Праект партала
Густ «Мяне прыводзяць у шаленства трэнікі з лампасамі». Дызайнерка з Віцебска — пра стыль беларускіх мужчын 21
16.09.2019 / 11:51

Віцебская дызайнерка Людміла Тараканава — наватарка ў сферы мужчынскай моды. На яе паказах можна ўбачыць хлопцаў-мадэляў, адзетых у спадніцы і доўгія тунікі, ружовыя кашулі і светлыя футры. Мадэльерка падзялілася сваімі назіраннямі аб стылі беларускіх мужчын (кансерватызм — наша ўсё) і апошніх модных трэндах (запасайцеся кепкамі таксістаў і даўгімі паліто).

Людміла Тараканава — дызайнерка, дацэнт кафэдры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Фота Дар'і Ратушынай.

Пра беларускіх мужчын на вуліцах

Перш за ўсё заўважаю, што мала дагледжаных мужчын. У асноўным яны замарочаныя нейкімі клопатамі і мала ўвагі надаюць свайму знешняму выгляду. Яны прывыклі адзявацца ў практычныя рэчы, джынсы, майкі, мала хто прадумвае вобраз. Мне хацелася б, каб мужчыны больш цікавіліся падборам аксесуараў: рамянёў, заплечнікаў, партфеляў, папак.

У Еўропе, напрыклад, вялікую значнасць надаюць якасці касцюма. Хай гэта будзе дарагая рэч, але яна будзе насіцца доўгі час. На жаль, у сувязі з бытам, можа, нейкімі фінансавымі абставінамі, нашы мужчыны гэтаму не надаюць увагі.

Паказ Людмілы Тараканавай у рамках Беларускага тыдня моды. Фота Волі Афіцэравай.

Пра тое, чаму нашы мужчыны не цікавяцца модай

Думаю, усё закладваецца на ўзроўні выхавання. Наша асяроддзе сцірае магчымасці навучыць юнакоў звяртаць на сябе ўвагу, няма культуры значнасці касцюма. У той жа Італіі перавага аддаецца дзелавому стылю. Зразумела, што знешні выгляд офіснага супрацоўніка і рабочага будзе адрознівацца. Але нават калі ты глядзіш на тамтэйшага манцёра, ён таксама добра апрануты, няма гэтай «абыякавасці». Усё чыста, акуратна. Напэўна, таму, што большасць італьянцаў мае магчымасць хутчэй змяняць касцюм.

А нашы мужчыны прывыклі адзяваць адну і тую ж рэч. «Навошта ты мне новую кашулю прапануеш? У мяне ёсць ужо». Пакуль яны абутак не сатруць дашчэнту, калі ўжо падэшвы адвальваюцца, яны нічога іншага сабе не купяць.

Беларускіх мужчын складана адзяваць. Растлумачу чаму. Калі мужчына прывык насіць штаны з пасадкай на сцёгнах, ты ніякай тэндэнцыяй яго не пераканаеш. Беларусы вельмі ўпартыя. Самцы, груба кажучы. Адзінкі могуць пачуць меркаванне старонняга чалавека.

Складанасць яшчэ ў тым, што нашы мужчыны прывыклі да нязменнасці асартыменту. Калі хтосьці носіць майкі, спатрэбіцца шмат часу, каб пераканаць яго, што цяпер модныя кашулі. Ён павінен убачыць, што гэтая кашуля з'явілася ў свата, брата, сябра, і потым толькі пачне думаць: чаму б і мне гэта не займець? Спрацоўвае нейкая калектыўнасць.

Пра апошнія трэнды

На першы план выходзіць спартовы стыль. І мужчыны падтрымліваюць гэты трэнд. Чым менш часу на сябе затрачваюць, тым больш ім гэта падабаецца.

Калі сачыць за вастрамоднымі напрамкамі, то вяртаецца паліто са спушчанай лініяй пляча ў духу 60-х гадоў. Актуальная даўжыня паліто і плашчоў — ніжэй за калена. Замест завужаных штаноў у трэнд уваходзяць шырокія, так званыя трубы або сілуэту морква (са складкамі наверсе). Папулярныя штаны-кюлоты — шырокія і ўкарочаныя. Яны добра міксуюцца з фуфайкамі.

Вельмі модныя бомберы з рознага матэрыялу — трыкатажныя, скураныя, драпавыя. А таксама вязаныя рэчы: стаўку трэба рабіць на буйное, фактурнае пляценне.

Трэнд на буйную вязку і кветкавы прынт. Фота Волі Афіцэравай.

Актуальныя будуць пінжакі з двухбортнай зашпількай, на адзін ці два шэрагі гузікаў. Калі раней акцэнт рабіўся на абляганні, то зараз на павелічэнні плечавага пояса — вяртаемся да трохі мехаватых пінжакоў 90-х гадоў.

Фота vogue.ru.

У трэндзе і мужчынскія кашулі з каўнярамі на стойцы на два гузікі і з падоўжанымі вугламі каўнерыкаў у духу 70-х. Вельмі папулярныя гольфы — іх носяць пад плашч або пінжак. Смела глядзяцца кантрасныя спалучэнні: калі ў вас плашч малочнага колеру, то гольф можа быць малінавы, лімонны, блакітны. Моналукі (калі ўвесь вобраз падабраны ў адным колеры. — Nina) таксама застаюцца ў трэндзе. Толькі выбіраць лепш не кідкія колеры, а стрыманыя, высакародныя, насычаныя — напрыклад, цёмна-фіялетавы. Акцэнт трэба рабіць на спалучэнні розных матэрыялаў і фактур.

З абутку ў першую чаргу ў модзе красоўкі. На дадзены момант гэта незаменная рэч. Лоферы (туфлі закрытага тыпу), конверсы (высокія кеды) таксама актуальныя. Іх добра падбіраць па кантрасце — напрыклад, пад чорныя штаны і чорны швэдар абуваць чырвоныя ці сінія конверсы.

Яшчэ ў модзе кепкі, якія раней насілі таксісты — чатыры- або шасціклінкі, са скуранымі брылямі.

Вялікі акцэнт робіцца на эка-дызайн. Натуральная скура замяняецца эка-скурай на трыкатажнай аснове.

З малюнкаў актуальныя кветкавы і заалагічны матыў (леапард, зебра). Гэта можа быць камізэлька з прынтом, гальштук, папка або рэмень — і гэтага будзе дастаткова.

Ведаеце, што мяне здзівіла ў Берліне? Масцеркі з сінімі, чырвонымі, зялёнымі ўстаўкамі і з аб'ёмнымі рукавамі, якія мы насілі ў 90-я гады, там цяпер проста на ўра. Яны разбіраюцца на барахолачных рынках у першую чаргу.

Пра мужчынскія спадніцы і кансерватараў

Мужчынскія спадніцы і тунікі купляюць, як правіла, творчыя людзі — вядучыя, акцёры, якія ведаюць, што мужчыны раней насілі такія рэчы. У 18—19 стагоддзях касцюм называўся сукенкай. З часам мужчынская сукенка перайшла ў жаночы гардэроб. І зараз я хачу вярнуць гэтую сітуацыю, паказаць, што спадніцы могуць прыгожа глядзецца не толькі на дзяўчатах. Я ж не прапаную адзяваць спадніцы на голае цела — я выпускаю іх у камплекце з іншымі рэчамі, штанамі, напрыклад.

Насельніцтва ў нас дзеліцца на тры катэгорыі спажыўцоў: авангардысты, памяркоўныя і кансерватары. Дык вось большасць нашых мужчын — гэта кансерватары, на жаль. Авангардыстаў, я думаю, працэнтаў пяць, не больш.

Чаму мужчыны не наважваюцца насіць спадніцы? Яны баяцца ацэнкі сваіх сяброў і знаёмых, перажываюць, што іх палічаць ненармальнымі. Баяцца быць пасаромленымі, адхіліцца ад нормы. А наконт мужнасці… Калі фізічная абалонка ў норме, без распушчанасці жывата і тлушчавых адкладаў — вось гэта я лічу мужным. І яшчэ мне падабаецца, калі кашулі запраўленыя ў штаны з рэменем.

Пра адзенне, якое пара выкінуць са свайго гардэробу

У першую чаргу мужчынам трэба пазбавіцца ад заношаных рэчаў — з галушкамі, працёртасцямі. Яны даюць налёт невысакароднасці.

А яшчэ мяне прыводзяць у шаленства трэнікі з лампасамі і пляжныя анучныя шорты, якія зусім не трымаюць формы. Яны выглядаюць як мужчынскія трусы. Здаецца, што акрамя іх мужчыны летам у горадзе наогул нічога не носяць, як быццам няма добрых шортаў са стрэлкамі, цікавымі кішэнямі або накладнымі дэталямі ў стылі сафары.

Пра паказчык добрага густу

У замежніках часта кідаецца ў вочы добры шалік або гальштук. У гэтым якраз і выяўляецца густ — калі мужчыны надаюць увагу аксесуарам. І іншая важная прыкмета — вытрыманасць каляровай гамы вобразу. Густ — гэта паказчык выбіральнасці.

Наталля Лубнеўская

Каментары
lesnick / Адказаць 16.09.2019 / 12:07

Няхай мальцы у гэтым прыкiде паспрабуюць з'явiцца на прасторах Шабаноу. Я думаю, што пасля гэтага яны зноуку палюбяць "трэнiки з лампасами"...

8
Васіль / Адказаць 16.09.2019 / 12:09

Нашто гэта мне, мужчыну? Нашто мне гэтыя непатрэбныя аксэсуары? Я што, паўлін, каб прыцягваць самак яркасцю? Я прыцягваю жанчын іншым - розумам, сілай, гумарам. Я нашу тое, што мне камфортна, а не тое, што выгадна "дызайнерцы".

12
Трактарыст-максімаліст / Адказаць 16.09.2019 / 12:22

Ну яна параўнала італьянцаў с беларусамі. У італьянцаў была мода ўжо той час, калі па Беларусі яшчэ бегалі дзікуны ў шкурах. А потым яшчэ 70 гадоў саўка, якія ушчэнт знішчылі у беларусаў пачуццё стыля, густ і прыхільнасць прытрымлівацца модных тэндэнцыяў. Наконт шортаў цалкам згодны. Не прыстала прыстойнаму мужыку у грамадскіх месцах у пляжных майтках гойсаць.

10
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні