Праект партала
Стасункі Ганна Бонд: Мужчына павінен утрымліваць жанчыну. Твае грошы — гэта нашы, а мае — мае51
23.11.2019 / 18:50

Спыталі беларускіх жанчын, ці камфортна ім было б жыць за кошт мужчыны і хто ў пары павінен зарабляць больш.

Надзея Маціеўская, мастачка

«Я лічу, што мужчына не павінен нікога забяспечваць, апроч сябе і сваіх дзяцей. Ужо даўно прайшоў час, калі жанчына магла сядзець на шыі ў мужа без згрызот сумлення.

У нашым грамадстве мужчына і так занадта шмат павінен. Павінен радзіме, павінен быць моцным, мужным, павінен зарабляць, павінен умець чыніць усё ў побыце. Калі разеткі, камп’ютар не працуе, у каго мы просім дапамогі? Правільна, у мужыка, што з табой жыве. Нешта цяжкае перанесці — таксама да яго. І гэта ўсё ярлыкі, якія мы чулі з дзяцінства.

Усе ціснуць на мужчын, заганяюць іх у кут. Яны баяцца быць слабымі, не разбірацца ў нечым, зарабляць менш, чым жонка. Але яны таксама маюць на гэта права. Таму я вельмі паважаю мужчын, якія не баяцца звярнуцца па дапамогу і часам пабыць слабым у нечым, нягледзячы на стэрэатыпы, якія навязала грамадства.

Вельмі спадзяюся, што ў найбліжэйшыя гады ўсё больш дзяўчат пачнуць разумець, што можна сябе рэалізоўваць не толькі як маці і захавальніца ачага, седзячы ў мужа на шыі.

Калі б я жыла за кошт мужчыны, я б сябе ненавідзела, бо разумела б, што нічога з сябе не ўяўляю і варта яму сысці — усё, я без штаноў.

Гэта страшна. Чым большая адказнасць, тым большая і ўлада. Калі ён адказвае за грошы абаіх, то ён распараджаецца маімі тратамі на сваё меркаванне».

Ганна Бонд, вядучая:

«Я думаю, што мужчына павінен утрымліваць жанчыну, калі яны ў адносінах, якія больш чым проста сустрэчы — муж і жонка, сужыцелі. Я жыла шмат гадоў з былым мужам па такім прынцыпе: твае грошы — гэта нашы грошы, а мае — гэта мае.

Для сябе я ўжо разгледзела дзве мадэлі паводзінаў у адносінах. Сёння, улічваючы, што я больш за пяць гадоў не залежу ні ад аднаго мужчыны ніводным далярам, я магу сказаць: фінансавая незалежнасць дорыць табе абсалютную свабоду. Мне не трэба прагінацца пад мужчынам, каб ён мне купіў боты, зняў кватэру, бо я — вобразна — прыехала з Рэчыцы. Ён не можа дыктаваць мне аніякіх умоваў. Натуральна, калі жанчына фінансава залежыць ад мужчыны, яна будзе прагінацца, цярпець яго выхадкі.

Але я за тое, каб мужчына ўтрымліваў жанчыну. Больш за тое, на мой погляд, ён мусіць рабіць учынкі. Нават калі жанчына нічога не просіць, мужчына мусіць сваёй увагай паказваць клопат. Гэта можа быць выяўлена і ў матэрыяльным выглядзе.

Паверце, калі ў маім жыцці з’явіцца мужчына, які зможа так прыгожа ўсё зарысаваць, я гатова варыць боршч, нараджаць дзяцей і прасаваць кашулі.

Я магу парадавацца любому падарунку ад мужчыны. Галоўнае, каб гэта зроблена было прыгожа. Не абавязкова рабіць шырокія жэсты, трэба ўлічваць магчымасці. Знак увагі для любой жанчыны важны, нават калі гэта кветкі. Канечне, я буду крыху ў шоку, калі мне падорыць нехта аўтамабіль, матацыкл (аб чым я цяпер мару больш за ўсё)…

У мяне шмат прыкладаў, калі жанчына ўтрымлівае свайго мужчыну. Для мяне гэта непрымальна. Я знаходжуся ў такім добрым узросце, калі магу дазволіць сабе і маладых мужчын, і старэйшых, але Божа барані ўтрымліваць іх — гэта нейкі мезальянс. Не мая гісторыя».

Марта Шакайла, шматдзетная маці:

«Лічу, што ніхто нікому нічога не павінен. Калі мужчына дастаткова зарабляе і яму прыемна, што яго жанчына будзе весці хатнія справы, а жанчына ў сваю чаргу згодна не працаваць, то калі ласка. Толькі б абаіх задавальняў абраны варыянт.

Асабіста мне зручна, калі ў кожнага ёсць любімая праца, а хатнія справы падзелены на дваіх. І выхаванне дзяцей таксама: таты нічым не адрозніваюцца ад мам.

На дадзены момант я ў дэкрэце і само сабой праводжу з дзецьмі больш часу. Але да дэкрэту ўсе абавязкі былі падзелены пароўну, і пасля яго застанецца гэтак жа. Бюджэт у нас агульны — сумесна плануем пакупкі і расходы.

А калі гэта адносіны па-за сям’ёй, то, вядома, вельмі прыемна, калі аплачвае мужчына.

Каб мужчына мог забяспечваць сям’ю, ён мусіць зарабляць не менш за 800 рублёў. А лепш больш».

Вольга Лета, танцоўшчыца:

«Лічу, што мужчына павінен забяспечваць жанчыну. Асабліва калі яна захварэла, сышла ў дэкрэт, вырашыла змяніць работу ці проста прысвяціць сябе сям’і, дому і ўсяму астатняму. 

Жанчыне патрэбна ад мужчыны абарона — эмацыянальная, фізічная і матэрыяльная. А мужчына адпаведна чакае ад жанчыны, што яна створыць яму атмасферу ўтульнасці, гармоніі, кахання, будзе зараджаць яго. Натуральна, калі жанчына адчувае сябе абароненай, яна будзе гарманічная, шчаслівая, удзячная.

Колькі павінен зарабляць нармальны мужчына? На кожным этапе гэта розная сума. Немагчыма чакаць ад студэнта, што ён будзе зарабляць як мужчына ў 50. Ва ўзросце ад 35 год, я лічу, трэба зарабляць ад 2000 даляраў.

У мужчын хватка на грошы, у іх мозг інакш працуе. Калі жанчына пачынае працаваць, як мужчына, яна становіцца не асабліва цікавай яму. Яна пачынае валіць, яе успрымаюць як мужыка. Вельмі цяжка пры гэтым заставацца жаноцкай.

У мяне была сітуацыя ў другім шлюбе, калі мужчына нашмат менш зарабляў, і ў нас на гэтай глебе былі пастаянныя канфлікты. Напрыклад, я дазваляла сабе нашмат больш — магла зрабіць сабе працэдуру на 100 даляраў, а ў яго заробак умоўна 150. У нейкіх рэчах мы адно аднаго не разумелі.

У ідэале, каб муж і жонка або аднолькава зараблялі, або мужчына зарабляў больш. Калі жанчына больш, я не ведаю — круціцеся як хочаце».

Дар’я Афанасьева, феміністка:

«У 21 стагоддзі ўжо даўно ніхто нікому не павінен. Мы рухаемся ў кірунку адмовы ад гендарных стэрэатыпаў, дзе жанчына — захавальніца ачага, а мужчына — здабытчык і паляўнічы на замарожаную курыцу ў супермаркеце.

Важна толькі тое, аб чым дамовіліся муж і жонка ўнутры сям’і. Калі ім абаім камфортна знаходзіцца ў такіх адносінах, то чаму не.

У нас прывыклі лічыць, што жанчына, якую забяспечвае мужчына, цэлымі днямі п’е каву ў кавярні ды манікюр робіць. Але яна гэтак жа працуе, дома, толькі не зарабляе грошы.

Калі мужчына забяспечвае жанчыну, 100% ёсць пагроза яе фінансавай незалежнасці. Чым даўжэй перапынак у працоўнай дзейнасці, тым складаней потым атрымаць работу. За час перапынку часам страчваюцца тыя прафесійныя навыкі, якія можна атрымаць толькі доследным шляхам. Гэтым жанчына і рызыкуе: у адзін момант застацца адной, без магчымасці працаўладкавацца на добра аплатнае месца, без зберажэнняў».

Ганна-Марыя Эгліт, дызайнерка:

«Мужчына не павінен, але калі ён разумее, што хоча і можа ўзяць на сябе адказнасць за дабрабыт жанчыны, хоча, каб яна была задаволена і радавала яго, давала яму больш сіл на здзяйсненне новых подзвігаў — канечне, гэта ідэальная гісторыя.

У нармальных парах мужчына пачынае заляцацца да дзяўчыны і дабіваецца яе. У працэсе знаёмства ён мусіць разумець, ці зможа ён даць сваёй жанчыне тое жыццё, да якога яна прывыкла, як мінімум, і ці зможа яго палепшыць.

Калі ж адносіны перарастаюць у сужыцельства і стварэнне сям’і, куды лепш бачыць побач задаволеную жанчыну, чым тую, якая крыўдзіцца ад недахопу ўвагі. Бо мы вельмі шмат сіл трацім на любімых мужчын.

Усе фінансавыя траты залежаць ад магчымасцяў і жаданняў пары. Калі любіце гуляць «гучна», а фінансы асабліва не дазваляюць, то трэба дамаўляцца пра сумесны бюджэт. Калі ж ёсць магчымасць адпачываць за кошт мужчыны і ён цалкам бярэ на сябе адказнасць, канечне, гэта яму плюс. А жанчына ўжо глядзіць, куды яна патраціць свае грошы.

Бываюць розныя сітуацыі ў жыцці. Сёння твой мужчына паспяховы і дорыць табе дарагія падарункі, а заўтра адбываецца незапланаваны крызіс. У такія цяжкія моманты добра, калі жанчына мае сваё хобі або работу, бізнэс і можа падтрымаць.

Я не прымаю ўтрыманак і не прымаю мужчынскую пазіцыю «сядзі дома, я ўсё сам»! Часам «я сам» вядзе да нечаканых паваротаў, і калі мужчына не можа выбрацца з фінансавага крызісу, пачынаюць пакутаваць двое. А калі ёсць дзеці, то гэта наогул крах».

Ірына Баранава, інжынер-эканаміст:

«Сёння дамінуе ідэя роўнасці палоў, правы і абавязкі — адны на ўсіх, а феміністычныя ноткі гучаць ва ўсіх слаях грамадства.

Безумоўна, жыццё жанчыны моцна адрозніваецца ад мужчынскага, галоўным чынам, магчымасцю даць жыццё іншаму чалавеку, і выдаткамі, якія спадарожнічаюць гэтым цудоўным абставінам. Падчас дэкрэтнага адпачынку жанчыне проста неабходна дапамога, і гэта пытанне не толькі грошай і матэрыяльных даброт.

Але калі адысці ад тэмы сям’і і дзяцей, адносін у шлюбе ці без яго, варта задумацца, ці мае сэнс «утрыманства».

Калі паглыбіцца ў псіхалогію, то гэта будуць адносіны не дарослых людзей, а дарослага і дзіцяці, што часта сустракаецца ў нашых сем’ях, але не мае нічога агульнага са здаровым саюзам.

Больш за тое — што для мяне і з’яўляецца галоўным аргументам, — жанчына можа страціць цікавасць да жыцця, свае амбіцыі, індывідуальнасць, стымулы да кар’ернага і асабіста росту. Усё добра ў меру, і да ўсяго варта б падыходзіць з халоднай галавой».

Наталля Лубнеўская

Каментары
Alisa / Адказаць 23.11.2019 / 19:00

У нашай сям'і - так, муж зарабляе - і мне аддае)) ну гэта ж так прыемна )) не маю нічога супраць

132
Нейкі чалавек / Адказаць 23.11.2019 / 19:18

Я думаю, што ўсё залежыць ад таго, гэта жанчына ці індывід жаночага полу. Калі індывід жаночага полу курыць, п'е і мацярыцца на ўзроўні індывіда мужчынскага полу, дык пра якія прэферэнцыі можна гаварыць? Роўныя - значыць роўныя. Які дурань такую мужыкаватую істоту будзе ўтрымліваць? Пакарыстаецца хіба толькі. Калі ж гаворка ідзе пра жанчыну, пяшчотную, добрую, прыгожую, разумную, дык кожны сапраўдны мужчына будзе яе не тое што ўтрымліваць - ён будзе яе на руках насіць.

24
Лістападаўскі Ґаспадар / Адказаць 23.11.2019 / 19:19

........ табе за каўнер ганначка. Нічога мужчыны тАБЕ не павінныя.

12
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні