Праект партала
Гісторыі «Прыбіральшчыцы ў школе мяне ненавідзелі». Гісторыя самай крутой рок-бубначкі Беларусі ВІДЭА7
04.05.2019 / 10:24

У будні Вікторыя Сяргееўна выкладае дзецям ангельскую мову. А па выходных сядае за ўдарную ўстаноўку і разрывае залы. Vicky Fates — бубначка гурта Akute. І яна крутая: замежныя музычныя крамы самі дасылаюць ёй пратэсціць новыя інструменты, а асобныя відэа з Вікінай ігрой збіраюць сотні тысяч праглядаў.

Віку заспяваем у грымёрцы незадоўга да канцэрта. Яна папраўляе бейсболку перад люстэркам, бярэ пацёртыя палачкі (для іх гэты канцэрт — апошні) і, пакуль гутарыць з іншымі музыкамі, адбівае рытм на каленцы.

НН: Што ўваходзіць у ваш райдар?

— Усё, што бачыце на стале, — адказвае бас-гітарыст Раман Жыгараў. На стале чакаюць бутэрброды, фрукты, сок.

— І вось гэта, — смяецца бубначка і адчыняе халадзільнік, набіты півам.

«У мяне не было дзяцінства ў дварах, нейкіх прыгод»

Дзяцінства Вікі праходзіла ў Шабанах. Але зусім не так, як вы падумалі.

— Вучылася я ў класе з эстэтычным ухілам, хадзіла на фано, на хор. Мяне асабліва не пыталі: слых быццам ёсць, сястра займаецца, піяніна дома стаіць — усё, пасуе. Таму ў мяне не было дзяцінства ў дварах, нейкіх прыгод. Добры клас, добрая сям’я — усё даволі прыстойна.

Бубначка жартуе: на Шабанах усе п’юць з раніцы, а ўвечары ўжо ціхенька сядзяць па дамах. Ніякага крыміналу тут няма. «Напачатку крыўдзілася: колькі ўжо можна жартаў пра гэту рэзервацыю? А зараз ўсё роўна».

З дзяцінства Віка прывыкла да жорсткага тайм-менеджменту: урокі — паўгадзіны вольнага часу — заняткі ў музычнай школе. Дзевяць гадоў яна грала на фартэпіяна — пару разоў хацела кінуць, але штосьці стрымлівала. У барабаны дзяўчына закахалася, калі ёй было 11.

— Паглядзела нейкі кліп па тэлевізары, дзе граў хлопец прыкладна майго ўзросту, і проста заліпла, — успамінае музыка. — На гітару я так не глядзела, на якія-небудзь цымбалы пофіг было, а тут нешта зачапіла.

Пераломны момант здарыўся пасля 9 класа: Віка перайшла ў ліцэй, зрабіла сваё першае тату, а тата з мамай падарылі ёй ударную ўстаноўку.

— Бацькі пазванілі ў музычную школу: «Хочам паставіць у вас барабаны, дачка няхай займаецца». Я думала, нас пашлюць адразу. А яны: так-так, без праблем, вось вам клас, стаўце сюды, толькі пасля васьмі вечара прыходзьце, калі ўжо няма ўрокаў, бо гэта вельмі гучна. Карацей, усё было добра, але прыбіральшчыцы мяне ненавідзелі люта, — смяецца.

У падлеткавым узросце Віка заслухвалася Nickelback, Aerosmith, Metallica. Папсу не любіла: там барабанаў няма. Густ да добрай музыкі ёй прывіў тата. «У яго было шмат пласцінак. Прычым не Алеграва якая-небудзь, а Стынг, Элтан Джон».

«Дзяўчынка, з якой я займалася, напісала ЦТ на 94 ці 96 балаў»

Свой першы гурт Віка знайшла выпадкова. Размясціла аб’яву ў «Музычнай газеце», што шукае выкладчыка па барабанах (акадэмічную адукацыю яна не стала атрымліваць: граць рок там усё роўна не навучаць). Але замест педагога ёй патэлефанавалі дзяўчаты, якім была патрэбна ўдарніца ў гурт. Віка паставілася скептычна: жаночыя гурты яна наогул неяк недалюблівала, ёй здавалася, што там зашмат пазёрства і мала музыкі. Сказала, каб адмазацца: набірайце мяне праз год. Дзяўчаты праз год і патэлефанавалі. У выніку Віка выступала з імі пару гадоў.

— З тых часоў я пастаянна граю. Быў перыяд, што выступала адразу ў трох гуртах — цяпер толькі з Akute. Па-першае, складана было б сумяшчаць. У пачатковыя гурты я не пайду, мне ўжо не цікава, а ў больш-менш сур’ёзных канцэрты часта выпадаюць на пятніцу-суботу-нядзелю, будуць перасячэнні. Па-другое, мне хапае чым займацца.

Асноўная праца дзяўчыны — рэпетытарства: выпускніца лінгвістычнага ўніверсітэта, Вікторыя Сяргееўна падцягвае школьнікаў у ангельскай мове.

На дзень у яе можа быць па 8—10 урокаў. Прычым аб’яў Віка даўно не дае — спрацоўвае сарафаннае радыё.

— Летась дзяўчынка, з якой я займалася, напісала ЦТ на 94 ці 96 балаў. Яна, праўда, прыйшла да мяне падрыхтаваная, але я гэтым фактам ганаруся і заўсёды расказваю, — усміхаецца гераіня. — Асабліва прыемна, калі прыходзяць дзеці «забітыя» і праз адны-двое заняткаў становяцца разняволенымі.

Бацькоў нестандартная рэпетытарка не адпуджвае. Некаторыя нават падпісаныя на яе ў інстаграм і лайкаюць фоты з канцэртаў.

Бубначка не хавае: была б не супраць цалкам зарабляць на жыццё музыкай. Але гэта ніколі не было галоўнай мэтай, таму яна мінула стадыю кавер-бэндаў і можа дазволіць сабе граць толькі тое, што хоча.

— Часам гурт, канечне, прыносіць добрыя грошы, а можа быць тры месяцы, калі проста нуль. І я не бядую з-за гэтага, бо ў мяне ёсць праца, якую я ў прынцыпе люблю і якая дазваляе мяне адчуваць сябе вольна, ні ў чым сабе не адмаўляць.

«Каментары кшталту «выходзь за мяне замуж» пастаянна пакідаюць»

Перад тым, як ісці на сцэну, Віка надзявае навушнікі — каб не пакутаваў слых.

— Гук, канечне, у іх крыху прыглушаны, не так кайфова граць, але я знаходжу нейкую сярэдзіну. Раней, калі не карысталася ніякімі бярушамі, пасля канцэрту была быццам плёнка ў вушах. Першыя некалькі гадзін або да раніцы такое трымалася, гэта вельмі дрэнна.

На сядзенні ў бубначкі заўсёды ляжаць запасныя палачкі. Бо, калі падчас бадзёрага трэку адна вылеціць (а такое здараецца), — гэта правал: адразу згубіцца дынаміка.

Ці баляць пасля канцэрту рукі? Не, усміхаецца Віка. А вось мазалі бываюць. Часта, калі клуб маленькі і там вялікая вільготнасць, мазалі ўтвараюцца наўпрост падчас выступлення.

— Напэўна, самыя добрыя канцэрты — кшталту нашай нядаўняй прэзентацыі ў «Рэпабліку», калі даволі вялікае памяшканне і ўсе прыйшлі на цябе. Дробныя клубы мне менш падабаюцца: мала месца, я ўпіраюся локцямі ў сцену. Выключэнне — «Кватэрнік» у Гомелі. Там сцэна маленькая, за метр ад цябе барная стойка, але народ такі разнос робіць заўсёды, — дзеліцца Віка. — Фестывалі — гэта крута, але складана, бо на іх прыходзіць народ, які, магчыма, цябе наогул не ведае. І табе трэба зачапіць. Яно маштабна, але няма такой аддачы.

Затое самыя вялікія ганарары, прызнаецца дзяўчына, прыносяць менавіта фестывалі.

У мужчынскай кампаніі Віка пачувае сябе свабодна — сярод яе знаёмых хлапцоў заўсёды было больш за дзяўчат.

«Туры, паездкі — няважна. Зразумела, мне там канапку палепей дадуць», — смяецца суразмоўніца.

Бубначка, дарэчы, вядзе свой канал на YouTube, дзе выкладае запісаныя каверы. Самы папулярны — на трэк Slipknot «Before I Forget» — набраў 417 тысяч праглядаў! Песні Віка разбірае на слых, ніколі не запісвае партыі нотамі, як гэта робяць акадэмічныя музыкі.

— Каверы не прыносяць мне ніякага даходу. Там жа гучыць арыгінальная гукавая дарожка і наверх граю я, таму ўсе грошы ідуць яе праваўладальніку. Я стараюся рабіць гэта, проста каб заваяваць новую аўдыторыю. Ёсць шанцы, што цябе хтосьці ўбачыць. Прынамсі з-за кавераў я стала эндорсерам (афіцыйным тварам. — Nina.nn.by) дзвюх замежных фірм па продажы барабанаў і талерак — за ўсё жыццё, што я займаюся музыкай у Беларусі, я б гэтага не дасягнула. Для музыкі быць эндорсерам — знак якасці. Гэта дае мне матывацыю апраўдваць усё.

Калі табе кажуць: «У нас выйшла новая серыя барабанаў, давай мы табе прышлём інструменты бясплатна і ты будзеш здымаць з імі каверы», — мне, канечне, вельмі прыемна.

Прыхільнікі? Віка жартуе: каментары кшталту «выходзь за мяне замуж» пад відэа з яе каверамі пастаянна пакідаюць.

— Быў час, адзін хлопец з Філіпінаў мне пісаў. А я ж не ганарлівая, адказваю, калі не пачынаецца нахабства, а ідзе проста сяброўская размова. Ён мне дасылаў у падарунак драўляную фігурку з маім імем, паказваў фатаграфіі сваёй бабулі, мамы, расказваў, як спрабуе знайсці працу. Было міла.

«Даўно не нашу нейкіх спадніц, сукенак — ужо не трэба нікому нічога даказваць»

У бейсболцы, кедах і з вялікім тату на плячы Віка стварае ўражанне пацанкі.

— А мой муж кажа, што я вельмі жаноцкая, — заўважае яна. — І я гэта не першы раз пра сябе чую ад блізкіх людзей. Я даўно не нашу нейкіх спадніц, сукенак — проста таму, што мне гэта не падабаецца і ўжо не трэба нікому нічога даказваць. Я ведаю, што я такая, якая ёсць. Я даволі эмацыйны чалавек: цёплы, ласкавы, клапатлівы…

Калі б я хацела праглядаў не 200 тысяч, а два мільёны, я, напэўна, максімальна зняла б адзенне, як робяць многія. Але навошта?

Муж бубначкі — вакаліст гурта:B:N Алесь Лютыч. Праз музыку яны і пазнаёміліся.

— Гурту трэба было адыграць канцэрт у Віцебску, а ў іх бубнача не атрымлівалася. Яны і давай шукаць. Пішуць мне ў Фэйсбуку: вось, трэба сыграць тэрмінова. Я думаю: песні разбіраць так лянота. Нейкую цану назвала, за якую было б не шкада часу. Усё, дамовіліся. Адна-дзве рэпетыцыі — мы з Сашам неяк адразу спадабаліся адно аднаму. Вельмі класна, калі два чалавекі займаюцца музыкай. Пунктаў сутыкнення максімальная колькасць.

Сняданкі ў іх пары гатуе Саша.

— Ён рос з двума братамі, і мама заўсёды іх вучыла, што трэба пайсці на грады, штосьці зрабіць па доме. Ён прывык працаваць: не так, што нічога не магу, нічога не ўмею. Калі я з’еду на тыдзень і ён застанецца адзін, цудоўна будзе сябе адчуваць: усё сабе прыгатуе, памые, адпрасуе.

Я калі з бабуляй размаўляю і разумею, што раней мужчыны нічога не маглі зрабіць самі, — гэта ж кашмар! Я рада, што мы не жывём у той час.

Наконт фанатак мужа, без якіх прафесія музыкі немагчыма, Віка не перажывае.

— Не, ну нехта піша штосьці, але… Ён нераўнівы таксама, інакш было б складана. Мы адно аднаму максімальна давяраем. А ўсе з пальца высмактаныя праблемы, рэўнасць — ну навошта?

Наталля Лубнеўская, фота і відэа Волі Афіцэравай

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні