Праект партала
Гісторыі «Адна бабуля завяшчала, каб яе хавалі пад Селін Дыён». Вядоўцы рытуальных цырымоній расказваюць пра сваю работу1
20.09.2019 / 11:50

Гэтых вядоўцаў не замаўляюць за паўгода, хоць іх работа заўсёды запатрабавана і не мае сезоннасці. Мы пагутарылі з арганізатарамі рытуальных цырымоній, якія працуюць у мінскім крэматорыі, — пра складанасці прафесіі, пахавальныя прыкметы, дарагія труны і музыку Селін Дыён на развітанні.

Пік пахаванняў — снежань і люты

Наталля Будай працуе ў крэматорыі 15 гадоў.

У сярэднім у крэматорыі праводзяць 20 пахавальных цырымоній на дзень. Сюды прыязджаюць не толькі з усёй Беларусі, але і з Калінінграда, Смаленска.

Самы загружаны дзень — аўторак: у выходныя не працуюць моргі, і даведкі аб смерці блізкіх людзі атрымліваюць толькі ў панядзелак. Калі па сезонах, то больш за ўсё пахаванняў прыпадае на снежань, менавіта перад Новым годам, і люты (у канцы зімы шмат суіцыдаў).

«Мы не прымаем нябожчыкаў без дакументаў аб смерці, бо гэта крэмацыя. Калі чалавека пахавалі ў зямлю і ўзніклі нейкія пытанні, заўсёды можна зрабіць эксгумацыю. А тут ужо не», — уводзіць у курс справы Наталля Будай, якая працуе арганізаркай рытуалу ўжо 15 гадоў.

У пасведчанні прычына смерці запісана кодам. У руках Наталлі дакумент з літарай С — рак. Жанчына заўважае: анкалогія тут сустракаецца штодня.

«Мы ведаем пра нябожчыка толькі тое, што скажуць сваякі. Калі жонка хавае мужа, пытаюся, ці можна сказаць аб ім як аб любячым. Пытаюся не з цікаўнасці, а каб не сказаць падчас развітання чагосьці лішняга. Даведваемся, ці ёсць нейкія рэгаліі, граматы, ордэны. Але найперш менавіта чалавечыя якасці цікавяць.

Калі нябожчык не быў добрым і чулым, як правіла, нічога не кажам. Можна проста даць хвіліну маўчання, каб кожны для сябе нешта ўспомніў», — дзеліцца Наталля.

Негатыў на цырымоніях не агучваюць. Арганізатары маюць права адмовіцца зачытваць некарэктныя тэксты.

Разборкі ў пахавальнай зале? Часам бывае і такое. Напрыклад, сям’я не хацела бачыць кагосьці з сяброў на развітанні, а яны прыйшлі, ці сутыкнуліся каханкі.

Забараніць камусьці прысутнічаць на цырымоніі тут не могуць: кожны мае права развітацца. На пахаванні ў крэматорый прыходзяць нават крышнаіты ў суправаджэнні пастара і пачынаюць танчыць і спяваць.

«На маёй памяці бойка была адзін раз, — расказвае суразмоўніца. — Трое дзяцей — дзве дачкі і сын — хавалі маму. Жаданнем мамы была крэмацыя, каб яе маглі падхаваць да мужа. І дочкі выканалі гэту волю. А сын стаў біцца з імі і абзываць фашыстамі. Але такое бывае вельмі рэдка».

«Нябожчык пасля працы сніўся толькі аднойчы»

Моды на пахавальныя ўборы няма. Але ёсць традыцыі. Маладых дзяўчат дагэтуль нярэдка хаваюць у вясельных сукенках, а хлопцаў — у касцюмах з бутаньеркамі.

«Асабістыя рэчы вельмі часта кладуць — гадзіннікі, пярсцёнкі, ланцужкі. Але я раю забраць і пахаваць іх разам з урнай. Так людзі будуць спакойныя, што рэчы ніхто не забраў і яны засталіся пры нябожчыку. Прыносяць цацкі — нават пажылым людзям. У нас жанчыну хавалі, якая ўсё жыццё збірала мяккія цацкі. Іх цэлы чамадан наклалі. Нехта любіў цукеркі, печыва, фрукты — таксама прыносяць. Мы толькі не дазваляем класці запальнічкі і спіртное».

У пахавальныя прыкметы Наталля не верыць.

«Заўсёды кажу: памятайце, што іх калісьці прыдумалі людзі. Вось, напрыклад, прыкмета, што блізкім нельга рукі і ногі нябожчыку развязваць, бо той забярэ іх з сабой. Але ж больш акуратна, чым родныя людзі, гэтага не зробіць ніхто.

Некаторыя баяцца, што памерлы ім будзе сніцца. Як бацюшкі кажуць, нябожчык сніцца тады, калі вы пра яго забываеце. Ён хоча напомніць пра сябе, каб вы схадзілі паставілі за яго свечку, а не для таго, каб вас забраць на той свет».

Арганізатарка рытуалу ўспамінае, што ёй нябожчык пасля працы сніўся толькі аднойчы. Кліенты не папярэдзілі, што мужчына загінуў ад узрыву газавага балону, і калі адкрылі века труны, жанчына ўбачыла моцна абпалены твар. Гэты вобраз не пакідаў яе ў тую ноч.

Зрэшты, ёсць адна прымета, якой Наталля баіцца, — разбітае люстэрка.

«Я за сваё жыццё два разы яго разбівала. Першы — калі мне было гадоў 10. Брат у гэты ж дзень страшна зламаў руку — аперацыю перанёс, потым тры месяцы на расцяжцы быў. І другі раз здарыўся некалькі гадоў таму. 31 снежня я збіралася ранкам на працу, фарбавалася і люстэрка паклала на калені. Яно ў мяне ўпала, і адкалоўся вугалок. Я старалася не думаць пра яго, выкінула адразу. Муж якраз быў выхадны. Ён вельмі любіць салату пад шубай, думаю, трэба напомніць, каб сялёдку пачысціў. Узяла тэлефон у рукі — а тут муж сам звоніць. «Добры дзень, вас турбуюць з рэанімацыі 10-й бальніцы». Я і села. Аказалася, муж моцна атруціўся. На прыпынку чакаў транспарт, стала дрэнна, і хуткую выклікаў нехта з мінакоў».

Музыка, якая звычайна гучыць у крэматорыі на развітанні, — гэта «Адажыа» Альбіноні.

«Яно і не жалобнае, і не вясёлае. Залатая сярэдзіна. Сваю музыку людзі таксама прыносяць. У мяне вунь дыскаў цэлая куча — іх жа пакідаюць.

Тут і пад Бернэса развітваліся, і пад Высоцкага. Аднойчы бабулю хавалі, 88 гадоў, яна вельмі любіла «Тытанік» з Ды Капрыё і завяшчала, каб развітанне было пад Селін Дыён».

«Усе паміраюць аднолькава — шышка ён ці бяздомны»

Наталля заўважае: гора ва ўсіх рознае. Няма шаблону. Але заўсёды бачна, калі чалавек сумуе шчыра, а калі яму ўсё роўна і слёзы цякуць, бо так мусіць быць на развітанні.

Арганізатарам цырымоній плакаць нельга.

«Але на дзіцячых рытуалах немагчыма без слёз. Як маці выказаць спачуванні? Ты не знойдзеш патрэбных слоў. Але пакуль ты ў зале, стараешся трымацца, бо людзям і так цяжка. Ужо выходзіш, выплачашся.

Калі мужчыны плачуць, таксама наварочваюцца слёзы. Але ў сілу прафесіі разумееш, што не можаш сабе дазволіць гэтага. Ты на цырымоніі для таго, каб супакоіць, у цябе павінна быць халодная галава. Гора ў іх, а ты не павінна сабе дазволіць расслабіцца».

Што сабой уяўляе раскошнае пахаванне? Ваенны аркестр? Наталля адмахваецца: ён тут ледзь не кожны дзень бывае, ваенкамат выдзяляе музыкаў на развітанні з заслужанымі ветэранамі.

«Што тычыцца багатых пахаванняў, то бачна, што труна дарагая, вянкі. У нас неяк дзеці хавалі маму, і сын хацеў усё самае лепшае. Былі толькі белыя ружы, белая труна, як саркафаг, на адзін бок адчынялася. Але не адчувалася пафасу — сын проста хацеў маме аддаць апошнюю даніну.

А пафас — гэта калі людзі фанабэрацца тым, што ўзялі самае лепшае. Але ў крэматорый, па вялікім рахунку, нічога дарагога не купляюць. Гэта ж крэмацыя. Калі тут з Кулінковічам развітваліся, у яго была самая звычайная стандартая труна».

У залах крэматорыя часта праводзяць пахавальныя цырымоніі мастакоў і паэтаў. Развітацца з калегамі прыходзілі Расціслаў Янкоўскі, Шура Вергуноў — усіх Наталля ўжо і не ўспомніць.

«Мы стараемся не трымаць у сабе гэта. У рэшце рэшт усе паміраюць аднолькава — шышка ёй ці бяздомны. І да ўсіх у нас аднолькавае стаўленне».

«Мама таксама працуе ў крэматорыі — замуроўвае прах у сцяну»

Што такое праца ў пахавальнай сферы, Наталля ведае з дзяцінства. Яе мама ўдзельнічала ў будаўніцтве крэматорыя і дагэтуль тут працуе — замуроўвае прах у сцяну.

Сама Наталля адвучылася на мантажніка радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў шырокага профілю.

«А потым 1995 год, скарачэнні на заводах, і я пайшла працаваць у кіёск. А пасля ў сталовую тэхналагічнага ўніверсітэта. Сышла ў дэкрэт, потым туды ж на месца вярнулася. Але ўсё было вельмі сумна па грашах і па графіку, я сына вельмі рэдка бачыла. Мама агаварылася: у нас месца вызваляецца, паспрабуеш? Мяне папрасілі падысці, паслухалі, каб голас быў — так я і засталася. Але я цудоўна разумела, куды іду», — расказвае арганізатарка.

Сваю першую вялікую цырымонію яна вяла на Кальварыйскіх могілках — там маці хавала сына, які загінуў у Амерыцы. Памятае яна і першы буйны рытуал, на якім прысутнічала ў крэматорыі. Развітваліся з супрацоўнікамі тэхналагічнага ўніверсітэта, таго самага, дзе раней працавала Наталля, — тры чалавекі разбіліся на аўто.

Псіхолага ў штаце крэматорыя няма. Як спраўляцца са стрэсам?

«Правіла нашых калег — калі сядаем у аўтобус, стараемся менш успамінаць негатыву. Выехалі за вароты — усё, пра работу больш не гутарым. Абмяркоўваем, хто што гатаваць сёння будзе, куды пойдзе, — дзеліцца Наталля. — У мяне сяброўка псіхолаг. Кажа: уяві, што ты стаіш перад вадаспадам і бачыш ваду перад сабой. Вось гэта мне дапамагае ў складанай сітуацыі. Нават у зале, бывае, прымяняю».

Працу ў крэматорыі не ўсе вытрымліваюць. Неяк дзяўчына прыйшла сюды пасля трактарнага завода. Адпрацавала два гады і звольнілася: зразумела, што ўсё ж такі на заводзе ёй было камфортней. Яшчэ адзін хлопец сышоў з рытуальнага бізнэсу ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна.

Па словах Наталлі, работа ў пахавальнай сферы дадае ў характар здаровага цынізму і вучыць разбірацца ў людзях. Але ад таго, што кожны дзень бачыш смерць, хаваць блізкіх лягчэй не становіцца.

«Усе знаёмыя ведаюць, дзе я працую. І я павінна быць моцнай. Я адчуваю, што ад мяне гэтага чакаюць. Але калі блізкі сыходзіць, цяжка, да гэтага не прывыкнеш ніколі».

«Калі быў вайскоўцам, атрымліваў менш, чым прыбіральшчыца крэматорыя»

Былы вайсковец Аляксей Мараў прыйшоў у сферу рытуальных паслуг, бо шукаў лепшы заробак.

Сярод арганізатараў рытуалу сустракаюцца і мужчыны. Аляксей Мараў у гэтай прафесіі чатыры гады. Раней працаваў у мінскім крэматорыі дворнікам, закрываў векі трунаў, а калі месца арганізатара вызвалілася, папрасіўся на яго. Успамінае, як пасля навучання яму зладзілі тайную праверку: у зале на балконе ціха стаяла адміністрацыя і сачыла, як мужчына праводзіць рытуал.

«Я наогул 12 гадоў прапаршчыкам служыў. Потым сышоў па заканчэнні кантракта, бо маленькія заробкі былі.

Ва ўсіх меркаванне, што вайскоўцам плацяць шмат грошай — не, гэта няпраўда. Я ў 2011-м атрымліваў менш, чым прыбіральшчыца ў крэматорыі — прычым утрая!

Папрацаваў на заводах, потым на біржу звярнуўся, і мне прапанавалі работу ў крэматорыі. Блізкія спачатку шакаваныя былі, а пасля супакоіліся.

Сваякам нябожчыка мы стараемся дапамагчы не эмацыйнай падтрымкай, а інфармацыяй. Тлумачым іх далейшыя крокі пасля развітання — куды захаваць урну, якія дакументы аформіць, каб вывезці яе за мяжу, — каб ім не трэба было камусьці штосьці даплачваць за тое, што яны і самі могуць зрабіць.

Спачатку было цяжка: ты паглыбляешся ў гэту атмасферу. Потым выпрацоўваецца імунітэт, вучышся выбудоўваць нябачную сцяну, бо гэта не тваё асабістае гора. Хаця, ведаеце, я ўжо быццам адчуваў, што прывык да ўсяго, а літаральна пару месяцаў таму мой сябар памёр ад сардэчнага прыступу. Сваякі прывезлі яго на крэмацыю, і я сам вызваўся правесці рытуал, бо добрыя словы аб ім лепш за мяне ніхто сказаць не змог бы. Гэта было вельмі цяжка. Пасля я сказаў, што да сваіх знаёмых вядоўцам на пахаванне больш не пайду.

Ёсць цырымоніі, якія запамінаюцца. На адной з такіх хавалі алкаголіка. І на ёй, акрамя сваякоў, прысутнічаў бомж, відаць, сабутэльнік памерлага. Але ён быў цвярозым, памытым, прынёс маленькі танны вянок і стаяў плакаў.

Што ў маім жыцці змянілася? Я практычна перастаў сварыцца з людзьмі. А калі такое здараецца, не трымаю зла і стараюся, каб сварка доўга не цягнулася. Бо, па маіх назіраннях, на пахаваннях многія плачуць не па нябожчыку, а па тым, што нешта з гэтым чалавекам не паспелі вырашыць і ўвесь час патрацілі на крыўды, а не на зносіны».

«Людзі з намі сварацца з-за таго, што не паспяваюць у кафэ за стол»

Арганізатарка рытуалу Валянціна Шніп раней шыла абутак.

Валянціна Шніп ўладкавалася ў крэматорый паўтара года таму. На цырымоніях яна — у фірмовым сінім касцюме, пашытым адмыслова для арганізатараў рытуалу, і з уласным талісманам — бранзалетам з гравіроўкай «выратуй і збаў».

«Па прафесіі я шавец. Але такі наш такі век — шаўцоў скарачаюць, хутка ўсё будзе друкавацца на прынтары. Сюды прыйшла па знаёмстве, сяброўка тут працавала.

Арганізатар — не лёгкая работа. Першы час, канечне, страшнавата было, а цяпер ужо прывыкла. Стараюся не запамінаць цырымоніі. Бывае, з залы выходжу, нават не памятаю, з кім развітваліся. А любімы занятак, каб увечары абстрагавацца ад работы, — вязанне.

Бывае, на рытуалах не стрымліваешся. Калі немаўлят хаваюць, вельмі цяжка. Стаіш і разам з усімі плачаш.

Няшчырасць і абыякавасць на пахаваннях бачу. Бывае, нападпітку прыходзяць на рытуалы. А мы ж не маем права не пусціць — чалавек прыйшоў развітацца з маці. Часам людзі з намі сварацца з-за таго, што не паспяваюць у кафэ за стол!

У нас рэгламент — 45 хвілін на цырымонію. А там ужо залежыць ад людзей. Адным колькі часу ні давай, ад пастамента не адыдуць, пакуль мы не прыйдзем закрываць века труны. А ёсць такія, што пакінеш развітацца, заходзіш праз 10 хвілін — ужо пустая зала».

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

Каментары
лявон / Адказаць 04.06.2023 / 17:27

закрывау веки трунау что это значит?

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні