Праект партала
Стасункі «Гэта ўсё проста ператворыцца ў ржач для дзяўчат». Што думаюць бацькі аб школьным курсе пра сям'ю9
29.07.2019 / 11:20

Мінгарвыканкам прапанаваў увесці ў беларускіх школах курс «Сем'язнаўства». Чыноўнікі думаюць, што гэта можа палепшыць дэмаграфічную сітуацыю і заахвоціць падлеткаў раней уступаць у шлюбы і нараджаць дзяцей. «Наша Ніва» спытала бацькоў, што яны думаюць наконт такой ініцыятывы.

«Настаўнікам я б не даверыла»

Пісьменніца і мама дзвюх дочак Яўгенія Пастэрнак да гэтай ідэі ставіцца скептычна.

— Асноўнае пытанне — хто выкладаць будзе. Я б даверыла практыкуючаму падлеткаваму псіхолагу. Але не настаўнікам. Адна справа — матэматыка. Чалавек выкладае яе, і мне ў прынцыпе ўсё роўна, што ён чытае ці не чытае і якія ў яго погляды на жыццё. Іншая справа — курс пра сям’ю, дзе палезуць усе ўнутраныя тараканы.

Мне нядаўна адна настаўніца кажа: «Сучасныя падлеткі сталі абсалютна асэксуальныя. Раней у дзяўчат у старэйшых класах спытаеш, якая ў іх мара, і кожная другая адказвае, што хоча выйсці замуж, нарадзіць дваіх-траіх дзяцей. А зараз так не кажа ніхто». І я ціха смяюся, бо, па-першае, гэта да сэксуальнасці ніякага дачынення не мае, а па-другое, гэта ж цудоўна, што дзяўчаты ў 18 гадоў думаюць не пра тое, каб выйсці замуж і нараджаць дзяцей, — у іх сталі абсалютна чалавечыя мары. У нашых дзяўчат нарэшце — у ХХІ стагоддзі, у цэнтры Еўропы — з’явілася нейкая альтэрнатыва: атрымаць адукацыю, паездзіць па свеце, вывучыць мовы…

Яшчэ адзін нюанс, на які звяртае ўвагу Яўгенія, — узрост настаўніц. У асноўным ім 40—50 гадоў. Калі яны пачнуць вучыць сучасных дзяўчат, што іх абавязак — варыць борш і нараджаць дзяцей, гэта будзе смешна. У новага пакалення зусім іншыя каштоўнасці і светапогляд.

— Гэта ўсё проста ператворыцца ў ржач для дзяўчат і кучу крыўдаў для педагогаў. 

Дарэчы, у самой пісьменніцы падобны курс у школе быў. Называўся «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». Але, прызнаецца Яўгенія, яна наогул з яго нічога не памятае.

Што было б карысна, дык гэта заканадаўчы курс.

— Ён сям’і таксама тычыцца: шлюбных дамоў, абавязацельствы бакоў. Калі пачынаеш глядзець амерыканскія серыялы, разумеш, што нейкія звычайныя рэчы нам абсалютна недаступныя — напрыклад, стаўленне для дзяцей. Людзі сыходзяцца-разыходзяцца, наноў жэняцца, але дзіця для іх — абсалютна святое. Пытанне аліментаў у прынцыпе не стаіць: што значыць не плаціць? І гэта добра было б даводзіць нашым людзям з дзяцінства.

З якога ўзросту весці са школьнікамі размовы пра планаванне сям’і?

— Не ведаю. Гэта як пра сэкс — немагчыма сказаць: давайце ў 10 гадоў пасадзім дзяцей і нешта ім раскажам. Мне здаецца, пытанне пра сямейныя адносіны яшчэ ў старэйшай групе дзіцячага садка ўзнікае. Калі бацькам не рабіць з гэтага табу, не ўпадаць у істэрыку і спакойна адказваць, то нічога больш тлумачыць і не трэба будзе.

Сама Яўгенія не вядзе з дочкамі размовы пра неабходнасць выканаць дэмаграфічны абавязак.

— Адзінае, што я магу і, спадзяюся, прывіваю ім, што трэба жыць з любімым чалавекам і што сям’я — гэта шчасце, што мы разам. А далей — іх абсалютны выбар.

«Курс патрэбны, бо моладзь не ўяўляе, што ў сям’і бываюць складанасці»

Мама дзесяці дзяцей Наталля Ташцімірава ідэю курса падтрымлівае. Успамінае, як яе саму вадзілі ў 13 гадоў у жаночую кансультацыю і паказвалі фільм «Нямы крык». «Добра, каб дзяўчаты ведалі пра шкоду абортаў», — заўважае жанчына.

На курсах па сем’язнаўстве яна б надала ўвагу такім тэмам, як планаванне цяжарнасці і стасункі паміж жанчынай і мужчынам. 

— Трэба расказаць, што пачуцці з часам мяняюцца і закаханасць перарастае ў нешта іншае. Навучыць пераносіць гэта і не расчароўвацца ў сваёй пары.

Заняткі, на думку Наталлі, патрэбны і для хлапцоў, і для дзяўчат: сям’я ж складаецца не толькі з жанчыны. Плюс падлеткам варта ведаць псіхалогію супрацьлеглага полу, каб разумець, чаму будучы муж ці жонка паводзіць сябе так, а не інакш. Але гэта тэма для старэйшых класаў, 9—10-х, раней падаваць няма сэнсу, разважае мама.

— Такі курс патрэбны, бо моладзь не ўяўляе, што сям’я — гэта не заўсёды «жыць шчасліва», што бываюць складанасці і трэба працаваць над стасункамі, вучыцца дыялогу, а не адразу разводзіцца. Напрыклад, са з’яўленнем дзіцяці размяркоўваюцца абавязкі і праз гэта могуць пачацца спрэчкі. Варта падрыхтаваць моладзь, што такое бывае і што гэтага не трэба баяцца.

«Я б пачаў заняткі пра сям'ю з другога класа»

Шматдзетны бацька Арцём Галавій выхоўвае пяцярых. Ён разважае так: курс па сямейным жыцці быў бы карысны школьнікам.

— Але яго не трэба рабіць чарговым прадметам накшталт матэматыкі ці рускай мовы і зводзіць да звычайных лекцый, на якія ніхто не захоча ісці. Гэта ж жыццё. І пра гэта трэба расказваць вельмі цікава, з асабістымі прыкладамі, на зразумелай мове, каб дзеці не спалі, бо ім сумна. Было б здорава, каб на такія заняткі прыходзілі людзі, у якіх за плячыма ёсць пэўны досвед — паспяховыя шматдзетныя сем’і ці тыя, хто прайшоў праз цяжкасці і змог ці не змог іх вырашыць.

З іншага боку, лічыць тата, тэмы курса павінны быць педагагічна вывераныя — улічваць узрост школьнікаў, з якіх яны сем’яў.

— Я б, напэўна, з другога ці з першага класа пачаў. Падаваў бы інфармацыю ў форме казак, апавяданняў. Зразумела, што чым больш дарослыя дзеці, тым больш сур’ёзна і глыбока трэба размаўляць з імі.

Але Арцём прыярытэтнай лічыць ролю сям'і. Калі расказваць падлеткам з праблемных сем'яў, што шлюб і дзеці — гэта шчасце, у іх проста не супадзе карцінка.

«Для паляпшэння дэмаграфіі патрэбна іншае»

Вольга Трусава (двое дзяцей) мяркуе, што ідэя з курсам нядрэнная. Але ставіць яго мэтай вырашэнне дэмаграфічных праблем у краіне — бязглуздзіца.

— Для паляпшэння дэмаграфіі няма стабільнага матэрыяльнага становішча. Усё больш часу неабходна моладзі, каб стаць на ногі і абзавесціся нечым.

Як і многіх бацькоў, Вольгу хвалюе, хто будзе весці заняткі па сем'язнаўстве.

— Псіхолагі? Потым сын прыйдзе і скажа мне: мам, ты мяне няправільна выхоўваеш, мне ў школе так сказалі, — іранізуе яна.

— Проста ў такім пытанні не можа быць нейкіх стандартаў. У выніку ўсё звядзецца да таго, што выкладчык, хто б ён ні быў, будзе сваё меркаванне прасоўваць.

«Важна гаварыць пра адказнасць татаў»

— У позніх шлюбах і познім нараджэнні дзяцей я не бачу праблемы, я бачу яе ў колькасці абортаў і разводаў, — кажа Вольга Ганкевіч са Ждановіч Мінскага раёна, мама пяцярых дзяцей.

— У маім разуменні, канечне, вельмі важна павышаць статус сям'і, гаварыць пра адказнасць татаў, бо звычайна жанчыны пасля разводу застаюцца сам-насам са сваімі дзецьмі і шмат хто з іх не атрымлівае ніякай падтрымкі ад мужчын. І ў выніку ў тым ліку і таму жанчыны не спяшаюцца замуж і нараджаць дзяцей, ведаючы, што гэта вялікая адказнасць і яна будзе на іх, — дзеліцца Вольга.

Курс яна б будавала на агульных хрысціянскіх каштоўнасцях: яны з'яўляюцца гарантам таго, што людзі жывуць разам, нараджаюць дзяцей і клапоцяцца пра іх.

Вольгу саму выхоўвалі ў каталіцкай веры і сямейныя каштоўнасці прывівалі на занятках катэхезы. Але пытанне ў тым, што ў беларускіх школах вучацца дзеці розных рэлігій. Прыводзіць на ўрокі, напрыклад, праваслаўнага святара будзе неэтычна да іншых.

Каму тады весці курс пра сям'ю? Дакладна не класным кіраўнікам, кажа маці: яны занадта загружаны іншай працай, каб вешаць на іх яшчэ такую адказную справу.

— Гэта павінен быць псіхолаг, які спецыялізуецца на пытаннях сям'і і дзяцей, з вялікім досведам. І факультатыў павінен быць на добраахвотнай аснове — уводзіць яго ў абавязковы навучальны план не лічу магчымым, таму што дзеці перагружаны асноўнымі прадметамі.

Што яшчэ важна, адзначае Вольга, дык гэта не спяшацца ўводзіць курс. Трэба прадумаць алгарытм, прапрацаваць праграму — і гэта робіцца не адзін месяц.

«Нельга падрыхтаваць да сямейнага жыцця са словамі «так не трэба»

Таццяна Пімкова, мама дзвюх дачок і псіхолаг, упэўнена, што традыцыі, сацыяльныя ролі мужа і жонкі дзеці пераймаюць ад бацькоў. І наўрад ці школа можа істотна тут паўплываць.

— Азы сямейнага жыцця закладаюцца ў сям’і. Ні адзін курс гэтага не заменіць. Нельга падрыхтаваць да сямейнага жыцця са словамі: так не трэба, а трэба вось так. Для мяне асацыяцыя з курсам «Сем’язнаўства» менавіта такая. Так, як варыянт, праз заняткі можна навучыць дзяцей выстройваць узаемаадносіны з іншымі людзьмі, рэагаваць у канфліктных сітуацыях, выказваць і накіроўваць эмоцыі. І гэта бясспрэчна важна!

І тут з'яўляецца «але». Хто будзе весці такі курс у школе? Якая падрыхтоўка будзе ў гэтага спецыяліста? Ці будзе ўлічвацца ўзрост дзяцей пры выбары форм работы? І гэтак далей. Шаблонаў тут быць не можа.

Іншая справа, што ў гонцы за развіццём дзяцей бацькі аддаюць іх на безліч секцый і гурткоў, самі пастаянна заняты на працы і ўсё менш часу праводзяць з дочкамі і сынамі. Губляюцца сямейныя традыцыі. 

— Хутчэй вось тут трэба «ўзмацняцца» — адукацыйныя мерапрыемствы для бацькоў, анлайн-курсы, сустрэчы з экспертамі, — лічыць Таццяна. — Бо менавіта бацькі складаюць той самы «заплечнік», які потым панясуць у жыццё іх дзеці.

Заклікаць дзяўчат да ранніх шлюбаў, на думку мамы, нелагічна.

— Правільна арыентаваць дзяўчынак быць упэўненымі, шанаваць сябе, ставіць перад сабой мэты і рэалізоўваць іх. Будзе ўсё гэта плюс добры тыл у выглядзе любячых бацькоў і сямейных традыцый — вырасце паспяховая жанчыны. На мой погляд, важна не як мага раней выйсці замуж, а як мага больш гарманічна стварыць сям'ю.

Nina.nn.by

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні