Праект партала
Гісторыі Балерына Вольга Гайко: «Пасля траўмы, калі не магла нават хадзіць, я плакала і паўтарала: «За што?»4
30.04.2019 / 11:16

Народная артыстка Беларусі, прыма Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Вольга Гайко расказвае пра тое, як вярнуцца пасля траўмы на сцэну, пра 32 фуэтэ, пра каханне, якое прайшло, і пра тое, чаму кожны дзень лічыць падарункам. 

Вольгу Гайко называюць не інакш як легендай беларускага балету. Яна і Адылія і Джульета, Шахерэзада і Эсмеральда, Рагнеда і Кармэн. Самыя яскравыя вобразы, легендарныя ролі. Вольга выступала на сусветна вядомых сцэнах, працавала з выбітнымі балетмайстрамі, яе партрэт упрыгожвае памятную манету, выпушчанаю да 80-годдзя Опернага тэатра.

Вольга Гайко.

Дзверы службовага ўвахода ў тэатр адкрывае дзяўчынка з вялікімі вачыма, з усмешкай, у джынсах і ружовых красоўках — тая самая непаўторная Вольга Гайко.

Запрашае ў грымёрку. На канапе — белыя балетныя пачкі, на падлозе — некалькі пуантаў, туфлі на абцасах, у шафе — некалькі сукенак.

«Туфлі і сукенкі — гэта на выпадак таго, калі пасля спектакля раптам сябры пазавуць на каву, яшчэ некалькі сукенак і пар туфляў заўсёды важу з сабой у машыне. Дома практычна не бываю. А балетная пачка? Вось гэта, класічная, кароткая сукенка, мой самы любімы ўбор», — тлумачыць балерына.

Тое, што грымёрка тэатра — гэта другі дом для Вольгі, гэта не дзіва. Вольга прыйшла сюды зусім юнай выпускніцай дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа. Спачатку, як і ўсе, танцавала ў кардэбалеце, але хутка Валянцін Елізар’еў разглядзеў у вытанчанай, высокай, статнай Волі тую самую Адылію і Адэту з «Лебядзінага возера», і зорка Гайко пачала ўзыходзіць.

Цяпер за плячыма Вольгі дзясяткі сыграных роляў, яе сустракалі авацыямі самыя знакамітыя сцэны свету.

«Я не была, бадай, з тэатрам толькі ў Японіі і Аўстраліі, а так пабачыла амаль увесь свет. Часам быў такі насычаны графік, што мы не разумелі, у якім горадзе знаходзімся. І сцэны былі розныя: і маленькія, і старыя, у тэатрах, якім некалькі стагоддзяў, і сапраўдныя палігоны. Былі сотні прапановаў танцаваць у розных тэатрах, у тым ліку ў піцерскай Марыінцы, але я з дзяцінства ведала, што хачу танцаваць толькі ў нашым оперным, што жыць хачу толькі ў Беларусі. Я ўсе восем гадоў, пакуль вучылася, бачыла перад сабой толькі адну мэту — стаць салісткай нашага опернага тэатра», — дзеліцца Вольга.

«Воля, ты сёння была лепшай за усіх?»

Спачатку маленькую Волечку мама аддала ў гімнастыку.

«Спорт мяне многаму навучыў. У тым ліку і дысцыпліне, і ўменню трываць боль. Бо, калі я ўсё ж выбрала балет, аказалася, што пуанты — гэта балюча, што да іх трэба прызвычаіцца. Я пачынала з беларускіх пуантаў, а гэта, скажу вам, тое яшчэ выпрабаванне. Гэта цяпер пуанты можна выбраць пад сваю нагу, зручнай жорсткасці», — расказвае Вольга.

Галоўным крытыкам, як і галоўнай натхняльніцай, для Волі была яе мама.

«Пасля таго, як я прыходзіла з балетных заняткаў, мама пыталася мяне: «Воля, ты сёння была лепшай за ўсіх?» Маму крыўдзіць не хацелася, таму я з усіх сіл старалася на занятках быць найлепшай», — кажа балерына.

Пасля мама перагледзіць усе спектаклі з удзелам Вольгі Гайко, нагоды для крытыкі больш не будзе, але галоўным крытэрам таго, ці паспяховым было сёння выступленне, для Вольгі будзе мамін голас у галаве: «Ты была лепшая за ўсіх?» І адказ «так» на яго.

«Мама мая — не балерына. Яна ўсё жыццё адпрацавала на заводзе і шмат разоў прызнавалася мне ў тым, што вельмі шкадуе, што выбрала не той шлях, што яе заўсёды вабіла да сцэны, да прыгожага. На першы спектакль, дзе я саліравала, прыйшла ўся сям’я — паглядзець на «нашу» балерыну. Гэта было вельмі хвалююча. Як і сёння. Калі ў зале прысутнічае нехта з блізкіх — гэта дадатковы стымул быць лепшай», — кажа Вольга Гайко.

Балет не мае нічога агульнага з побытам. Гэта Божае

Пытанняў накшталт таго, што балет — гэта цяжкая прафесія, і што ці не было ў яе думак змяніць род дзейнасці, Вольга Гайко быццам не разумее.

«Я ніколі нават не думала пра тое, каб кінуць балет, здрадзіць яму. Гэта немагчыма. Балет — гэта справа ўсяго жыцця, а не проста месца працы. Балерыны не задаюць сабе пытанняў, што я тут раблю і навошта мне гэта ўсё. Мы проста кожны дзень становімся да станка і робім сваю працу», — кажа балерына.

Пры гэтым, прызнаецца Вольга, яна любіць балет у сабе, а не наадварот.

«Я не атачаю сваю прастору сваімі партрэтамі, карцінамі з сабой любімай, фотаздымкамі са спектакляў, я не збіраю статуэткі балерын, у мяне няма татуіроўкі пуантаў», — кажа Вольга.

Дарэчы, татуіроўкі на бачным месцы — гэта наогул не пра балерын.

«Я не сустракала ні адной балерыны, каб у яе была татуіроўка на руцэ ці іншых адкрытых участках цела. Гэта і зразумела».

«Мы нясём гледачу адчуванне адухоўленасці, узвышанасці, боскасці. Людзі прыходзяць у тэатр па духоўнасць — напоўніцца, ачысціцца. Мы, балерыны, праваднікі светлай энергіі. Сцэна — гэта казка, ілюзія. А бытавухі хапае і ў жыцці», — разважае Вольга.

І самі балерыны павінны выглядаць не як звычайныя людзі.

«Мы ўсе павінны быць сухімі, тонкімі, доўгімі. Але гэтага ўсё адно недастаткова, каб стаць вядучай артысткай. Стандарты балерын мяняюцца з кожнай эпохай. Цяпер у модзе балерыны і высокія, і нізкія, але абавязкова павінны мець харызму, быць з нейкай «разынкай», — кажа Вольга Гайко.

«А чаму ў мужчын-артыстаў балета няма сваёй назвы?» — пытаемся ў Вольгі.

«Магчыма, таму што першапачаткова мужчына ў балеце патрэбны быў толькі для таго, каб падтрымліваць балерыну, калі яна стаіць на пуантах. Пасля мужчынскі танец стаў развівацца, цяпер ён, канечне, раўнапраўны. Але ў артыста балета так і не з'явілася сваёй уласнай назвы. І ўсё ж мы нашых калег «балерунамі» не называем ніколі», — смяецца Вольга.

Балет — гэта не толькі трукі 

У Вольгі Гайко шмат знаёмых, якія ніякім чынам не звязаныя з балетам.

«Немагчыма ўвесь час гаварыць толькі пра балет і знаходзіцца толькі ў гэтым асяроддзі. Але, калі мяне хтосьці пытаецца пра балет, я ніколі не адмоўлю, абавязкова раскажу. 

Вольга расказвае, што заўважае, што гледачы ў тэатры апошнім часам больш культурныя і ўважлівыя. Цяпер усё радзей забываюцца адключаць гук мабільных тэлефонаў, радзей карыстаюцца фотаапаратамі з успышкамі (гэта асабліва адцягвае ўвагу балерыны на сцэне), а вось эмоцыі ў нашых гледачоў стрыманыя.

«Ёсць тэатры, у якіх гледачы чакаюць твайго выхаду на сцэну, і як толькі ты з’яўляешся, пачынаюць апладзіраваць. У нас такога няма. Беларускі глядач усе эмоцыі праяўляе пасля заканчэння спектакля, падчас паклонаў, узнагароджваючы артыстаў і апладысментамі, кветкамі, і прыемнымі словамі», — дзеліцца Вольга Гайко.

Самы магічны трук у балеце ў выкананні Вольгі Гайко — гэта 32 фуэтэ ў спектаклі «Лебядзінае возера».

«Так, фуэтэ — гэта апагей, кульмінацыя ўсяго спектакля. Да яго ты падыходзіш ужо фізічна зморанай, але яго трэба выканаць бездакорна і таксама важна не «паплыць» пасля. Гэта цяжка фізічна, не ўсе балерыны ўмеюць круціць фуэтэ, але без гэтага вядучай артысткай не стаць. Ёсць свае тэхнічныя прыёмы, як бездакорна выканаць фуэтэ. Складанасць у тым, што, выконваючы гэтыя 32 абароты, трэба стаяць на пальцах, не сыходзячы з аднаго месца. Каб не закруцілася галава, трэба засяродзіць позірк у адной кропцы. На рэпетыцыях мы круцім па 40—50 фуэтэ, каб 32 падчас «Лебядзінага возера» здаліся размінкай. Канечне, бачыць захопленыя позіркі ў зале — прыемна, але трэба памятаць, што балет — гэта не толькі трукі і тэхніка. Гледача трэба акунаць у незвычайную, узнёслую атмасферу», — перакананая Вольга Гайко.

Акунуць у атмасферу спектакля гледача можна толькі тады, калі ён паверыць у тое, што адбываецца на сцэне, калі будзе суперажываць героям.

«А знайсці сябе ў ролі бывае вельмі складана. Так, праз пакуты і слёзы я станавілася Шахерэзадай. Ну ніяк не магла разгадаць яе! Але паступова, гледзячы запісы выступленняў у гэтай партыі іншых балерын, чытаючы пра гэты спектакль і яго гісторыю, працуючы з такім майстрам, як Андрыс Ліепа, я нарэшце знайшла сваю Шахерэзаду, не падобную ні да каго. Андрыс Ліепа пасля прызнаўся, што мая — гэта адна з найлепшых Шахерэзад, якіх ён бачыў. А калі я апранула шаравары, косы і чалму, наогул адчула, што ў маёй крыві, у маім тэмпераменце ёсць штосьці ўсходняе», — прыгадвае Вольга.

Танцаваць у пары пасля кахання — гэта вельмі цяжка

Вольга Гайко — партнёрка зручная, зрэшты, ёй заўсёды так гаварылі яе партнёры-артысты балета.

Яна не выпінае ў танцы сябе і не вісіць на партнёры.

«Не ўсё балерыны гэта разумеюць і не ўсе ўмеюць суіснаваць у пары. Я ж дакладна ведаю, што такое дуэтны танец і што партнёру трэба дапамагаць, слухаць яго, адчуваць яго рухі, разумець, пра што ён думае», — расказвае Вольга Гайко.

Пры гэтым балерына прызнаецца, што іх з дзяцінства вучаць у нестандартных сітуацыях на сцэне паводзіць сябе, быццам нічога не здарылася. Не важна, ідзе гаворка пра тое, што адарвалася стужка ад пачкі або калі паміж партнёрамі ўзнікла непаразуменне.

«Нас вучаць не паказваць эмоцыі. Адарвалася стужка, расшпіліся сукенка, пасварыўся з партнёрам — глядач не павінен нічога бачыць», — расказвае Вольга.

А здараецца, што ў пары даводзіцца танцаваць і пасля кахання.

«У тэатры мы праводзім амаль увесь свой час. Відавочна, паміж артыстамі балета здараюцца закаханасці, вяселлі. Паспрабуй не закахацца ў партнёра, чыё дыханне чуеш блізка, чые рукі трымаюць цябе моцна. Канечне, такая «іскра» запальваецца далёка не з усімі партнёрамі. Гэта праца, партнёры мяняюцца, не кожнага ж кахаць! Але вось калі пачуцці згараюць, але даводзіцца з былым каханнем працягваць танцаваць — гэта вельмі цяжка», — прызнаецца Вольга.

НН: Вы зараз пра сябе кажаце?

«І пра сябе таксама», — кажа Вольга.

Але больш за ўсё балерыны баяцца не адарваных стужак, не расшпіленых пачак, і нават ні няшчаснага кахання, а ўзросту.

«Ёсць праблемы, якія хвалююць усіх: запатрабаванасць, узрост, здароўе. Скажу так: у балеце ўсё гэта вельмі абвострана ўспрымаецца. Век балерыны намнога карацейшы за прафесійны век людзей іншых прафесій, і гэта тэма для нас вельмі балючая. Ты разумееш, што з ранняга дзяцінства ў тваім жыцці быў толькі балет. Ты яму прысвячаеш усё жыццё, ты не шкадуеш сябе і працуеш з апошніх сіл. Але пабудаваная табой, тваёй штодзённай працай сістэма можа ў адзін дзень, неспадзявана абрынуцца», — расказвае Вольга.

У балетным жыцці Вольгі Гайко ўсё магло скончыцца ў 2016 годзе, калі ў яе адбылася вельмі сур’ёзна траўма — разрыў звязак. Пасля складанай аперацыі дактары вынеслі прысуд — рэабілітацыя зойме каля года.

Кожны выхад на сцэну цяпер — гэта дзіва

«Я рыдала і дзень, і ноч. Плакала і пыталася: «За што? Чаму гэта адбываецца са мной? Я вядомая, запатрабаваная, мяне любяць гледачы. Божа, за што? Гэта была трагедыя, якую вельмі цяжка было перажыць», — дзеліцца Вольга Гайко.

Амаль год перад Вольгай стаяла пытанне, ці будзе яна наогул нармальна хадзіць, пра тое, каб вярнуцца ў балет, не было нават і размоў.

«Мне кожны дзень снілася сцэна, мне снілася, як я лунаю над сцэнай. Прачыналася і разумела, што я нават хадзіць не магу — аперыраваная нага, на якой былі парэзаныя ўсе цягліцы, проста адмаўлялася мяне слухацца».

Цэлы год штодзень Вольга ездзіла на рэабілітацыю, распрацоўвала нагу.

«Калі я пасля траўмы ўпершыню абула пуанты — гэта быў цуд. І яшчэ з’явіўся дзікі страх. Раней жа я ўспрымала свой талент як данасць. Я зорка, я ўсё магу. Каб выйсці на сцэну, мне прыйшлося яшчэ перамагчы свой страх,» — працягвае Вольга Гайко.

Напрыканцы размовы Вольга прызнаецца:

«Мяне гэта траўма шмат чаму навучыла. Я зразумела, што сапраўды блізкіх людзей вельмі мала, што ніхто не будзе жыць тваім жыццём і тваімі праблемамі, што ганарлівасць трэба прыбраць куды далей, што само жыццё трэба ўспрымаць як падарунак. Прачнулася раніцай — падарунак. Змагла зрабіць крок — падарунак. Жыццё звяло з харошым чалавекам — таксама падарунак. Устала на пуанты — падарунак. І сапраўдным цудам стала для мяне вяртанне на сцэну і выкананне складаных партый.

Сёння я не задаю сабе пытанні, дзеля чаго мне пасланыя ўсе гэтыя выправанні. А проста жыву любімай справай і цаню кожны момант свайго жыцця».

Наталля Тур, фота Славы Паталаха і з архіва гераіні 

каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні