Праект партала
Стасункі «Самай пажылой пацыентцы было 77: яе хвалявала, што знік аргазм». Інтэрв'ю з сэксолагам Мінздароўя15
17.08.2019 / 15:33

Летам і ўзімку ў сэксолагаў наплыў пацыентаў. «Летам, бо хочуць падрыхтавацца да адпачынку, а ўзімку, бо больш няма чаго рабіць», — дзеліцца сэксолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска, пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Васіль Шаўлякоў. Пра тэмперамент беларусаў, патаемныя жаданні жанчын, прагляд парнафільмаў і палігамію — гутарым у інтэрв’ю.

 

«Самай пажылой пацыентцы было 77: яе хвалявала, што знік аргазм»

«Наша Ніна»: Хто звяртаецца да сэксолагаў часцей? 

Васіль Шаўлякоў: І мужчыны, і жанчыны. Праблемы крыху розныя. Асноўнымі пытаннямі для мужчын застаюцца эрэкцыя і працягласць палавога акту. Бо калі ў мужчыны нешта не працуе, то гэта адразу бачна — ён проста не ў стане выконваць свае сэксуальныя функцыі. А жанчын хвалююць якасць узбуджэння і праблемы сэксуальнай цягі. Па пытаннях палавога кантакту звяртаюцца радзей, бо тыя складанасці, якія ўзнікаюць, не так перашкаджаюць ім — проста тады сэксуальныя адносіны становіцца не такімі яркімі ці выклікаюць дыскамфорт.

Улічваючы, што нашы жанчыны кіруюцца выразам «Бог цярпеў, і нам наказаў», канечне, мужчыны прыбягаюць раней, калі штосьці здараецца. 

«НН»: У якім узросце прыходзяць? 

ВШ: Насамрэч, сэксуальныя праблемы вельмі памаладзелі, і сярэдні ўзрост тых, хто звяртаецца, — 21—30 гадоў. Самаму пажылому пацыенту было 82 гады, а пацыентцы — 77: у мужчыны былі складанасці з узбуджэннем, а жанчыну хвалявала, што знік аргазм. Але ў старэйшым узросце часцей праблемы не псіхалагічныя і трэба ісці да клінічнага сэксолага ці да ўролага (гінеколага). 

«НН»: Атрымліваецца, калі праблемы ў маладым узросце — гэта псіхалогія? 

ВШ: У асноўным так. Я згодны з агульнасусветнай статыстыкай, што больш за 70% усіх сэксуальных парушэнняў — псіхагенныя. Потым ужо другасна да гэтага можа дадавацца ці развівацца нейкая арганічная паталогія — няякасная працы сасудаў, эндакрыннай, нервовай сістэмы. 

«НН»: Ці часта да вас звяртаюцца па парады, як стаць добрым каханкам?

ВШ: Цяпер столькі літаратуры на гэту тэму напісана, столькі артыкулаў у жоўтай прэсе, што, мне здаецца, ісці да спецыяліста нікому ў галаву не прыходзіць. «Окей, гугл» — і ўсё зразумела. Да сэксолага ідуць ужо ў тым выпадку, калі ўсё перачыталі, усё паспрабавалі, ведаў хопіць на тры бібліятэкі, а нешта не працуе. 

«Палігамія — гэта стэрэатып»

«НН»: Што робіць мужчын і жанчын сэксуальнымі? 

ВШ: Сэксуальнасць — гэта шырокае паняцце, звязанае з тым, як мы сябе ўспрымаем, як паводзім, наколькі якасна адбылася наша сацыяльная адаптацыя, наколькі жаноцкасць ці мужнасць у нас развіта і наколькі мы дазваляем сабе гэта трансляваць. 

«НН»: У грамадстве сэксуальнасць часта звязваюць з даўгімі нагамі, вялікімі вуснамі — знешнімі прыкметамі. 

ВШ: Ёсць сэксуальнасць, а ёсць сэксапільнасць. Мне здаецца, цяпер размова ідзе пра другое. Усё ж такі сэксуальнасць — гэта больш агульны стан нашага цела, псіхікі, сацыяльных навыкаў. 

У большасці выпадкаў складанасці з развіццём сэксуальнасці вядуць да зніжанай самаацэнкі. Бо тады наша прэзентацыя становіцца не такой важнай, як нам хацелася б.

«НН»: А духі з ферамонамі працуюць? 

ВШ: Часткова. Ферамоны працуюць толькі ў тым выпадку, калі ўжо ёсць водгук ад партнёра, узбуджэнне, напрыклад. Калі яго няма, то ферамоны бескарысныя. 

«НН»: Адзін з сэксолагаў выказваў меркаванне, што жанчыны больш палігамныя за мужчын. Ці пагадзіцеся? 

ВШ: Не знаходзіў гэтаму пацвярджэння ні ў навуковых даследаваннях, ні ў сваім назіранні. Наогул, мне здаецца, што палігамія — гэта стэрэатып. 

«НН»: І адносна мужчын таксама? 

ВШ: Так. Усё ж такі гэта занадта індывідуальна. Па вялікім рахунку, мы тут хутчэй кажам пра выбар асобнага чалавека, якім чынам яму дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі. У прыватнасці — ці развіваць шматлікія адносіны адначасова. Часам гэты выбар бывае не вельмі якасны, як паказвае практыка ў далейшым. Лічыцца, што выбар не бывае дрэнным, але ён можа мець пэўныя наступствы. 

«НН»: Атрымліваецца, палігамія — свядомы выбар, а не прыродны інстынкт? 

ВШ: Ну мы ж істоты мыслячыя — свае інстынкты можам стрымліваць. Калі не мы, то Крымінальны кодэкс дапамагае (усміхаецца​). 

«У нашай краіне сэксуальнасць шчыльна звязана з фінансавым становішчам»

«НН»: Наколькі сэкс важны ў адносінах? 

ВШ: У нейкім плане можна казаць, што яго роля была крыху завышана, чым яна ёсць на самай справе. Бо ў сучасным грамадстве дамінуючая роля сэксу ва ўзаемаадносінах адыходзіць на задні план. 

Але натуральна, што сэксуальныя адносіны з’яўляюцца адным з важных кампанентаў гармоніі. Калі ёсць нейкія складанасці ў сэксе, яны будуць адбівацца на ўзаемаадносінах агулам. І наадварот. 

Чаму гэта важна? Напэўна, самы галоўны момант — самараскрыццё. Па вялікім рахунку сэкс — гэта самая вялікая блізкасць, якой могуць дасягнуць мужчына і жанчына. Бліжэй ужо немагчыма — калі ты не хірург, канечне. Цялесная блізкасць з’яўляецца адным з самых важных кампанентаў фарміравання даверу ў адносінах. Ну і сэкс — гэта добрая магчымасць дыялогу паміж партнёрамі. 

«НН»: Калі пара не супадае па тэмпераменце, патрабаваннях, яна можа распасціся? 

ВШ: На жаль, так бывае. Часта шэраг складанасцяў узнікае проста праз нестыкоўку біялагічных гадзіннікаў. Напрыклад, мужчына жаўрук і хоча сэксуальных адносін ранкам, а жанчына сава, і ў яе галоўныя энергетычныя рэсурсы застаюцца на вечар. Ну вось нестыковачка. Сварацца, сварацца, а да кансэнсу могуць не прыйсці.

«НН»: З часам у адносінах сэксу становіцца менш. Гэта нармальна? 

ВШ: Нармальна. Бо першым часам сэкс падаграецца жарсцю і вельмі моцнымі эмацыйнымі перажываннямі — тое, што называецца закаханасцю. Адпаведна на нейкім этапе эмацыйныя перажыванні губляюць сваю яркасць, становяцца больш спакойнымі, а ў адносінах жарсць змяняюць больш устойлівыя пачуцці, давер у прыватнасці. І сэксуальны кантакт з жарсных парываў пакрысе становіцца спакойным, размераным, з лёгкай пяшчоты, клопату. Гэта зусім не тое, што паказваюць у кіно. 

«НН»: Каб разнастаіць адносіны, парам раяць эксперыментаваць. Ці ёсць эксперыменты, якія не лічацца прымальнымі? Напрыклад, сэкс утраіх? 

ВШ: Фантазіі бязмежныя і добрыя ў стасунках у любым фармаце. Калі мы іх рэалізуем і запрашаем трэцяга, то тады гэта пытанне, што назваецца, парнай нормы — наколькі для нас гэта прымальна і наколькі сітуацыя ўзаемнапажаданая. Калі так, то ўсё добра. На жаль, не заўсёды гэта адбываецца па ўзаемным жаданні ў пары. У большасці выпадкаў гэта нейкі элемент гвалту, прымусу, і тады такія эксперыменты асуджаюць адносіны на завяршэнне. 

«НН: Колькі разоў сэксу на тыдзень лічыцца дастатковым? 

ВШ: Ёсць агульнасусветная норма, якая характэрна для чалавека пасля 30 гадоў і ў сямейных адносінах пасля двух гадоў. Гэта адзін-два разы на тыдзень. А далей усё залежыць ад тэмпераменту. 

«НН»: Па вашых назіраннях, у большасці беларусаў тэмперамент які? Пра характар жа кажуць, што памяркоўныя. 

ВШ: Мне здаецца, гэта слова «памяркоўныя» больш адносіцца да таго, што беларусы ўмеюць цярпець, але ніяк не характарызуе энергетыку. Насамрэч, беларусы даволі актыўныя. Калі параўноўваць нас з найбліжэйшымі суседзямі, то мы жыўчыкі. Але ў сілу нашай вялікай «цярпелкі» сваю энергетыку прытрымліваем да лепшых часоў, на чорны дзень. 

Бываюць перыяды, калі сэксуальнасць падае і сэксу можа не быць месяцамі. У нашай краіне гэта шчыльна звязана з фінансавым становішчам. Бо, канечне, калі ўмоўна сітуацыя ў краіне не вельмі добрая, будзе не да сэксу. І ўся энергія пойдзе на падтрыманне жыццядзейнасці, зараблянне грошай. Як толькі ў краіне становіцца стабільна, сэксуальныя адносіны выходзяць на пярэдні план і зваротаў па сэксуальных пытаннях адпаведна становіцца больш. 

«НН»: Мяркуючы па зваротах, якая ў нас цяпер сітуацыя ў краіне? 

ВШ: Пакуль стабільна, людзей больш ідзе (​смяецца​). Але ўжо пакрысе напружваюцца. 

«НН»: Якая працягласць палавога акту лічыцца нармальнай? 

ВШ: Калі мы кажам выключна пра палавы акт, то ад 1,5 да 3 хвілін. Калі бяром нейкую больш шырокую характарыстыку, то ў сярэднім ад 5 да 15 хвілін. Калі браць у цэлым сэксуальны кантакт, то яго працягласць будзе вышэйшай, бо ў ідэале папярэднія ласкі павінны займаць не менш за 15 хвілін. Лічыцца, што гэта мінімальны час, каб жанчына дасягнула піку ўзбуджэння, дастатковага для пранікнення і дасягнення аргазму. 

«Для мужчыны патрэбна зваротная сувязь наконт таго, як ён стараўся — пажадана з добрай ацэнкай»

«НН»: Раскажыце пра самыя распаўсюджаныя стэрэатыпы пра сэкс, якія даводзілася чуць. 

ВШ: Як ні дзіўна, больш за ўсё стэрэатыпаў пра мужчын. Напрыклад, што мужчына павінен хацець жанчыну 24 гадзіны на суткі. Калі жанчына раздзелася, ён тут жа павінен яе захацець. І наогул, мужчыны такія машыны, якія могуць займацца сэксам, што б ні здарылася. І, напэўна, асноўная складанасць у тым, што жанчыны вераць у гэта і вельмі крыўдзяцца, калі гэта не так. 

Калі бяром стэрэатыпы адносна жаночай сэксуальнасці, то самы распаўсюджаны — што жанчыне наогул гэта нічога не каштуе. То-бок мужчыне трэба напружвацца, каб эрэкцыя была, а жанчына проста лягла — і ўсё атрымалася. Другі стэрэатып — пра тое, што якасць сэксу для жанчыны характарызуецца аргазмам. Натуральна, мужчыны часцей за ўсё не ўдакладняюць у жачын, як яно насамрэч. Як уласна і жанчыны. 

Гэта, дарэчы, адна з самых вялікіх складанасцяў, бо для мужчыны патрэбна зваротная сувязь наконт таго, як ён стараўся — пажадана з ацэнкай, пажадана з добрай. А для жанчыны вельмі важна суправаджэнне, у тым ліку вербальнае — ласкавыя словы, часам пытанні.

Бо ў жанчын больш нюансаў у адносінах узбуджэння і якасці сэксуальнага кантакту. Мужчынам з гэтым прасцей — у нас біялогія не прадугледжвае пяшчоты і сантыментаў (​усміхаецца​). 

«НН»: Што маецца на ўвазе пад ацэнкай? Пасля сэксу жанчына павінна сказаць: «Малайчына»? 

ВШ: «Ты лепшае што было ў маім жыцці», «ты ідэал» і г.д. Мужчыне праўда вельмі важна адчуваць сваю значнасць у дасягненні ўзбуджэння і аргазму ў жанчыны. Вось такі ў нас пункцік дзіўны. Кампліменты залішнія не бываюць. Жанчыне ў мужчыне важна падтрымліваць упэўненасць ва ўласнай сіле, мужнасці і стойкасці, а мужчыне ў жанчыне — гнуткасць, пяшчоту.

«НН»: Ці мае значэнне, колькі ў чалавека было палавых партнёраў? Напрыклад, каб зразумець, ці добры ён палюбоўнік. 

ВШ: Гэты паказчык ні на што не ўплывае. У мяне былі пацыенты, у якіх было ўмоўна 50 жанчын у анамнэзе, але пры гэтым у сэксуальным плане яны былі абсалютна бязграматныя. А былі тыя, у каго другія стабільныя адносіны па 15 гадоў, але пры гэтым яны добра арыентаваліся ў сэксуальнай сферы. 

«НН»: А якая самая вялікая колькасць партнёраў была ў вашых кліентаў? 

ВШ: 59. 

«НН»: Адзін з беларускіх селебрыці расказваў, што ў яго было 500 жанчын. Ці можа гэта быць праўдай або проста выхвалянне? 

ВШ: Гэта як у анекдоце: усе кажуць — і вы кажыце. Але магчыма. Чыста фізіялагічна — лёгка. 

«Жаночая мастурбацыя — самае цудоўнае, што можна ўбачыць»

«НН»: Як сэксолагі ставяцца да порна? 

ВШ: Не запрашаюць паўдзельнічаць (​жартуе​). Глядзець яго — дакладна нармальна, калі гэта не становіцца заменай натульных сэксуальных адносін. Акрамя таго, парнаграфічная і эратычная прадукцыя, асабліва па этапе падлеткавасці, падштурхоўваюць развіццё ў галіне сэксуальнасці.

Як ні круці, парнафільмы, па-першае, развіваюць фантазію, па-другое, дапамагаюць спраўляцца з сэксуальнай фрустрацыяй пры адсутнасці пастаяннага партнёра. 

Ёсць шмат пар, якія разам глядзяць парнаграфічныя фільмы і такім чынам падтрымліваюць сваю энергетыку, узбуджэнне. 

«НН»: А што наконт мастурбацыі? 

ВШ: Па сутнасці, тое ж самае, што і з парнаграфіяй, але больш важна, бо мастурбацыя — неадменная частка сэксуальнага развіцця. Людзям, у якіх яна адсутнічае, у жыцці цяжэй адаптавацца і ўступаць у сэксуальныя адносіны.

Мастурбацыя дапамагае развіваць адчувальнасць уласнага цела да сэксуальных пасылаў. У прыватнасці, гэта тычыцца развіцця эрагенных зон, фантазій, звязаных з дотыкам. Асабліва важна для жанчын. 

Акрамя таго, гэта цудоўны варыянт гульні ў пары. Як кажуць мужчыны: жаночая мастурбацыя — самае цудоўнае, што можна ўбачыць. 

«НН»: Што з убачанага ў парнафільмах лепш не паўтараць у жыцці? 

ВШ: Ды амаль усё. Тое, што тычыцца гвалту, — адразу не. Гэта як каскадзёрскія трукі, дзе пішуць: «у жыцці не паўтарайце, бо небяспечна». Калі людзі глядзяць порнапрадукцыю, якая крыху выбіваецца з разумення нармальных адносін, напрыклад БДСМ, ролевыя гульні, то часта ў імкненні разнастаіць сваё сэксуальнае жыццё разыгрываюць такія сітуацыі, забываючы, што прафесійныя акцёры — гэта добра падрыхтаваныя людзі. І натуральна, што большасць такіх эксперыментаў тоіць у сабе рознай ступені траўматызацыю і сапсаваны ўік-энд. Калі партнёры хочуць штосьці паўтарыць, трэба граматна да гэтага рыхтавацца. 

«НН: Да тэмы БДСМ. Пару гадоў таму бестселерам стала кніга «50 адценняў шэрага». Гэта што-небудзь кажа пра жанчын, якія масава яе чыталі? 

ВШ: Гэта кажа пра ссоўванне дынамікі адносін у плане маскуліннасці і феміннасці. Цяпер вельмі шмат кажуць пра гендарную роўнасць. І ў нашым грамадстве жанчыны праўда маскуліназаваныя. Такая літаратура будзе ўздымаць феміннасць у выглядзе пакорнасці, гнуткасці, аддачы.

Даўно быў такі дэматыватар з серыі «Так хочацца быць крохкай і пяшчотнай жанчынай, а коні ўсё бягуць, а хаты ўсё гараць». Мне здаецца, гэта якраз пра гэта. Пра тое, што любой жанчыне чыста біялагічна хочацца адчуць нейкі феномен пакорнасці, крыху скінуць самакантроль і проста расслабіцца. 

«Цяпер у соцыуме вельмі шмат сублімацыі сэксуальнасці»

«НН»: На які ўзрост прыпадае пік сэксуальнасці? 

ВШ: Лічыцца, што ў мужчыны гэта 26—30 гадоў. Наступны пік — бліжэй да 40. У жанчын — у 33—38 гадоў. Але ўсё адносна. 

«НН»: Ці праўда, што маладое пакаленне асэксуальнае? 

ВШ: Не зусім. Мне здаецца, што крыху тэрміналогія блытаецца. Яны не асэксуальныя, а не ставяць сэкс як дамінанту. Для іх сэкс — гэта хутчэй разнастайнасць у адносінах. 

Цяпер у соцыуме вельмі шмат сублімацыі сэксуальнасці. Прамы доступ да парнаграфічнай і эратычнай прадукцыі, шмат сэксуалізацыі ў кіно, літаратуры, СМІ. Натуральна, гэта таксама дае некае выйсце сэксуальнай энергетыцы людзей. І таму маладое пакаленне больш спакойна ставіцца да сэксу, чым іх бацькі. 

Сямён Цыбульскі

Каментары
даведка / Адказаць 17.08.2019 / 15:51

Ну и как, помог найти?

4
Alisa / Адказаць 17.08.2019 / 16:15

Гумар добры у доктара ) асабліва зайшло пра асаблівую цялесную блізкасць хірурга і пацыента ) дзякуй за інтэрв'ю

0
Jan / Адказаць 17.08.2019 / 17:47

НН, падкажыце, а адкуль гэтае фота? можна спасылку на першапачатковы артыкул?

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні