Праект партала
Гісторыі Моцная дзяўчына. Як Аня на вазку стала адной з найлепшых беларускіх штангістак5
11.06.2019 / 10:00

Некалі Ганна Крычко хацела стаць настаўніцай біялогіі. Але калі ва ўніверсітэт яе прыняць адмовіліся, падалася ў спорт. Сёння невысокая Аня — майстар спорту па паўэрліфтынгу. Яна выжымае 70-кілаграмовую штангу, хоць сама важыць у паўтара разу менш. Інвалідны вазок? Для цяжкай атлетыкі гэта не перашкода. Гісторыя моцнай дзяўчыны — у нашым матэрыяле.

«Дырэктар пабаяўся пускаць у агульны клас дзяўчынку ў вазку»

Аня толькі нядаўна засялілася ў кватэру ў спецыяльным доме для інвалідаў, састарэлых і ветэранаў і яшчэ не паспела абжыцца. На ўваходзе — запакаваная новая ракавіна, з мэблі — самы мінімум: ложак, стол, зэдлікі для гасцей. На батарэі сушыцца форма нацыянальнай зборнай.

— Трэба кухню зрабіць, сценку замовіць, бо большасць адзення зараз захоўваецца ў сумках, — плануе дзяўчына. — З рамонтам бацькі дапамагаюць.

Ане 22. Яна з простай сям’і. Мама — загадчыца на ферме, тата — трактарыст-механік. Да 17 гадоў дзяўчына жыла з імі ў вёсцы Цялуша Бабруйскага раёна. У пачатковых класах вучылася ў школе — асобна.

— Мяне мама насіла на руках — яна была ў адпачынку па доглядзе. Потым нам прапанавалі перайсці на хатняе навучанне. Па-першае, у школе не было безбар’ернага асяроддзя, каб я магла наведваць урокі сама. Па-другое, дырэктар пабаяўся пускаць у агульны клас дзяўчынку ў вазку. Хваляваўся, што будуць крыўдзіць.

Гэта распаўсюджаная праблема дзяцей, якія пакутуюць на нейкія захворванні: у школе перажываюць, як грамадства іх успрыме, і лічаць, што лепш ім вучыцца дома. Хоць я цяпер бачу, што гэта зусім не так. У любым выпадку чалавек павінен прыстасоўвацца да соцыума. І табе давядзецца прывыкнуць, што ты адрозніваешся ад іншых.

З аднакласнікамі Аня была знаёмая: мама вазіла яе на розныя конкурсы кшталту «Бусліка». Дзяўчына ўспамінае, што дзеці на яе спакойна рэагавалі і не адчувалі страху перад вазком. Наадварот — імкнуліся дапамагчы.

10 і 11 клас Аня заканчвала ў спецыялізаванай школе-інтэрнаце ў Асіповічах. А пасля збіралася стаць настаўніцай біялогіі і геаграфіі — па прыкладзе любімай выкладчыцы. Але з педуніверсітэтам не склалася. На завочным аддзяленні студэнтам трэба выконваць лабараторныя работы, выязджаць у лес. «Дзяўчына, як жа вы паедзеце нешта капаць?» — толькі і сказалі ў БДПУ, калі пачулі пра Аніну інваліднасць.

— Спачатку я званіла па ўніверсітэтах, рыхтавалася да цэнтралізаванага тэсціравання. Але потым пачало завязвацца са спортам, і я вырашыла, што спорт лепшы. Ну адвучылася б на завочным аддзяленні, аддала б кучу грошай, патраціла б шэсць гадоў, а ў выніку наўрад ці куды б уладкавалася — куды ты ў вёсцы пойдзеш працаваць?

«Калісьці верыла, што змагу стаць на ногі»

Хутка пачнецца трэніроўка. Аня дапівае каву і абуваецца. На вуліцы градусаў 25, але дзяўчына надзявае боты: не хоча прыцягваць увагу да дэфармаваных стопаў.

У дзяцінстве спартсменцы не раз рабілі аперацыю па выпраўленні стопаў, пакуль не зразумелі, што гэта бескарысны занятак. Паўгода праводзіш у гіпсе, распрацоўваеш мышцы — а праз некалькі месяцаў усё вяртаецца ў тое становішча, што і было. Без нагрузкі нага зноў дэфармуецца.

Аня не ходзіць з нараджэння. Маленькай, спрабавала перасоўвацца з дапамогай хадункоў, крэслаў, але пасля вымушана была перасесці ў вазок.

«Спінна-мазгавая грыжа і вялы парэз ніжніх канечнасцяў» — такі дыягназ запісаны ў медкарце дзяўчыны. «Я не адчуваю ногі ніжэй за калена, — тлумачыць спартсменка. — Дактары казалі, што проста няправільна сфарміраваўся пазваночнік».

Калісьці штангістка верыла, што зможа стаць на ногі. У старэйшых класах знайшліся спонсары, якія былі гатовы аплаціць аперацыю. Два месяцы Аня правяла ў бальніцы: рыхтавалася. Але пасля паўторнага абследавання пачула: «Мы пагарачыліся, шанцаў больш няма».

— Бацькі не рабілі трагедыю з таго, што я ў вазку. Не было размоў, што ты асаблівая і трэба цябе засцерагаць ад усяго. Я расла звычайным дзіцем. Мы каталіся на веласіпедзе з братам — я сядзела на раме ці на багажніку. На рэчку збягалі. Хоць бабуля вельмі перажывала за мяне: калі раптам што, я не выплыву. А я ніколі не плавала. У мяне фобія — баюся змей і піявак. Фу! Калі мы праходзілі па біялогіі змей, я тры параграфы вельмі хутка вывучыла, каб толькі скончыць гэту тэму, — смяецца дзяўчына.

Перш чым захапіцца цяжкай атлетыкай, Аня спрабавала сябе ў іншых відах спорту. Спачатку былі бальныя танцы. Дзяўчына наведала некалькі заняткаў, але перспектывы ёй падаліся сумніўнымі.

— Звычайна ставяць комбі-пары — здаровы партнёр і дзяўчына на калясцы. Такія пары нашмат цікавейшыя ў плане падтрымак. Але часта бывае, што партнёр адпрацоўвае з табой сезон і сыходзіць. І ты застаешся, атрымліваецца, ні з чым. Ужо нікуды не выязджаеш, бо шукаеш новага партнёра. Некаторыя дзяўчаты-вазочніцы чакаюць па некалькі гадоў, каб ім некага падабралі, — тлумачыць Аня.

Пасля былі лыжныя гонкі. Але для гэтага віду спорту, прызнаецца штангістка, фізухі аказалася малавата. Ну не лыжніца яна!

А вось з паўэрліфтынгам адразу склалася. На першай трэніроўцы дзяўчына выжала 55 кг!

— Канечне, да таго, як я паспрабавала, я лічыла паўэрліфтынг мужчынскім відам спорту. Думала: не, ніколі ў жыцці. У асноўным людзі ўяўляюць, што, калі ты займаешся паўэрліфтынгам, значыць, ты вельмі раскачаная, мужыкаватая і глядзець на цябе балюча. Але наадварот — у цябе з’яўляецца добрая фігура, — заўважае спартсменка. Гэта яна ведае па сабе: за час заняцця «сілавухай» Аня скінула 7 кг.

«Вы бачылі, якія з'езды ў метро? Гэта сумна»

На трэніроўку штангістка дабіраецца на тралейбусах. З перасадкай. Сама падымае сябе ў вазку, сама высковае з транспарту — у прамым сэнсе гэтага слова.

— Раней вельмі баялася. Дапамог выпадак — трэба было выйсці, а нікога побач не было. Я і саскочыла — у мяне атрымалася, і страх прайшоў, — расказвае Аня.

У такой самастойнасці адзін мінус — вазок доўга не вытрымлівае. Ляцяць падшыпнікі, расхістваюцца спіцы.

— Калі карыстаешся метро, збіваецца падножка. Вы бачылі, якія там з’езды? Гэта сумна.

Калі вазок адпраўляецца на рамонт, Аня «невыязная». Для спартсменкі, якая рыхтуецца да міжнародных спаборніцтваў, гэта катастрофа. Таму цяпер дзяўчына збірае грошы на запасное крэсла, каб нечаканыя паломкі не выбівалі яе з графіка трэніровак. Каштуе яно $800.

— Самая дарагая частка — калёсы ($350), бо яны замаўляюцца за мяжой. А раму, шыццё мужчына з Мінска, які збірае каляскі, робіць сам.

У тэорыі людзей з інваліднасцю павінны бясплатна запяспечваць сродкамі перасоўвання, які выпускае беларускі пратэзны завод. На практыцы, уздыхае штангістка, калі ты вядзеш актыўны лад жыцця, імі немагчыма карыстацца.

— Калі каляска робіцца па тваіх параметрах і калі яе штампуюць, як на канвееры, — гэта не адно і тое ж. На заводзе не ўлічваюць, якая спінка будзе табе зручная, з якой падушкай лепш ездзіць. Так, яны стараюцца, але ў іх, напэўна, недастаткова матэрыялу. А хочацца ж, каб крэсла было і манеўранае, і лёгкае, і негрувасткае.

«Галоўная мэта — адабрацца на паралімпіяду»

У зале вясёлая Аня становіцца сур’ёзнай.

— Ну як ты? Гатовая да наступнага падыходу? — пытаецца трэнер Аляксандр Бацян і навешвае на грыф дадатковыя «бліны».

Паўэрліфтынг складаецца з трох дысцыплін: прысед са штангай на плячах, станавая цяга і жым лежачы. Аня ўдзельнічае ў апошнім. Як тлумачыць Аляксандр Бацян, яе трэніроўкі ў рамках гэтага практыкавання такія ж, як і ў здаровых спартсменак.

Цяжкай атлетыкай дзяўчына займаецца чацвёрты год. Летась заваявала золата на Кубку Еўропы ў жыме штангі — падняла 72,5 кг. Ездзіла таксама на міжнародныя спаборніцтвы ў Венгрыю і Мексіку, але няўдала — спробы не залічылі.

— Я тады проста своечасова не сабралася. Разгубілася. Ты глядзіш на ўсё вялікімі вачыма, адчуваеш адказнасць і пачынаеш хвалявацца, — тлумачыць спартсменка, што ёй перашкодзіла выканаць спробы тэхнічна бездакорна.

Аніны куміры ў пауэрліфтынгу — Сняжана Зубкова і Іна Філімонава. Дзяўчына пераглядае ў інтэрнэце ўсе іх выступы. А сама рыхтуецца да міжнароднага старту ў Казахстане, які пройдзе 11—15 ліпеня.

Галоўная мэта — адабрацца на паралімпіяду. Аня — адзіная беларуская штангістка, хто мае на гэта ўсе шанцы.

У залі спартсменка бывае чатыры разы на тыдзень. Паўэрліфтынг прыносіць ёй 100 рублёў у месяц. Гэта амаль палова яе пенсіі па інваліднасці.

Пра падпрацоўку Аня задумвалася: адвучылася на аператара ЭВМ ад цэнтра занятасці, скончыла дыстанцыйны курс па дакументавядзенні.

— Была адна прапанова, але там работа ў офісе цэлы дзень. А мне паўэрліфтынг падабаецца больш, чым дакументавядзенне. Не хачу кідаць спорт. Плюс трэба думаць, як ты будзеш дабірацца на офіс узімку. Калі трэнеру можаш патэлефанаваць, патлумачыць абставіны і цябе зразумеюць, то там наўрад ці.

Я ў мінулым годзе адвучылася на барыста, хачу знайсці падпрацоўку ім. Барыста — гэта гнуткі графік, я магла б выходзіць па выхадных. Але не кожная кавярня гатова цябе ўзяць — не ўсюды ёсць пандус ці даступнасць да туалета.

«З хлопцамі прасцей знаёміцца жыўцом»

Па дарозе дадому гутарым са штангісткай пра шопінг (яна звычайна шукае абноўкі ў «Скале» ці «Галілеа», куды зручна дабірацца), кнігі (дзяўчына аддае перавагу раманам) і кіно. Аня не любіць, як здымаюць фільмы пра людзей з інваліднасцю. У іх звычайна паказваюць, як дзяўчыну на калясцы шкадуюць, потым з’яўляецца прынц, а ў канцы гераіня пачынае хадзіць. Але так не бывае.

З хлопцамі спартсменка часцей знаёміцца на спаборніцтвах. Для яе ідэальны варыянт — аднолькавыя інтарэсы, ёсць тэма для размоў.

— У 17 гадоў я спрабавала знаёміцца ў інтэрнэце. Ведаю, што бываюць выпадкі, калі так складаюцца пары, але ў асноўным гэта не так.

Я лічу, што знаёміцца прасцей жыўцом. Бо, калі ты перапісваешся ў анлайне са здаровым хлопцам і ён кліча цябе пагуляць, ты не разумееш, як яму сказаць, што ты на вазку. А калі кажаш, то пачынаецца: вой, прабач, мне так шкада.

У адносінах Аня была тры гады. Рассталіся, бо не сышліся характарамі. «Але было прыгожа», — усміхаецца дзяўчына. На памяць ад былога хлопца засталіся кулончык і вялікі плюшавы мядзведзь. «Я жартавала, што, калі мы расстанемся, я прадам яго на Куфары».

Цяпер сэрца штангісткі свабодна.

— Я з галавой у спорце, хочацца паказаць вынік, а потым ужо ўсё будзе.

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні