Праект партала
Гісторыі «Звольніўся з рэстарана і сышоў у бравісты. Мама дагэтуль не разумее». Беларусы, якія не пабаяліся пачаць з нуля, дзеляцца важным досведам2
16.07.2019 / 11:20

Камусьці шанцуе адразу знайсці сваё прызванне. Іншыя аддаюць нелюбімай працы некалькі гадоў (а часам — дзясяткаў гадоў), перш чым разумеюць, што ім насамрэч блізка. Мы пагутарылі з беларусамі, якія не пабаяліся кардынальна змяніць прафесію. З якімі складанасцямі сутыкаешся, калі прыходзіш у новую для сябе сферу, як вытрымаць канкурэнцыю і чаму нельга шкадаваць часу і грошай на адукацыю?

«Я так захапілася кулінарыяй, што цяпер не разумею: як можна было гатаваць проста макарону?»

Іна Ваўкавец.

Два месяцы таму Іна Ваўкавец адкрыла краму спецый. Водар прыпраў адчуваецца ўжо на ганку. Заходзіш унутр і губляешся, не ведаеш, што выбраць: сумесь для адбіўных, рыбы, супа, салаты, некалькіх відаў аджыкі і соусаў…

Іна родам з Барысава. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Усміхаецца, што марыла стаць рэпарцёркай, нагледзеўшыся серыяла пра Кэры Брэдшоў. Але аказалася, што гэтая прафесія — не для яе. Карцінка ў фільме не супала з рэальнасцю.

— Я люблю пагутарыць з людзьмі, але вельмі стамляюся. Памятаю, як праходзіла практыку — было шмат сутрэч, і я разумела, што не вытрымліваю. Не мой рытм, напэўна. Не тое, каб я была дамаседам, але мне больш хацелася пасядзець памаляваць, павярстаць.

Пасля ўніверсітэта Іна стажыравалася ў камунікацыйным агенцтве, працавала кіраўніком дэпартамента па развіцці ў турыстычнай кампаніі. А праз пару гадоў пераехала ў Краснадар да сваякоў. 

— Вельмі хацелася змены абстаноўкі, бо ўсё ішло не так. Я звольнілася, сабрала заплечнік і паехала на мора. Думала, на які месяц, а ў выніку асела там на два гады.

У Краснадары дзяўчына працавала капірайтарам. Праўда, пісаць пра стаматалогіі і запчасткі ёй хутка надакучыла. Іна стала зарабляць ручной працай — занялася вышыўкай на адзенні і вырабам упрыгожванняў.

Свет спецый дзяўчына таксама адкрыла ў Краснадары. Шпацыруючы па рынку, выпадкова зайшла ў лаўку і абамлела.

— Грузінка Лалі (гаспадыня той лаўкі) адкрыла мне, што, аказваецца, спецыі — гэта не толькі перчык, кары ці куркума. Найбольш мяне ўразіла соль-прыправа. Ты проста бярэш кавалак мяса, націраеш яго «Казкай», ставіш у духоўку і ідзеш займацца сваімі справамі. А потым дастаеш мяса і чмурэеш, наколькі яно смачнае. У кожнай солі-прыправе ёсць свае інгрэдыенты. У гранатавай, напрыклад, сумах — на Каўказе яго дадаюць замест лімону і воцату, каб размякчыць мяса. Не трэба марынаваць яго 12 гадзін — абмазаў сумессю спецый, і ўсё.

Іна вельмі любіць гатаваць. Хоць да трэцяга курса не ўмела варыць нічога, апроч грэчкі, макароны і сасісак. Кулінарнаму майстэрству дзяўчыну навучыла цётка.

— І мне так спадабалася! Падумала: я ж як Северус Снэг на зеллеварэнні! Стала вывучаць кулінарыю. Каўказкая кухня для мяне ідэальная, бо там ёсць усё: і вастрыня, і пярчынка, і арэхі. Я так захапілася гэтым, што не разумею: як можна было гатаваць проста макарону?

Іна пачала перадаваць прыправы бацькам і знаёмым, а калі прызджала ў Беларусь, кожны раз думала: тут не хапае добрых спецый. Тое, што яна бачыла на гарадскіх рынках, было не належнай якасці: разроблены перац, шалуха, заветраныя кавалкі гародніны… Дзяўчына параілася са сваім маладым чалавекам і вырашыла: трэба вярнуцца ў Мінск і адчыніць сваю краму.

Іна не хавае: было складана, хоць штудзіраваць сайты яна пачала за паўгода. Пакуль рыхтавалася да адкрыцця, асвоіла базавы курс бухгалтара, юрыста, аўдытара, сертыфікатара, мастака-дэкаратара і мерчындайзера. Вучыцца давялося шмат, бо нават такія, здавалася б, простыя рэчы, як выбар сістэмы падаткаабкладання, банка ці касавага апарату, патрабуюць, каб ты хоць мінімальна разбіраўся ў тэме.

Інфармацыю Іна шукала ў інтэрнэце — на афіцыйных сайтах міністэрстваў і гарвыканкама. Кажа, няхай там і сухія тлумачэнні, але можна быць упэўненай, што ўсе яны дакладныя.

Выклікам быў і пошук памяшкання. «Не ведаю, як па рэгіёнах, але ў Мінску кошты шалёныя», — абураецца дзяўчына і дзеліцца назіраннямі.

Так, на сталічным рынку ў самай дальняй чарзе арэнда бакавой крамы абыдзецца мінімум у тысячу рублёў, без камуналкі. У вялікім гіпермаркеце за 17 «квадратаў» аддасі 600 еўра — і гэта зусім не прыкасавая зона, а закуток у бязлюдных калідорах. У гандлёвым цэнтры арэнда астраўка каштуе 1000 еўра на месяц.

— Мы кожную раніцу праглядалі ўсе сайты. Цудам пашанцавала знайсці гэтае месца. Плацім каля 300 даляраў.

Раскручвацца дзяўчына вырашыла праз сацсеткі.

— Я ўбачыла, якія продажы могуць прыйсці праз інстаграм, і падумала: о, гэта вельмі добры варыянт! Пачала вывучаць, што такое таргецінг, як яго наладзіць. Мне хацелася зрабіць ледзь не люксавы акаўнт — з якаснымі фота, тэкстамі і рэцэптамі. Запусціла рэкламу. 80% кліентаў прыйшлі праз інстаграм. Яшчэ 5% — праз сарафаннае радыё.

Просім Іну параіць топ-5 спецый, якія павінны быць у кожнага на кухні.

— Любая соль-прыправа — гэта проста бомба. Стравы з ёй становяцца неверагодна смачнымі. Потым аджыка каўказкая, які-небудзь соус (сацыбелі, ткемалі, наршараб), сумесь прыпраў універсальная. І сушаная гародніна — не ведаю, у чым сакрэт, але ў нас прыправы для супоў разлятаюцца: можа, таму, што там у складзе корань пастарнаку і пятрушкі, якія мы не прывыклі есці.

Ці не цяжка псіхалагічна было мяняць сферу дзейнасці і вучыцца новай прафесіі?

— Пераломны момант быў, калі зразумела, што журналістыка — не маё. Я гэта тады перахварэла і прыняла як досвед, — кажа Іна. — Цяпер, калі думаю, які б універсітэт абрала, то ўсё роўна пайшла б на журфак, бо там шмат навыкаў далі: і па вёрстцы, і па відэа. А колькі людзей сустракаеш, з якімі на адной хвалі!

Я стараюся не стаяць на месцы. Напэўна, класна, калі ты ўсё жыццё ў адной сферы працуеш, але, мне падаецца, сваім мазгам пастаянна трэба даваць пажыву. Можна стаць гуру ў бухгалтэрыі, але праз 20 гадоў, калі цябе папросяць разабрацца ў нечым іншым, ты не зможаш выйсці за межы. Мне падабаецца вучыцца. Як у гульні — пракачваеш сябе да патрэбнага ўзроўню, а калі становіцца сумна, пачынаеш асвойваць штосьці новае.

Некалькі месяцаў таму ў Беларусі запрацавала анлайн-платформа для абмену ведамі Mentor.by. Яе стваральнікі акцэнтавалі, што галоўная мэта праекта — стаць месцам, дзе людзі змогуць дзяліцца сваімі ведамі і здабываць новыя, прычым у самых розных сферах. Мы часта забываем, што самі многае ведаем. І найлепшае пракачванне ўласных навыкаў — падзяліцца, перадаць іх камусьці. 

Раней мы даволі падрабязна расказвалі, як карыстацца сэрвісам, але паўторым асноўнае. Можна змяшчаць абвесткі з прапановай падзяліцца сваімі ведамі ці ўменнямі, а можна шукаць сабе ментараў для вывучэння нечага новага. Ёсць зручная сістэма фільтраў: па гарадах, платныя і бясплатныя, у якіх сферах-кірунках, для дзяцей ці дарослых. Паспрабуйце самі!

Перайсці на Mentor.by

«Калі прыходзіш на вельмі дарагія курсы, то пасля разумееш, што пераплаціў за імя майстра»

Аляксандр Нечвалодаў і Таццяна Дойнікава разам працуюць у студыі прыгажосці. Ён — бравістам, яна — візажыстам і дырэктаркай. Дагэтуль абое спрабавалі рэалізаваць сябе ў іншых сферах, хоць і марылі з дзяцінства пра творчую прафесію.

— Я разглядала псіхолага, журналіста. Мне таксама падабалася фарбаваць, шыць, рабіць прычоскі. Але ў 2000-я, калі я заканчвала 9 клас, прычоскі былі не настолькі актуальныя — я працавала б у звычайнай цырульні, а ў мяне ўжо тады былі нейкія амбіцыі, хацелася нечага большага. Думала: я, выдатніца, пайду ў цырульню? — усміхаецца Таццяна.

Яна паступіла ў каледж на бухгалтара. Потым атрымала вышэйшую эканамічную адукацыю. Пра тое, каб пайсці ў іншую сферу, спачатку нават не думала — шкада было часу, патрачанага на вучобу. 15 гадоў Таццяна адпрацавала бухгалтарам, перш чым зразумела, што насамрэч гэта ёй не блізка, і сышла ў візажысты.

Таццяна Дойнікава.

— Так супала, што ў час, калі я мяняла прафесію, развялася з мужам і засталася з двума дзецьмі. Напэўна, я таму так хутка ўсяго дасягала, што сышла з галавой у працу. Разумела, што трэба дзяцей падымаць, і шчыравала. Усе знаёмыя падтрымлівалі, казалі: «Малайчына! Як ты рашылася? Мы б таксама так хацелі». А мама доўгі час не магла ўспрымаць мяне як візажыста, толькі, напэўна, з адкрыццём студыі прыняла мой занятак як прафесію, а не як захапленне. Бо, калі я напачатку шмат укладала ў сваю справу, яна казала: «Ну дзе твае грошы, ты ж столькі працуеш». А цяпер ганарыцца мной, што для мяне вельмі каштоўна.

Аляксандр па адукацыі кухар. Магчыма, калі б у яго дзяцінстве быў бум на барбершопы, ён бы адразу падаўся ў бравісты ці цырульнікі: хлопцу падабалася, наколькі прычоска можа мяняць вобраз і ўспрыняцце чалавека.

Аляксандр Нечвалодаў.

Але ў тыя гады ён аднёс дакументы ў кулінарны тэхнікум.

— З якімі амбіцыямі паступаў і з якімі выйшаў — дзве вялікія розныя. На першым курсе мы ўсе думалі: Францыя будзе нервова курыць у баку. На чацвёртым: добра, калі пельмень зварыш. Я быў у шоку ад узроўню адукацыі, — прызнаецца Аляксандр. — За чатыры гады чалавека можна ў космас адправіць, а нас падрыхтавалі на ўзроўні сталоўкі. Калі б рэстаран узяў чалавека з вуліцы і вучыў гатаваць, быў бы лепшы вынік.

Працаваць мужчына пачаў з трэцяга курса — уладкаваўся ў сталічны рэстаран. Тры гады прастаяў на кухні.

— Я не шкадую, але гэта не тое, што хацеў ад жыцця. Кожны дзень я прыходзіў на працу, дзе не было нічога новага, і не гарэў гэтым. А потым выпадкова ўбачыў рэкламу, што адкрываецца студыя, дзе будуць працаваць адны хлопцы, і зачапіўся, — расказвае Аляксандр, як паўтара года таму стаў бравістам.

Блізкія яго рашэнне не падтрымалі. Мама і цяпер часам кажа, што лепш бы кухарам застаўся.

— Тут грае ролю стэрэатып пра сферу прыгажосці. Калі ў іншых краінах мужчына ў салоне нікога не здзівіць, то ў нас яшчэ старыя паняцці, — мяркуе Аляксандр.

Памылак на пачатку шляху хапала. Аляксандр успамінае, што калі не быў упэўнены ў сваіх сілах, то не браўся за карэкцыю броваў, каб не зрабіць яшчэ горш. Бровы не так лёгка адрасціць — можа спатрэбіцца паўгода, каб вярнуць «нітачкам» нармальную форму. 

— Калі я выпусцілася са школы, мне падавалася, што я раблю ўсё вельмі прыгожа. А цяпер гляджу на свае работы і думаю: божа, што я тварыла! — смяецца Таццяна. — Важна не захраснуць на пачатковым узроўні, навучыцца аналізаваць свае памылкі і рабіць лепш.

Каб займець кліентаў, візажыст раіць быць актыўным у сацыяльных сетках і паведамляць блізкаму колу, што вы змяняеце прафесію.

— Расказвайце, як ходзіце на курсы, чаму вам гэта падабаецца. Каб вас не ўспрымалі як бязлікага майстра, а бачылі чалавека. Вам павінны давяраць.

Па першым часе можна ўдзельнічаць у творчых праектах на ўмовах TFP — працаваць не за грошы, а за партфоліа.

Па назіраннях візажыста, самыя складаныя кліенты — тыя, хто ніколі не фарбуецца (ім нават нюдавы макіяж падаецца яркім) і хто пастаянна фарбуецца аднолькава (і не вельмі добра) і не гатовы да эксперыментаў. 

Да Аляксандра дзяўчаты запісваюцца з розных прычын — хтосьці праз цікаўнасць, хтосьці больш давярае мужчынскім рукам. Мужчыны да бравіста таксама заходзяць.

— Аднаго з кліентаў прывяла жонка — дык я цяпер яго бачу часцей, чым яе, — дзеліцца майстар.

Каб знайсці працу, якая будзе па душы, варта спрабаваць, лічыць Таццяна.

— Усё роўна трэба патраціць час, няхай нават дарма. Калі я ішла на першыя курсы па візажы, я таксама не ведала, буду гэтым займацца далей ці не. Гэта рызыка, але ёсць верагоднасць, што знойдзеш справу ўсяго жыцця, прафесію, якую палюбіш.

Суразмоўцы ўпэўнены: нельга шкадаваць грошай на адукацыю. Укладанне ў сябе — найлепшая інвестыцыя.

Як выбраць курсы з таго мноства, што прапануюць?

— Часам важная не столькі праграма, колькі сам выкладчык, — заўважае Таццяна. — Выбірайце таго, хто вам па душы. І важна, каб стыль выкладчыка і ваша бачанне прыгажосці супадалі. Базавы курс трэба праходзіць у студыі ці школе, а не па відэа ў інтэрнэце, бо так чалавек вучыцца рабіць неахайна, недалікатна. Трэба разумець псіхалогію кліента, як ён сябе адчувае — па роліках пра гэта ніколі не даведаешся. Адносна коштаў, то маё меркаванне, што таннае не можа быць добрым. Але і калі прыходзіш на вельмі дарагія курсы, разумееш пасля, што заплаціў больш за імя майстра. 

Аляксандр разважае: самаадукацыя — гэта добра, але колькі памылак наробіш і колькі часу патраціш, пакуль убачыш прагрэс. Калі новую справу асвойваць разам з выкладчыкам, вынік атрымаеш удвая хутчэй. Майстар, дарэчы, ужо паспеў заявіць пра сябе на конкурсах — стаў найлепшым у сваёй катэгорыі на Адкрытым чэмпіянаце па мадэляванні броваў, які праходзіў у маі ў Мінску.

У сферы прыгажосці павышаць кваліфікацыю трэба пастаянна. Па-першае, калі здарыўся творчы крызіс, на курсах можна знайсці натхненне, па-другое — так ты будзеш у тэме апошніх тэндэнцый. Напрыклад, цяпер у модзе натуральныя вобразы, а многія візажысты дагэтуль робяць кліентам мудрагелісты макіяж.

Папярэдняя адукацыя для майстроў таксама аказалася не лішняй. Веданне бухгалтэрыі спатрэбілася Таццяне пры адкрыцці сваёй студыі прыгажосці. Аляксандр жа прымяняе кулінарныя навыкі ў складанні меню: ён займаецца бодзібілдынгам, а правільнае харчаванне ў гэтым відзе спорту — 70% поспеху.

Чытайце таксама: 

Шэрынг-эканоміка будзе замяняць традыцыйную — тлумачым, што гэта і чаму важна

Адгадаеце, пра што спяваецца ў гэтых мегапапулярных песнях?

Наталля Лубнеўская, фота Волі Афіцэравай

Каментары
руды мент / Адказаць 16.07.2019 / 17:06

Бравіст? }:->

0
Satan / Адказаць 23.07.2019 / 16:18

Норм. Знакомые девочки бровисты в этих минских броу-барах стабильно имеют 1500-2000 рублей.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні