось што атрымалі.

Увільгатняльны крэм

Люксавы варыянт (злева) — 129 руб. (50 мл), бюджэтны (справа) — 14 руб. (50 мл).

У першым крэме шмат элементаў — кампанентаў, якія змякчаюць скуру і ўвільгатняюць яе, робяць аксамітнай. Непажаданых гліколяў тут невялікі працэнт. А вось у другім ёсць небяспечны трыэтаноламін.

«Даказана, што разам з некаторымі кансервантамі ён можа ўтвараць злучэнні, якія з'яўляюцца моцнымі канцэрагенамі,

— кажа касметолаг цэнтра «Скінлюкс» Юлія Мікуліч. — У складзе ёсць таксама пара камедагенных кампанентаў, якія забіваюць поры — такі крэм не для любой скуры падыдзе, толькі для сухой ці нармальнай, але не для тлустай і схільнай да высыпанняў (хоць на ўпакоўцы пазначана, што для ўсіх тыпаў скуры. — заўв. НН)».

Калі ў дарагім крэме больш натуральных экстрактаў, то ў танным — сінтэтычных кампанентаў. Таму выбар на карысць першага.

Купляючы крэм, варта памятаць адну рэч. Увільгатняльныя кампаненты не ўвільгатняюць самі па сабе — яны прыцягваюць ваду з глыбокіх слаёў скуры на паверхневыя. Таму калі мы не п’ём дастаткова вады, знаходзімся ў памяшканні з сухім паветрам, такі крэм толькі нашкодзіць. Не варта наносіць яго і перад выхадам на мароз: вада на скуры замярзае і траўмуе яе.

Маска для твару з ліфтынг-эфектам

Люксавы варыянт — 171 руб. (75 мл), бюджэтны — 5 руб. (100 мл).

У абедзвюх масках ёсць гіялуронавая кіслата і масла шы — яны ўвільгатняюць і змякчаюць скуру.

«У другім складзе шмат пептыдаў. Гэта плюс. Але наколькі яны паспеюць пранікнуць у скуру за час нанясення маскі?.. Пептыды — даволі вялікія малекулы», — заўважае касметолаг цэнтра «Скінлюкс» Жанна Кудзіна.

Першы варыянт у выніку выйграе — за кошт сваёй бяспечнасці. У таннай масцы ёсць дрэнны кансервант — 2-бром-2-нітрапрапан-1,3-дыёл. Ён забаронены ў Еўрасаюзе (у Беларусі — не), бо мае канцэрагенны эфект. Канечне, такую маску можна выкарыстаць разава, перад выхадам у свет, але ж за адзін раз ліфтынгу не даб’ешся.

Міцэлярная вада

Люксавы варыянт — 69 руб. (200 мл), бюджэтны — 7 руб.(400 мл).

Эксперты галасуюць за другі варыянт — ён лепш падыдзе для далікатнага ачышчэння.

«Тут з самых непажаданых кампанентаў — гексіленгліколь. Ён можа раздражняць скуру, калі яна адчувальная, але ў прынцыпе дапушчальны. Часам яго выкарыстоўваюць для таго, каб праштурхнуць актыўныя рэчывы глыбей у скуру.

А вось у першым складзе ёсць алкаголь. Ён стаіць на другім месцы, а значыць, утрымліваецца ў вялікай колькасці. Гэта агрэсіўны кампанент, які разбурае ліпідны слой і сушыць скуру», — тлумачыць Юлія Мікуліч.

Але цана дарагога сродку апраўданая: у складзе шмат экстрактаў раслін. Дарэчы, алкаголь, магчыма, таму і выкарыстоўваецца ў гэтай міцэлярнай вадзе — у складзе экстрактаў.

Скраб

Люксавы варыянт — 57 руб. (125 мл), бюджэтны — 3 руб. (50 мл).

Дактары аддаюць перавагу першаму сродку — зноў жа з-за яго бяспечнасці. У танным скрабе ўтрымліваецца непажаданы трыэтаноламін — ён хоць і дапамагае прадукту доўга захоўвацца, але мог бы быць заменены больш якасным кансервантам.

Не спадабаўся экспертам і абразіў, які выкарыстоўваецца ў прадуктах масмаркета. «Я не люблю абрыкосавыя косткі, яны даволі жорсткія, драпаюць скуру. Лепш выбіраць скрабы з крэмніем ці энзімныя — яны больш далікатныя, падыходзяць і для адчувальнай скуры», — раіць Жанна Кудзіна.

ВВ-крэм

Люксавы варыянт — 84 руб. (50 мл), бюджэтны — 3 руб. (30 мл).

«ВВ-крэм выконвае функцыю не толькі ўвільгатнення, але і аховы ад сонца. У першым складзе ёсць як фізічныя, так і хімічны spf-фільтр. У другім — толькі хімічны. Таму па сонцаахове выбар на карысць першага. Ну і ў другім крэме той жа небяспечны кансервант — 2-бром-2-нітрапрапан-1,3-дыёл. Для штодзённага прымянення ён абсалютна не падыходзіць», — каментуе Юлія Мікуліч.

Касметолаг дадае, што ў любым крэме для сонцааховы лепш, каб было спалучэнне фізічных і хімічных фільтраў. Справа ў тым, што хімічны спрацоўвае толькі праз 20 хвілін — дастаткова, каб ўтварыцца пігментацыі, калі вы адразу пасля нанясення сродку выйдзеце на вуліцу.

Вынік атрымаўся 4:1 на карысць люксавай касметыкі.

Nina.nn.by

Каментары
Дай Дарогу / Адказаць 10.01.2020 / 10:21

Я так и не понял, что хорошо, что плохо, что покупать на 8 марта ?

6
Анцiк / Адказаць 10.01.2020 / 12:08

як и у прошлым аглядще — зноу у белитауским аказалася шкоднае рэчыва(

4
Трактарыст-максімаліст / Адказаць 10.01.2020 / 12:56

170 рублёў за крэм для кабеты? Ды ідзіце вы лесам.

14
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні