Праект партала
Гісторыі У Мінску выбіралі Каралеву XL. Гонза-рэпартаж з месца падзей ФОТЫ11
26.09.2019 / 15:21

146 прыгажунь, якія маюць памер адзення, большы за 46, у тым ліку і я, журналістка «Нашай Ніны» Наталля Тур, сабраліся на кастынг у «Галерэі ДК».

Перад тым, як паказацца на вочы журы, дзяўчат старанна рыхтавалі візажысты і цырульнікі 

Мэта кастынгу — у ліку пяці беларусак трапіць на міжнародны конкурс прыгажосці Top of the World Plus Size, які адбудзецца ў Кіеве ў лістападзе.

Да лістапада застаецца вельмі мала часу, а перад журы стаіць, здаецца, невыканальная задача: выбраць са 146 дзяўчат усяго пяць, навучыць іх мастацтву дэфіле, уменню трымацца на сцэне, адказваць на пытанні, пазіраваць фатографам, прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне.

16.00: чарга збіраецца

У 16.00, а менавіта ў гэты час пачынаўся кастынг, на ўваходзе сабралася сапраўдная чарга. Дзяўчаты запаўнялі неабходныя дакументы і чакалі, калі ж ім выдадуць запаветны нумарок, які для кагосьці дакладна стане шчаслівым.

Мне дастаўся нумар 29.

Некаторыя дзяўчаты ў чарзе прызнаваліся, што ніхто з іх родных і блізкіх не ведае, што яны сёння на кастынгу. І што гэта для іх сапраўдная авантура. А кагосьці прыводзілі за руку хлопцы, сябры.

Перада мной у чарзе стаяла дзяўчына, якую абдымаў хлопец, гладзіў яе па спіне і прыгаворваў: «Не хвалюйся, усё ў цябе атрымаецца, бодзіпазітыўная ты мая».

16.45: «Праходзьце на макіяж і прычоску»

Трэба адзначыць, што арганізацыя конкурсу нечакана здзівіла. Перад тым, як паказацца на вочы журы, дзяўчат прыводзілі да толку візажысты і цырульнікі. Плойкі, прасікі для валасоў былі гарачыя да немагчымасці, лак для валасоў ствараў воблака ў невялікай грымёрцы. І паўсюль фатографы, фатографы, фатографы…

Перад тым, як паказацца журы, дзяўчат інструктавала стыліст праекту Кацярына Гардзеева.

Парады былі простыя: не хвалюйцеся, усміхайцеся, будзьце сабой, будзьце шчырымі.

Яна падзялілася з «Нашай Нінай»:

«Калі мяне запрасілі на праект, я з задавальненнем сюды прыйшла. Два гады таму я рыхтавала Яўгенію Цюленеву для ўдзелу ў конкурсе ў Сінгапуры. І той досвед проста перакуліў мой свет. Вы б ведалі, якія дзяўчаты падалі заяўкі, што яны пісалі ў сваіх анкетах, я адчула кожную гісторыю, і я магу адказаць за сябе, што я і наша ўся каманда зробіць усё, каб карона прыехала ў Беларусь», — расказвае Кацярына Гардзеева.

І яна прызнаецца, што падчас папярэдняга адбору ў яе з’явіліся фаварыткі.

«Дзякуй богу, што я не ў журы, таму магу казаць пра тое, што, сапраўды, я адзначыла для сябе некаторых дзяўчат. Яны смелыя, яны ва ўсіх сэнсах пазітыўныя, яны любяць сябе, успрымаюць сваю прыгажосць», — дзеліцца Кацярына Гардзеева.

Кацярына расказвае, што конкурс «Каралева XL» нічым не адрозніваецца ад стандартных конкурсаў прыгажосці: тыя ж нервы, выпрабаванні.

«Пяцярых дзяўчат, якія пройдуць адбор, чакае сур’ёзная праца. З імі будуць працаваць не толькі стылісты і настаўнікі па дэфіле, а таксама псіхолагі, рэжысёры. Часам падрыхтоўка будзе вымагаць вельмі шмат часу. Яўгенію Цюленеву мы часам рыхтавалі і да трох ночы, і да раніцы. Але я не пужаю нікога. А ад сябе магу сказаць тым, хто прыйшоў на кастынг: адчувайце сябе каралевай, вы выходзіце на сцэну не змагацца за яе, а яна ўжо на вас», — падсумавала Кацярына Гардзеева.

17.30: пытанні ад журы

Праз гадзіну, якая, дарэчы, прайшла абсалютна незаўважна, першая пяцёрка ўдзельніц накіроўваецца да журы.

Перад журы ва ўдзельніц была задача цягам адной хвіліны зацікавіць сваёй асобай.

На што толькі не ішлі ўдзельніцы: і спявалі, і танцавалі, і садзіліся на шпагат!

Пры гэтым гэта была самая простая частка кастынгу. Далей ішлі пытанні ад журы, некаторыя з іх, натуральна, ставілі ўдзельніц у тупік.

Падчас кастынгу ў мяне пыталіся, ці ўсур'ёз я гэта раблю.

Напрыклад, журы пыталіся: «Вас дражнілі ў дзяцінстве?», «Вы спрабавалі худзець?», «Вы лічыце сябе тоўстай?», «Як вы думаеце, вы прыгожая?, «Як будзе рэагаваць на крыўдныя каментары, якія абавязкова будуць?», «Нашто вам карона?», «Што вы скажаце ў сваёй прадмове, калі карона будзе на вас?».

Мяне дырэктарка конкурсу Яўгенія Цюленева пазнала — даводзілася рабіць з ёй інтэрв’ю. Яна спыталася:

«Наталля, а для вас кастынг — гэта ўсур’ёз ці проста тэма для рэпартажу?»

Ну што тут сказаць? Гэта заданне два ў адным. І карысна, і прыемна, і нязвыкла. Хвалявання не было зусім. Журы — вельмі прыемныя людзі, у якіх не было задачы заваліць цябе як на іспытах у школе ці інстытуце. Яны сапраўды з цікавасцю слухалі гісторыі кожнай удзельніцы.

17.50. «Ой, дзяўчаты, што гэта было?»

З’яўленне ў грымёрцы першых пяці гераінь выклікае ажыўленне.

Іншыя ўдзельніцы абступаюць і пытаюцца, ці не страшна было, а што пыталіся, а што адказваць, а як стаяць.

«Ой, дзяўчаты, нешта я ўжо не ўпэўненая, што хачу гэтага конкурсу», — у роспачы прамаўляе адна з удзельніц.

«І я, за мяне сястра заяўку напісала — я і пайшла», — прызнаецца яшчэ адна дзяўчына.

Трэба сказаць, што ўдзельніцы сабраліся абсалютна непадобныя адна да адной: рознага росту, узросту (па ўмовах, можна было падаваць заяўкі тым, каму ад 20 да 40 гадоў), розных прафесій (ад настаўніцы да спявачкі) і, што асабліва заўважна, абсалютна розных памераў.

У некаторых журы нават пыталіся: «А вам не здаецца, што вы крыху не дацягваеце да мадэлі плюс сайз?»

Пасля кастынгу — асаблівая ўвага прэсы: тут і інтэрв’ю газетам і тэлеканалам, і фота для інтэрнэт-выданняў. І зноў пытанні, пытанні, пытанні. Журналісты пыталіся пра тое, ці прыціскаюць правы жанчын з нестандартнай знешнасцю, ці цяжка жывецца з аб’ёмам сцёгнаў больш за 120 сантыметраў у сучасным свеце, ці параілі б сабе ці каму іншаму пахудзець?

18.30: падцягваецца цяжкая артылерыя

Прашу прабачэння за гэта каламбур, але сярод удзельніц кастынгу былі і ўжо цалкам прафесійныя плюс-сайз мадэлі, напрыклад, Марыя Разумава. У адрозненне ад астатніх удзельніц, якія сціпла прыйшлі на кастынг у чорных штанах і чорнай цішотцы, Марыя ўварвалася ў адным бодзі. З парогу прызналася: «Я хачу карону».

Ванэса Марская — адна з самых запамінальных удзельніц кастынгу.

Таксама звярнула на сябе ўвагу Ванэса Марская, яна дакладна была любіміцай усіх фатографоў — цемнаскурая мулатка. Яна сказала:

«Худым прыгожай быць лёгка, а вы паспрабуйце быць прыгожай у вялікім памеры. Дзякуй богу, у мяне гэта атрымліваецца», — засмяялася Ванэса.

19.00 кастынг яшчэ не закончыўся

У 19.00 у грымёрках больш свабодна не стала. Усё яшчэ шмат дзяўчат чакалі сваёй чаргі на кастынг.

Чакаць заканчэння было неабавязкова.

Журы падвядзе вынікі адбору 30 верасня.

Яны адбяруць каля 30 дзяўчат, якіх чакае яшчэ адзін папярэдні кастынг. І толькі з тых 30 застанецца пяць беларусак, якія змогуць прымерыць на сябе карону XL.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні