Праект партала
Гісторыі Мінчанка пасля родаў: «Першае, што зрабіла, гэта папрасіла прабачэння ў сваёй дачкі»17
05.07.2019 / 17:01

Мінчанка Аляксандра Кшова расказала «Нашай Ніне» пра тое, як дасканала рыхтавалася да родаў, але, трапіўшы ў радзільню, разгубілася і аказалася не ў стане адстаяць сваё права на натуральныя роды.

Абдумаўшы, што ж адбылося ў дзень, калі яна стала мамай, Аляксандра напісала скаргу ў Міністэрства аховы здароўя. Скардзілася Аляксандра Кшова на акушэрскую агрэсію.

Аляксандра Кшова расказвае:

«Нараджаць мы вырашылі разам з мужам. Прайшлі курсы падрыхтоўкі да партнёрскіх родаў, з радзільняй №2 напярэдадні родаў заключылі дамову на платныя медыцынскія паслугі — індывідуальнае вядзенне родаў.

Раніцай 10 лютага ў мяне пачаліся схопкі.

На курсах нас папярэджвалі, што панікаваць не трэба, да таго ж у мяне дома быў доплер, і я сама магла адсочваць, як б’ецца сэрца ў майго дзіцяці. Павінна сказаць, што цяжарнасць у мяне была ідэальная, ніякіх скаргаў на здароўе ў мяне не было, рэгулярна наведвала гінеколага ў жаночай кансультацыі, займалася ёгай для цяжарных, наведвала басейн і актыўна вывучала літаратуру, інтэрнэт-крыніцы, хадзіла на семінары і сустрэчы з акушэрамі-гінеколагамі, увогуле, была дастаткова дасведчаная аб працэсе родаў.

Але калі трапіла ў радзільню, аказалася, што мае веды і мая ўпэўненасць тут не маюць ніякага значэння.

Першае, што зрабіў малады доктар, які агледзеў мяне, гэта прызначыў клізму. Пры гэтым я ведала, што кішэчнік чысціцца на працягу схопак самастойна.

Клізму ўжо даўно не прызначаюць у Еўропе і ў іншых цывілізаваных краінах, якія выступаюць за натуральныя і мяккія роды. Але я пагадзілася на дадзеную працэдуру, моцнага дыскамфорту яна мне не даставіла, але і толку ад яе не было.

Пасля мяне паклалі на ложак, каб цягам 40 хвілін запісваць паказанні КТГ. У гэты час у палату зайшоў доктар, які павінен быў прымаць у мяне роды. Ён запрасіў мяне ў назіральную, адну, без мужа, мяне гэта вельмі насцярожыла, адразу прыйшла ў галаву думка, што будуць калоць пузыр. У назіральнай мяне запрасілі на крэсла, акрамя майго доктара было яшчэ два дактары, яны не назваліся. Параіўшыся паміж сабой, дактары прапанавалі мне пракалоць пузыр, бо «ён сваё ўжо адпрацаваў і не нясе ніякай карысці».

Я пачала супраціўляцца, бо разумела, што наступствы пасля праколу пузыра могуць быць такімі: а) спыняецца родавая дзейнасць; б) павялічваецца верагоднасць інфекавання пры наступных аглядах; в) узмацняюцца болевыя адчуванні пры схопках; г) прызначаецца прэпарат аксітацын, які выклікае стымуляцыю родаў.

Мае довады былі расцэненыя як смешныя, пузыр мне пракалолі, больш за тое, далі падпісаць мне паперу аб тым, што пузыр лопнуў сам.

Увогуле, калі я выйшла з назіральнага кабінета, уся мая мара аб ідэальных натуральных родах ляснулася. Родавая дзейнасць спынілася. Прыйшоў доктар, прапанаваў аксітацын, я адмовілася, папрасіла час. Таму што, рыхтуючыся да родаў, пра гэта ведала наступнае.

Наш арганізм, каб запусціць працэс родаў, пачынае актыўна вылучаць дадзены гармон — аксітацын, ён правакуе скарачэнне маткі, дзякуючы чаму адбываецца раскрыццё шыйкі маткі і пасля нараджаецца дзіця, гэта калі проста. У маім выпадку выпрацоўка гэтага гармону адбывалася, усё ішло сваім парадкам, маё цела рыхтавалася да натуральных родаў без умяшанняў.

Штучны аксітацын ужываецца толькі ў крайніх выпадках, калі ёсць пагроза для дзіцяці ці парадзіхі.

Найбольш распаўсюджаны з пабочных эфектаў аксітацыны — гэта празмерная скарачальная актыўнасць маткі, якая можа прывесці да парушэння кровазвароту ў гэтым органе і, як следства, да недахопу кіслароду ў дзіцяці.

Ведаючы ўсё гэта, я прасіла доктара даць мне час і не выкарыстоўваць аксітацын, бо ведала, што пабочныя эфекты ў гэтага сродку проста жудасныя, аж да смяротнага зыходу дзіцяці. Аднак, пасля чарговага агляду, доктар сказаў, што ў мяне пачаўся ацёк шыйкі маткі і, каб паслабіць шыйку маткі, давядзецца ўводзіць аксітацын. Я пагадзілася.

Да чатырох раніцы былі проста дзікія схопкі, але ні маё цела, ні дзіця да родаў яшчэ гатовыя не былі. Я думала, што памру на гэтым крэсле, тужылася я няправільна і крычала, ад гэтага яшчэ больш накрываў адчай, таму што разумела, што гэтым раблю толькі горш свайму дзіцяці.

Да гэтага моманту са мной у палаце быў цэлы натоўп людзей, доктар пачаў ціснуць мне на жывот.

Я дакладна ведаю, што гэта быў прыём Крыстэлера — гэта забаронены, але, на жаль, рэгулярна ўжывальны ў нашых радзільнях дапаможнік, сэнс якога ў выштурхоўванні дзіцяці з маткі ў патужным перыядзе. З прычыны высокай траўматызацыі нованароджанага гэты прыём забаронены ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Я дрэнна памятаю, але мне здаецца, што я змагалася з доктарам, прыём Крыстэлера ён ужыў з усёй сваёй мужчынскай дуры, ціснуў на жывот локцем.

 Дарэчы пра эпізія (надрэз пахвіны) мяне таксама ніхто не спытаў.

У 4.25 нарэшце нарадзілася мая дзяўчынка, дакладней, яе з мяне дасталі. Пасля нараджэння сваёй дачушкі першае, што я зрабіла, гэта папрасіла ў яе прабачэнне за ўсё гэта аксітацынавае пекла, якое ёй прыйшлося перажыць, у мяне не было абсалютна ніякага задавальнення ад сваіх родаў, толькі дзікае пачуццё віны і спустошанасці, папрасіла зрабіць сабе наркоз, пакуль мяне будуць зашываць, больш не хацелася болю, балазе што муж быў побач і яму далі дачку, пакуль я адыходзіла ад наркозу.

Атрымаўшы досвед родаў ў дзяржаўнай радзільні, я зрабіла высновы:

1. Больш ніколі я не паеду нараджаць у найбліжэйшую да дома радзільню без папярэдняй дамоўленасці.

2. Пакуль парадзіхі самі не возьмуць на сябе адказнасць і не пачнуць хаця б крыху разбірацца ў працэсе родаў, то усё гэтае беззаконне будзе працягвацца ў радзільнях Беларусі.

3. Мне жудасна сорамна, што я прысвяціла вельмі шмат часу для вывучэння пытання родаў, ведала ўсе прыёмы, якія варта было б не дапускаць у працэсе родаў у адносінах да сябе і дзіцяці. Але не змагла адстаяць свае інтарэсы ні адна, ні з мужам.

4. Мае роды ў радзільні доўжыліся з 21.20 да 04.25, ільвіную долю гэтага часу я змагалася з брыгадай і адстойвала свае інтарэсы замест таго, каб займацца нараджэннем свайго дзіцяці.

Пасля, ачуняўшы, я палічыла, што пры аказанні медыцынскай дапамогі ў родах было парушана большасць маіх правоў пацыенткі, пералічаных ў арт. 41 Закона «Аб ахове здароўя». У прыватнасці, праігнараванае маё права на знаходжанне ў арганiзацыi аховы здароўя ва ўмовах, якія дазваляюць рэалізаваць права на бяспеку і абарону асабістай годнасці; права на ўдзел у выбары метадаў аказання медыцынскай дапамогі; права на паважлівае і гуманнае стаўленне з боку работнікаў аховы здароўя; права інфармаванай згоды і адмовы ад медыцынскіх умяшанняў, дэталізаваных у арт.арт 44 і 45 закона. Многія дзеянні ў працэсе маіх родаў называюцца «акушэрскай агрэсіяй». 

Я напісала скаргу ў Міністэрства аховы здароўя. У іх афіцыйным адказе асноўным аргументам было тое, што дактары зрабілі ўсё неабходнае, што ад іх залежала. І парушэнняў і іх дзейнасці няма.

Я вельмі шкадую, што калі нараджала, не ведала пра ініцыятыву «Тваё права на пазітыўны досвед ў родах!». Думаю, што калі б звярнулася да плана родаў, многіх праблем удалося б пазбегнуць. А гісторыю гэту я так падрабязна расказала не для таго, каб запалохаць будучых мам, а каб папярэдзіць, што ваш спакой падчас родаў і здароўе вашага дзіцяці залежыць не толькі ад дактароў, але і ад вас саміх».

Наталля Тур

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні