Праект партала
Гісторыі «Вам не перадаць, колькі эксперыментаў на ёй ставілі». Як тата адзін выхоўвае дачку6
12.12.2019 / 10:12

Сяргей Нагліс і яго дачка Каця жывуць на дзве пенсіі: яго працоўная, яе — па інваліднасці. Дачку тата выхоўвае адзін, а таму няблага арыентуецца ў краме сярод паліц з шампунямі і крэмамі, мае ў арсенале колькі страў («Ды так сабе я кухар», — сціпла адмахваецца Сяргей) і ў курсе дзявочых перажыванняў. На сёмым паверсе мінскага шматпахярховіка — маленькая гісторыя пра бацькоўскую любоў і непрыхарошаную рэальнасць.

«На Вілейскім вадасховішчы часта бываў, а ні разу там не парыбачыў»

Ружовыя шпалеры, батарэя, шторы. Ружовы — Кацін любімы колер. Яна сядзіць за сталом у сваім пакоі, дзе тата з сябрамі сям'і зрабіў рамонт адмыслова пад яе. Сяргей заплятае дачцэ хвост.

Каця не можа сама сябе абслугоўваць, таму з усім дапамагае тата. Пераадзявае, гатуе.

«Каця кашы есць, катлеты. З супамі толькі ваюем — не любіць іх», — усміхаецца Сяргей.

Яму 58 год. Усё жыццё працаваў кіроўцам аўтобуса і толькі нядаўна выйшаў на пенсію. Успамінае, як за савецкім часам у яго было ўсяго чатыры выхадныя на месяц. Раней Сяргей любіў патанчыць і парыбачыць. А цяпер, кажа, узрост не той, каб па дыскатэках хадзіць, а рыбалку дачка не любіць. І наогул, не да хобі: увесь час прысвячае Каці.

«Дый раней не часта атрымлівалася. Вудачка, снасці — усё ёсць. На Вілейскім вадасховішчы часта бываў — там побач бацькі жонкі жылі. Але так там і не парыбачыў: трэба ж было па гаспадарцы дапамагаць — куры, свінні».

Каці 28 год. У яе тэлефоне — плэйліст з любімых песняў і перапіска з сябрамі. Паведамленні яна запісвае з дапамогай галасавога набору.

З намі Сяргей ахвотна пераходзіць на беларускую мову: з дзяцінства добра яе ведае. Абмяркоўвае перапахаванне Каліноўскага і выбары ў дэпутаты.

«Пачакайце, зараз Кацю развярну, каб ёй зручна было», — перарывае ён размову, каб падкаціць крэсла дачкі бліжэй.

«Каця такі чалавечак моцны, вам не перадаць»

Калі Каці было некалькі месяцаў, у яе здарыўся дзіцячы інсульт.

«Яна ўсё плакала і плакала, мы не ведалі, што з ёй. Доктар паглядзеў, сказаў: нічога страшнага, зубкі рэжуцца. Гэта цяпер я разумею, што, калі рэжуцца зубкі, дзеці паводзяць сябе інакш… А потым я заўважыў, што Каця цягнецца ручкай да цацкі над ложачкам, а схапіць не можа. Забілі трывогу», — успамінае тыя дні Сяргей.

Як вынік — цяжкая форма ДЦП. Але бацькі спадзяваліся, што дачку змогуць вылечыць.

«Каця такі чалавечак моцны, вам не перадаць, столькі эксперыментаў на ёй ставілі. У адзін год ёй рабілі аперацыю лазерам у Туле — надразалі мышцы. Пасля гэтага яна паўгода ляжала, нельга было актыўна рухацца. Зараз я думаю, можа, і не варта было на тую аперацыю пагаджацца: пасля яе Каці стала горш».

Першы свой школьны год дзяўчынка правяла ў Івянецкім інтэрнаце. Пра тое, што прыслухаліся да гэтай парады, мужчына таксама шкадуе: дачку з інтэрната забіралі з пролежнямі. Астатнія класы Каця давучвалася на хатнім навучанні. Даглядала яе мама Ганна, якая дагэтуль працавала маляром на Трактарным заводзе.

Пазней Сяргей думаў, як стварыць для дачкі працоўнае месца. Напрыклад, адкрыць ІП і аказваць друкаваныя паслугі. Ён бы прымаў заказы, гутарыў з кліентамі і разлічваў іх, а Каця апрацоўвала б частку заказаў. Не самы прыбытковы бізнэс, але дачка была б пры справе. Тата нават прынтар купіў. Не пайшло. Прынтар адправілі ў тумбачку.

«Па дарозе да адміністрацыі раёна ўсе бардзюры апушчаны, а прайсціся ў іншы бок — бяда»

Удвух з Кацяй Сяргей застаўся 10 год таму. Яго жонка не перажыла інсульт. А сям’я з цяжкасцю перажыла страту мамы.

Сяргей тады яшчэ працаваў у аўтапарку. Калі ён выходзіў на змену, дагледзець Кацю дапамагала яе траюрадная цётка. Падтрымалі знаёмыя і служба сацапекі.

Мужчына дзеліцца набалелым: калі дзеці з інваліднасцю вырастаюць, патрапіць на рэабілітацыю вельмі цяжка. У Аксакаўшчыну Кацю не бяруць: для гэтага патрэбна, каб яна магла сама сябе абслугоўваць. Прапаноўвалі неяк легчы ў рэабілітацыйны цэнтр на Адоеўскага, але толькі ў агульную палату.

«Не ўяўляю, як гэта. Нас з Кацяй у мужчынскую палату? А як я яе там пераадзяваць буду — яна ж дарослая дзяўчына. Ці мяне ў жаночую? Тады я ўсіх бянтэжыць буду».

Каця нават ліст у Мінздароўя склала, каб дапамаглі арганізаваць рэабілітацыю. Але апроч кучы праверак гэта нічога не прынесла.

Як выглядае безбар’ернае асяроддзе ў горадзе, сям’я добра ведае па сабе.

«Па дарозе да адміністрацыі раёна ўсё зроблена ідэальна, бардзюры апушчаны, а прайсціся ў іншы бок — бяда», — наракае Сяргей.

А Каця расказвае, як нядаўна хацела патрапіць на канцэрт «Рукі ўверх». Але аказалася, што нельга проста купіць квіток (у яе выпадку два — сабе і суправаджальніку), трэба ствараць для дзяўчыны ў зале дадатковыя ўмовы. Яна на той канцэрт так і не схадзіла.

«На адмысловых сайтах знаёмстваў не сяджу. Там хлопцы прывыклі да здаровых дзяўчат»

У калідоры пры сцяне стаіць электравазок — у такім Каця сама можа ездзіць па вуліцы. Джойсцік адказвае за рух і павароты, кнопкі — за «фары» і гукавы сігнал. Вазок цяжкі — пад 90 кг.

«Са мной Каця гуляць не надта любіць. Я разумею, ёй хочацца з аднагодкамі пабыць, пагутарыць адзін на адзін, а я ж — кантроль», — жартуе бацька.

Каціны сябры — моладзь з прыходу пры царкве Пятра і Паўла. Яны часта завітваюць да яе ў госці (дарэчы, калі мы дамаўляліся аб часе візіту, Сяргей найперш спытаў пра іх планы ў дачкі). Але асноўныя стасункі дзяўчыны — у сацыяльных сетках. З хлопцамі яна знаёміцца ва «Укантакце». Дакладней, яны з ёй: Каця першая не піша.

«На адмысловых сайтах знаёмстваў не сяджу. Там хлопцы прывыклі да здаровых дзяўчат», — тлумачыць яна.

«Інтэрнэтам яна сама навучылася карыстацца. Я ў гэтым зусім не разбіраюся, максімум навіны магу пачытаць на сайтах», — кажа тата.

Нядаўна Каця ледзь не выйшла замуж. Шэсць год таму пазнаёмілася ў інтэрнэце з хлопцам з Расіі. Доўга перапісваліся і некалькі разоў бачыліся — ён прыязджаў у Мінск. Хлопец гатовы быў пераехаць назаўсёды і жыць з ёй. Але блізкія ў выніку яго адгаварылі: маўляў, навошта табе, здароваму, такі клопат. Дый Кацін бацька ставіўся да гэтай ідэі насцярожана.

«Мы рассталіся. Пасля тых адносін вельмі цяжка пачынаць новыя», — уздыхае дзяўчына.

Яна марыць пра сям’ю, але разумее, што знайсці свайго чалавека будзе няпроста.

«Мне патрэбна, каб ён мог даглядаць мяне. Гэта вялікая адказнасць. Мала хто возьме яе на сябе — цяпер хлопцы прывыклі, каб ім каву ў ложак прыносілі, а не яны», — усміхаецца Каця.

Яна старанна падбірае словы, каб выказаць свае думкі. Сяргей усміхаецца: разумная дзяўчына, калі б настаўнікі не шкадавалі і пыталі з усёй строгасцю, магла б вынесці са школьных гадоў куды больш карысці.

Каця, дарэчы, піша вершы. Марыць як-небудзь арганізаваць творчы вечар для сяброў. А яшчэ сустрэцца з прыяцелямі па перапісцы з Расіі.

«Самае галоўнае пытанне для дачкі — жаночае, выйсці замуж»

«Бачыце, у нас звычайнае жыццё, ніякага эксклюзіву», — кажа Сяргей, нібы выбачаючыся, што ён не герой, а проста тата.

Бацькоў, якія не вытрымліваюць і сыходзяць з сем'яў, ён разумее.

«Гэта эгаізм, так. Але калі ты бачыш, што ёсць шанц жыць з жанчынай, мець здаровае дзіця», — тлумачыць Сяргей мужчынскую логіку.

Сам ён не ўяўляе жыццё без Каці. Перажывае толькі, што будзе з Кацяй без яго: іншых родных у яе няма.

«Я ж не вечны. Самае галоўнае пытанне для яе — жаночае, выйсці замуж. А тут я нічым дапамагчы не магу…»

***

Ад Рэдакцыі: калі вы хочаце падтрымаць сям'ю, можаце напісаць Рэдакцыі ці Каці сюды.

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Каментары
Пан Алесь з Жухавіч / Адказаць 12.12.2019 / 10:40

А некаторыя праз адсутнасць айфона вешаюцца.

5
Летов / Адказаць 12.12.2019 / 11:10

Мужык!

1
11DC / Адказаць 12.12.2019 / 12:36

можа ёсць рахунак на дапамогу ?

6
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні