Праект партала
Гісторыі Легендарная фітнэс-трэнерка Наталля Наважылава: «У мяне займалася нават нявестка Лукашэнкі»12
31.08.2019 / 17:11

У 90-х на беларускім тэлебачанні запусцілі ўрокі аэробікі. Энергічная брунетка з экранаў задавала рытм усёй краіне. Гэтай нязменнай вядучай была Наталля Наважылава. Яна ж адкрыла першы ў Мінску прыватны фітнэс-клуб, куды імкнулася трапіць як эліта, так і дамы з «паўсвету»: бізнэсоўцы, зоркі эстрады, жонкі крымінальных аўтарытэтаў.

Самая вядомая беларуская інструктарка і сёння ў выдатнай форме. Не дазваляе сабе лішняга салодкага, затое можа дазволіць міні. І вядзе фітнэс па тым жа адрасе, што і 25 гадоў таму.

«У 90-х на трэніроўкі прыязджалі жанчыны ў шыкоўных футрах»

З Наталляй сустракаемся ў зале перад трэніроўкай.

— Паглядзіце, як сядзіць звычайны чалавек і той, які займаўся балетам, — звяртае інструктарка ўвагу на тое, як аўтаматычна паставіла ногі на наскі. — Я ўжо не магу інакш.

Наталля ў спорце з дзяцінства. Займалася спартыўнай гімнастыкай, выступала на чэмпіянатах Саюза. Пасля працавала трэнеркай у дзіцячай спартыўнай школе. Адкрыць прыватны фітнэс-клуб яна вырашыла, пасля таго як пабывала ў Швейцарыі.

— У нас дагэтуль былі секцыі — пагулялі ў футбол, потым у валейбол, а пасля прыйшлі дзяўчаты пазаймаліся аэробікай. У Швейцарыі ж я ўбачыла, як існуе клуб, пачынаючы з вешалкі. Я гэту схему проста пераняла: набрала розных рэкламак, паглядзела, як выпісваецца клубная картка, як робіцца расклад. І паспрабавала ў 1992 годзе на вуліцы Каліноўскага адкрыць такі клуб.

Наталля ўлічыла ўсё, акрамя таго, што яна не прафесійны інструктар.

— Я думала: ну што за праблема сесці на шпагат? Я рабіла гэта з 7 гадоў, і мне здавалася, што ўсе так могуць. Першыя свае праграмы я складала як майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы. Калі дзяўчаты да мяне прыйшлі, а я пачала махаць рукамі-нагамі, яны не ведалі, што рабіць. Стаялі апладзіравалі: «Брава, Наталля Міхайлаўна», — і нічога не маглі паўтарыць.

Я іх трэніравала, быццам рыхтавала да чэмпіянату свету. Прымушала шпагаты рабіць — не ведаю, як я нікога не парвала. Я не разумела, што ў людзей могуць быць праблемы з ціскам — мне здавалася, што ўсе здаровыя.

Я гэта кажу да таго, што трэнеры, якія хочуць займацца з людзьмі ў аздараўленчым кірунку, абавязкова павінны праходзіць спецыяльнае навучанне, як я потым і зрабіла. Да спорту фітнэс не мае ніякага дачынення.

Фітнэс-цэнтр «Багіра» на плошчы Перамогі з’явіўся ў 1994-м. Ён і дагэтуль знаходзіцца там жа — нават інтэр’еры не змяніліся.

— На трэніроўкі прыязджалі жанчыны ў шыкоўных футрах. Усе, хто тады толькі адкрываў бізнэс («Смаленскія брыльянты», салон мэблі Tina Vlati, крама «Галс»), займаліся ў мяне, бо гэта было модна, — кажа Наталля і ўспамінае, якая анархія панавала ў 90-я:

— Бандыты падзялілі паміж сабой Мінск і здымалі даніну.

Ты адкрываеш бізнэс, а табе кажуць: мы табе дазволім весці справы на нашай тэрыторыі, а ты за гэта давай нам грошы. Міліцыя не давала рады. Нават да мяне прыходзілі: будзеш плаціць ці не? Добра, што тут жонка нейкага аўтарытэта займалася.

Сярод кліентаў Наважылавай была нават нявестка Лукашэнкі Лілія.

— Яна праходзіла ў мяне навучанне на інструктара па фітнэсе. Я тады падумала: ну ясна, давядзецца ставіць добрыя адзнакі, на нешта заплюшчваць вочы. А я вельмі жорсткі і патрабавальны трэнер. Але не — Лілія музыку чула ідэальна, рухалася цудоўна, хоць не танцоўшчыца, памяць мела добрую. Наогул, ніякіх прэтэнзій — з яе б вельмі добрая інструктарка атрымалася.

«Запрашала да сябе прэзідэнта, але ён, як сапраўдны мужчына, любіць сур'ёзныя гульні»

У 1994-м на БТ сталі выходзіць «Урокі з Наталляй Наважылавай». Трэнерцы тады было 40. За ўдзел у перадачы ёй не плацілі, але гэта стала добрай рэкламай для клуба.

— Першыя здымкі былі ў Палацы спорту, потым у зале на плошчы Перамогі. Некаторыя выпускі запісвалі ў ветразевым цэнтры ў Ждановічах, у буціках, мэблевых крамах, на аэрадроме Баравая — уявіце: верталёты круцяцца, вецер дзьме. Першым маім аператарам быў каментатар Уладзімір Навіцкі. Са мной працавалі таксама журналіст Уладзімір Герстэн і рэжысёр Уладзімір Ісат. Праграма пратрымалася 7 гадоў — да 2001-га. Гэта даволі вялікі тэрмін.

Комплексы для тэлебачання Наталля стварала па начах. Потым два тыдні рэпетавала з камандай. За тыя сем гадоў, кажа, у адпачынак вырвалася, можа, толькі раз.

— Я старалася даваць даступныя, простыя практыкаванні, якія лёгка патлумачыць. Была музыка, запал і пасыл, што трэба падняць сваю дупу з канапы і рухацца.

На праграму да Наважылавай прыходзіла спявачка Іна Афанасьева, саліст «Песняроў» Валерый Дайнэка.

— Толькі што Аляксандр Рыгоравіч у мяне не займаўся.

Я калі інтэрв’ю давала, заўсёды запрашала яго. Але ў мяне ўсё ж быў фітнэс для жанчын, а наш прэзідэнт, як сапраўдны мужчына, любіць сур’ёзныя гульні: хакей, футбол.

«Папрасіла падарыць мне на дзень народзінаў касу»

У 90-я, успамінае Наталля, у модзе была мадэльная знешнасць — зграбныя, высокія, хударлявыя дзяўчаты з формамі. Рэльеф і вялікія мышцы не лічыліся прыгожымі.

Да сучасных «фітаняшак», якія любяць выстаўляць сябе на паказ у сацыяльных сетках, трэнерка ставіцца спакойна.

— Я проста думаю, калі б я цяпер была ў іх узросце, я б, напэўна, тое ж самае рабіла. Ну, трэба нешта паказваць. Хтосьці чытае вершы, хтосьці спявае, а хтосьці дупу трэніруе (усміхаецца). Калі ў дзяўчыны класная фігура і хлопцам падабаецца — чаму не? Гэта ўсё пройдзе, ёй будзе 50—60 гадоў, і яна ўжо так не зробіць. Я жыву па прынцыпе: лепш шкадаваць аб тым, што зрабіў, чым аб тым, што не зрабіў.

Беларуская Джэйн Фонда дзеліцца сваім сакрэтам зграбнасці. 50% яе рацыёну складае гародніна. Бульбу Наталля рэдка есць — і тое не смажаную, а вараную ў мундзірах. Яшчэ 20% прыпадае на фрукты, 20% — на ваду, астатняе — яйкі, ёгурт, мяса, рыба. 

— Я не разбіла сабе страўнік у той момант, калі ў жанчыны настае клімакс і ёй моцна хочацца есці, — я сябе трымала. А цяпер з узростам арганізм патрабуе усё менш прадуктаў.

Вось сёння я ранкам выпіла каву, з’ела ёгурт — цяпер шостая вечара, а я нават не думаю пра ежу. Метабалізм запавольваецца, як бы ты яго штучна ні падтрымліваў.

Старую «Волгу» — я не кажу, што я старая «Волга» — можна рамантаваць, але яна не будзе ездзіць так, як новы «Мерседэс».

Калі шалёнага голаду няма, выпрацоўваецца звычка карміць сябе правільна, спакойна і нямнога. Становішся дастаткова капрызным у ежы, думаеш: так, куплю сабе кабачок і баклажан, замарыную, а потым прыгатую на патэльні.

Я не люблю шакалад і выпечку. Калі займалася спортам, нам катэгарычна забаранялі есці булачкі. Праз нейкі момант ты адаптуешся і становішся абыякавым да гэтага прадукту.

А калі салодкага захочацца аж не магу, у мяне заўсёды ёсць з сабой зефір — магу засандаліць з кефірам. А так мёд ем, варэнне раблю часам. Чай з варэннем п’ю.

Фізічная актыўнасць Наталлі — гэта 6—7 трэніровак на тыдзень. Ранкам — абавязкова зарадка на 10—15 хвілін. Інструктарка размінае суставы, робіць нагінанні і трэніруе вочы, каб зрок не садзіўся. А на выходных яе чакае лецішча з агародам.

— Я зразумела, што не хачу касіць траву машынкай. У мяне дзень народзінаў быў у жніўні. «Што падарыць?» — пыталіся. Кажу: падарыце мне звычайную касу. Добрае практыкаванне!

Моднымі працэдурамі кшталту крыатэрапіі Наталля не захапляецца. Кажа, што лепш узімку ў лазні папарыцца і выбегчы на снег голай.

«Кліенткі для мяне — зоркі»

Наталля распрацавала сваю сістэму аздараўлення для жанчын — «Мадонна». Туды ўваходзяць не толькі фізічныя практыкаванні, але і фэйсбілдынг, гімнастыка інтымных мышц, якая трэніруе органы моча-палавой сістэмы.

— Гэта важна, бо ў многіх жанчын праблемы гінекалогіі. Я даю прафілактыку. Я адказваю за жанчыну цалкам — не толькі за яе прэс. Абавязкова падключаю псіхалогію. Кліенткі для мяне — зоркі. Я заўсёды іх падбадзёрваю, кажу ім кампліменты. Вы ж ведаеце, як адной кінутай фразай можна сапсаваць дзяўчыне настрой.

Калісьці, дарэчы, Наважылава была на семінары ў Парыжы ў інструктара самой Мадонны.

— У яе свая сістэма — яна цэлы дзень займаецца толькі сабой: і ёга, і танцы, і трэнажоры, і плаванне, і стрэтчынг. На тым семінары было шмат практыкаванняў на дыхальную гімнастыку па сістэме Мадонны, каб распрацоўваць аб’ём лёгкіх.

Наталля па сёння вядзе ўсе справы фітнэс-цэнтра, але прызнаецца, што шукае пераемніка.

— Ужо хочацца заняцца крыху іншым — кнігі пісаць. Але я не змагла знайсці пераемніка ні ў коле сям’і, ні сярод трэнераў.

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан і з архіву

Каментары
ўўў / Адказаць 31.08.2019 / 18:02

класная яна

24
Национал-капиталист Беларуси / Адказаць 31.08.2019 / 19:14

Сомнительная реклама...

10
Nokia / Адказаць 31.08.2019 / 20:42

Олды тут ?

6
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні