Праект партала
Гісторыі Фрыстайлістка Асоль Слівец: Вырашыла выступаць за Расію, каб атрымаць алімпійскі медаль. Але стала 12-й8
29.12.2019 / 11:26

У Вікіпедыі пра фрыстайлістку Асоль Слівец напісана, што яна расійская спартсменка, якая да 2010 году выступала за Беларусь. З пытання, спартсменкай якой краіны лічыць Асоль сама сябе, мы і пачалі нашу размову.

«Напэўна, трэба пачаць з таго, што спартсменкай я сябе больш не лічу. Прафесійны спорт быў так даўно, што, здаецца, усё гэта адбывалася не са мной. Суцэльныя трэніроўкі, усё жыццё было падпарадкавана перамозе. Больш гэтага няма ў маім жыцці. Я цяпер трэнер юных сноўбардыстаў і мама чатырох дзяцей», — адказвае Асоль.

Пасля пераезду ў Расію называлі здрадніцай

Ад 2011 па 2014 год Асоль Слівец прадстаўляла на міжнародных стартах Расію. Асоль прыняла рашэнне, і разам з братам Цімафеем перабралася жыць і працаваць у Сочы, стала грамадзянкай Расіі.

«Пасля таго, як спартыўная кар’ера скончылася, я вырашыла вярнуцца ў Беларусь. Тут я таксама магу займацца тым, што люблю і ўмею. Да таго ж, тут бацькі. А калі ёсць надзейны тыл з бабуль, гэта многае значыць. У мяне было шмат прапаноў працаваць у іншых краінах, але я падумала пра дзяцей. Пачатковую адукацыю ў нас хваляць, музычная школа —найлепшая, дзіцячыя спартыўныя трэнеры выдатныя. Я не магла вырваць адсюль дзяцей толькі дзеля таго, каб задаволіць уласныя амбіцыі. Што яшчэ для мяне важна, што ў Беларусі бяспечна. Я не баюся адпускаць дзяцей адных на вуліцу, не баюся, што знойдзецца нейкі вар’ят, які адкрые страляніну ў школе», — кажа Асоль.

Чаму ж тады, у 2011, выбрала Расію, Асоль тлумачыць так:

«Была мэта. Алімпійскі медаль. Вырашыла з’язджаць, таму што ў Расіі было іншае бачанне фрыстайла. Беларуская школа фрыстайла — гэта класічная школа, а спорт рухаецца. У Беларусі рыхтуюць універсальных спартсменаў, за мяжой — вузка накіраваных. У Расіі ў мяне была магчымасць працаваць з амерыканскімі трэнерамі. І гэта можна параўнаць з кіраваннем аўтамабілем. Можна ім проста кіраваць, а можна разбірацца, як у машыне ўсё ўладкавана», — кажа Асоль.

Аднак на Алімпіядзе 2014 года Асоль стала толькі 12-й. У яе адшпілілася лыжа.

«Ніхто ў гэтым не вінаваты. Так адбылося. Значыць, нехта зверху так распарадзіўся», — разважае Асоль Слівец.

Асоль Слівец прызнаецца, што пасля таго, як яна прыняла рашэнне з’язджаць у Расію, не аднойчы чула ў свой адрас, што яна здрадніца.

«Называлі здрадніцай, не хаваю. Але ніхто не казаў пра гэта ў вочы. Ды і я была не маленькая дзяўчынка, каб прыслухоўвацца да меркавання старонніх людзей. Сышоў мой трэнер, чалавек, катораму я давярала абсалютна. Без яго ў зборнай Беларусі сэнсу заставацца не было», — адказвае Асоль.

У Расіі далі зразумець, што мы, спартсмены, прадстаўнікі Вялікай Імперыі 

Асоль Слівец прызнаецца, што і сёння сочыць за ўсімі стартамі фрыстайлістаў.

«Фрыстайл вельмі маленькі спорт. Ну колькі ва ўсім свеце фрыстайлістаў, наўрад ці набярэцца больш паўтары сотні? Таму для мяне гэта не проста чалавечкі, якія скачуць, гэта людзі, блізкія, знаёмыя, гісторыю якіх я ведаю, адсочваю іх поспехі і няўдачы», — прызнаецца Асоль.

Былая фрыстайлістка разважае пра тое, што фрыстайлу, каб стаць папулярным і відовішчным, не хапае шоў.

«Давайце будзем шчырымі. Фрыстайл — незразумелы спорт. Цяпер яму спрабуюць надаць відовішчнасці, спартсмены скачуць сінхронна. Але гэтага мала. Спорт — гэта шоу. Недастаткова скокнуць і сысці, трэба быць на людзях, удзельнічаць у нейкіх грамадскіх ініцыятывах. Гэтаму нас навучылі ў Расіі. Там кожнаму спартсмену з дзяцінства ўкладзена, што ты — прадстаўнік Вялікай Расійскай Імперыі. На цябе глядзяць людзі, ты — прыклад для дзяцей. Таму нават на сняданак не дазвалялася выходзіць у сваіх шкарпэтках, толькі ў камандных, чырвоных з Чабурашкам. Я лічу, што так і павінна быць».

«А чаму беларусы не ганарацца сваёй краінай? Бо з дзяцінства гэтаму ніхто не вучыць, нават мова беларуская не выкарыстоўваецца. Я асабіста дрэнна ведаю беларускую мову, а перакручваць яе не хачу, таму і я, і мае дзеці размаўляем па-руску. Пры гэтым я не крычу, што ў нас усё блага. Я раблю шмат для развіцця беларускага дзіцячага спорту. Я за капейкі працую ў спартыўнай школе. Я рыхтую будучых чэмпіёнаў. А што робяць астатнія?» — узрушаецца Асоль.

Аднак былая спартсменка ўсё ж прызнаецца, што адчула гонар за Беларусь падчас Алімпіяды ў Ванкуверы ў 2010 годзе.

«Пасля выступу нашай каманды да мяне падышоў заўзятар і сказаў: «Асоль, я пайшоў у царкву і паставіў свечку за тое, каб вы і ўся каманда прызямлілася на ногі». Я тады падумала, што я, абсалютна далёкі ад рэлігіі чалавек, у апошнюю чаргу пайшла б у царкву, каб выступіць удала. І яшчэ. На Алімпіядзе, сапраўды, разумееш, што за табой не проста краіна, а канкрэтныя людзі, каторым не ўсё роўна. Калі былі старты ў Ванкуверы, у Беларусі была ноч. І я разумела і ведала, што ў Беларусі людзям заўтра рана ўставаць, ва ўсіх праца, свае справы, а яны сядзяць ля тэлевізараў усю ноч і сочаць за нашым выступам», — дзеліцца Асоль.

У фрыстайл з балету

Мала хто ведае, але маленькую Асоль бацькі спачатку прывялі ў балет… але таксама на лыжах.

«Спартыўная школа знаходзілася побач з нашым домам, бацькі аддалі туды, бо была блізка. А дзяўчынка я была актыўная, трэба было чымсьці займацца. І мяне аддалі ў прыгожы спорт — балет на лыжах. Якая дзяўчынка не марыла танцаваць пад музыку, у прыгожых уборах? Але так здарылася, што ўсяго праз паўгода пасля таго, як я прыйшла ў спартшколу, балет на лыжах перастаў існаваць. Засталася толькі акрабатыка. Усе пайшлі скакаць, і я пайшла», — успамінае Асоль.

Асоль Слівец расказвае, што ў яе было абсалютна шчаслівае спартыўнае дзяцінства.

«І тое, што мы трэніраваліся разам з братам, было хораша. У нас заўсёды былі тэмы для размоў. Мы абмяркоўвалі, хто як скокнуў, у каго што атрымалася. Ды і ў школе мы вучыліся добра, бо ведалі, што чым хутчэй зробіш урокі, тым хутчэй пойдзеш на трэніроўку. У нас не ўзнікала пытанняў, для чаго мы павінны вучыць англійскую мову. З 12 гадоў мы ўжо ездзілі на спаборніцтвы і зборы ў іншыя краіны, і ведалі, што мова нам патрэбная, каб мець магчымасць гутарыць з рабятамі з замежжа. Мы клаліся рана спаць, не таму што мама будзе сварыцца, а таму што ведалі, што калі не выспімся, назаўтра будзе цяжка сабрацца на трэніроўцы, а падаць так балюча», — расказвае Асоль.

Я гатую пяць розных сняданкаў

Сёння Асоль Слівец — шматдзетная маці. Яна разам з мужам, галоўным трэнерам зборнай Беларусі па канькабежным спорце Сяргеем Мініным, выхоўвае чатырох дзяцей: Радаміра, Елісея, Міраслава і Мію.

На пытанне, чаму ва ўсіх дзяцей такія спрадвечна рускія імёны, Асоль здзіўляецца:

«А якімі ім быць з прозвішчам Мінін? У камандзе майго сына Радаміра па канькабежным спорце Нестар, Оскар, Патрокл і Ваня. Так што Радамір са сваім іменем не так выбіваецца, як Ванька», — усміхаецца Асоль.

Асоль расказвае, што яе дзеці феерычна розныя:

«Таму я гатую пяць розных сняданкаў. Чатыры — дзецям, пяты сняданак сабаку. Я, канечне, магу грукнуць кулаком па стале і сказаць, што будзеце есці, што прыгатавала, але я разумею, што ад гэтага як мінімум трое дзяцей будуць пакутаваць. Таму па выходных у нас розныя сняданкі», — кажа Асоль.

Як паспяваць выхоўваць дзяцей і пры гэтым працаваць, Асоль адказвае:

«З першынцам Радамірам я не паспявала нічога. Са з’яўленнем у нас Міі, я паспяваю роўна столькі, колькі хачу сама. І выраз пра тое, што спачатку забяспечце кіслародам сябе, справядлівы на 100%. Дзеці займаюць увесь час. І ў пэўны момант я зразумела, што мяне як асобы няма. Я не магу захварэць, не магу стаміцца, бо я пастаянна ўключаюся ва ўсе: «Маааам». А калі гэтых «мам, мам, мам» 50 раз у хвіліну? Таму важна пакідаць вольны час для сябе. Дзеці — гэта вялізнае шчасце, але яны яшчэ не ўвесь сусвет», — лічыць Асоль Слівец.

Дзяцей Асоль прывучае да самастойнасці. Яны самі могуць прыгатаваць абед, вырашыць, чым займацца пасля школы, што апранаць.

«Мія — гэта ў нас каралева ружовага. Я цяпер перакананая, што недзе ў дзяўчынках убудаваная кнопка, якая ўключае любоў да ружовага і да бліскучага. Ёсць жа столькі прыгожых рэчаў, столькі колераў, але ружовы — гэта самы любімы колер дачкі. Так і жывём. У хлопчыкаў усё чорнае, у Міі — ружовае са стразікамі», — смяецца Асоль.

Пра тое, што дзеці ў Асоль самастойныя, можна меркаваць па тым, што Радамір аднойчы ледзьве не з’ехаў у Германію сам.

«Нас з мужам не было ў краіне. Радамір, катораму 11 гадоў, тэлефануе і пытаецца ў мяне: «Мам, я свой пашпарт знайшоў, а дзе дазвол на выезд за мяжу. У мяне спаборніцтвы ў Берліне, я паехаў», — расказвае Асоль.

У нашым грамадстве закладзена недаацэньваць дзяцей

Асоль Слівец зараз лічыць сябе абсалютна шчаслівым чалавекам. Яна рэалізавалася як мама, і рыхтуе будучых чэмпіёнаў.

«У трэнерства я прыйшла, як і ў спорт, цалкам выпадкова. Мы неяк пілі каву з сяброўкай і яна мне сказала: «Асоль, ты пра каардынацыйны спорт ведаеш усё. У цябе столькі сіл уклалі выбітныя трэнеры, трэба цяпер гэтым досведам дзяліцца». І я падумала, што сапраўды, я ведаю пра фрыстайл усё. І я магу абсалютна любога чалавека навучыць скакаць сальта», — кажа Асоль Слівец.

Асоль Слівец узважыла ўсе за і супраць, і ўладкавалася дзіцячым трэнерам па сноўбордзе.

Адзінае, што засмучае Асоль як трэнера, гэта бацькі юных сноўбардыстаў.

«З дарослымі працаваць цяжка. У нашай культуры чамусьці закладзена, што дзеці базава дрэнныя. У грамадстве прынята дзяцей недаацэньваць. Я назіраю на трэніроўках, калі дзіця вучыцца, канечне, падае 200 разоў, але выконвае практыкаванне, 200 разоў падымаецца, пад’язджае да мамы, кажа: «Мама, ты бачыла, я зрабіў!» А маці яму: «»Але ты 200 разоў упаў». Я не разумею, няўжо так цяжка дзіця пахваліць», — разважае Асоль.

Яна прызнаецца, што аднойчы нават адмовілася трэніраваць дзіця праз неадэкватнае стаўленне яго бацькоў.

«Была гісторыя, я заўважыла, што, калі ў майго вучня нешта не атрымлівалася на трэніроўцы, яго бацькі за гэта каралі, білі. І яны лічылі гэта абсалютна нармальным. Мне было шкада адмаўляцца ад таленавітага і перспектыўнага дзіцяці, але я не хацела быць прычынай таго, што гэта дзіця б’юць, і адмовілася ўдзельнічаць у гэтым», — кажа Асоль.

У той жа час Асоль лічыць, што ёсць адваротны бок медаля, калі ў некаторых дзяцей няма межаў.

«Маёй малодшай дачцы зараз два гады. Яна як раз дарасла да дзіцячых спектакляў, тэатраў. Дык вось я не магу там знаходзіцца. Таму што заўсёды знойдзецца дзіця, якое будзе бегаць перад сцэнай, падчас спектакля задаваць пытанні, крычаць, есці ці кідацца ежай. І знойдзецца маці, каторая не патлумачыць, што так рабіць нельга. Я сваіх дзяцей вучу, што твая свабода заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. І думаць, што мне нічога не будзе, бо я дзіця — гэта няправільна. У маіх дзяцей заўсёды ёсць выбар, што апранаць і што есці на сняданак, але межы ведаць яны павінны», — кажа Асоль Слівец.

Усе дзеці Асоль займаюцца спортам. Старэйшыя сыны канькабежным спортам, сноўбордам. Міраслаў — скачкамі на батуце. 

Самая меньшая дзяўчынка Мія яшчэ маленькая. Ёй толькі два годзікі. 

«Я, як і любая мама, марыла аддаць дзіця ў мастацкую гімнастыку. Але гляджу на Мію і разумею, яна гнуткая, але ўжо не худая. Відаць, па камплекцыі не пройдзем. І яшчэ я спадзяюся, што менавіта з малодшай дачкі выйдзе фрыстайлістка, бо ўсе якасці ў яе для гэтага ёсць. Яна абсалютна бясстрашная, смелая, упёртая. І яна ведае, што яна лепшая за ўсіх. Але сваю дачку трэніраваць я не буду. Не хачу дадатковых сівых валасоў», — рассмяялася Асоль Слівец. 

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан 

Каментары
mikola ramanau / Адказаць 29.12.2019 / 12:32

Udaczy !

43
ЯНКА / Адказаць 29.12.2019 / 13:01

★ Асоль — як боб-гарох. ★

3
Кажыма праўду / Адказаць 29.12.2019 / 14:53

Звычайныя прыстасаванцы. Выгодна для кар'еры – робяцца патрыётамі Расеі, хочуць камфортна пенсіянерыць, трацячы заробленыя грошы – успамінаюць пра Беларусь. «Высокадухоўнасць»...

10
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні