Праект партала
Гісторыі «Нашы адносіны з другім мужам пачаліся няправільна — з цяжарнасці». Былая жонка Паўлічэнкі едзе ад Беларусі на «Місіс Сусвет»20
19.12.2019 / 21:14

Аляксандра Кірыловіч — мама чацвярых дзяцей. 30 снежня яна прадставіць Беларусь на конкурсе «Місіс Сусвет», які пройдзе ў Кітаі. За плячыма ў гэтай эфектнай жанчыны — вучоба ў Ваеннай акадэміі і служба ў спецназе. Перад ад'ездам на конкурс Аляксандра паказала ўборы ў нацыянальным стылі, у якіх будзе скараць Гуаньчжоу, і расказала пра асабістае жыццё.

Аляксандру мы заспелі на прымерцы. Сукенкі на конкурс для яе шые дызайнерка Ганна-Марыя Эгліт. Большасць з іх — гэта льняныя вышыванкі на кожны дзень. 

Аляксандра Кірыловіч (справа) разам з дызайнеркай Ганнай-Марыяй Эгліт.

«Я перайшла на тэматыку кветак, бо нацыянальная сімволіка крышачку прыелася. Тут ёсць шыпшына, лён, каласкі. Беларускія арнаменты я раблю на свой погляд, пераварочваю. Мяне заўсёды за гэта лаюць, але мне так падабаецца. Гэтыя сукенкі нестандартныя, але захоўваюць самабытнасць. На ўсіх вышыты абярэгі», — расказвае пра строі Ганна-Марыя.

На дэфіле ў нацыянальных касцюмах Аляксандра выйдзе ў вобразе Настассі Слуцкай.

«Яна абараняла краіну, і я — капітан у запасе, былы спецназавец, мама чатырох дзяцей», — праводзіць яна паралель.

У вобразе Настассі Слуцкай.

На крытыку ў бок сваёй знешнасці Аляксандра рэагуе спакойна.

«Мяне абірала журы. Прычым не проста людзі, якія не маюць да конкурсу ніякага дачынення. Там сядзела Святлана Кузняцова, у свой час яна перамагла на самым прэстыжным конкурсе «Місіс Зямны шар». І мне найпрыгажэйшая жанчына з каронай на галаве кажа: «Гэта нумар адзін. Парода, прырода». Я не баюся сцэны. Заўвагі, што зграбнейшую можна было знайсці… Гэта конкурс місіс усё ж такі, і там будуць жанчыны розных камплекцый. Я сябе лічу прыгожай, упэўненай».

Каб быць у форме, Аляксандра часам наведвае трэнажорную залу. Але ўжо не так актыўна, як раней. Кажа, трэцяя і чацвёртая цяжарнасць адбіліся на сасудах, таму з вялікімі вагамі ёй займацца не рэкамендуецца.

«Я ж хачу яшчэ нарадзіць дзяўчынку! Быў час, калі я трэнерам працавала. І калі доўга знаходзішся ў трэнажорнай залі, замыльваецца вока. Быццам і так добра выглядаеш, але хочацца быць больш магутнай. І шмат дзяўчат, якія выступалі ў катэгорыі «бікіні», паступова пачыналі станавіцца здаравейшымі і пераходзілі ў катэгорыі «бодзіфітнэс» і «бодзібілдынг». Я зразумела: калі я там яшчэ прабуду, мне таксама захочацца стаць большай, рэльефнай. Своечасова перайшла на танцы, бо пластыка цела — гэта нешта касмічнае. Я стала больш жаноцкай. Абажаю гэты стан».

***

Сашын тата — вайсковец. Але на паступленні ў Ваенную акадэмію ён не настойваў — дачка сама захацела.

«Я з дзяцінства прафесійна займалася дзюдо, самба, і мне здавалася, што трэба гэтыя навыкі прымяніць. Эканамістам, бухгалтарам у офісе я сябе не ўяўляла. Лічбы — гэта не маё! У мяне былі байцоўскія навыкі, мне хацелася ў спецназ, быць дзяўчынай-амазонкай. Такая рамантыка. У мяне была дакладная мэта — рэалізоўвацца ў сілавых структурах. Гэта, аказалася, не так проста, але я годна ўсё прайшла, скончыла акадэмію з чырвоным дыпломам і патрапіла ў спецназ. Я па-свойму там была шчаслівая. Рабіла тое, што любіла, што ведала. Была ваенным дазнавацелем: следствы праводзіла сумесна з пракуратурай, інструктавала салдат, каб яны сябе добра вялі ў звальненні, каравулы правярала.

Першы мой дзень у спецназе быў такі: хадзілі ўсе, як на агледзіны, зазіралі ў кабінет, і пару афіцэраў мяне ўжо на шашлыкі запрашалі. Я ім сказала: не, больш, калі ласка, да мяне не заходзьце, толькі па службовых пытаннях. Старэйшыя афіцэры ўзялі шэфства нада мной як над дзяўчынкай, каб мяне ніхто не крыўдзіў.

Я была як свой пацан, паўжанчына-паўмужчына, бо нельга было даваць падставаў. Я настолькі любіла службу, што не хацела ніякіх адносін. Але ж першы муж мой — з той сферы».

Усяго для Аляксандры дызайнерка стварыла 15 сукенак. Толькі вышыўка на іх каштуе больш за тысячу даляраў.

Мужам быў той самы Дзмітрый Паўлічэнка, экс-камандзір Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання. Ад яго Аляксандра нарадзіла дачку Сабрыну — такое імя ёй даў бацька, у гонар САХР (па-руску «СОБР»).

«Шчыра кажучы, не думала, што гэта будзе імя маёй дачкі, але калі была цяжарная і нехта назваў Сабрынай дзяўчынку, я такая: «Як гэта? Мы хацелі», — усміхаецца жанчына. — Глядзячы на яе, цяпер разумею, што імя ёй пасуе. Дачка такая спрытная, актыўная.

Муж нават яе маленькую насіў на пляц і казаў: «Это мой маленький СОБР».

Ён вельмі хацеў дачку. Бо яго старэйшая дачка, ад першага шлюба, разам з мамай паляцела ў Канаду, і ён не рэалізаваўся як тата дзяўчынкі».

Разысціся з Дзмітрыем было Сашыным рашэннем.

«У пэўны момант яго былая жонка не знайшла сябе ў асабістым жыцці і пачала змагацца за маёмасць, маніпуляваць сынам. Я калі ўбачыла, што мужчына дзейнічае па прынцыпе «сын не даруе, а дачка даруе заўсёды»… Ён кахаў мяне, але не ведаў, што рабіць. У мяне было такое адчуванне, што ў іх з былой жонкай нешта не скончана. Магчыма, ён спрабаваў да яе паважліва ставіцца, а яна ўспрымала гэта інакш. Мы жылі грамадзянскім шлюбам і за месяц да вяселля разышліся. Яго былая жонка хвалявалася, што мы распішамся і я аўтаматычна буду мець права на ўсю маёмасць. А я ніколі чужога не выкарыстоўвала — мне чужая энергетыка, тым больш калі яна звязана з дрэннымі ўспамінамі, непатрэбная».

З Дзмітрыем Аляксандра засталася ў добрых адносінах, ён стаў хросным бацькам яе сыноў.

Са спецназа пасля нараджэння дачкі капітан таксама сышла. Нейкі час працавала на тэлебачанні. Цяпер здымаецца ў рэкламе і кансультуе як юрыст.

***

«Другі муж з’явіўся ў той момант, калі мне хацелася вялікага чыстага кахання. Ні грошай, ні алігархаў, — дзеліцца яна. — Нашы адносіны пачаліся няправільна — з цяжарнасці, і мы зразумелі, што адно пра аднаго не ведаем нічога.

Дзесьці былі надзеі на лепшае: муж расказваў, што гэта яго часовы стан. Чалавек не бачыў неабходнасці зарабляць, імкнуцца да нечага, любіў паляжаць на канапе. Я тады сама шмат працавала: нарадзіла і праз паўтара месяца ўжо падпрацоўвала. Ён добры чалавек, але проста быў у нейкай прастрацыі.

Старэйшая дачка моцна перажывала, бо мой другі муж так яе і не прыняў, пастаянна спрабаваў з ёй канкураваць, як дзіця. Але калі мы разышліся, я падзякавала яму за траіх сыноў.

А наконт трэцяга мужа, гэта быў той выпадак, калі я развялася і падумала: найбліжэйшы год ніякіх адносін. І праз месяц яго сустракаю на трэніроўцы па тайскім боксе. У першы ж дзень ён даведваецца, колькі ў мяне дзяцей і што я капітан у спецназе — не ведаю, навошта была гэта прэзентацыя (усміхаецца).

Мы з ім дарослыя людзі, ужо не трэба гадамі жыць разам, каб высвятляць нешта. Ён з досведам таксама, меў сям’ю. Ён маім дзецям надае ўвагі больш, чым хто іншы».

Аляксандра ўпэўнена: тое, што жанчына ў разводзе з дзецьмі можа ставіць крыж на асабістым жыцці, стэрэатып, які навязваюць нам мужчыны. Яна сама яркі прыклад таго, што можна быць шчаслівай у любых абставінах.

«Мяне не хвалюе чужое меркаванне. Я не баюся таго, што будзе далей. Некаторыя не любяць дні народзінаў, бо старэйшымі становяцца, а я, наадварот, у прадчуванні: колькі ў мяне ўсяго наперадзе. Калі людзі пачнуць сябе так адчуваць, тады ў іх жыцці можа нешта змяніцца.

У мяне мама была вельмі разумная жанчына, але няўпэўненая ў сабе. Яна ненавідзела сваю работу, але вымушаная была туды хадзіць. Я бачыла, як яна перажывае, скароцяць яе ці не. Казала: мама, звальняйся. А яна заўсёды: дзе ж я сябе знайду, мне ўжо 35, 40… Я ведаю, што і ў 50 можна знайсці свой лёс, калі ты гэтага хочаш і робіш нейкія дзеянні. Сядзець дома і чакаць прынца на белым кані — толькі калі сантэхнік прыйдзе. Ты нікому нічога не павінна — толькі быць шчаслівай».

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Каментары
Serg / Адказаць 19.12.2019 / 16:12

За Собрину спасибо!

82
даведка / Адказаць 19.12.2019 / 16:13

[Рэд. - выдалена]

1
Пожалуй / Адказаць 19.12.2019 / 17:10

Белорусский бомонд эпохи Лукашенко: он, Павличенко, - собровец, полковник, предполагаемый исполнитель; она, Кириллович, - собровка, любовница Павличенко, конкурсантка "Миссис Вселенная".

2
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні